Завеі, снежань
Шрифт:
Ёй не хацелася спрачацца з ім. Але была нязгода з тым, што ён казаў; у жыцці не заўсёды разумна гэта — рэзаць. Памкнулася памагчы, падказала яму:
— Знаеш, часам, абышоўшы, хутчэй дойдзеш, як напрасткі.
— Гэта — на балоце, — сказаў ён рэзка, амаль з насмешкай. — У палітыцы трэба ісці толькі прама.
Яна прамаўчала яму. Прытаіўшы крыўду, падумала: усё ж яны розныя вельмі, і ганарлівы занадта ён, не ўмее слухаць.
Ехалі зноў моўчкі і нібы адасобленыя. Башлыкоў, мабыць, каб разагнаць гэту нядобрую маўчанку, чужаватасць, пакпіў з сябе:
— Не прыжывуся я ўсё ніяк да вашай зямлі і да вашых парадкаў.
І гэта не спадабалася: хоць і кпіў, а нібы хваліўся горадам, парадкамі сваімі. Нібы вышэйшасць сваю паказваў. Але не адазвалася на яго прымірэнне больш з-за ранейшай крыўды. Няхай ведае, што ў нас таксама гонар ёсць.
Башлыкоў трохі маўчаў. Потым раптам захваляваў гаворкаю пра тое, што быў у Куранях, у яе хаце, пазнаёміўся з бацькамі яе.
— Маці ў цябе — з характарам!
— З характарам… — згадзілася яна.
Усё, што было да гэтага, умомант выветрылася з душы. З раптоўным халадком у грудзях чакала, што скажа зараз пра Яўхіма.
Чакала, быццам удару.
Доўгім, назольным здалося гэта чаканне. Пакуль чакала, зазлавала на сябе, на Башлыкова: што пачаў гэта; пацвярдзела душой. Гатова была ўжо як мае быць сустрэць удар, калі Башлыкоў уразіў нечаканым:
— Ты чаму адна? — Растлумачыў: — Не замужам?
Яна прыслухалася, старалася зразумець: шчыра ён гэта, сапраўды не ведае ці ад яе пачуць хоча. Па тону пытання цяжка было зразумець, чула толькі, што пытанне гэта — важнае яму. І што, можа, думаў пра гэта.
Нялёгка адужала хваляванне, выціснула, нібы жартуючы:
— Не бярэ ніхто…
— Не падобна, — цвёрда, сур'ёзна прамовіў ён. Не падтрымаў жарту.
Яна спахмурнела. Адказала нелагодна:
— Паспытала. Больш не хачу.
— А што… разышліся?
Божа мой, няўжо ён, праўда, нічога не ведае! Не ведае, пэўна ж. Што яму сказаць?
— Разышліся. — Зазлавала. — Няма яго, лічы. Памёр.
— Памёр?..
— Не хочу пра яго! — адрэзала.
Ехалі зноў моўчкі, кожны па сабе. Тады ён загаварыў, стаў лагодна, раздумліва расказваць пра сябе. Можа, таму, што вінаватым чуў за тое, што зрабіў прыкрасць ёй, а можа, ад таго, што згадка пра яе бацькоў напомніла яму пра сваё. Аказалася, і яму паспытаць давялося: не ў харомах рос, у цёмным бараку, бязбацькавічам. Бацька кінуў сям'ю, маці цёмная, зарабляла грашы, хоць рабіла свету не бачачы. Пасля работы на складзе — там прыбіральшчыцай была — вечарамі, вольнымі днямі мыла бялізну багацеям. У пакоі іх тады не было як дыхаць ад пары, сцінала грудзі, кашаль душыў. А жылі так, што хлеб не заўсёды быў на стале.
Ён старэйшы. Ледзь хадзіць навучыўся, давялося памагаць маці, зарабляць. Пачалося з бялізны, якую маці мыла, — разносіў па дамах. Тады аддалі вучыцца ў майстэрню, на цесляра. Багата перапробаваў ён работ, пакуль знайшоў сваё месца. Але і цяпер няпроста ў яго дома: сястра, Нінка, няшчасная, калека, брат — здаровы, пешчаны, разбэсціўся зусім. З нэпманаўскай дачкою надумаў ажаніцца. Робіць яго, Башлыкова, нэпманаўскім сваяком…
Апошняе — словы пра "нэпманаўскага сваяка" — Ганну кальнула, але яна адагнала думкі пра гэта. Шчырая гаворка Башлыкова ўзрушыла яе: акрамя таго, што ёй неабыякавым было ўсё, што яму давялося паспытаць, шчырасць яго кранула Ганніна сэрца тым, што ён, не
тоячыся, шануючы, як бы ўвёў яе ў сваю сям'ю, у сваё жыццё. Яе ўсхвалявала, што жыццём сваім ён падобны на яе, можна сказаць, блізкі ёй. З удзячнасцю яму за шчырасць яна пачула блізкасць сваю яму.Ад звычкі за дабро плаціць дабром яна, хоць і стрымана, коратка, расказала яму пра сваіх — бацьку, мачыху, Хведзьку. Расказала таксама шчыра, праўдзіва, ні словамі, аднак, не згадала Яўхіма і Васіля. Да тайны гэтай яна не захацела дапусціць яго. Тайна гэта, здалося, лягла між іх як нейкая вельмі чутная мяжа.
Ён ці не пачуў гэту тайну, ці не надаў ёй значэння. Абняў Ганну за плечы, прытуліў да сябе. Яна не здзівілася, не спрабавала вызваліцца. Не дзеўка, ведала, што гэта будзе. Раней ці пазней — будзе. Тоячы сваю тайну, чутную ёй цяпер, маўчала, паслухмяная ў яго абдымку.
Каб не тайна гэта, ёй было б зусім хораша. Але тайна была, жыла ў ёй. Мімаволі прайшло ў думках: няўжо ён так і не ведае нічога пра Яўхіма? Для іх, для партыйцаў, гэта, здаецца, важна ж? Ці — ведае і не зважае? Смелы такі? Любіць так? Праўдзівая і смелая, яна, аднак, не наважвалася высвятляць. Баялася рызыкаваць тым, што ёсць. Адагнала думанне, неспакой, моўчкі цешылася яго ласкай, цішынёй, бегам вазка, шараватай упоцемку дарогай.
Толькі калі пачула яго далонь пад кажухом, на грудзях, адвяла руку Башлыкова.
— Не трэба.
Ён паслухаўся.
Мелькам адзначыла: ехалі незнаёмым полем. Шлях на Юравічы быў даўно ўбаку. Ішло і ішло гэта шэрае, нібы зажуранае поле. Потым поле скончылася, палезлі насустрач хаты, кінуўся пад каня сабака. Калі хаты адступілі, пачаў выбягаць чорнымі купамі нейкі лазняк. Вазок стала моцна хіліць з боку на бок, так што самой трэба было туліцца да Башлыкова.
За лазняком пайшла роўная дарога. Рака, напэўна. Штосьці бліснула ўперадзе, як бы на ўзгорку, — агеньчык нейкі. Потым яшчэ адзін, другі. Раптам вырасла, амаль усутыч, не відная раней града-бераг. Нейкім ярам сталі ўздымацца на яе, уехалі ў вуліцу. Чым далей, больш свяцілася агнёў. Башлыкоў адхінуўся. Сядзеў ужо роўна, трымаў аберуч лейцы.
Ля нейкага чалавека Башлыкоў прыпыніў каня, запытаў, дзе тут сталовая. Дзядзька расказаў, як праехаць да яе. Башлыкоў падзякаваў, рушыў далей. На плошчы яшчэ спыніў чалавека, запытаў. Нарэшце прытрымаў каня каля нейкіх светлых вокан. Загадаў ёй пачакаць, саскочыў на зямлю. Вярнуўся давольны:
— Тут. Прыехалі!
5
У велікаватым пакоі, дзе стаяла поўна сталоў, было амаль пуста. Пасля змроку і холаду дарогі весела было мружыцца ад святла, чуць утульнасць, цяпло жылля. Святло і цяпло нібы зычылі радасць.
З чаканнем гэтай невядомай радасці Ганна і села за стол, які выбраў Башлыкоў. Ён зняў шапку, але не сеў, стоячы ля стала, заклапочана азірнуўся. Быў ён цяпер засяроджаны, строгі, падобны на таго, якім яна бачыла яго на сходзе ў Глінішчах.
Паявілася аднекуль, штосьці дажоўваючы, таўставатая цётка з фартушком, кінула нядобра позіркам на Башлыкова, на дзверы, крыкнула недавольна: хто адчыніў дзверы! Рушыла проста да іх, не гледзячы, адрэзала:
— Усё. Зачынено.
Яна аб'явіла так, што пярэчыць было лішне. Башлыкоў не варухнуўся. У твары яго з'явілася нешта цвёрдае. Ён, відаць, стрымаў сябе, прамовіў спакойна: