Завеі, снежань
Шрифт:
Седзячы пры стале, не выказваючы цікаўнасці, агледзеўся: хата маленькая, на адзін пакой, падлога з гліны. Можна сказаць, няма падлогі. Палаці, двое палацяў: сына і старых. Даматканыя коўдры. Вялікая скрыня — гонар сялянскіх хат на Палессі. Таксама, мабыць, з даматканым палатном, са святочнай вопраткай. На сценцы — партрэты Сталіна і Калініна. У кутку ўверсе — пуста, абразы зняты. Але ручнік вісіць, як даніна старому… На падаконніку — стосік кніжак. Брашуры… Дзе ж калгасныя дакументы? Пэўна, у скрыні…
Паветра было нясвежае,
Увайшоў з пугаю возчык, на запрашэнне Дамеціхі распрануўся, сеў каля Дубадзела.
Трэба было весці зычлівую гаворку.
— Як жа жывем, Аўдоцця Пятроўна? — пацікавіўся звонка, прыязна Башлыкоў. Імя па бацьку старой выпытаў ціха ў сына.
Тая на момант перастала завіхацца, азірнулася.
— Да як? Жывем.
Зноў адвярнулася да печы, стала чапялой гаспадарыць у глыбіні печы.
— Сын не крыўдзіць?
— Аге! — адказала насмешліва. — Е калі яму! Рэдко і відаць дома!..
— Нявестку б трэба, пэўна?
— Казала яму. Слухаць не хоча. Усё — дзело адно…
— Пары, можа, няма? — памог Башлыкову Дубадзел.
— Етаго цвету хапае. — Маці Глушака паставіла чапялу ў кут. Гаворка, было відаць, зачапіла за жывое. — Дзве было дабрэнныя. Адну, Хадоську, дак думалі ўжэ…
— Мамо! — перабіў Глушак-сын недавольна.
Але яна даказала сваё:
— Празяваў. Хоня забраў.
— Знайдзем другую, цётко! — весела паабяцаў Дубадзел. — І жэнім! У парадку парційнай дзісціпліны! — Ён зарагатаў.
Старой не спадабаліся і яго жарт, і яго рогат. Не тоячыся, нелагодна зірнула на Дубадзела; Башлыкоў заўважыў, што яна наогул не надта шанавала яго спадарожніка.
Не сказала нічога. Аднак спыніла гаворку, павярнулася да печы, узялася за вілкі. Стала гаспадарыць у печы.
Башлыкоў перачакаў, пакуль маці Міканора ўправілася ў печы, перабіў непатрэбнае маўчанне. Павёў гаворку пра тое, што карцела:
— Аўдоцця Пятроўна, скажыце, калі ласка: чаго гэта ў калгас у вашай вёсцы так туга ідуць?
Яна зірнула на Башлыкова, пільна, як бы з недавер'ем. Башлыкову здалося: позірк яе не верыў, што ён пытае гэта сур'ёзна, не ведае сам. Як бы павагаўшыся, адказала:
— Чаму? Баяцца.
— Чаго?
— Цёмны народ, — растлумачыў бацька Глушака, што звешваў ногі з палацяў.
— Як бы не ўскочыць у пельку, баяцца, — прамовіла яна, не слухаючы мужа, а выказваючы
сваё. І ўсё быццам не верыла, што Башлыкоў гэтага сам не ведае.— Чаго тут баяцца!
Маці Міканора нейкі час маўчала. Святло з печы ўскідвалася і ападала на яе твары, на плячы. Рухавы ад святла, у маршчынах, твар быў засяроджаны.
Міканор глядзеў на яе яўна занепакоена. Баяўся яўна нечага.
— Да і тое, — сказала яна задуменна, — вельмі хутко гоняць. А людзям — агледзецца хочацца. Прымерыцца.
— Хто ето гоніць? — абурыўся Глушак-сын. — Што вы кажаце, мамо!
Дубадзела, здавалася, пацешыў сынаў гнеў. Але ён не выказаў весялосці, строга папракнуў:
— Доўго думаюць, цётко!
— Абдумана ўсё, — заявіў Башлыкоў спакойна, паблажліва. — Па ўсіх пунктах. З усіх бакоў. Сур'ёзна абдумана. Можна не сумнявацца.
— Яно-то, пэўна, так, — кіўнула яна. Не то не вельмі паверыла, не то не хацела спрачацца. Далікатна, як бы тлумачачы, выказала: — Толькі ж не ўсе тое знаюць. Да і тое: у кожнаго ж свая галава е.
— У тым-то і бяда! — з'едліва адгукнуўся сын. — Да добра, калі ў каго шчэ разумная!
Башлыкову не давялося сказаць: тут у сенцах стукнулі дзверы і ў хату ступіў дзядзька ў кароткім кажушку і ў ботах. Чыста паголены, з вусікамі, ён з парога скінуў шапку, прывітаўся з усімі: «Здраствуйце». Упэўнена падышоў да Башлыкова, працягнуў руку, з выразнай пачцівасцю назваў: «Таварыш сакратар». Абышоў усіх, падаючы руку, назваў кожнага імем яго — бацькавым.
Справіўшы належна гэты абавязак, дзядзька зноў, з годнасцю, пакіраваў да Башлыкова, сеў побач. Дастаў капшук з-пад кажушка, стаў круціць папяросу. Па-сяброўску пацікавіўся ў Башлыкова:
— Рашылі, значыцца, пасяціць нашу куранёўскую глуш? Паглядзець, чым жыве-дыша ў глушы народ?..
Здавалася, ранейшая гаворка перарвалася зусім і будзе цяпер уладарыць іншая, тая, якую завязаў дзядзька — Андрэй Руды. Так яно нейкі час і было: папыхваючы папяроскай, далікатна пускаючы праз ноздры дым, Андрэй растарэкваў пра цемнату людскую, пра калектывізацыю — новы шлях для людзей, паказваючы, што і тут, у глушы, таксама не ўсе лыкам шыты.
Гаспадыня, здавалася, слухала яго і не слухала. То корпалася пры печы, то неспакойна думала. Было відаць: вярэдзяць старую нейкія турботы, не даюць спакою. Недавольна паглядвала на Рудога: трэба ж, прынесла не ў час балбатуна пустога.
— Да і ето, — адважылася нарэшце, нагадала пра перарваную размову, — гаворкі тут усякія. Пра раскулачанне…
Башлыкоў адвярнуўся ад Рудога, уважліва зірнуў на яе.
— Баяцца етаго. Не наравіцца ето, — горача выказала яна.
— Каму «не наравіцца»? — адразу напаў Глушак-сын.
— Людзям не наравіцца.
— Сказала!
— А то не? Не баяцца?
— Усе?! Кулакі, можа! Кулакам етаго трэба баяцца!
— Правільно, Дамецевіч! — з ухвалай кіўнуў Руды.