Завеі, снежань
Шрифт:
Дабіўся нібы нарэшце, бачылася — быццам дайшло. Мормаль пакляўся, што мабілізуе ўсе сілы настаўнікаў і школьнікаў. Башлыкоў дамовіўся, што Мормаль увесь час будзе дакладваць пра зробленае.
Калі развіталіся, не было палёгкі. Было ўсё тое ж адчуванне, што зрабіў мала. Увесь дзень вярэдзіла яно, не аціхала і цяпер.
5
Яно было прыціхла на бюро райкома, якое ён сабраў пасля поўдня.
На бюро прыйшло толькі чацвера, ды і то двое з іх — Апейка і Каржыцкі. З кандыдатаў у члены бюро быў Кудравец. Іншыя былі на раёне. Але сабраць бюро было неабходна, сярод усяго таго, што трэба было мабілізаваць у гэты момант, бюро належала найважнейшая роля. Акрамя таго, што Башлыкоў хацеў узняць супраць прарыву сваіх асноўных таварышаў, бюро неабходна было і для таго, каб арганізаваць некаторыя далейшыя
Башлыкоў знарок гаварыў стрымана, каб у членаў бюро не стварылася думкі, нібы ён паддаецца адчаю. Разам з тым ён і не прыхарошваў становішча, зрабіў усё, каб члены бюро зразумелі, які небяспечны момант настаў. Асцерагаючыся, што спрэчка з Апейкам можа адвесці ўвагу ад галоўнага, ён ні словам не зачапіў старшыню выканкома.
Члены бюро ва ўсім падтрымалі Башлыкова: згадзіліся, што ўсім ім трэба раз'ехацца па сваіх сельсаветах, прыняць захады, каб не даць паўтарыцца таму, што здарылася ў Глінішчах. Усе дружна ўхвалілі думку Башлыкова пра сход упаўнаважаных і актыву. Усе згадзіліся, што сход такі ў цяперашні момант проста неабходны. Даклад даручылі Башлыкову, і Апейка згодна кіўнуў з іншымі.
Ці ад таго, што Башлыкоў адчуў падтрымку іншых, што бюро прайшло вельмі дружна і дзелавіта, ці ад таго, што на бюро зрабіў важныя захады на далейшае, першы час ён адчуваў сябе лягчэй. З адчуваннем дужасці сваёй і з настойлівай нецярплівасцю думаў ён пра заўтрашнюю паездку ў Алешніцкі сельсавет, якую аб'явіў на бюро і якою ён спадзяваўся выправіць тое, што пачалося ў Глінішчах.
З гэтым настроем рыхтаваўся Башлыкоў да нарады пра шэфства. Перагледзеў звесткі пра работу шэфаў, і даўнейшыя, і новыя, якія толькі што прынёс Міша. Перачытаў падабраныя Мішам рашэнні, у якіх гаварылася пра шэфства. Прадумаў і накідаў на паперы план выступлення на нарадзе. Калі ён рабіў гэта, думкі яго адбягалі то ў заўтрашнюю паездку ў Алешнікі, то яшчэ далей — на нараду актыву. Ён быў упэўнены, што дабярэцца там, у Алешніках, да самых каранёў, выведзе ўсякую нечысць напаверх. Навядзе парадак. Навядзе ды яшчэ іншых навучыць. На нарадзе актыву… Да нарады будзе жывы матэрыял. Тое, што ўбачыць сваімі вачыма…
За акном было цёмна, калі сталі сыходзіцца шэфы. Першым аб'явіўся Гірш Кофман, старшыня шавецкай арцелі, рушыў адразу ў кабінет, па-прыяцельску, зычліва прывітаўся. Ён быў у брызентавым плашчы, з пугаю, з чаго Башлыкоў вывеў, што Кофман прыехаў з Прудка. Кофман адразу ўлавіў, што Башлыкоў заняты, умомант нагнаў на сябе заклапочаны, афіцыйны выгляд, запытаў: «Дзе ето будзе?» — папрасіў прабачыць, што перашкодзіў. Проста ён хацеў высветліць, бо там нікога няма. І Мішы таксама…
Роўна а шостай, нібы хвалячыся дакладнасцю, Міша ступіў у кабінет, далажыў, што народ сабраўся, чакае, і Башлыкоў узяў падрыхтаваныя лісткі, пакіраваў да залы, большага пакоя ў будынку, дзе мелася быць нарада. З-за стала ён агледзеў пакой, зала была не запоўнена і напалову, але галоўныя, хто найбольш патрэбны, былі тут. Акрамя Кофмана, ён вылучыў чарнявага, маўклівага Лазара Голада, старшыню швейнай арцелі, загадчыка млына — рослага, нецырымоннага Сопата, маладога, усмешлівага загадчыка школы Волаха, дырэктара дзіцячага дома Бабуру. Былі сакратары партыйных ячэек, камсамольскія кіраўнікі з ячэек, сярод якіх Башлыкову кінулася ў вочы Міхаленка, што калісьці, на чыстцы, так адважна абараняла Апейку.
Адразу было відаць, што сабраліся далёка не ўсе. Вядома, нямала каго не аказалася тут таму, што былі на раёне, не ўправіліся прыехаць ці не ведалі пра нараду. Як бы там ні было, Башлыкоў ад сваёй ужо нязменнай звычкі перагледзеў спісак запрошаных, час ад часу ўздымаючы вочы, пытаючыся ў залы, чаму не відаць на нарадзе таго ці іншага чалавека. У зале то гаманілі, адказваючы, то маўчалі, з самага пачатку, калі Башлыкоў пачаў перабіраць спісак, у ёй усё больш мацнела рабочая патрабавальнасць. Башлыкоў з самага пачатку даваў зразумець, што размова будзе строгая.
Ён быў сабраны і настроены рашуча, але разам з гэтым цяпер, калі ён чуў і бачыў людзей, у яго было і, няхай ціхае, адчуванне палёгкі. Перад ім нібы было падмацаванне, якое давала права спадзявацца на добрае.
Ён рашыў пачаць з дакладаў кіраўнікоў прадпрыемстваў і сакратароў ячэек. Седзячы за сталом, засланым чырвоным бляклым паркалем, ён запытаў, хто хоча пачаць, узяць першы слова. Хвіліну была цішыня, варушыліся, адводзілі вочы ўбок. Кофман на гэта сказаў, што таварыш сакратар ставіць усіх у цяжкае становішча,
бо нікому няёмка першаму выходзіць хваліцца поспехамі. Яго жарт зразумелі, у зале паявіліся ўсмешкі, пачуліся вясёлыя водгукі. Усе ведалі: поспехаў няма, гаворка чакае нялёгкая, і слова Кофмана палагодзіла нядобрае чаканне. Кофман жа першы і ўзняўся ўсё з той жа пугай у руцэ. Хваліцца ён не хваліўся, цікава расказаў пра справы ў вёсцы, з якой прыехаў, але Башлыкову не спадабаўся яго гарэзны і бесклапотны тон, які, бачылася, няправільна, легкадумна настройваў людзей. Башлыкоў рашуча перапыніў яго, стаў патрабавальна дапытваць, што канкрэтна зроблена па шэфскай рабоце.Ён хутка збіў бесклапотнасць з Кофмана, паказаў яму шэфскія яго «поспехі» ў сапраўдным святле, так што, вяртаючыся назад, Кофман адно круціў галавою ды адгукваўся. Узрушаны размовай з Кофманам, тым урокам, які падаў яму, Башлыкоў ужо не стаў пытацца добраахвотнікаў, а пачаў выклікаць. Уважліва, патрабавальна слухаў кожнага. Раз-пораз перапыняў пытаннямі, адзначэннямі таго, што чуў, найбольш — крытычнымі, незадаволенымі. Часам ён спехам запісваў у лістку думку, каб не забыць, прабягаў вачыма па зале, па тварах, але ні на момант не аслабляў пільнай увагі, цвёрдай рукой вёў належную лінію. Кожнаму прамоўцу і ўсім у зале ён паказваў, як мала і як кепска зроблена такой важнай справы. І якія недаравальныя адносіны да яе.
Не ўсе разумелі яго становішча. Былі спробы апраўдацца рознымі прычынамі, нават — спробы ўхіліцца былі. Слухаючы некаторых, іх абяцанкі, ён адчуваў, што яго клопаты мала турбуюць іх. Што змен асаблівых не будзе. Гэта вярэдзіла яго, злавала.
Можа, ад таго, што яму так даліся ўчарашнія дзень і ноч, ён так хутка пачаў зноў нервавацца. Праўда, і становішча з шэфскай работай было — горш горшага; але ў тым, як адгукаўся цяпер Башлыкоў на нелады, з якой гарачкавасцю, адбівалася, не інакш, тое, што нервы не вытрымлівалі напружання. Гэтая гарачкавасць была ў ім і калі ён устаў, каб сваім словам скончыць нараду. Ён не толькі не шукаў нейкіх лагодных слоў, а як бы выбіраў самыя балючыя, бязлітасныя, калі маляваў становішча раёна з калектывізацыяй, калі расказваў пра тое, што здарылася ў Глінішчах, пра тую агідную работу, якую вядзе ў вёсках кулацтва і яму падобная нечысць супраць калгасаў. Вядзе ў той час, калі большасць шэфаў спяць абыякава. Ён, як бы выкрываючы, судзячы, гнеўна заявіў, што ў той фактычнай катастрофе, у якой раён апынуўся, вялікая віна і шэфаў, іх слабой дзейнасці, а ў многіх, па сутнасці, выпадках — бяздзейнасці. Такія адносіны да шэфскай работы, якія выявіліся ў некаторых выступленнях і тут, на нарадзе, заявіў Башлыкоў, ёсць не што іншае, як галавацяпства, цяжкае злачынства.
Яго гарачая, вострая прамова, бачыў Башлыкоў, хвалявала, даходзіла. Факт гэты, аднак, з-за незадавальнення станам спраў не толькі не цешыў, але і не супакойваў ні трохі. Настойлівы, зацяты, ён, як бы грозячыся, сказаў, што за зрыў шэфскай работы райком будзе патрабаваць, як за зрыў важнейшай дзяржаўнай кампаніі. Ніякія адгаворкі не будуць прымацца.
Як ні ўсхваляваны быў, не толькі належна настроіў усіх, але і даў канкрэтныя ўказанні. Дакладна падаў, што неабходна зрабіць кожнай установе. Назваў тэрміны, вызначыў адказных.
6
За вокнамі была ўжо ноч, калі Башлыкоў закрыў нараду і зала пачала пусцець.
Ён вярнуўся ў кабінет. Тут, за зачыненымі дзвярамі, адзін, нейкі момант пастаяў, як бы на раздарожжы. Як бы хацеў разважыць: што ж далей. Не прыдумаў нічога. Угледзеў на стале пачак папярос. Закурыў, захадзіў.
Была вялікая стома і разам — узрушанасць. І рабіць больш не быў здатны, і адпачываць не мог. Не першы раз у галаве прайшло: гэтымі сваімі прамовамі, пэўна, не так другіх уздымаеш, як расцвельваеш сябе.
Трэба было б пайсці паабедаць, але есці не хацелася.
Схамянуўшыся, ён пазваў Мішу, распарадзіўся, каб той перадаў возчыку: заўтра да сямі быць гатовым у дарогу. Дазволіў Мішу ісці дадому.
Можна было б і самому ісці. Нават — трэба б. Адпачыць перад заўтрашнім. Але і ісці не хацелася. Нічога не хацелася.
Не зважаючы на змору, душу трывожыў неспакой. Вось жа ліха, разумеў: усё зрабіў як мог, а задавальнення не было. Не толькі задавальнення, а і якой-небудзь палёгкі.
Не, і разумення такога, што зрабіў тое, што мог і павінен быў, не было. Не было такой упэўненасці, тачыла нават глухое, але настойлівае адчуванне, што рабіў не тое, не галоўнае. Што мала зрушыў тое, што павінен быў. Можа быць, зусім не скрануў. І гэта адчуванне было тады, калі ўсё больш ціснула трывога, важкая, вялікая, неадступная. Калі так упарта насядалі паганыя згадкі-напаміны.