Завеі, снежань
Шрифт:
Але калі думаў гэта, у душу ўжо тачылася штосьці нядобрае. Успомніў Параску, як няёмка было перад ёй. Як давялося таіцца, фактычна, калі глядзець праўдзе ў вочы, — маніць. Ён запярэчыў сабе: не маніў ён, нельга было інакш. Не меў ён права, калі на тое, выдаваць тайну іх без згоды яе, кахання свайго. Але неспакой, недавольнасць сабой не сыходзілі ўжо. Бачыў ужо, што і адзін перад ёю паводзіў сябе нядужа. Недарэкам, мусіць, выглядаў у яе вачах. Папракнуў сябе: не пагаварыў як след. Мала ведае пра яе. Амаль нічога не ведае.
Ён адагнаў нядобрае, перапыніў
— На работу? — сустрэў яго стары Савул.
— На работу.
У голасе старога было ці то здзіўленне, ці то папрок. Савул глядзеў з-пад акуляраў востра, дапытліва. Нібы турбавала штосьці і не мог сам высветліць.
— Сёння — Новы год, — аб'явіў ён значным тонам. І змоўк, і глядзеў, дапытваючыся, з-пад акуляраў.
Башлыкоў не разумеў, што ад яго трэба.
— Так, Новы год…
Савул кіўнуў. Аказалася, яму гэтага было пакуль даволі.
Памаўчаў, як бы даваў зразумець значнасць таго, што сказана, ці — скажа зараз. З кухні паявіўся, дажоўваючы нешта, Лёва, зірнуў насцярожана на дзеда. Але не сказаў нічога.
— Раней пасля Новага года, — загаварыў Савул тонам прапаведніка, — быў святочны дзень. Ці, як цяпер гавораць, — выхадны дзень. Цяпер гэты парадак адмяняецца?
Башлыкоў усміхнуўся. Усмешка была паблажлівая. Стары настроены па-філасофску. Адказаў з адчуваннем перавагі:
— Раней многа чаго было.
— Многа розных забабонаў! — пацвердзіў упэўнена Лёва.
Дзед кінуў на яго пагардлівы позірк. Як бы загадаў маўчаць, не ўцінацца ў гаворку сталых, мудрэйшых. Глядзеў толькі на Башлыкова. Глядзеў востра, строга.
— Ёлку на Новы год, напрыклад, вы лічыце таксама — забабонам? — Дзед вымавіў "забабонам" з націскам, яхідна.
— Забабонам, — усміхнуўся Башлыкоў.
Стары не адступіў. З вядомай ужо Башлыкову звычкі дабіваўся высветліць усё дарэшты:
— Новы год без ёлкі — хіба ето свято?
— У нас Новы год будзе ў працы.
— Праца — ето наша свято! — убіўся зноў Лёва.
Дзед зноў звысака зіркнуў на ўнука. Памаўчаў засяроджана.
— Значыць, выхадны дзень на Новы год не будзе?
— Рабіць будзем!
Дзед улавіў нецярплівасць Башлыкова, спыніў цікаўнасць сваю. Пачціва падзякаваў, пакланіўшыся.
Башлыкоў рушыў да сянец.
2
На ганку вочы засляпіла белым, мітуслівым, грудзі заліло свежым халадком.
Мяло, круціла. Сонца весела паблісквала ў белай мітусні. Сама прырода нібы радавалася з ім.
"Выхадны дзень!" Які тут можа быць выхадны! І што такое наогул — выхадны! Забыў ужо, што гэта такое! Ніякіх выхадных даўно няма. Ад таго і забыў, можна сказаць.
Даўно не было выхадных. І сам не сядзеў, і людзям не даваў. Раней не да таго было, цяпер — тым больш. Няма калі сядзець. Не да таго. Боты цвёрда мералі мяккую ружаватую бель. Чуў у нагах, ува ўсім целе маладую,
нецярплівую дужасць.Сам добра разумеў прычыну яе: Сталін, яго выступленне. Памяць пра гэта ўвесь час жыла, бруілася, праменілася. Як сонца ў снежнай мітусні.
Ішоў лёгка і молада. З юначай задзірыстасцю паглядваў на вуліцу, на дамы абапал, на людзей. Учарнелыя драўляныя пабудовы і аблезлыя камяніцы хмурна і санліва драмалі абапал. На дзвярах і аканіцах крам усюды завалы. Людзей амаль не відаць. Ды і тыя марудлівыя, як бы санлівыя. Спакой і ціша ў мястэчку.
Драміце, драміце! Хутка абудзіцеся! Разварушым вашы бярлогі запляснелыя! Новы год гэты будзе сапраўды новым! Пабачыце!
Ледзь распрануўся ў баковачцы ў сталоўцы, прысеў да стала — Ліза была побач. Толькі зірнула пільным вокам, зразумела настрой сакратара райкома. Умомант на стале з'явіліся талерка з хлебам, талерка з рагу і пюрэ, шклянка чаю. Еў маўкліва, засяроджана і хутка, непрыкметна для сябе, па даўняй звычцы налягаў на хлеб. Апетыт сёння быў выдатны, Башлыкоў усё ўбіраў са смакам.
Быў заклапочаны, спяшаўся, а ў памяць зноў увайшло — школа, яна, размова з ёю. "Да цябе прыехаў… Сёння, як сцямнее…" Захвалявала, пагнала кроў гарачэй, унесла ў бадзёрую яснасць клопатнасць, што і радавала, і непакоіла.
Гэта разбівала думкі, і ён адагнаў непатрэбнае думанне.
Зноў былі ганак, санлівая ціша і снежная мітусня. Жыццярадасны, засяроджаны чалавек цвёрда крочыў вуліцаю да райкома.
На ганку значыліся сляды, прыцярушаныя снегам і зусім свежыя. У калідоры патхнула цяплом жылля, жыццём знаёмым, добрым душы і надзейным. Поцемкам калідора ён звыкла пакіраваў да дзвярэй прыёмнай. Міша, што гнуўся над нейкай паперай, адразу ўскочыў. Ускочыў, вядома, хвалячыся спрытам, гатоўнасцю зрабіць усё.
— Добры дзень, Аляксей Іванавіч! З Новым годам вас! — сказаў, нібы робячы падарунак.
Башлыкоў павіншаваў таксама, ветліва і сабрана.
Фрэнч, галіфэ Мішавы былі прымяты, а зграбная Мішава постаць была поўная энергіі і імкнення. Аднак Башлыкова гэта не ашукала, пільным вокам адзначыў адразу: Мішаў твар быў шараваты, прытомлены. Спаў Міша, было відаць, мала. Пагуляў у гонар Новага.
Распрануўшыся ў кабінеце, прычасаўшыся, абцягнуўшы рэмень, стрымаў Мішу, што ўварваўся з папкаю ў руцэ.
— Пачакай. Потым. — Паказаў далонню пачакаць у прыёмнай.
Энергічны, стройны, рушыў з кабінета. Як заўсёды выказваючы сабранасць, ён цяпер не таіў урачыстасці ў абліччы, у словах. У кожным кабінеце, пакоі — шчырае, узрушанае: "З Новым годам!" — кароткае пажаданне і моцны, дужы поціск рукі.
На віншаванне і пажаданні адгукаліся ахвотна, радасна, асабліва жанчыны. Адчувалася, што ўсе жылі разуменнем: новы год. У кожнага былі свае надзеі, і надзеі радасныя. Кожны раз, калі віншаваў, ціснуў руку, узнікала адчуванне асаблівай таварыскасці, еднасці, якое расчульвала самога. З расчуленасцю прыйшло перакананне, што вельмі добра гэта, чалавечна — аказаў увагу, праявіў такт, у такім выпадку.