Завеі, снежань
Шрифт:
А можа, тут прычына не толькі ў мяккацеласці, у паслухмянасці перад Гайлісам. Можа, тут прычына перш за ўсё ў тым, што такая «дабрата» па сэрцы самому. Што самому па душы сядзець ціхамірна, аберагаць свой асабісты спакой. Жыць мірна побач з варожай поганню, таму, што і яна, як кажа маці яго, таксама «людзі». Глушак абураўся развагам маці, але — наколькі шчырае гэтае абурэнне. Ці не ад таго яно, што — перад сакратаром райкома. І адкуль гэтыя погляды ў маці сакратара партячэйкі, і чаму сакратар ячэйкі не мог зламаць іх?
І ці так ужо бяскрыўдна тое, што сакратар ячэйкі, аказваецца, састаіць няхай і не ў непасрэднай, а ўсё ж сваяцкай сувязі з кулацкай сям'ёй? Канешне, у вёсках гэта не так і рэдка, але ж ці
Так, чуццё не ашукала яго, што тут, у Алешніцкім сельсавеце, кіраўніцтва не на ўзроўні. Не памыліўся тады, на сходзе ў Глінішчах, і потым, у Юравічах, калі шукаў прычыны таго прарыву, у які трапіў сельсавет. Тады ён толькі меркаваў, цяпер ён ужо мае факты, дакладныя факты, якія гавораць пра тое, што кіраўніцтва сельсавета і кіраўніцтва ячэйкі, па сутнасці, займаюць апартуністычную лінію, не вядуць належнай барацьбы з антыкалгаснымі, кулацкімі праявамі.
Калі думаў пра гэта, мацнела адчуванне, якое ўжо не раз прыходзіла, што добра зрабіў, выбраўшыся сюды: раскапаў, знайшоў факты, якія праяснілі становішча ў сельсавеце і, што яшчэ больш важна, кірунак таго, як выправіць гэта становішча. Фактычна тое, што адкрылася тут, калі паглядзець шырэй, — а яму і належыць глядзець так, хоць бы з абсягам раёна, — паказвае, якім кірункам можна вывесці з прарыву і ўвесь раён. Тое, што адкрылася тут, дае зрабіць вывады для ўсяго раёна. На фактах гэтых вёсак ён навучыць усе вёскі раёна, уздыме ўвесь раён.
Так, трэба брацца. Дубадзел добра сказаў: «Брацца крэпкай рукою!» Брацца не аднаму яму, брацца ўсім! Поспех у маштабе раёна будзе залежаць ад таго, наколькі ўдасца ўзняць усе кадры! Каб зламаць ворага, трэба ўзняць баявы дух усіх партыйцаў, усяго актыву! Для гэтага трэба навесці перш за ўсё парадак у нашых радах! Перш за ўсё вытравіць у нашых радах які б ні было лібералізм да ворага, расхлябанасць. Для гэтага — строгасць, непрымірымасць да саміх сябе! І не на словах, слоў ужо даволі было, а на справе! На канкрэтных фактах, якія ён выявіў тут!
Трэба справу аб злачынствах у гэтым сельсавеце паставіць на бліжэйшым бюро. Трэба Гайліса і Глушака прыцягнуць да суровай адказнасці, пакараць са ўсёй строгасцю! Гайліс за ўсё тое, што ўчыніў, бясспрэчна, заслугоўвае выключэння з партыі. Строгае спагнанне варта даць і Глушаку. Абодвух, вядома, належыць вызваліць ад пасад. Бесхрыбетным згоднікам не месца на такіх адказных пасадах, дзе патрэбны рашучасць і цвёрдасць!
Строгія вывады па справе Гайліса і Глушака павінны, няйнакш, падцягнуць іншых, мабілізаваць усіх. Гэта будзе варты ўдар па мяккацеласці і марудлівасці, гэта прывядзе да пералому ў справах. Наш крок будзе спарнейшы! Пойдзем хутчэй!
Ніякіх мер не прыняць да адкрытых варожых выступленняў, няньчыцца з такімі небяспечнымі элементамі, даваць разгульваць ім на волі! Башлыкоў усё не мог ні зразумець Гайліса і Глушака, ні супакоіцца. Гэта так хвалявала, што хацелася проста павярнуць каня, вярнуцца ў Алешнікі, выказаць усё цяпер жа Гайлісу. Вярнуцца ў Юравічы, расказаць усё членам бюро, пачаць рыхтаваць бюро.
Сярод гэтага ў памяць унізвалася іншае, што бачыў і чуў у хатах. З гэтага першым прыйшло і найбольш хвалявала тое, што ўбачыў у хаце глінішчанскай неадступнай прыгажуні. Было такое адчуванне, быццам раптам, шчасліва адкрылася вельмі важнае і вельмі цікавае аб ёй. І зноў, як у хаце, хвалявала здзіўленне, што такая чулая, багатая душою, такая ганарліўка нарадзілася, вырасла ў такой хаце, у такой затхласці. Недарэчнае, разумеў, здзіўленне. Але яно было, не сыходзіла.
А яшчэ было, ад таго, што ўведаў раптам такое важнае, адчуванне нязвыклай блізкасці і еднасці. Было такое, нібы сустрэўся з ёй самою, нібы дакрануўся да яе, адчуў яе
перад сабою, усутыч, так што чуў цёплае дыханне яе. І адчуў, што яны блізкія і што іх нішто не раздзяляе. Што яны людзі аднаго свету.Яшчэ да гэтага дня незразумела завабная, цьмяная, яна бачылася ўжо блізкаю, рэальнаю, сваёй.
Гэта востра хвалявала ўсяго. Калі думаў пра гэта, глядзеў на бела-чорную пярэстасць лесу, што ішоў і ішоў насустрач, нецярплівым і вясёлым позіркам. У такія хвіліны знікалі з душы трывога і злосць і было толькі гэтае, харошае і дзіўна маладое, бяздумнае. Поўнае добрага чакання і прадчування. Але за гэтым раз-пораз унізваліся некаторыя падрабязнасці ўбачанага ў хаце, і ў душу ішоў неспакой. Неспакой гэты браў кожны раз, калі згадваў маці яе. Чуў зноў Глушакова: «Злая жмінда! З-за прагнасці дачку родную з дому выпхнула. Жыццё дзеўцы пакалечыла!» Так, нялёгка, пэўна, было ёй з гэтай зласліўкай, якая, здаецца, і не здатна зірнуць прыхільным вокам.
У такія хвіліны ў сэрца Башлыкова лілося спачуванне да Ганны. За спачуваннем быў гонар за яе, за непадатную, смелую душу яе. Душу, як думаў пераканана ён, новага чалавека.
З тым, што пабачыў у яе хаце, мяшалася пабачанае ў іншых хатах. Прыходзіла на памяць, як спаткала жонка гэтага маладога, Дзятла. «Сходамі жыць не даюць! Дак шчэ і ў хату век лезуць!» Успомніў, колькі нянавісці было ў яе зацятым позірку. «Кулацкаго роду». Успомніў зноў развагі маці сакратара партячэйкі. Падумаў: з асаблівай упартасцю за старое чапляюцца жанчыны. Самая адсталая і цёмная сіла.
Тады памяць нагадала, як стаяў перад ім, як зіркаў спадылба Дзяцел. «А я пабачыць хочу, што з етаго ўсяго будзе!» Ён хоча яшчэ пабачыць, ён яшчэ наогул не ўпэўнены, што з «етаго» што-небудзь выйдзе! І паспрабуй давядзі яму, як гэта сур'ёзна ўсё абдумана, давядзі, што думаць тут ужо няма чаго! Не такія розумы думалі, абдумалі ўсё! Прадумана ўсё, і — вырашана! Вырашана, а раз вырашана, то будзе — зроблена! Зноў вярэдзіла адчуванне неадольнай глухаты ўсюды, няздольнасці разумець просты сэнс. І зноў узяло злое: было б за што чапляцца! Быў бы не тое што рай, а было б хоць бы чалавечае жыццё. Былі б гаспадаркі як мае быць. А то ж — беднасць, галеча, цемра, бруд, смурод. І ўсё адно — «асмеліцца трудно!». Нібы палацамі рызыкуюць!
Пякла злосць: гэтыя ўпартасць, недаверлівасць, якія не хочуць, здаецца, ведаць нічога! Дурная сялянская глухата і слепата, бяссэнснае чаплянне за старое, за гнілое, абы было сваё. Гэта асабліва пякло таму, што было іменна бяссэнсным. Ну, калі на тое, кулацтва, што цікуе адусюль, шкодзіць усюды, робіць сваё са свядомай мэтай. Абараняе нажытае эксплуатацыяй, нарабаванае, адстойвае свае класавыя інтарэсы. Яго супраціўленне натуральнае: непрымірымы класавы вораг. Але ж як спакойна думаць пра тое, што з ім, з ворагам, заадно фактычна колькі такіх, што павінны быць з намі. Павінны быць з намі, а фактычна стаяць побач з імі, з кулацтвам, з ворагам! Як іх пасобнікі, як іх сіла! Толькі з-за дурной сялянскай глухаты, з-за чапляння за старое, з-за нежадання бачыць і разумець новае.
І раней не любіў гэтае, а цяпер думаў пра яго проста з нянавісцю.
Была ў яго думанні пра гэта адна асаблівасць. Ён гэту асаблівасць ужо рэдка калі і заўважаў. Кожны раз у такія хвіліны Башлыкоў ці ўспамінаў, ці проста адчуваў, як звыклае, той час, калі малым уражлівым хлапчуком упершыню сутыкнуўся з усім гэтым. Можна нават сказаць, што ён ніколі не забываў пра гэта, што гэта як бы назаўсёды было ўжо ў крыві. На ўсё жыццё ўвайшлі ў яго гнеў і злосць тых нелагодных, галодных гомельскіх дзён, калі на вірлівым рынку ён упершыню сутыкнуўся з такімі цёткамі і дзядзькамі. Сутыкнуўся, як з незнаёмым і нялітасцівым светам. Светам чужым. На ўсё жыццё асела ў душы яго непрыхільнасць да цётак і дзядзькоў, што, здалося яму, бесчалавечна дралі з іх, гарадской беднасці.