Завеі, снежань
Шрифт:
Ён з намаганнем зварухнуўся, узяў пісьмо ад Ніны. Кожны раз, калі ён браў пісьмо з дому ці проста думаў пра дом, пра родных, яго нязменна апаноўваў складаны свет. Вярталася галоднае, у знясільнай працы маленства, цёмны, сыры барак у залінейным раёне. Уваходзіла ў пакой, станавілася побач, век у турбоце, у страху пра хлеб, пра дзяцей, маці. Пяшчотная і няшчасная на ўсё жыццё сястрычка Ніна, здаровы, пешчаны маткаю Барыс. Ажывала ў памяці даўняя крыўда, непрыхільнасць: мучыліся адны, пры жывым бацьку, які недзе, былі ўпэўнены, раскошастваваў з іншаю жанчынай. Стракатае, поўнае прагнай дзейнасці і шырокіх, на ўвесь сусвет, надзей камсамольскае юнацтва ледзь не ўвесь час хмарылі неадольныя супярэчнасці з тым, што было дома. Старыя бядоты не ўсе засталіся ў бараку, многія пераехалі ў светлы, каменны пакой каля парку,
У супярэчлівы свет памяці заўсёды ўнізвалася, турбавала адчуванне віны: памагае мала. Праўда, грошы пасылае, кожны месяц усё, што можа. Але хіба даволі грошай адных ім. Ніне, якую неяк трэба было б завезці да добрага спецыяліста, паспрабаваць выбавіць з бяды. Барысу, якога трэба было б накіроўваць цвёрдай рукой. Маці, якая адна разрываецца між абаіх…
Сёння з усім гэтым неспакоем мяшалася і свежая, неспадзяваная туга пра Лену. Лена, Лена…
Нініна пісьмо, як заўсёды, пачыналася пяшчотным: «Добры дзень, любы наш Алёшка!» Пытанні, як жыве, шкадаванне, што, мабыць, работы многа. Не глядзіць сябе, недасыпае і галадае. У дарозе ўсё, на холадзе. А яна — вучыцца, і вучыцца добра. На вельмі добра. І здаровая, і вясёлая. «Дзяўчаты і хлопцы ў нас — як адзін. Дружныя і дасціпныя. На пераменку да нас прыходзяць з другіх груп — каб парагатаць! Ведаюць: у нас сумаваць не ўмеюць!» Маці таксама здаровая. Толькі ўсё перажывае за яго, за Алёшу. І наказала нават, каб напісала: няхай беражэ сябе! «Адным словам — усё ў нас па-ранейшаму», — супакойвала, цешыла Башлыкова сястра. Здаецца, сёння яна лішне ўжо старалася супакоіць яго, і ў Башлыкова ў стоме з'явілася прадчуванне, што ў іх там нешта здарылася. І праўда, за гэтым ішло асцярожнае: «Толькі з Барысам — важныя навіны. Барысік наш, здаецца, сур'ёзна сабраўся стаць дарослым! Прыбіцца, нарэшце, да берага і пачаць сталае жыццё!.. Пра тое, як гэта сур'ёзна, можна меркаваць ужо з таго, што ён цяпер усе дні ля адной прыстані… Прыстань гэта — Ліза Шэпель!.. Усе дні, усюды — разам! Проста — галубкі!.. Увесь вольны час — у яе пакоі… Мяркуючы па ўсім, у іх далёка зайшло. Ходзяць чуткі, што можа быць нейкі нашчадак… Так што ў нас, Алёшка, новы сваяк — таварыш Шэпель!..»
Як ні быў знябыты, перапоўнены ранейшымі падзеямі, Башлыкоў некалькі хвілін не знаходзіў месца ад хвалявання. Устаў, закурыў, зацягнуўся, аж зайшоўся кашлем. Нецярпліва, раззлавана захадзіў па пакоі. «Сваяк — таварыш Шэпель!» Таварыш Шэпель! Пан Шэпель! Гаспадар некалі багатай аптэкі! І моднага парфумнага магазіна! Нэпман, гандляр, вядомы ўсяму гораду!
Усяго, здаецца, можна было чакаць ад гэтага балбеса, ад Барыса. А такога не чакаў. Дадумацца не дадумаўся б! «Сваяк таварыша Шэпеля! Таварыша Шэпеля!» Сакратар райкома — сваяк Шэпеля, нэпмана, прайдзісвета!
З глузду ён з'ехаў, ці што, дурань гэты? Гэта ж дадумацца — з тысяч дзяўчат, харошых, рабочых дачок выбраць такую спадарожніцу! Нібы знарок! Ды і знарок, каб хацеў, дадумацца б трэба! Каб раней гады два-тры! Зразумець яшчэ неяк можна было б! А цяпер, цяпер!.. Зразумець можна было б, ён бачыў Лізу Шэпель, ведаў красуню. Але ён так абураны быў цяпер усім, што не разумеў, не хацеў разумець! Зрабіць такое глупства ў цяперашні час — калі ідзе такі наступ! Паставіць сябе і яго, брата, у такое становішча!
Ён падумаў, як адгукнуцца на ўсё гэта сябры там, у Гомелі. Загадзя ўявіў, што ледзь не кожны, не інакш, будзе вінаваціць яго, Башлыкова. Не выхаваў як належыць. Свайго меншага брата не здолеў выхаваць! Кіраўнік!.. Будуць вінаваціць — і будуць рабіць справядліва! Не выхаваў! Не змог!
Прыйшло ў галаву: цяпер, кожны раз, расказваючы пра сябе, ён павінен будзе паведамляць пра гэта. Тлумачыць у анкетах, у аўтабіяграфіях! Упісваць у сваё жыццё! Якое ён хацеў жыць чыстым! І быў чыстым дасюль!..
Усё так блыталася, што яго раптам узяў адчай. Чорт ведае што за ноч! Злыя твары на сходзе. Поўны правал у Глінішчах. Непатрэбная, балючая вестка пра Лену. І напаследак — гэтае: сваяк пана Шэпеля! Усё разам, сышлося адусюль!
Не было ўжо сілы ні думаць, ні трываць гэта. Ён раптам перастаў мераць кабінет, кінуў недакурак. Прыдушыў аб прыбор.
Рашуча абарваў думанне: хопіць на сёння!Дастаў з шафы падшыўку газеты, згарнуў на канапе пад галаву. Узяў з вешалкі паліто, шапку, рушыў да стала. Крутнуў колца кнота, дзьмухнуў у лямпу. Падаўся да канапы.
Частка другая
Раздзел першы
1
Устаў рана. Цвёрдая сялянская канапа не давала залежвацца. Ды і пачуў, што мястэчка абудзілася, трэба было пачынаць дзень.
Ад таго, што спаў мала, у галаве нядобра звінела, ува ўсім целе была млявасць. Але ён намацаў шапку, што была за падушку, усцягнуў на сябе паліто. Хістаючыся, няцвёрдай хадою выйшаў на ганак.
Ранішні сіняваты прыцемак сустрэў добрым, вострым халадком. Важка рыпаючы ботамі па снезе, Башлыкоў выйшаў з двара, пакрочыў па вуліцы. Хаты ўжо часта жаўцелі вокнамі, у іх на дварах усюды віднеліся постаці; насустрач выткнуліся, праехалі сані з двума седакамі. Рух гэты, клопат навокал настройвалі і яго на дзейны лад. З турботнасцю жывой рэальнасці прыходзіла звыклае адчуванне нязменнага абавязку дзейнічаць. Цішэла санлівасць, дужэў.
Пачынаўся дзень. Важны, нялёгкі дзень.
Башлыкоў харчаваўся ў сталоўцы, якую называлі райвыканкомаўскай. Сталоўка гэтая служыла ўсім дзяржаўным работнікам раённага цэнтра, розным камандзіровачным, удзельнікам пленумаў і нарад. Непрыкметная з выгляду, стараватая драўляная хата гэта, комін якой дыміў з ранку да вечара, была паважнай, неабходнай установай, значэнне якой асабліва вырастала, калі ў цэнтры збіраліся дэлегаты ці ўдзельнікі.
Гаспадыня, дзе Башлыкоў кватараваў, бралася гатаваць яму дома, клапатліва ўгаворвала нават, што так, як яна, там не згатуюць, але ён ветліва, цвёрда адмовіўся. Акрамя таго, што ён у душы лічыў клопат пра тое, дзе паесці смачней, нечым не вартым дзелавога чалавека, ды яшчэ партыйца, кіраўніка, было тут і іншае меркаванне. Што там ні кажы, харчаванне ў гаспадыні ў нейкай ступені — мяшчанства, уступка старому быту. Сталоўка ж — гэта разам і асаблівая грамадская ўстанова, і новы быт, які трэба падтрымліваць і ўвагай да якога належыць паказваць прыклад іншым работнікам.
У сталоўцы снедала некалькі чалавек, сярод якіх Башлыкову кінуўся ў вочы Зубрыч, што ўжо разлічваўся з афіцыянткай, строгі, заклапочаны. Башлыкоў з тым уздымам, які звычайна ўзнікаў у ім на людзях, бадзёра паздароваўся, распрануўся каля вешалкі, па-дамашняму нахіліўся каля ўмывальніка. Вада была халодная, відаць, нядаўна з двара, і ён з асалодай чуў яе сцюдзёную свежасць. Весела пакіраваў у сціплы куток, дзе меў звычай абедаць. Афіцыянтка — паўнацелая, крамяная полька Ліза, з местачковых — чакала ўжо, калі ён сядзе. Адразу падышла.
Ведала: сакратар райкома — чалавек вельмі заняты, сядзець попусту, чакаць яму няма калі.
— Перакусіць чаго-небудзь, Ліза. — У голасе яго былі разам і ветлівасць, і дзелавітая сабранасць.
— Сягоння — рагу і чай.
— Давай рагу і чай, — сказаў ён згаворліва.
Яна адразу павярнулася да кухні, кемлівая полька. Яму заўсёды прыемна было бачыць яе, але цяпер, зірнуўшы ўслед, ён раптам адчуў штосьці прыкрае. Не адразу зразумеў: прыкрасць была з імем яе — Ліза… У пісьме была таксама Ліза… Ён адагнаў успамін. Сапраўднае імя не Ліза, а Алаіза Янкоўская.
Алаіза Янкоўская не дала доўга чакаць. Быццам убачыла, што ён, звычайна спакойны да яды, сёння галодны. Галодны, як звер.
За тыя дзве-тры хвіліны, што яе не было, ён раптам адчуў, як страшэнна хоча есці. Нецярпліва чакаючы, ён згадаў, што не вячэраў учора. Выпадак не быў выключны, раней такое здаралася не раз, і ён гатоў быў папракнуць сябе за нецярплівасць, нявытрыманасць. Але голад не слухаўся.
Шчыруючы над рагу, ён успомніў, як яго запрашалі павячэраць учора. Ноччу. За гэтым, нібы праз туман, але з дзіўнай прывабнасцю згадаў абед у школе. Нібы нанава ўбачыў, як побач стаіць, лье з карца на яго рукі. Адчуў цвёрдую далонь, калі памагаў вылезці са склепа. І пачуў голас, што прасіў застацца, павячэраць… Дзіўны голас. І дзіўная рука. І ўся дзіўная. Хто яна?.. Але адразу ж з гэтым усярэдзіне ажыло глухое, нядобрае — сход, злыя позіркі і крык. І ганебнае адчуванне бездапаможнасці. Ён сціснуў зубы, стрымаў сябе.