Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Завеі, снежань
Шрифт:

— Куды ето проціў ночы? — зачапіў гарласта чалавек, што правіў канём.

Цётка нядобра зіркнула з-пад хусткі. Той, што ляжаў, варухнуўся, але не ўзняўся. Не чакалі адказу, праехалі сабе далей.

Яна зноў выбралася на дарогу. З тым жа супярэчлівым хваляваннем падалася коўзкаю каляінаю далей.

Вось і бярозы, шлях. З-за бярозы вызірнула востра ў адзін, другі бакі — нікога. Паглядзела яшчэ са шляху: пуста. Кранула прыкрая маркота: нібы ашукалася. Бегла, бегла, дурная, а тут пуста. Паспрабавала супакоіць сябе: рана яшчэ.

Што рабіць? Не тырчаць жа тут, навідавоку! Можа, шляхам пайсці насустрач?

Не, яшчэ чаго не хапала.

За шляхам пачынаўся лес. З гэтага боку, пры бярозе, цямнела купка хмызняку. Вунь і пратаптаная сцежачка ў хмызняк. Падалася ў заснежаны зараснік, перабыць.

Ціха, халаднавата, мяце трохі. Колькі таго пастаяла, дайшло, акурат ад Юравіч, — раз-другі пырхнуў конь. Адразу навастрылася ўвагаю: хутка пачула, як парыпвае вупраж. Калі рыпанне наблізілася зусім, зірнула на шлях — і ўмомант адхіснулася за куст. Ад неспадзеўкі аж пахаладзела.

Трэба ж такое! У санях горбіўся Яўхім. Шапка была насунута, каўнер наставіў, але яна адразу пазнала. Мала не сутыкнуліся! Затаілася ў не надта густым цяпер хмызняку, чакала. Пабачыў ці не пабачыў? Здалося, як бы зірнуў у яе бок. Не, паехаў далей…

Ужо калі мінуў, выглянула зноў: Яўхім ехаў па дарозе, аддаляўся. Адчула палёгку: небяспека адыходзіла. Ад перажытага ўтрапення не адразу дайшло, што Яўхім паехаў не па сваёй дарозе. На Курані паварот быў далей, ён жа збочыў тут, на гэты край Глінішчаў. Дзе школа.

У школу наведацца рашыў? Глядзела ўслед яго саням ужо з іншым неспакоем: заедзе, запытаецца, чаго добрага — кінецца сюды?.. Не, не кінецца, супакоіла ўпэўнена сябе. Не вернецца. Параска не скажа. Пашле, не інакш, у другі бок…

Ледзь паспакайнела, пачула — мерзнуць калені. Холад ішоў вышэй, стаў лезці ў валёнкі. Яна пачала тупаць, біць валёнкам аб валёнак. Пашкадавала: як павольна ідзе час, як марудна цямнее — цемра неяк асцярожна, нясмела абступае. І цішыня, ад якой аж ломіць у вушах. А на дарозе — ні гуку.

Рана прыйшла, падумала яна. Казаў жа: "Як сцямнее". Нібы апраўдваючыся, гаворачы яму ў думках, растлумачыла: давялося раней выйсці. Не надта зручна было б ісці пазней, поцемкам. Адной, сярод поля. Ды і ад Параскі адысці раней хацелася, пабыць вольна…

Пацямнела даволі. Можна ўжо і выйсці на шлях. Стала каля бярозы, затулілася ёй ад ветру, прыслухалася. Ні гуку на дарозе. Адно бярозы ледзь чутна шумяць. І мяце снегам. Дарогу не далёка відаць.

А можа, і не прыедзе? — узяло раптам. Можа, яна дарэмна бегла, попусту калее тут упоцемку, дурная. Можа, толькі так сабе сказаў, а яна і паверыла, прыбегла. Гэта, аднак, не надта занепакоіла, падумала пра гэта нібы знарок. Думкі гэтыя ўмомант сышлі, іх выгнала моцнае, упэўненае: не, не так сабе сказаў. Хацеў сустрэцца, сама бачыла. Можа, падумала разважліва, няўпраўка якая выйсці хіба. Не здолее чаму, заняты нечым. Не то з папрокам сабе, не то са спачуваннем яму адзначыла: ёсць калі яму займацца гэтым. Такою для такога чалавека драбязой.

Мяло, і шумела бяроза, маркотна, безнадзейна. На дарозе нікога ўсё не было. Праз мяцеліцу і поцемак убачыла каня, калі ён падышоў ледзь не ўсутыч. За канём вызначыла цёмны вазок і постаць. І конь, і вазок рушылі нячутна, павольна.

Было відаць, возчык прытрымліваў каня. Чалавек быў адзін і нібы прыглядваўся. Зноў ускінулася хваляванне. Білася

моцна сэрца. Прытулілася да бярозы бліжэй. Вазок праехаў паволі, потым вярнуўся, стаў. Ён. Няхай пастаіць, пачакае! — падумала раптам ганарліва.

Ён пастаяў хвіліну, пачаў заварочваць каня на дарогу да школы. Хоча насустрач ёй.

Яна адарвалася ад бярозы, ступіла на шлях. З няёмкасцю, цяжка гукнула: "Эй, дзядзько!"

Ён павярнуў каня да яе, пад'ехаў. Саступіўшы з вазка, прывітаўся.

2

— А я ўжо рашыў… — прамовіў Башлыкоў весела, з кпінкай над сабой. Ён схамянуўся, сказаў урачыста: — Ну, з Новым годам.

— І вас таксама!

Бачыла: рады быў. Ад хвалявання маўчаў трохі, не знаходзіў слоў.

— Даўно тут?

— Не. Толькі што.

Каб яна ды выставіла сябе цяпер недарэкаю, прызналася: як бегла, як мерзла! Як магла, яна таіла радасць, паказвала сябе спакойнаю. Папрасіў, ну і прыйшла. І ўсяго.

— Не замерзла?

Яна стрымлівала дрыжыкі.

— Не.

Башлыкоў яшчэ памаўчаў. Здагадалася: думае аб нечым. Ён сказаў, запрашаючы:

— Сядай.

Сказаў не вельмі ўпэўнена. Не ведаў, мусіць, што рабіць. Яна села ў вазок. Пад ёй былі кажух, мяккае сена. Ён зайшоў на другі бок вазка, сеў побач.

— Паедзем, — сказаў ён весялей, чым трэба было. Як бы падбадзёрваў не толькі яе, а і сябе.

Зноў са здзіўленнем адзначыла ўжо вядомае ёй: ён з ёю не такі важны, жалезны, як на людзях. Далікатны надзіва і нібы разгублены. Як бы бянтэжыцца і не хоча, каб яна заўважыла. Як хлопец. Ёй гэта падабалася.

Башлыкоў крануў лейцамі каня. Намерыўся ехаць па шляху. Яна спыніла яго:

— Лепей сюды… У лес…

Калі ён павярнуў каня, больш каб не маўчаць, каб выказаць яму ўдзячнасць, што поўніла невядома чаму яе, дадала ціха, па-сяброўску:

— Дарога тут ціхая… Тут і днём мала хто… А цяпер…

Яе нястрымна апаноўвала хваляванне. Усё, што было да гэтага, растала, змыла гэтае хваляванне, хваляванне першай блізкасці з ім. Звінела ў галаве, калацілася сэрца, мала не калаціла яе ўсю. Шчасце ці прывід шчасця, што з таго, завалодалі ёю, залілі ўсю яе. Калі б гэта зычыла і пагібель, Ганна, напэўна, кінулася б, не раздумваючы, не шкадуючы.

Самае незвычайнае было ў тым, што яна чула: і ён так жа хвалюецца. Што і ў яго тое ж самае, як і ў яе. І што хоць яны сядзяць толькі побач, яны нібы з'яднаны. Цішынёй гэтай, цемрай, лесам, ноччу. Вазком, у якім яны адны. І ад таго, што ён маўчыць, далікатна стрымліваецца, шануе яе, гэта іх еднасць чулася яшчэ нібы вастрэй.

— Стань. Давай пастаім, — папрасіла яна, калі праехалі трохі. Прамовіла ціха, далікатна, быццам баялася парушыць нешта. І быццам змоўніца.

Чамусьці хацелася стаяць. Стаяць сярод ціхага, з ледзь чутным угары пошумам лесу і маўчаць. Маўчаць, як гэтыя засяроджаныя, зацятыя дрэвы.

— Ты змерзла, — заўважыў ён, што яна дрыжыць.

— Не, нічого…

— Уздыміся трохі.

Ён дастаў кажух з-пад яе і сябе, накрыў ёй плечы, затуліў калені. Заклапочана і пяшчотна. З насцярогай пільнавала — абдымаць возьмецца, абшчэпіць. Чамусьці вельмі не хацелася цяпер гэтага. Здавалася, гэта разбурыла б тое харошае, што поўніла ўсю. І рада была, што з пашанай абышоўся.

Поделиться с друзьями: