Завеі, снежань
Шрифт:
Адкуль было яму ведаць, што пачынаецца, завязваецца з гэтага наведання!
Вунь і школа. На дарожцы, найбольш вытаптанай лапцямі і ботамі, звярнуў да яе. Саскочыўшы ля ганка з вазка, загадаў возчыку пачакаць крыху. Лёгкім, дужым крокам узышоў на ганак. Калі ішоў, здавалася, быццам з вокан абапал глядзяць. Таму і ішоў так, як трэба, калі на цябе пазіраюць. Аднак, спыніўшыся на ганку, адчуў з прыкрасцю, што ў нагах няма цвёрдасці. Стаў абмятаць дзеркачом снег з ботаў і пачуў, што сэрца б'ецца мацней, часцей.
І было такое ў душы, нібы
Ён пачакаў. Чамусьці быў упэўнены, што Параска дома. Чакаў яе голасу. Чакаў, адольваючы дурную трывожнасць. Неспакойна гадаў, як яна сустрэне, як паглядзіць. Мусіць, гэта і трывожыла: зіркне сваім хітрым позіркам і адразу зразумее ўсё.
Ніхто не адгукнуўся, і ён адчыніў дзверы. Параскі ў пакоі не было. Нікога не было. Ён ступіў у пакой і, адразу пачуўшы сябе вальней, рушыў па пакоі гаспадарскім крокам. Пастукаў у дзверы суседняга пакоя, кухні. Адчыніўшы трохі дзверы, запытаў голасна:
— Ёсць хто тут жывы?
У пакоі была яна.
Яна ішла насустрач, і яны ледзь не сутыкнуліся ў дзвярах.
Момант яна нібы не пазнавала ці не верыла сабе. Не чакала. Тады раптам, адразу твар яе заяснеў.
— А-а! — сказала яна, уся свецячыся радасцю.
Радасць яе была надзіва смелая, як бы безразважная. І гэта смеласць, гэта раптоўная, як усплёск, сіла пачуцця рабілі яркія, як вішні, вочы яе, смуглявы яе твар такімі прыгожымі, што хараство іх быццам асляпіла Башлыкова.
Ён не чакаў гэтага. Не быў гатоў да такога. Не ўмеў так адкрываць душу, хоць бы на момант. З падрыхтаванымі загадзя асцярогай і важнасцю, якія здаваліся чамусьці абавязковымі, сказаў не надта прыязна:
— Добры дзень!
Ён быў разгублены. Разгублены больш таму, што тое, што яна так проста і шчыра сказала, незвычайна ўсхвалявала яго. Ён ледзь хаваў у сабе гэта хваляванне і з гэтай прычыны асабліва датрымліваўся звыклай ролі.
— Вечар хутка! — адказала яна, здалося, з папрокам, неяк дзіўна ўглядваючыся, як бы стараючыся штосьці зразумець.
Яго бянтэжыў яе хуткі і востры позірк. Быццам у душу глядзела.
Тады ж ён пабачыў, як вочы яе і твар сталі паволі, нібы неахвотна, шкадуючы аб гэтым, хмурнець.
Яна не адразу выйшла насустрач, мусіць, таму, што нешта затрымала яе. Нешта тады рабіла. Рукі яе былі закасаныя за локці, на іх бялела мука. Цяпер яна ўспомніла пра іх і з тым жа выразам шкадавання, одуму стала выціраць аб фартух.
— Д-да, хутка, — сказаў ён важна. Клапоцячыся, каб яна не заўважыла, што там у ім, стоенае. Зняў шапку. — От ехаў міма…
— Работы багато?
Яна прамовіла так,
што ён адчуў: запыталася, абы не маўчаць. Нацяты, чуў яе вострую ўвагу, праніклівы позірк.— Многа работы… — Ён трымаўся ўсё важна, незалежна. — Гарачая пара…
— Можна сказаць — ворыва… — Прамовіла так, быццам затаіла, а схавала нешта іншае.
— Ворыва… Скора — пералом будзе… Лягчэй пойдзе…
— Лягчэй? — здалося, не паверыла яна.
— Лягчэй. Пералом будзе!
Ён сказаў цвёрда, тонам чалавека, які добра ведае, як будзе, і ўпэўнены ў сабе. І тым, што сказаў і як сказаў, ён як бы ўмацаваў сваю годнасць.
Яна прамаўчала, але ў маўчанні яе пачулася нязгода. Нібы казала: лягчэй не будзе. Мусіць, сход той помніла…
Дзіўна, ён не мог глядзець на яе проста, адкрыта, адводзіў вочы. І, як ні хацеў, не было ў ім спакою, належнай яснасці. Было гарачае, збродлівае, недзе там, у глыбіні ўзрушанай свядомасці: якая краса! З гэтым увайшло, важка лягло на душу выразнае, самотнае: «Не трэба было заходзіць! Не трэба было!..»
Разуменне красы яе было такім моцным, што гэтая незнаёмая, вясковая жанчына нібы ўзяла неадольную ўладу над ім.
«Не трэба было… Не трэба было…» — чуў ён у сабе асцярожлівае, цвярознае.
Хаваючы кволасць, шкадаванне сваё, ён прамовіў знарок дзелавіта:
— А дзе… Параска Андрэеўна?
Улавіў на сабе хуткі, праніклівы позірк яе. Здалося: бліснула насмешлівае ў вачах. Убачыла хлуслівасць яго, нікчэмнасць яго паводзін.
— На сяле недзе… Пайшла ў сяло…
І ў тоне слоў яе чулася насмешлівае, упіклівае.
— Пазваць яе?
Іменна таму, што яна бачыла, сачыла насмешліва, ён трымаўся належнай ролі.
— Д-да, канешне…
— Зараз…
Яна, хапаючыся, адвязала фартух, здалося, намерылася ісці, але затрымалася. Ён улавіў на сабе яе позірк. Здалося, яна чакала, што ён спыніць гэту нікчэмную хлусню.
Ён прамаўчаў, і яна рушыла да дзвярэй. Бачачы, як яна ідзе, хутка, імкліва, ён адчуў, што яшчэ момант — і ён страціць яе, і гэта дало яму дужасці, рашучасці. Хаваючы няёмкасць, стараючыся трымацца як можна годна, ён прамовіў:
— Не. Не трэба.
Яна спынілася. Ужо гатовая ўзяцца за клямку, азірнулася, нібы не разумеючы. Ніякай насмешкі ў вачах яе не было. Яна чакала тлумачэння.
Спыніўшы яе, ён зрабіў самае цяжкае ў сабе. Ён зрабіў першы крок, ён пачаў дзейнічаць адкрыта. Ужо не хаваючыся, ён шчыра, цвёрда сказаў:
— Я не да яе ехаў.
Першы момант ён адчуў палёгку, як бы скінуў тое, што замінала. Адкінуў фальш, зрабіў учынак па законах праўды. Але амаль адразу ж за гэтым у яго ўнізалася цвярозае, разважнае: «Што я раблю?» Асцярожлівае, яно паспрабавала разумна стрымаць яго: «Не трэба! Не трэба гэтага!» Праз сумяціцу пачуццяў ён добра адчуваў гэтае разумнае: «Не трэба!» — аднак яно не мела над ім належнай улады. Мала было ў ім, у гэтым перасцярожлівым, сілы. Іншае, заваблівае, смелае, было мацней, вяло, звала.