Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Завеі, снежань
Шрифт:

Адзначыла толькі: рука яго на момант затрымалася на яе каленях. Даўгавата затульваў калені ёй. Але адарваў руку.

— Я ненадоўга, — сказала яна.

Сказала невядома чаму. Бо хто ёй не даваў быць тут доўга. Сама сабе нібы загадала. Нібы баялася чагосьці, калі застанецца доўга.

— Я таксама, — прамовіў ён. Дадаў тонам важнага клопату: — Сход у Загаллі.

Заўважыла: ён нечым недавольны. Незразумела чым. Здалося: далёка думкамі ён. Сваімі думкамі, далёкімі ад яе. І ўвесь ён, пабачылася, далёкі. Узяло раптам вострае: нераўня яны, чужыя. Падумала з папрокам сабе:

Божа, што яна ўдумала! На што спадзявалася! Чаго прыйшла!

Ледзь стрымала сябе.

— Е ў вас калі час для сябе? — прамовіла здзіўлена і нядобра.

— Цяпер мала, — адказаў ён, тоячы недавольнае. — Цяпер не да асабістых спраў.

— Як жа жыць так?

— Гарачая пара ў нас цяпер. Адказная.

Ён сказаў шчыра, дружалюбна, нібы са спадзяваннем, што яна зразумее, адчуе, як яму. Яна адчула, згадала на момант той даўні сход у школе. Душу кранула спачуванне яму, але блізкасць, якая так хораша толькі што чулася, усё ж не вярнулася.

Нейкі час маўчалі побач, розныя, далёкія.

Ён, відаць, адчуваў гэту адасобленасць, яна яму, пэўна ж, не падабалася, але ён не рабіў нічога, каб развеяць яе. Ці ўзрушаны быў вельмі, ці неспрактыкаваны ў такіх справах. Вельмі магло быць, што ён не знаходзіў, як трымацца, як павесці гаворку.

Можа, і недавольнасць, і стрыманасць яго былі ад гэтага.

— Як ты жывеш? — павярнуўся да яе. Цяжкавата вымавіў "ты".

— Так і жыву…

Яна сказала знарок весела, бесклапотна.

— Трэба выходзіць на дарогу, — параіў ён шчыра. — На сваю. Сапраўдную.

— Дзе яна, тая мая? — Ганна нібы пакпіла задзірліва.

Ён не адгукнуўся на смех яе, сказаў пераканана, сур'ёзна:

— У цябе добрыя здольнасці. Ты многа можаш дасягнуць.

— Аге! — падхапіла яна насмешліва. — З маёй граматай.

— Колькі яе ў цябе?

— А ніколькі!

— Зусім не вучылася?

— Вучылася. І багата. Толькі не таму, што некаторыя. Кароў даіць, на кроснах ткаць.

Трэба вучыцца.

Ён цяпер знайшоў сябе. І гаварыў, і трымаўся ўпэўнена. І, падобна было, давольны быў сваёй роляю, дужага, дасведчанага. Мужчынскай роляю.

— Цяпер усюды патрэбны пісьменныя. На любым заводзе. У арцелях. Ды і калгасах. У вас жа, у школе, гурток ёсць!

— Е.

— А што ж не вучышся?

— Спрабую.

— Трэба!

Ён памаўчаў. Ганне здалося: пра яе, мабыць, думае — от з якой цемнатой звязаўся. У душы ўскінулася ганарлівае: не ўсё шчасце ў вашай грамаце. Свая грамата ёсць. "Звязаўся!" Нядоўга і развязацца. Ніхто не набіваецца. Ён раптам ашаламіў:

— А то, можа, у мястэчка давай? — Апярэджваючы яе пытанне, дадаў: — У мястэчку лягчэй будзе вучыцца.

Яна ўмомант убачыла мястэчка, чыстае, святочнае, сябе ў ім, прыбраную, незнаёмую. Мястэчка было, што там ні думай, як бы вышэйшым светам, яно вабіла. І словы Башлыкова завабілі, аж нібы закружылася галава ад прадчування нязнанага, цудоўнага… Яна намаглася, адолела непатрэбнае захапленне, прамовіла разважліва, з насмешачкай:

— Што я там рабіць буду?

— У нас арцелі там, — сказаў Башлыкоў стала, надзейна. — Работніцай можна будзе ўладзіць. Спачатку — падвучыцца трэба будзе, канечна. Пабудзеш

вучаніцай. А там — майстрам станеш. Спецыяльнасць і прафесія рабочая! Рабочы клас, можна сказаць! Ну, а там і далей можна пайсці. Адтуль табе ўсе дарогі адкрыты.

— Унё, так проста! — стрымала яна сябе, хоць ад слоў яго ўсё ж нібы кружылася галава.

— Не проста, і не так страшна, як ты думаеш. — Ён, чула, зазлаваў на яе недавер'е, загаварыў гарачэй: — Я, ты думаеш, з чаго пачынаў? З таго ж, можна сказаць, што і ты. Распісацца ледзь умеў! Але рашыў: вазьмуся, адолею ўсё! І ўзяўся! Гурткі, курсы, камсамол! Работа і самаадукацыя! І дабіўся!

— Дык то вы! — знарок запярэчыла яна.

— Галоўнае: захацець і праявіць настойлівасць. І ўсяго даб'ешся. Ты зможаш, я бачу!

Праз некалькі хвілін ён раптам перарваў гарачую гаворку, сказаў клопатна:

— Ну, мне трэба ехаць. Справа чакае.

— Трэба дык трэба, — згадзілася яна, тоячы шкадаванне.

Ён завярнуў каня, тузануў лейцамі. Вазок лёгка, нячутна паплыў да шляху, перацяў шлях. Ужо калі па баках разышлася роўнядзь шэрага поля, ён аб'явіў:

— Заўтра выберуся на больш. Зможаш?

— Прыйду.

— Туды ж?

— Добра.

3

Башлыкоў падвёз яе да гумнаў і адразу завярнуўся. Хутка вазок яго знік упоцемку.

Яна прайшла некалькі крокаў і стала на сцежцы, поўная тлумнага, супярэчлівага хвалявання. Стаяла адна сярод цемнаватага поля між загуменнем і школаю, сярод цішыні, у якую адно ўбіваліся п'яныя галасы, аднекуль з сярэдзіны сяла. Там спрабавалі спяваць. Яна не думала ні аб чым, не спрабавала разабрацца ў тым, што адбылося. Нібы разумела, што ні да чаго ўсё роўна цяпер думанне, не дадумаецца ні да чаго.

Проста хацелася пастаяць адной, пабыць з сабою. Пабыць пад гэтым паяснелым небам, з якога перастала сыпаць снегам. Цешачыся халаднаватаму ветру, што свежа абвяваў твар, парадавацца адчуванню волі, прасторы, якія так мілы цяпер душы.

Можа, ёй пасля Башлыкова нядобра было бачыцца цяпер з Параскаю. Можа, было і такое. Але яна не думала ясна пра гэта. Не хацела думаць ні аб чым. Нейкі час яна цешылася адно ноччу, цішынёю, воляю.

Неахвотна падалася да школы. Акно ў Парасчыным пакоі свяцілася, і яе кранула вінаватасць. Узяла няёмкасць перад Параскаю, і яна ўжо ясна адчула, што не проста будзе пабачыцца, глядзець у вочы ёй. Падумала мімаволі: лепш было б, каб яна спала ўжо. Каб не бачыцца цяпер, не сарамаціцца.

Нацятаю была, калі, прыцішваючы крокі, прайшла паўз паску святла з Парасчынага пакоя. Чакала з насцярожанасцю, што выйдзе з дзвярэй сама, паглядзіць, зразумее ўсё. Не выйшла. На кухні Ганна намацала лямпу, запаліла, больш для таго, каб прыглушыць сумяціцу ў душы, няцвёрдасць, стала пераціраць чысты посуд, перастаўляць тое, што было на месцы.

Рабіла так, нібы вярнулася з нейкіх адведак з сяла. Параска ўсё не выходзіла, гнулася, пэўна, над сваімі сшыткамі. Ці, можа, разумела ўсё, што на душы ў яе, Ганны, не хацела даваць прыкрасці. Ганна ж ужо як бы пачула дакор свайму хаванню, якое прыніжала яе, кранала яе гонар.

Поделиться с друзьями: