Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Завеі, снежань
Шрифт:

Ён закурыў, пастаяў каля акна: у святле за шыбай круціла снег. Завіруха ўсё мяла. Падумаў: «Замяце ўсе дарогі: чорт знае, як дабірацца будзеш… Самы час, каб дарога была, а яе замятае. Як знарок…» Ён згадаў Загалле, апошні сход, не скончаны з-за гэтай віхурнай навагодняй ночы, адчуў імкненне ехаць назад, давесці справу да ладу. Стары год сышоў, а клопаты не сыходзілі; без мяжы, без якога-небудзь прыпынку пераходзілі ў новы. Амаль адразу ж Апейка цвяроза падумаў, што — пры ўсім гэтым — новы год будзе не зусім працягам старога. «Тая ж дарога, але ўздым другі. Другая круцізна пачынаецца…»

Мяло, кідала снегам у шыбу. У галаву раптам зноў увайшло здзіўленне: «лёгка!.. параўнаўча лёгка і быстра!..». Ён падумаў пра свае амаль няспынныя паездкі па сёлах, пра незлічоныя, бясконцыя, зацятыя сходы. Падумаў пра тую ўпартую нязгоду, якая была ў Глінішчах, калі спрабавалі зноў зладзіць калгас. «Параўнаўча лёгка»! Чаму —

«параўнаўча лёгка»?! Думка адразу падказала: лёгка — у другіх месцах; але цвярозая разважнасць запярэчыла: законы сялянскай псіхалогіі — адны ўсюды…

«У нас няма рабскай прывязанасці да шматка зямлі…» — успомніліся яму словы Сталіна. «На Захадзе ёсць, а ў нас — няма…» «Бо ў нас няма прыватнай уласнасці на зямлю…» У вельмі яснай галаве паявілася здзіўленне: «Няма прывязанасці да зямлі? Рабскай прывязанасці?.. Чаму — няма?!.» Не толькі прыдзірлівая разважнасць — душа запярэчыла: «Ёсць!.. У тым і бяда — што ёсць!.. Фармальна, можа, няма, а фактычна — ёсць!.. Той шматок зямлі селяніну — свой! Не чый-небудзь, а яго, свой!Ён зямлю — гэта праўда — не купляў, але ж яму дала яе рэвалюцыя! Дала, і ён — узяў, з радасцю ўзяў, як справядлівую дачу, — і стаў лічыць сваёй! І яна, шматок той, стала яго найдаражэйшым набыткам, яго ўласнасцю, яго — не чым іншым — прыватнайуласнасцю! І ён любіць яе, як немаведама што, прывязаны да яе, як уладар яе і рабяе, — па-рабскупрывязаны! У яго ёсць— рабская прывязанасць! Ёсць!У тым і ўся бяда!.. І прывязаны ён, пэўна, не менш, чым той селянін — на Захадзе! Той — купіў; а гэты — за „шматок зямлі“ — паліў памешчыкаў, гнаў пілсудчыкаў і дзянікінцаў; як адзіную надзею сваю на жыццё ратаваў савецкую ўладу. Ён — не купіў; ён — заваяваў сабе яе, зямельку сваю, — штыком, агнём, крывёю! Хіба ж — меншаю цаною?!. Ці ж выпадкова першыя савецкія дэкрэты былі — аб міры, аб зямлі? Самае дарагое, да чаго рваліся людзі адвеку, ад дзядоў і прадзедаў, у гэтых дэкрэтах: мір і — зямля! Савецкая ўлада, абвясціўшы іх, адразу заваявала мужыцкія сэрцы мільёнаў. Не трэба думаць іншага — амаль кожны з тых, хто змяніў на шынель світку, бачыў больш не зямлю наогул, а зямлю за сваім сялом, свой шматок зямлі!.. І вось — калі параўноўваць селяніна ў нас і на Захадзе, то ці трэба забываць, што наш набыў свой шматок зямлі толькі дзесятак гадоў якіх! Можна сказаць, хвіліну якую назад! Можна сказаць, не спатоліў яшчэ ахвоту сваю! І як яно выходзіць, калі глянуць збоку, адтуль: тая самая савецкая ўлада, якая хвіліну назад дала яму зямлю, сёння ў нашым абліччы прыходзіць да яго ўгаворваць адмовіцца ад свайго шматка, падзяліцца ім з другімі. Прыходзіць — дакажы катораму іншае — адабраць яе! „Учора далі, а сягоння — адбіраюць! Ето — ваша справядлівасць?!. Ашукалі!!!“

„Не, Энгельсава парада — быць чулым да селяніна, каб памагчы лягчэй выйсці яму на новую дарогу, — не лішняя і ў нас. Не лішняя. Можа быць, у нас яна яшчэ больш важная…“

Апейка падумаў: чаму Сталін сказаў, што ў нас — „параўнаўча лёгка“? Яму, які верыў Сталіну, які верыў у вялікі вопыт Сталіна, яго розум, не прыходзіла нават у галаву, што Сталін мог гэта сказаць таму, што не ведаў добра селяніна, усяго таго складанага, супярэчлівага, што стаяла на калгаснай дарозе. Самому Апейку, звычайнаму, радавому аддзялённаму ў вялікай арміі, усё гэта здавалася такім зразумелым, простым для разумення, што нават на момант не падумалася: Сталін мала ведае селяніна. Як Сталін мог не ведаць самага важнага і самага простага, самага віднага ўсякаму, хто бачыў блізка мужыка. Натуральна прыйшло меркаванне: Сталін сказаў гэта з асаблівых, тактычных меркаванняў…

Ужо раздзеўшыся, слухаючы цягучы посвіст ветру, гледзячы ў поцемак, Апейка як бы пачуў зноў: „Смешнае пытанне!“ Чаму смешнае, калі яно такое — важнае?! Калі яно — перад такою вялікай і цяжкай бітвай!.. „Смешна і несур'ёзна!..“ „Зняўшы галаву, па валасах не плачуць!..“ „Несур'ёзна!..“ — як бы гучала ў яго галаве.

Думкі блыталіся, у галаве звінела. Ён чуў ужо неадольную стому, што раптам навалілася на яго, зрабіла яго бяссілым. Пабачыў зноў мяцельную ноч, сумётную дарогу, мернае пакалыхванне конскіх клубоў. Пачуў маркотны гул правадоў. „Смешна і несур'ёзна…“ — прабілася яшчэ, і, каб адагнаць, ён загадаў сабе: „Спаць, спаць!.. Нарэшце — выспацца…“

Дарога бегла ўсё мякчэй, хутчэй.

Раздзел трэці

1

Пачынала днець, калі Башлыкоў прачнуўся. Ён заўважыў: у вокнах бела — і адразу пацягнуўся да гадзінніка. Было без дзесяці дзевяць. Ганьба! Даўно так

доўга не валяўся ў ложку.

Ён адкінуў коўдру, ускочыў. Хапатком нацягнуў галіфэ, абуў боты, сарваў з цвічка, накінуў ручнік на шыю. У майцы рушыў да ўмывальніка.

Умывальнік — жалезны бачок — вісеў на сцяне каля дзвярэй у бакоўцы кухні. Блізка ад умывальніка была печ, крываватая, пабеленая, падобная на іншыя печы ў мястэчку і ў вёсках. Пры печы корпалася гаспадыня, Цыля. Башлыкоў прывітаўся з ёю і дзелавіта схіліўся над эмалевым тазікам, што стаяў пад бачком на табурэтцы.

Цыля адхілілася ад печы, выцерла па-сялянску твар, адказала на прывітанне весела, са святочнай урачыстасцю:

— З Новым годам вас!

— А! Дзякую, Цыля Савулаўна! З Новым і вас!

Вада ў бачку здалася цеплаватаю. Змыўшы мыла з рук, Башлыкоў выйшаў у сенцы, у вялікім медным карцы нанасіў з вядра халоднай. Наліў поўны бачок. З асалодай халадзіў рукі, шыю, твар, ледзь стрымліваўся, каб не закрактаць.

Калі дужымі і хуткімі рухамі выцерся і пакіраваў назад у свой пакой, злавіў сябе на тым, што мармыча нейкую вясёлую мелодыю. Гатоў быў заспяваць, хоць спяваць наогул не любіў і не ўмеў. У душы ўздымалася невядомая, хлапчукоўская радасць.

Толькі намерыўся адчыніць дзверы ў свой пакой, як хтосьці праляцеў паўз вокны, у сенцах бразнула клямка. Праз момант з сенцаў уварваўся расчырванелы, у паліто наросхрыст, Лёва.

Лёва таксама быў у выдатным настроі. Ці ад таго, што зрабіў нешта ўдалае, ці ад таго проста, што прабег па марозе, што маладая кроў загаварыла, Лёва быў перапоўнен энергіяй. Можа, пачаў бы мітусіцца, кідацца па пакоі, спрачацца задзірыста з маці, але адразу вясёлым, гарэзным позіркам трапіў на паважанага іх кватаранта. І хоць сакратар райкома быў без гімнасцёркі і ўсміхнуўся ў адказ таксама гарэзна, Лёва адразу схамянуўся. Амаль умомант стаў тым разумным, разважным Лёвам, якім яго Башлыкоў ведаў звычайна.

— Добры дзень, Аляксей Іванавіч! — прывітаў ветліва і стала зняў паліто, павесіў на цвік.

Цыля была ўжо ля дзвярэй з кухні, з насмешачкай, пад якой таілася пяшчота, глядзела на сына. З другога боку, ад акна на вуліцу, у камізэльцы і расшпіленай сарочцы, з сумнаватай усмешкай сачыў стары Савул.

— Сабраў? — сказала Цыля. — Ад усіх сабраў налог?

І ў твары, і ў голасе была пяшчота да сына, але яна выстаўляла насмешачку.

— Сабраў, — адказаў Лёва з годнасцю. — Але не налог, а — попел.

— Дак попел ето, мабуць, твой налог.

— Попел ето попел! — адрэзаў, не дазваляючы жартаў, Лёва.

— Дак ты ж сабіраеш яго па хатах як налог, — сказала Цыля, яўна маючы на ўвазе Башлыкова. — Нашы жанкі смяяліся, гаварылі: дзеці сабіраюць попел як налог.

— Не трэба слухаць глупства, — адрэзаў Лёва.

Башлыкоў ведаў, пра што гаворка: Лёвавы камсамольцы ўзяліся сабраць для падшэфнага калгаса, для "Рассвета", трыццаць пудоў попелу. З гэтай мэтай хлопцы абышлі многа местачковых хат, растлумачылі, што попел ёсць карыснае ўгнаенне, і дамовіліся, што попел будуць зберагаць і аддаваць ім. З дня ў дзень камсамольцы абыходзілі хаты, збіралі попел. Вось і сёння Лёва вярнуўся якраз з аднаго такога абходу.

Башлыкоў разумеў, што гаспадыня запаліла гэту гаворку дзеля яго забавы, але не лічыў годным забаўляцца з таго, што рабілі хлопцы. Рызыкуючы, што яго палічаць няўдзячным і нетактоўным, цвёрда стаў на бок Лёвы, пахваліў за карысную справу.

Ён рушыў у свой пакой. Надзяваючы гімнасцёрку, падпяразваючыся, думаў пра камсамольцаў са школы: нямала добрага рабілі хлопцы і дзяўчаты — лом металічны сабралі, бібліятэчкі падарылі калгасам, са спектаклямі ездзяць. З сабранага лому скавалі некалькі плугоў, перадалі калгаснікам. Але думкі пра гэта былі нядоўга і хвалявалі мала. Карцела іншае. Карцела радасць, тая, якая бруілася, калі плёскаўся пад умывальнікам, якую перапынілі Лёва і Цыля. Ён злавіў сябе на адчуванні, што радасць яго зусім не без прычыны, што яго чакае штосьці добрае і важнае. Тады ж згадаў прычыну радасці: Сталін, яго выступленне! Газета з выступленнем у кабінеце, чакае!

Услед, а можа, і разам, дзіўна з'яднаўшыся са згадкай пра выступленне, увайшло ў душу: быў у школе, дамовіўся! Сёння, як сцямнее, пабачацца!.. Гэта ўзрушыла моцна, гэта аж заліло гарачым, нецярплівым. Сёння, як сцямнее!

Ад хвалявання ён захадзіў неспакойна і дужа. Першы момант не думаў нічога, быў перапоўнены хваляваннем, незвычайным, здавалася, неймаверным прадчуваннем. Сэрца білася так гулка, так молада, што адчуў няёмкасць, папракнуў знарок сябе: як хлапчук!

Тады ў хваляванне яго прарваліся ўспаміны: нібы нанава ўбачыў яе перад сабой, зноў уразіўся яе хараству. Якая красуня! І дзе вырасла! І колькі хараства не толькі знешняга, а і ўнутранага! Якая годнасць! Згадаў, як кіўнула: сёння, як сцямнее!.. Успомніў: нялёгка было сказаць ёй, але ён сказаў, дамовіўся! Зрабіў тое, чаго так хацелася.

Поделиться с друзьями: