Завеі, снежань
Шрифт:
Ён успомніў, што Апейка з самага пачатку не таіў, што не верыць у поспех гэтага сходу. І хоць цяпер непрыемны вопыт быццам бы паказваў, што ў яго была рацыя, Башлыкову не хацелася згаджацца. Усё-ткі сход трэба было зрабіць, як гэта ні непрыемна. Трэба было! Трэба было выпрабаваць усе сродкі. Высветліць усё да канца. Цяпер сумленне чыстае можа быць. Усё, што маглі, зрабілі…
А што не ўдалося змяніць, не іх, не яго, Башлыкова, віна. Нічога нельга было зрабіць. Цяпер відна, як на далоні: сплялося варожае кубло. Усё заражанае паганым, кулацкім душком. Нават бядняцкая частка заражана. Ці — запалохана кулачком… «Вылезлі ў адкрытую, — прыйшла, як ясны вынік, думка. — Скінулі маску!.. Вайна ў адкрытую!.. Што ж — тым лепш!
Ад злосці, што ўздымаецца, у ім мацнее адчуванне сілы, упэўненасць у сабе, у сваёй уладзе. Трайным ударам! Ён не ўдакладняе, як гэта будзе — трайным ударам: думаць цяжка. Даўно ўжо чуе — усё мацней навальваецца, абцяжарвае ўсяго змора. Але ён ведае: гэта будзе, трайным ударам!..
Думаць глыбей яму замінае не толькі стома. Ён знарок стрымлівае сябе, смутна адчувае: са злосцю грозіцца ўпаўзці большы неспакой. Бяда. Катастрофа. Адганяе думкі пра гэта, трымаецца за ранейшае: трайным ударам!
Знарок прыслухоўваецца да сваёй стомы: ах, як ён змарыўся! Хутчэй бы дапасці да дому, кінуцца на ложак. Ці хоць на падлогу. Не распранаючыся нават. Перадыхнуць трохі ад усяго…
Яшчэ ён чуе, як унізваецца, сцінае ўсяго мароз. Ён мерзне ўсё мацней, але трывае, не варушыцца. «Зіма бярэцца… Бярэцца…» — думае ён дзіўна ўсцешана.
2
Калі спусціліся ўніз, у цішыню юравіцкай вуліцы, возчык павярнуўся да яго:
— Куды везці?
Башлыкоў апусціў каўнер, трасянуў плячыма.
— У райком…
Намерзлыя губы варухнуліся непаслухмяна, выйшла нейкае «вайком».
Возчык мог бы і не пытацца: кожны раз, вяртаючыся, ехалі найперш у райком. Можа, пакуль ездзіў, адбылося што-небудзь важнае: трэба неадкладна даць распараджэнні. Ды і наогул даведацца пра становішча, быць у курсе апошніх падзей. Ведаць усё… Пасада такая і час такі, што трэба ўвесь час быць напагатове…
З акна райкома прывітаў жоўты агеньчык. Ураз адкідаючы здранцвенне, што сцінала ўсяго, Башлыкоў ахвоча выскачыў з вазка. Левая нага ледзь не падагнулася, ён прытрымаўся, адужаў млявасць у ёй, яшчэ накульгваючы, падаўся на райкомаўскі двор, узышоў на ганак. Паспрабаваў адчыніць дзверы, але яны былі зашчэплены з сярэдзіны. Цёплай пасля рукавіцы рукой энергічна пастукаў па дошках.
Адчынілі не хутка. Дзяжурны, русявы хлопец, убачыўшы яго, лыпаў вачыма санліва і няёмка. Задрамаў. Ухапіўся прыгладжваць валасы.
Башлыкоў з той лёгкасцю, якая заўсёды паяўлялася пры людзях, рашуча прайшоў міма. Не сказаў нічога, папрок вымавіў маўчаннем. Ужо ў прыёмнай прыпыніўся, кінуў:
— Званіў хто?
— Званілі!.. — злавіў яго позірк дзяжурны. У голасе была радасць: мабыць, ад таго, што можна выправіцца.
— Даўно?
— Ды — за поўнач. За поўнач добра.
— Адкуль?
— З Мозыра. З округа. Таварыш Галубовіч…
— Казаў што?
— Казаў. Запытаў, дзе вы. «Дзе таварыш Башлыкоў?» Я сказаў: на раёні. Калектывізацыю праводзіць…
— Не пытаў нічога?
— Пытаў: «Як справы?» Я сказаў: «Ідуць». Тады ён папрасіў прачытаць зводку. Я прачытаў. Міша мне пакінуў…
— Больш нічога не казаў?
— Сказаў: «Дзякую. Усяго добрага».
Башлыкоў адамкнуў дзверы ў кабінет. Упоцемку знайшоў у кутку вешалку, павесіў паліто. Падаўся да стала, дзе павінна была стаяць лямпа. Чыркнуў запалкаю, падняў пад зялёным абажурам шкло, запаліў падгарэлы беражок кнота. Зялёны абажур на лямпе адзначыўся раздражненнем: ч-чорт, не забраў гэтае мяшчанства! Раздражненне было на памочніка, які недзе выкапаў дурны гэты абажур і не выканаў загаду зняць.
Не хапала яшчэ, каб у кабінеце сакратара райкома разводзілася гэта мяшчанская ўтульнасць! «Для вачэй зручнасць, супакойвае зрок!» — згадаў ён з'едліва памочнікаў доказ. Самы клопат — супакойваць зрок, калі трэба толькі глядзець ды глядзець! Не
першы раз затурбавала: дзе ён дастаў гэта, ці не ў нэпмана якога? Канечне ж, не ў бедняка. Падумаў строга: трэба прыгледзецца лепш, узяцца як належыць за памочніка. Часу ўсё не знойдзеш, круцішся, як чорт. Ды і хлопец спраўны ж, талковы…Зняў абажур, сунуў у куток пад вешалку. Заўтра ж загадаць, каб і знаку нэпманскага гэтага блуду тут не было.
На стале на заўсёдным месцы бялеў лісток. Зводка за суткі. Башлыкоў, зайшоўшы за стол, звыкла працягнуў да яго руку і раптам важка спыніў. Зводка! Устарэла, паламалася зводка! Стрымліваючы непрыемнае пачуццё, што адразу ажыло, узяў два канверты, якія ляжалі побач зводкі. На першым ён адразу пазнаў почырк Нінкі — сястры. Ліст з дому. Почырк на другім быў таксама знаёмы, пісаў гомельскі прыяцель Лёня Мандрыка. Аб гэтым сведчыў і подпіс унізе канверта: некалькі літар з адмысловымі кручкамі. Подпіс, годны, як смяяўся Лёня, таго, каб падпісваць грошы. Пісьмо было напісана пачціва, афіцыйна — «Сакратару Юравіцкага райкома таварышу…». Нават за подпісам гэтым бачыўся вясёлы таварышаў характар.
Башлыкоў адарваў край канверта: захацелася пачуць вясёлы голас. Ледзь разгарнуў сіні, шурпаты, з лінеечкамі лісток, у вочы кінулася: «Алёшка, чарцяка!» Ад гарэзнага, таварыскага ўсярэдзіне адразу пацяплела: быццам раптам аказаўся ў мілым Гомелі, сярод прыяцеляў ці дзе-небудзь у парку над Сожам. Ухапіўся позіркам у ліст: «Як ты там ваюеш? Як ты пераворваеш там старыя ўласніцкія межы? Крышы там кулацкую і ўсякую іншую нечысць! Штоб усе адчувалі тваю цвёрдую, рабоча-пралетарскую руку!.. Алёшка, я чытаю пра цябе ў газетах і — ганаруся! І проста не веру, што гэта з табой лазіў праз плот, у дзірку, на стадыён. Помніш, чарцяка?.. А цяпер я — ганаруся, ты — наша слава!..» За ўсім гэтым Башлыкоў чуў задзірысты, гарэзны голас Лёнькі, якога ён калісьці любіў, з якім так лёгка было глядзець на свет. Сёння голас гэты не толькі не весяліў, а абуджаў непрыемнае ў душы, тое, што не хацелася чапаць. «Ганарымся!.. Ты — наша слава!.. Чытаем!..» — словы гэтыя сёння быццам недалікатна дражнілі.
Ён ужо хацеў кінуць чытаць, калі позірк раптам выхапіў сярод радкоў — «Лена». Чуючы, як часта стала біцца сэрца, ён пайшоў па радках: «Зайздрошчу і ганаруся, між іншым, не толькі я. Я зараз табе напішу такое, што ты — заікам станеш! Падрыхтуйся, чарцяка, і трымайся! Не падай на падлогу! Бачыў я тут на днях, каго б ты думаеш? Век не адгадаеш! Лену!.. Іду па Савецкай і проста — твар у твар! Я аж вачам не паверыў!..» Як бы праз туман, праз гарачы звон, пранізвалася: Лена ў Гомелі. Прыехала ад мужа. Не вельмі шчаслівая — «мякка кажучы!». Хоць і выгляду не падае. Доўга, «аж сцінала ёй дыханне», распытвала пра яго. «Пра Алёшку». Сказала, што ён далёка пойдзе і што яна — «рада за яго»! А пра сябе расказваць не стала: «Нічога асаблівага. Жыву і — усё…» Кожнае слова адгукалася звонам, біла, а апошняе мацней за ўсё: «Праз дзень, сказала, паедзе назад! Нявесела сказала!.. Разумееш ты, чарцяка, што робіцца на свеце?!» — пытаўся недарэчы весела Лёня.
За гэтым Лёня пісаў пра гомельскія навіны, пра тое, якая гэта неспакойная і вясёлая служба — яго клуб. Відаць, здагадваючыся, што растрывожыў напамінкам пра Лену, зазначыў, што ў Гомелі многа паявілася дзяўчат харошых, і раіў: на свеце ёсць і іншыя важныя рэчы, акрамя спраў. Вырвіся на дзень-два, шкадаваць не будзеш!..
Башлыкову не спадабаліся пашлаватая гуллівасць апошніх радкоў пісьма і запрашэнне з намёкамі, асабліва непатрэбныя пасля ўсяго, што было пра Лену. Але гэта адзначылася мімаходзь у душы, ва ўсёй істоце было адно: Лена! Ці ад таго, што ён быў стомлены, ці ад таго, што такая навіна абрынулася так неспадзявана, Башлыкоў дзіўна не мог думаць, жыў толькі гарачым і важкім адчуваннем: Лена, была ў Гомелі, нешчаслівая, любіць. Любіць усё ж. Лена, Лена, Лена — звінела на розныя галасы…