Завеі, снежань
Шрифт:
Дамеціха не паддалася сынаваму гневу. Нават як бы заўпарцілася.
— Брату на брата нагаворуваюць, — загаварыла галасней, зацята. — Сваяку на сваяка. Як бы кусаць адзін аднаго трэба!
— Кажаце вы, мамо!
Яна зазлавала, ускінулася:
— Дай сказаць людзям! Не з табой гавораць! Слова ўжэ сказаць не можно!
— Гаварыце, да знайце што!
— Правільно, Дамецевіч! — заявіў важка Руды.
— Ты, Андрэй, прыйшоў, дак сядзі! Не лезь, куды не просяць!.. — Яна перавяла дыханне, заявіла сыну, усім: — Знаю! Праўду кажу!.. — Стрымала сябе,
— Знайшлі брата!
— Брат! Халімон! Мая матка і яго бацька — сястра і брат родныя!
— Ето — пра Карча Халімона! Халімона Глушака! — растлумачыў Башлыкову Руды, задаволена пыхнуўшы папяроскай. Было відаць: страшэнна рады быў спрэчцы. Як цікаваму здарэнню.
Міканор з нянавісцю зірнуў на яго: знайшоў забаву. Трэба ж, прынесла ў такі момант, заўтра брахня пойдзе па ўсяму сялу…
— Аге, Глушак. Глушак Халімон, — пацвердзіла старая, у запале не заўважыўшы тону гаворкі Рудога. — Дак чаго ўжэ на яго! — Павяла шчыра, горача, верачы непахісна ў сваю праўду: — Мало таго што налогамі. Дак і ў калгас не пускаюць! Свет чалавеку завязалі! Так ето трэба?
— Сколькі ні талкую, не разумее нічого!
Міканор, ружова-чырвоны, няспрытнымі рукамі скруціў папяросу, схіліўся да Рудога, прыкурыўшы, патупаў да палацяў, сеў на іх. Згорбіўшыся, густа задыміў. Башлыкоў разумеў яго: Міканор Глушак, як на суддзю, глядзеў на яго, сакратара райкома. Быў разгневаны на маці і адчуваў сябе такім вінаватым, што гатоў быў на любую кару.
Так, было чаго хвалявацца: зганьбіла старая, і перад кім, перад сакратаром райкома. Ды перад Дубадзелам, які яўна не спачувае, а як бы потай цешыцца.
— У адносінах да кулацкіх элементаў, Аўдоцця Пятроўна, — лагодна, стрымана сказаў Башлыкоў, — лінія ў нас цвёрдая. Кулацкія элементы мы лічым класавым ворагам.
— Які ён цяпер элемент! — старая зняважліва махнула рукой. — Толькі званне асталося — што багацей!
Дубадзел хацеў падчапіць жартам: не ведаў, што яна такая кулацкая заступніца, але старая не адазвалася на жарт.
Міканор Глушак, хапаючыся, нервова дыміў, ледзь стрымліваў гнеў.
— Падгаварыў ён вас, ці што! — У голасе яго з гневам чулася крыўда.
Башлыкоў улавіў: словы гэтыя былі як бы не толькі да яе, а і да яго з Дубадзелам. Можа, нават — больш да іх дваіх.
— Не можно — штоб брат на брата! — выказала яна зацята, непахісна.
Сын, угневаны, саскочыў з палацяў. Зірнуў злосна на старую, захадзіў нецярпліва.
Башлыкоў узняўся з лаўкі, сказаў, што пара ісці. Час не чакае.
Старая ўраз схамянулася, згадала пра абавязак гаспадыні:
— Дак калі вернецеся? Кеб знаць…
— От як вызвалімся, — няпэўна сказаў Башлыкоў. — Калі справу зробім…
— Дадзім знак як-небудзь! Калі прагаладаемся!
Старая няёмка папрасіла:
— Мо я што не так. То вы не сярдуйце… Я ад душы. Што думаю…
— Не сярдуем, — Башлыкоў паблажліва ўсміхнуўся. — Але з поглядамі вашымі не згодны…
Ён лагодна патрымаў старую за локаць, рушыў з хаты. На двары азірнуўся:
усе выйшлі ўслед, нават стары стаяў, у сарочцы, без шапкі. Башлыкоў паклапаціўся перш пра яго: параіў вярнуцца, не прастудзіцца. Потым сказаў возчыку ісці ў хату, чакаць.Заўважыў: Міканор Глушак лавіў яго позірк. Башлыкоў зрабіў выгляд, што не бачыць гэтага.
Калі выйшлі на вуліцу, Глушак не вытрываў.
— Падгаварыў, мабуць, гад, — сказаў вінавата. Як бы прасіў злітасціцца, зразумець. Дадаў злосна: — У сям'ю маю ўжэ ўлезці хоча!
— Васпітацельнай работай не займаешся! — укалоў знарок Дубадзел з рогатам.
Башлыкоў адвёў нялітасцівы позірк.
Чуў: Глушак пабойваецца нядобрага свайго сваяцтва, таго, што гэта вядома яму, Башлыкову. Так, трывожыцца ёсць чаго. Такое сваяцтва не ўпрыгожвае… Што там ні кажы, а сваяцтва ёсць сваяцтва. Сувязь. Сувязь з кулаком…
Было незадавальненне сабою: такога факта пра Глушака, пра актывіста, партыйца, не ведаў.
Праўда, віна тут найбольшая Глушака, але і сам вінаваты!
Не першы раз, як пра абрыдлае, непрыязна падумаў: «Усе яны тут перамешаны, паспрабуй разбяры!..» За гэтым як бы нанава пачуў плаканне-войканне старой, плаканне аб крывасмоку, узяло злое: жаласці дурной у людзей аж лішне! Крывасмокаў самых яўных то не судзяць, то — шкадуюць! І каб адзін-два, з дабраты шчодрай, а то ж — не ў адной вёсцы! Чуласць якая!..
Ён з прыкрасцю перарваў думанне, кінуў позірк да Глушака:
— З каго пачнем?
3
Глушак як бы не цяміў. Відаць, усё не мог супакоіцца. Схамянуўся нарэшце:
— Да от, к суседу можно.
Дадаў: адзін з тых, што ўпіраюцца асабліва. Дзяцел Васіль.
Пакіравалі да Дзятла.
Адразу, як ступілі на двор, ля новага зруба, трапілася пажылая жанчына. Ішла з хлява з пустым драўляным вядром.
— Эй, цётко, можно ў госці?! — Глушак як мог нагнаў на сябе весялосць.
— А чаго ж, — жанчына мелькам зірнула на іншых, прамовіла да Глушака: — Сусед, а рэдко заходзіш нешто…
Паяўленне нязваных гасцей выклікала ў яе клопатнасць, але яна схавала гэта. На прывітанне Башлыкова адказала ветліва, прыхільна.
— От госць з раёну, — сказаў Глушак, усё яшчэ з ранейшым хваляваннем і імкненнем разагнаць яго. Глушак назваў Башлыкова, і жанчына зноў зірнула на яго, з большай увагай і цікавасцю.
Запрасіла ў хату, першая падалася на ганак.
У хаце, каля палацяў, была яшчэ жанчына, паўнацелая, маладзейшая, з дзіцем на руках. Перад ёю паволі вяло калыску, што звешвалася са столі, — відаць, дзіця ўзяла з калыскі. Полаг на почапках калыскі быў адхінуты.
Башлыкоў і з ёй ветліва прывітаўся, але жанчына не адказала. Паглядзела на яго, кінула позірк на іншых, нядобра, спадылба. Вочы нібы судзілі: чаго прыперліся! Абвяла вачыма і адвярнулася.
Паказала, што ведаць не хоча.
Глушак, як бы і не бачыў маладой, з вясёлым тварам павярнуўся да першай, што паставіла вядро ў кут ля парога.