Завеі, снежань
Шрифт:
Кожны раз, калі чытаў газеты, Башлыкоў асабліва моцна адчуваў еднасць усяго, што робіцца ў вёсках і раёнах краіны. Уся краіна бачылася ім як адно неабсяжнае вялікае поле, дзе ідзе цяжкае калектыўнае наступленне. Дзе па ўсім полі — кулацкія звярыныя стрэлы, падпалы, смерць актывістаў і пажары. Дзе ідзе лютая, крывавая класавая барацьба. Ён адчуваў, што наступленне цяпер, можа быць, у самым вялікім напружанні, што іменна цяпер трэба напяць усе сілы, каб зламаць праціўніка, рушыць далей. Кожны крок цяпер бярэцца боем, але яго трэба браць. Кожны раён бярэ, і ён павінен узяць.
Сярод усіх гэтых думак адна мела для Башлыкова асаблівую важнасць. Ён заўсёды помніў, што наступленне гэтае,
Сёння ў адстаючых будзе плесціся ён. Яго раён…
Башлыкоў неспакойна згарнуў газету, адлажыў. Сціснуў ручку тэлефона, загадаў звязаць з Апейкам.
— Пагаварыць трэба. Зайдзі.
Пачаў мераць неспакойнымі крокамі кабінет — з кутка ў куток.
У новым яшчэ будынку старога мястэчка, што выцягнулася ўсцяж нізіны паўз Прыпяць, мераў і мераў пакой чарнявы чалавек у сіняй гімнасцёрцы. Адметны як асоба, ён разам з тым клопатам, настроем быў падобны на многіх іншых, што ў мястэчках, гарадах, у палях хадзілі, вялі нарады, спяшаліся цераз заснежаныя прасторы. Тысячы людзей, большасць якіх асабіста не ведалі адзін аднаго, не думаючы адзін аб адным, былі аб'яднаны аднолькавымі турботамі і імкненнямі.
Пры ўсім тым гэта былі вельмі розныя людзі, і розныя акалічнасці былі, у якіх пачыналі яны гэты дзень. Башлыкоў пачынаў яго ў звыклай абстаноўцы. Вакол яго былі няхітрыя, арцельнай, юравіцкай красы стол, канапа, шафа. Звыклыя сцены, бляклыя, з цьмяным «срэбрам» шпалеры, што спадалі з-пад столі няроўнымі хвалямі: шпалеры былі наклеены проста на бярвенне. Будынак не тынкавалі. Ад таго, што тынку не было, унізе там-сям пацёртыя спінамі шпалеры былі прарваны. На сценах ярчэлі ўвесь у чырвані, у магутных літарах і заводскіх трубах плакат «Пяцігодку — у чатыры гады!» і дзве карты — Савецкага Саюза і паўшар'яў. На самым пачэсным месцы, над сталом, узвышаліся два партрэты: чорна-белы — Леніна і каляровы — Сталіна. Ленін стаяў у рост, рука ў кішэні, глядзеў кудысьці лагодным, засяроджаным позіркам. Сталін стаяў за сталом, у жаўтаватым, вайсковага крою фрэнчы, костачкамі сагнутых пальцаў лёгка дакранаўся да стала. Башлыкова хвалявала нязменнаю пашанаю тая сціпласць, якая адчувалася і ў простым фрэнчы, і ў самой паставе, і ў кладцы рота пад коратка падстрыжанымі вусамі. Пашана гэта была асабліва трывалаю, бо за сціпласцю Сталіна помнілася такое незвычайнае, вялікае жыццё: ссылкі, уцёкі, рэвалюцыя, Грамадзянская вайна.
Больш за ўсё хваляваў Башлыкова позірк арэхавага колеру вачэй з-пад смаляной, без адзінай сівінкі, шорсткай чупрыны. Уважлівы позірк гэты, здавалася Башлыкову, заўсёды глядзеў проста ў яго. Здавалася, пытаўся: як ты тут? Калі справы ладзіліся і быў добры настрой, позірк гэты не толькі не турбаваў, а радаваў. Быццам было каму паказаць сваю працу. Далажыць, што не падвёў. Сёння Башлыкоў, не заўважаючы таго, мімаволі не ўздымаў вачэй. Трывожыўся сустрэцца позіркам…
Як толькі ўвайшоў Апейка, Башлыкоў спыніў меранне. Паціснуў руку і адразу з заклапочаным выглядам пакіраваў за стол. Не трэба марнаваць часу. Ён сеў і толькі намерыўся пачаць гаворку, калі рэзка, патрабавальна зазвінеў тэлефон.
Башлыкоў мімаволі павярнуўся, але не ўзяў трубкі. Момант марудзіў, насцярожаны, нацяты. Не таіў трывогі. Потым адолеў сябе.
— Башлыкоў слухае, — сказаў раптам упэўнена, з годнасцю. З імя, якое ён назваў, адказваючы на прывітанне, Апейка даведаўся: на другім канцы
трубку трымае сакратар акружкома Галубовіч. Апейка стаў зацікаўлена ўслухоўвацца.Башлыкоў гаварыў:
— Быў у ад'ездзе. Сход праводзіў… Не магу пахваліцца, — прамовіў Башлыкоў, як бы вымушаны прызнавацца ў нядобрым. — Няма чым хваліцца… Трыццаць сем гаспадарак… Так, за тыдзень… Так, менш за працэнт… Так, топчамся… — Башлыкоў не пярэчыў, самакрытычна судзіў сябе. Ён згаджаўся, трываў тыя жорсткія словы, якія чуў, заўважыў Апейка, з нязвычнай вытрымкай, нават спакоем. Відаць, ад таго, што Апейка добра ведаў: тое, што пакуль паведаміў Башлыкоў, не самае горшае, ён зразумеў прычыну стрыманасці, якую выказваў сакратар райкома. Чаго тут бедаваць, калі ёсць горшае.
Ад таго, што гэтае горшае яшчэ было наперадзе, Апейка чакаў далейшае неспакойна. Скажа ці не скажа, цяпер ці на іншы раз адкладзе?
Башлыкоў, відаць, вагаўся. Апейка зразумеў гэта па тым неспакоі, нават адчаі, што з'явіўся ў вачах Башлыкова. Позірк Башлыкова прабег па пакоі, спыніўся на момант на Апейку, але не ўбачыў яго. Быў невідушчы, сабраны ў сабе.
Раптам у твары Башлыкова з'явілася рашучасць. А, што будзе, тое будзе!
— Дзмітрый Андрэевіч! — загаварыў ён цвёрда. — Я павінен далажыць вам: у нас — прарыў! Распаўся калгас — «Рассвет»! Я якраз там і быў! Разабраўся ў прычынах, правёў сход! Спадзяваўся выправіць становішча, але не змог!.. — Нейкі час Башлыкоў маўчаў, чакаў, што там скажуць. Але там таксама маўчалі. Потым запыталіся, ён адказаў: — Дваццаць дзевяць гаспадарак.
З гэтай хвіліны Башлыкоў панура, цярпліва слухаў, што казаў Галубовіч. Сказаўшы самае цяжкае, ён спачатку прымаў тое, што чуў, з нязвычным спакоем. Адчуваў, было відаць, нават быццам палёгку: зрабіў сваё. Амаль абыякава, як асуджаны, гатовы да ўсяго, адказаў:
— Сячыце.
Згадзіўшыся яшчэ раней з тым, што — вінаваты, нават не паспрабаваў апраўдвацца. Як бы ажыў, загарэўся толькі тады, калі абяцаў:
— Зробім сёння ж, Дзмітрый Андрэевіч!
3
Паклаўшы трубку, пакруціў галавою, шумліва выдыхнуў: «Уф!» Хвіліну сядзеў моўчкі, быццам не мог апамятацца. Потым глянуў на Апейку, паведаміў аптымістычна:
— Сказаў: голавы здымуць!
Апейка згадзіўся:
— Так, прыйдзецца пакласці іх…
— Пакласці не страшна, — прамовіў нелагодна Башлыкоў. — Калі б было за што…
Апейка сказаў раздумліва:
— Баюся: трэба чакаць горшага.
Башлыкоў кінуў на яго хуткі, неспакойны позірк.
— Дачакаемся! Калі будзем сядзець, як бажкі! Склаўшы рукі…
Ён не вытрымаў, рэзка ўзняўся, нервова захадзіў. Штосьці таіў у сабе непрыемнае. Потым падышоў да Апейкі, стаў насупраць. Упяў вузкія, вострыя зрэнкі.
— Мне не спадабаліся твае паводзіны на сходзе. — Ён гаварыў горача, выразна — слова за словам. Удакладніў: — Тваё выступленне. Тваё і Гайліса.
— Чаму?
— Чаму? — Башлыкоў прамовіў так, быццам не верыў, што гэта незразумела. — Таму, што так не робяць! У такі момант!
Апейка няцямна павёў вачыма.
— Ясней кажы.
— Ясней? — Апейкаў спакой раззлаваў Башлыкова. Цвёрда, тонам абвінаваўцы стаў рэзаць, пункт за пунктам. — Спасавалі ў рашучы момант! Замест таго каб — наперад, туліцца да зямлі сталі! Лавіраваць! Падладжвацца.
Апейка абурыўся:
— Хто — падладжваўся? Хто лавіраваў? Ты ведаеш, што гаворыш?
Шчокі Башлыкова пакрывіла на міг ухмылка.
— Байку развёў!..
— Байка — прыказка! Намёк!.. — Апейка стрымаўся. Схаваў хваляванне за насмешкай: — Ты мяне ставіш у цяжкае становішча. Каб апраўдвацца перад табой, я павінен хваліць сябе. А я не люблю гэтага…