Завеі, снежань
Шрифт:
Башлыкоў, чым далей, тым больш, слухаў яго нецярпліва. Не толькі таму, што гаворка была не ў час і блытала думкі, а і таму, што чуў у Апейкавых словах непатрэбную, проста шкодную цяпер жаласлівасць. Жаласць, да ўсяго і фальшывую: тое, што Апейка так чулліва маляваў, — ён, Башлыкоў, сам бачыў — выглядала крыху інакш. Ён хацеў спыніць Апейку, але той сухім голасам апярэдзіў:
— Пачакай! Каб было ўсё ясна, слухай, яшчэ раз скажу: кулацкія элементы, розных крыкуноў і злосных трэба прыціснуць!.. Але ж, зразумей, — голас яго пацішэў, — там былі не адны кулацкія элементы…
— Што там былі не адны кулацкія
— Нічога я не змазваю! Я толькі лічу, што даволі нам ківаць на гэтую барацьбу адну. Што трэба пачаць нарэшце сур'ёзна працаваць з людзьмі. Прыслухоўвацца да іх, старацца зразумець. І памагаць ім. Што пара нарэшце нам узяцца за калгасы, як гаспадары. Добрыя гаспадары. Разабрацца ва ўсім. Навесці парадак.
— Я гэта ўжо чуў учора.
— Я скажу гэта і сёння. І дадаць магу. От мы заварушыліся — бяда ў «Рассвеце». А пра бяду гэту папярэджваў Чарнаштан два ці яшчэ тры месяцы. У гэтым самым кабінеце. Цябе самога. І мяне — таму, што я быў таксама тут. Казаў: «Недавольны людзі. Хто работае, хто не работае — кожнаму палачка!» За тое, што адбыў дзень. Што ты, што я зрабілі на гэта?.. А такія гаворкі, настроі такія не толькі ў «Рассвеце»!..
— Ты зноў пра гэта! — Башлыкоў нецярпліва захадзіў за сталом. — Няўжо не ясна, што не ўсякім настроям мы павінны патакаць! Што патаканне такое — чысцейшы апартунізм! Прывычкі старога — гэта пустазелле, якое моцна трымаецца. І мы яму не кланяцца павінны, а рваць яго. Змагацца з ім.
— Я не думаю, што гэта «пустазелле старога». І не бачу нічога ў тым, што людзі хочуць, каб той, хто больш зрабіў, больш атрымаў.
— Ты многага не бачыш! — Башлыкоў не таіў, што адчувае перавагу перад гэтым блытанікам, якому ўсё не ясна. — Бярэшся толькі меркаваць аб усім. Дай табе волю: зноў кулакоў новых развядзеш! На калгаснай аснове!
Апейка, запалены сваімі думкамі, не мог спыніцца:
— Мы разгарнулі гаспадарку, а нярэдка сунемся, як сляпыя. Мацаем дарогу кіёчкам. Туды ступім, памацаем, у другі бок ступім. Разгарнулі, а яшчэ спрачаемся, як плаціць. Па едаках, па паі… Не ведаем толкам — што абагульняць?! Адны — толькі коней, кароў, другія — падчыстую…
— Ты, канечне, напалавінку рабіў бы. Каб адной нагой — у калгасе, другой — на сваёй палосцы. Каб у калгасе так, напалавінку. Для выгляду.
— Пры чым тут — для выгляду! Што з тых курачак ды свінак, — зазлаваў Апейка. — Што, калгас на курачках паедзе? А з-за іх столькі галасу ў жанок! Як бы весялей пайшло б усё, каб не гэтыя курачкі!
— Рэвалюцыю трэба рабіць або да канца, або — зусім не брацца! Рэвалюцыю нельга рабіць напалавіну! І жаласць у ёй — штука небяспечная. Асабліва тут, у сяле. Дзе ў кожным жыве ўласнік!.. Дзе гэты самы мужычок і ў табе ўвесь час гаворыць!..
Башлыкоў і выглядам, і тонам гаворкі паказваў: пара канчаць гаварыльню. Ён кінуў нецярплівы позірк на тэлефон: трэба зараз жа выклікаць Харчава, даць указанні.
Але Апейка не хацеў канчаць.
— Я не прарок, Аляксей. Але я прадчуваю: можа быць горш. Калі мы сур'ёзна не перагледзім усё. Калі мы не перастанем лічыць толькі працэнты. Як кура
кураняты! Ашукваць сябе і іншых! — Башлыкоў пачуў: Апейкаў голас судзіў. — Ты ўпэўнен, што сярод тых працэнтаў няма такіх, якія мы мелі ў «Рассвеце»? Ты ўпэўнен, што няма яшчэ арцеляў, якія ледзь ліпяць? Няма калгаснікаў, якія глядзяць убок?— Для чаго ты ўсё гэта разводзіш?
Башлыкоў, засунуўшы рукі ў кішэні, глядзеў на Апейку строга і востра. І ў позірку, і ў тоне адчувалася, што разважанні Апейкі для яго не проста развагі. Што ва ўсім гэтым ёсць, ён разумее, і іншы сэнс.
— А для таго «разводжу», — павысіў голас і Апейка, — што трэба нам з табою — зразумей ты — сур'ёзна агледзецца, разабрацца. Адзначыць, дзе ёсць слабіны. І «прыняць меры». Своечасова. І яшчэ для таго, што мы з табой павінны стаць гаспадарамі. Займацца калгасамі, як добрыя гаспадары…
— Я за ўсёй гэтай тваёй філасофіяй, — цвёрда, упэўнена загаварыў Башлыкоў, — бачу адно жаданне: каб мы затрымаліся. Сталі, аглядаліся. Корпаліся. Даўняе тваё жаданне, якое ты ніяк не хочаш кінуць. І якое ты ўжо каторы раз адстойваеш. Раздуваючы нашы цяжкасці і некаторыя памылкі… Я цябе, Іван Анісімавіч, яшчэ раз папярэджваю: ты становішся на хісткую глебу. Твае гэтыя развагі — гэта хістанні, якія маюць небяспечны палітычны характар.
— Давай не будзем падводзіць вялікую палітыку сюды. — Апейка гаварыў таксама рэзка, цвёрда. — Не трэба прыпісваць мне грахі, якіх у мяне няма. Ды яшчэ з палітычнымі ацэнкамі. У мяне сваіх даволі.
— Я папярэджваю цябе яшчэ раз. І раю вельмі сур'ёзна задумацца! Цябе ўжо не першы раз фактычна заносіць управа! — Башлыкоў заўважыў, што Апейка намерыўся быў запярэчыць, але прамаўчаў. Нібы палічыў, што спрачацца — ніякай карысці. Гэта Башлыкову дадало жорсткасці. — Ты ўжо не першы раз рознымі спосабамі фактычна стараешся прытармазіць нашы тэмпы. Як гэта назваць цяпер, калі партыя патрабуе ад нас — не спыняючыся, з усіх сіл ісці наперад? Калі партыя патрабуе: тэмпы, тэмпы, тэмпы?!
Башлыкоў глядзеў гнеўна: словы, якія ён сказаў горача, узрушылі і самога. Глядзеў, поўны разумення сваёй дужасці: праўда яго думкі, адчувалася, была такою моцнаю, бясспрэчнаю. Апейка адвёў вочы. Сумна маўчаў.
— Ты не быў пад Варшаваю? — не то спытаў, не то проста сказаў. — У дваццатым. Калі наступалі.
Башлыкоў не адказаў. Пры чым тут гэтае недарэчнае пытанне? Тым больш што ён добра ведае — не быў.
— А я быў. Ледзь не пайшоў там… у іншы свет… Узводны Сарокін вывез. Паўз уланскія патрулі… — Ён зірнуў на Башлыкова. Вачыма, якія былі недзе далёка, з успамінамі. Загаварыў раптам непрыязна: — Калі мы ішлі на Варшаву, у дваццатым, таксама, помню, былі тэмпы. Дайшлі да самай Варшавы. А потым аказаліся — пад Менскам…
Башлыкоў наогул не любіў Апейкавых «штучак»: вобразы-намёкі, загадкі. Тут жа гэтае параўнанне проста нібы дражніла.
— Аналогія гэта твая — няўдалая. Палітычна нясмачная.
— Гэта — не аналогія. Проста ўспомнілася дарэчы… Пры любых тэмпах трэба добры тыл. Асабліва — пры хуткіх…
2
Башлыкову пачулася насмешачка: «асабліва — пры хуткіх». І гэта дакончыла ўжо цярплівасць яго. Апанаваў гнеў: так гаварыць на яго прынцыповае, партыйнае папярэджанне!