Завеі, снежань
Шрифт:
Ларывон Бугай кінуў позірк на Яўхіма Глушака і раптам дзіўна павесялеў. І позірк быў вясёлы, гарэзны, як бы змоўніцкі; здалося, паказваў дружку: зразумеў усё, падтрымаю.
Чырвоны твар распоўзся дурнаватаю ўсмешкаю. Дужа ўзняўся, шырока павёў рукою з тоўстымі, нібы распаранымі, пальцамі. Нахабна-шчодра аб'явіў:
— Давайце!.. Прыглашаю ўсіх!..
Башлыкоў паглядзеў на яго са знішчальнай строгасцю, хацеў асадзіць адразу, адкінуць недарэчныя жарцікі. Адрэзаў строга, годна:
— Дзякую. Але мы прыйшлі па справе.
— А што, за сталом хіба не робяць справы? —
— За сталом толькі і робяць! — падхапіў Ларывон. — Усякая справа за сталом — як па маслу! За яечняй ды з чаркай — адразу йдзе!
Ён зіркнуў на Глушака, як бы чакаючы ўхвалы, голасна зарагатаў. Адчувалася, здаравіла гэты ва ўсім слухаўся таго, дружка. Той кіраваў ім.
Глушак не падтрымаў рогату, і Ларывон сціх.
Тут у гаворку ўступіў Міканор Глушак: адчуў, што настала яго пара. Важна, вельмі недавольна, як бы судзячы, папракнуў:
— Чаго з калгасам валаводзіш? Заяву не падаеш!
Ларывон знарок пачухаў патыліцу. Ашчэрыўся задзірліваю, нахабнаю ўсмешкай:
— Няграматны я. Пісаць не ўмею.
Міканор не адказаў на ўсмешку, але падхапіў яго словы:
— Дак, можа, — памагці? Напісаць табе?
— Не трэба, — адказаў ён цвёрда. Потым паспрабаваў зноў нібы пажартаваць: — От сам вывучуся…
— Доўго сабіраешся! — аб'явіў упэўнена Дубадзел. У тым, як ён сказаў свае словы, здавалася, быў яшчэ важны, недагавораны сэнс.
— А хіба трэба канешне хутко? — Ларывон, адчувалася, не хацеў адступацца ад свайго тону. Стараўся трымацца малайцом. Нават пакпіў: — Ці вы баіцеся не ўправіцца?
— Каму, можа, і трэба баяцца, — адказаў рэзка Дубадзел, зноў быццам прытаіўшы важнае, з якім лічыцца трэба. — Толькі не нам. Нам баяцца няма чаго. Цягнуць не хочацца. Ясно?.. Дак як?
Пытанне Дубадзела было грознае. Ларывон сцёр усмешку.
— Што вам канешне я? — сказаў ніякавата. Ён глянуў на дружка, які быццам не бачыў нічога. — У вас ужэ і без мяне багато. Хапае без мяне… А я і граматы не знаю…
— Хваціць граматы! А не хваціць — навучым! Бо ты ж, мабуць, араць, сеяць не вучаны! — паіранізаваў Дубадзел.
Ларывон прамаўчаў.
Башлыкоў адчуваў, што ва ўсім тым, што гаварыў і як трымаўся Ларывон, мела значэнне, што побач быў друг яго, Яўхім Глушак. Ларывон усё рабіў так, каб выглядаць малайцом перад другам.
Друг жа, можна было падумаць, вельмі спакойна сачыў за ўсім, што было з Ларывонам. Выглядам сваім паказваў: тое, што гаварыць і як паводзіць, — клопат аднаго Ларывона, нікога больш не датычыцца. Башлыкоў, аднак, бачыў, што слухае і сочыць за ўсім Глушак гэты неспакойна, нацята. Толькі стрымліваецца, тоіць. Умее стрымлівацца. Па ўсім відаць, характар дужы. Відаць: цану сабе ведае. Цэніць сябе высока. Больш, чым трэба, няйнакш…
Башлыкоў быў упэўнены, што бачыць яго навылёт. Не з такіх Башлыкоў, каб надта даверыцца таму, што бачыцца звонку. Ды і звонку пільнае вока нямала прыкмеціць можа. Тоіцца Глушак, але выдаюць яго вочы. Не-не ды і пакажуць, што там на душы. Цікаўнасць і непрыязнасць там, схаваныя. Апасліва схаваныя. Башлыкову такое вядома ўжо. Не адзін раз прыкмячаў такое ў іншых.
Яўхім
Глушак, аднак, раптам засмяяўся адкрытай, задзірыстай усмешкай. Задзірыста запытаў Дубадзела:— Дак, можа, і мяне возьмецеся навучыць грамаце?
Дубадзел памаўчаў строга. Засунуўшы рукі ў кішэні шыняля, стаяў недаступны, непахісны. Паказаў, што не ўхваляе такога несур'ёзнага тону з такім пытаннем. Прамовіў важка:
— З табой не возьмемся. З табой асобы разгавор.
— Чаму ето?
— Ты знаеш.
Глушак раптам парывіста павярнуўся да Башлыкова. Башлыкоў убачыў проста перад сабой яго вочы: яны глядзелі востра, патрабавальна.
— А мяне чаму не завеце? — сказаў ён ціха, з выклікам.
Позірк быў такі смелы і ў тоне была такая ўпэўненасць, што Башлыкоў мімаволі прыгледзеўся: як бы нанава пазнаваў чалавека ў пінжаку. Як бы ўбачыў толькі што.
Башлыкоў не быў чалавекам вельмі ўражлівым. Усяго нагледзеўся і да ўсяго быў гатовы. І ўсё ж тое, з якой смеласцю, нават нахабнасцю глядзеў і пытаў гэты выкармак, адзначылася ў ім. Нібы судзіць, нібы загадвае!
Было ў тым, што адчуваў Башлыкоў, яшчэ адно: вось ён, адкрыўся сваёй сапраўднай сутнасцю, кулацкі выкармак. Паказаў сваё аблічча. Выказаў жаданне сваё.
«Чаму мяне не завеце?» Чаго захацеў!
— А я — пайду! — сказаў Глушак, нібы задзіраючыся. — Зразу пайду! Ей-бо! От хоць цяпер!
Па тым, як ён глядзеў і казаў, Башлыкоў адчуваў: пойдзе!
Башлыкова не дзівіла гэта: сярод такіх нямала ўжо бачыў, што гатовы былі. Толькі чаму гатовы былі, дзеля чаго? Гатовы — таму, што хацелі ўхавацца ад падаткаў, цёпла ўладзіцца, зашыцца. Каб дачакацца зручнай пары. Каб шкодзіць знутры.
— Пайду! Толькі скажыце!
— Ведаю, — дасведчана, лядзяна аб'явіў Башлыкоў.
— Не хочаце!
— Не хочам.
— Чаму? — наступаў Глушак. — Я здам усё! Рабіць буду, як усе. Старацца буду. — Позірк яго ўсё вастрэў. Усё нецярплівей унізваўся ў Башлыкова.
— Старацца вы будзеце, — губы Башлыкова працяла з'едлівая, мудрая ўсмешка. Уся іронія яго была ў гэтым «старацца».
— Старацца буду! — зацята вёў сваё Глушак. З рашучасцю, як самае пераконлівае, выказаў: — Што я, жыць не хочу?
Башлыкоў падхапіў гэта:
— Іменна таму, што жыць хочаце. Па-свойму! Па-кулацкі!
Ён сказаў з нудою на твары і з нудою ў голасе. Сказаў і адвярнуўся, паказваючы, што кончыў непатрэбную балбатню.
— Не хочаце! — пачуў ён.
Глушак прамовіў гэта так цвёрда і з такой нястрымнай злосцю, што Башлыкоў азірнуўся.
Іх позіркі сутыкнуліся. У вачах Глушака гарэла такая лютая нянавісць, што здавалася: ён любы момант можа кінуцца, учапіцца рукамі ў шыю.
— Не хочаце! Куды ж мяне? Куды ўсіх нас? На падсцілку! На гной! Ці — як вошы, пад ногаць!
Па тым, як казаў ён, Башлыкоў адчуў, што гэта — невыпадковае. Перадуманае. Што яно збіралася не сёння і вось — вырвалася.
І ад таго, што ён бачыў, якая лютасць за гэтым і якая смеласць у вачах кулацкага выкармка, ён адразу зразумеў, як небяспечны гэты тып. І як неабходна ўжыць належныя захады, каб яго абясшкодзіць.