Завеі, снежань
Шрифт:
— У Хвойнікі едзем. З Міхалак. У гасцях булі, дак от позно выбраліся.
Яна лёгка выдумляла, было весела ад таго, што яна вось лаўчэй за Башлыкова ўмее распарадзіцца ў бядзе. Як бы разумней за яго.
Дзядзька прыгледзеўся і адчыніў вароты. Заехалі, распраглі каня, паставілі ў хляве, далі з вазка сена. Разам з дзядзькам падаліся да ганка. Башлыкоў доўга абтрэсваў, абіваў снег на ганку, у сенцах.
Усе, хто быў у хаце, адразу з цікаўнасцю навастрыліся на іх. Былі тут немаладая, вясковага выгляду жанчына, што нешта латала, чарнявая, падобная на маці, дзяўчынка гадоў дванаццаці за сталом, з кніжкай.
Адзін хлопец, трохі меншы за дзяўчынку, стрыжаны, бялявы, сядзеў
Ганна і Башлыкоў весела прывіталіся.
— Папрасілі ў гаспадара вашага дазволу перабыць ноч. Мяцеліца разгулялася… — сказаў Башлыкоў да гаспадыні, стараючыся трымацца проста.
— А чаго ж, пабудзьце, — адказала прыхільна жанчына. — Тут і заблудзіцца нядоўга. На рацэ і ўдзень, бувае, з дарогі збіваешся. Калі ў мяцеліцу бярэшся з таго боку…
Башлыкоў, бачыла Ганна, быў насцярожаны. Перахапіла, як ён востра зірнуў на гаспадара, нібы правяраў: ці не знаёмы той, ці не пазнаў, хто да яго ў госці. Хоць стараўся трымацца ўпэўнена, Ганна адзначыла, што ён стоена нацяты. Неспакойнаю была і яна. Нават пашкадавала раптам, што падбіла Башлыкова завярнуць сюды. У той момант здалася не так ужо і страшнаю ноч у полі.
Але змяняць позна было. Заехалі, дык заехалі, трэба прынараўлівацца да таго, што ёсць. Павяла бяседу, якую належала весці ў чужой хаце, каб паказаць сябе як гасцей найлепшым чынам. Як бы дзякавала за прытулак, паскардзілася: на вуліцы мяце — страх, холад бярэ, конь змарыўся. Упікнула сябе за неразумнасць: позна выбраліся, не паслухаліся добрых людзей, раілі ж пачакаць да раніцы. "Праўда, — разважыла з одумам, — хто ж тады знаў, што будзе так. Ціхо ж саўсім було!"
За гэтым узялася распытваць пра сям'ю. Перш пра дзяўчынку, што хілілася над сталом, — як завуць, як вучыцца, пахваліла: відно адразу, што старатлівая. Пацікавілася пра хлопца на прыпеку, пра тых, што зіркалі з печы. Башлыкоў гаварыў мала, Ганна проста падзівілася, да чаго ён няспрытны быў тут. Праўда, гаспадар трапіўся таксама не надта гаваркі, але ж няўжо не можна было яму, такому адукаванаму, разгаварыць дзядзьку. Маўчалі абодва, дымілі адно папяросамі.
Падобна было: Башлыкоў усё не мог прызвычаіцца да таго, што заехаў сюды. Папракае, пэўна, сябе, яе. Зазлавала раптам на яго, ну і хай, сам вінаваты ва ўсім! Сам выдумаў ехаць на ноч гледзячы! А мерзнуць у полі яна не будзе! Вялікая ахвота калець у полі такую ноч! Тут гаспадыня ў гаворцы, нібы знарок, назвала ёй Башлыкова: "ваш чалавек"! Ганна ад неспадзеўкі ледзь не выказала праўду, але ў час спахвацілася: паказала абыякавасцю, як бы даўно прывыкла да гэтага — яе "чалавек". Пазней ужо не вытрывала, хітравата бліснула на Башлыкова, затаіўшы смех: значыцца, ужо "чалавек і жонка"! Як ён да гэтага, неспадзяваны "чалавек"?
Гаспадыня перарвала гаворку, захадзілася: трэба ж даць павячэраць людзям з дарогі. Яна адразу папрасіла прабачыць, што жывуць бедна, ды і павячэралі ўжо, так што няхай госці не крыўдуюць. Башлыкоў адразу перастаў дыміць, устаў нават, цвёрда аб'явіў, што павячэралі зусім нядаўна таксама, заехалі ў сталовую. Ганна памагла яму. Але гаспадыня ведала закон, зрабіла сваё: паставіла міску з гуркамі, міску з капустай, нарэзала трохі хлеба. Ганна для прыліку ўзяла гурок, з'ела са скібачкай хлеба. Паспытала капусты, пахваліла ўсё, падзякавала. Следам за ёй пачаставаўся і яе "чалавек".
— Мы вам у баковачцы, — сказала раптам гаспадыня.
Ганна ад гэтай навіны стаілася. Мімаволі зірнула на Башлыкова.
Башлыкоў не паказаў неспакою. Ён ужо ўстаў з-за стала, намерыўся было, відаць, зноў задыміць, пацягнуўся ў кішэню за папяросамі. Пачуўшы словы гаспадыні, перахапіўшы Ганнін позірк, ён прамовіў паважна,
стрымана:— Не трэба. — Ён павёў вачыма па лаўках абапал стала. — Нам вось тут. На лаўках.
Гаспадыня разважыла па-свойму.
— Вы не думайце нічога, — супакоіла Башлыкова і Ганну. — Там — чысто.
— Я не пра тое, — заявіў Башлыкоў. Ён на момант запыніўся: што ж сказаць. — Што ж мы — прыехалі і адразу — высяляем гаспадароў.
— А нічого! — не адступала жанчына. — У нас такі парадак. "Госцю — гадзі", кажуць.
— "Госцю гадзі, да й сябе — глядзі!" — падхапіла, падтрымала Башлыкова Ганна.
— Глядзім, глядзім і сябе! — запэўніла гаспадыня. — На палку паспім. Пры цяпле. А вы не сумнявайцеся. Там — чысто. Добра будзе. Ідзіце, перадыхніце. Рано ж ехаць, да й дарога не блізкая.
— У вас і тут, на лаўках, добра, — паспрабавала адгаварыць гаспадыню Ганна. — Лепей не трэба!
Гаспадыня палічыла іх развагі, мабыць, за звычайную гаворку для прыліку. Загадаўшы малым спаць, запытаўшы старога, ці зачыніў вароты, параіла Башлыкову і Ганне:
— Лямпу вазьміце.
Спрачацца не мела толку. Ганна для прыліку сказала:
— Нічого. Так разбярэмся.
Праз адчыненыя дзверы Ганна ўжо разгледзела: баковачка была вузенькая, адразу за дзвярыма пры сцяне стаяў ложак, засланы даматканаю, у клетачку, коўдраю. Ганна, ідучы туды, пачула, як стала холадам поўніцца, калаціцца сэрца. Яснай, ліхаманкавай свядомасцю чула: гаспадары сочаць, чакаюць, стаяць, нельга, трэба ісці. З абыякавым выглядам рабіць усё, што належыць. Перамагаючы халадок у сэрцы, трывогу, зайшла ў баковачку і раптам зазлавала на сябе: чаго гэта яна так, бы на шыбеніцу! Адчула такі прыліў смеласці, хоць з гары галавой уніз. Рашучымі рухамі зняла валёнкі, скінула жакет, паклала на спінку ложка, каля акна. Мелькам адзначыла: акно зеленавата шарэла ад нейкага святла.
Не раздзяваючыся больш, адважна ўзняла коўдру, схавалася пад ёй.
Без трывогі слухала, як мерным крокам увайшоў Башлыкоў. Зачыніў дзверы. Упоцемку сеў на край ложка, пачакаўшы момант, нібы яшчэ падумаўшы, стаў шаргаць ботамі. Здымаў іх. Спачатку адзін, потым другі. Расперазаўся, зняў гімнасцёрку. Рабіў усё марудна, цяжка. Як бы раздумваў усё — рабіць не рабіць. Лёг, нарэшце.
Ляжаў нерухома. Можа, раздумваў: правільна ці няправільна зрабіў. "Муж і жонка"! Ганну раптам узяў дураслівы смех, ледзь утрымалася, каб не зарагатаць.
Не зарагатала. Помніла: гаспадары не спяць, чуваць усё.
Ён доўга ляжаў, думаў. Потым Ганна пачула, павярнуўся да яе, на плячо яе лягла гарачая рука. Пагладзіла плячо.
— Давай спаць! — параіла шэптам яна.
Ён не паслухаўся, абняў, прытуліў да сябе. Яна пацалавала яго, як хлопца, і рашуча адхіліла. Загадала:
— Спі!
Ён сілаю прыцягнуў яе да сябе, сціснуў. Стаў нецярпліва шукаць яе вусны, цалаваць. Цалаваў вусны, цалаваў шчокі, шыю. Гарачэў. Рукі нецярпліва хадзілі па спіне, па плячах, дакраналіся грудзей, дрыжалі. Яна адказвала на яго пацалункі, адзывалася на яго пяшчоты, яе самую ўсё больш паліў агонь. Ёй самой хацелася згарэць у гэтым шалёным, нясцерпным агні.
Але калі рука яго, пагладзіўшы калена, хутка пайшла вышэй, яна сціснула руку, адвяла яе. Выдыхнула горача, непахісна:
— Не.
Ён ці не паверыў ёй, ці не мог стрымацца. Стаў дамагацца, злаваць, хацеў узяць сілаю. Але чым больш шалеў ён, тым больш упарцілася ў ёй нейкая нязгода, крыўда. Нешта такое, цераз што яна і сама не магла пераступіць. Што мацней было за яе.
Ён не разумеў гэтага. Не дабіўшыся, знясіліўшыся, прымушаны маўчаць, ён потым глядзеў кудысьці ў столь, часта, злосна дыхаў. Мабыць, лаяў моўчкі яе. Не мог зразумець яе.