Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Завеі, снежань
Шрифт:

— Хто выбраўся, а хто — улез! — адрэзала нецярпліва жанчына.

Сказала так злосна і непахісна, што было відаць: гаварыць з ёй далей марна. Усё ж Башлыкоў з цярплівасцю, на якую толькі быў здатны, павёў гаворку далей. Паспрабаваў пераканаць, што страхі іх — дарэмныя, што трэба смела выходзіць на новы прастор. Гаварыў то да старой, то да Чарнушкі — Чарнушка, звесіўшы ногі з палацяў, горбячыся, слухаў з пільнай цікавасцю, старая ля печы камянела нерухома. Не таіла, знарок паказвала, што чуць нічога не хоча.

Зацятая злосць і глухата старой панурым ценем захмарылі ўсё, што ўвайшло

ў душу Башлыкова ў гэтай неабыякавай яму хаце.

Нарэшце цярплівасць яго скончылася, ён важка ўзняўся з лаўкі. У яго было брыдкае адчуванне бяссілля і нібы зняважанасці, яны асабліва хвалявалі яго ў гэтай хаце. Стараючыся адолець прыкрасць, паказаць як мае быць сваю годнасць, ён строга, з намёкам параіў старой, Чарнушку добра падумаць над тым, што ён сказаў. Тон, якім ён гаварыў, паказваў: гэта вельмі важна. Каб не шкадавалі потым.

Даў стрыманае «да пабачэння» і цвёрда рушыў да дзвярэй. На ганку зіхнула шырокім святлом снежнага дня, дыхнула марозам. Башлыкоў маркотна, няцямна акінуў вузкі, убогі двор, падумаў стомлена: як яна вырасла такая тут, у глухамані, у затхласці гэтай!.. Акінуў неўразуменным позіркам двор, пакіраваў на вуліцу.

За веснічкамі Дубадзел, што выйшаў першы, пачакаў яго, пакрочыў побач, дужа, бадзёра пагойдваючыся ў хадзе. Зірнуўшы на заклапочаны твар Башлыкова, здагадліва зразумеў настрой таго, адгукнуўся па-сяброўску:

— Ету разгаворчыкамі не возьмеш! Етай трэба другое срэдство!.. Меры трэба!..

Глушак гойдаўся з другога боку, маўклівы, з вінаватым тварам. Башлыкоў не дзівіўся: было чаго адчуваць вінаватым. Не дзівіўся і не спачуваў Глушаку: заслужана атрымаў. Глушак, як бы дабіваючыся вярнуць страчаную дружбу, выказаў раптам горача, гнеўна:

— Злая жмінда!.. Ето ж, — паведаміў шчыра, — з-за прагнасці сваёй Ганну выпхнула з дому! Жыццё дзеўцы пакалечыла!

Вестка гэта працяла панылае думанне Башлыкова, ён кінуў зацікаўлены позірк на Глушака. Вунь што! Вунь чаму яна ў Глінішчах! — адкрыў ён адну з загадак. У ім зацеплілася спачуванне. Башлыкоў, аднак, тут жа нагнаў строгасць на твар, паказаў, што турбуецца іншым, галоўным, і Глушак перамаўчаў.

Не адгукнуўся на Глушакову вестку і Дубадзел. Не да таго было: падышлі да новага двара.

2

Праз некалькі хат натрапілі на застолле.

На стале, пасярод яго, круглілася чорная скаварада з недаедзенай яечняй. Побач былі глыбокая гліняная міска з мокрымі агуркамі, кацялок з бульбай у мундзірах, паўбохана хлеба. Мутна значыліся дзве пустыя шклянкі.

Бутэлькі на стале не было. Пэўна, прыхавалі спехам, пакуль яны, госці, ішлі па двары, у сенцах.

Было відаць: не ў час прыбіліся.

У хаце было траіх. Адна, старая, сухая, корпалася пры печы. Двое другіх гаспадарылі за сталом, яны найбольш кідаліся ў вочы. Асабліва ўпадаў у вочы той, што быў насупраць: чырвоны, з сальным водбліскам на лбе, на шчоках, здаровы, горбіўся над сталом магутнай глыбай. З-пад нізкага лба дробныя вочы глядзелі нядобра, тупавата. Башлыкову мімаволі падумалася: сустрэнешся з такім у лесе — аднаго выгляду напалохаешся. Другі на першы погляд не вылучаўся нічым: нярослы, сухаваты, у старым пінжаку, у расшпіленай

сарочцы, здаваўся вельмі звычайным. Заўважаўся хіба позірк: светлыя, з-пад чуба, вочы глядзелі востра, пранізліва.

— Здароў, Ларывон! — сказаў Глушак асобна, калі прывіталіся з усімі.

Ларывон зірнуў нібы з недавер'ем, не адказаў. У тупым позірку паявіўся цяжкі роздум.

— Здароў, — выціснуў неахвотна, пільна ўтаропіўся.

Башлыкоў успомніў мянушку Ларывона, якую яму сказаў Глушак: «Бугай». Падумаў з ухвалай: «Дакладна назвалі. Бугай і ёсць».

— Угашчаецеся? — ці то проста адзначыў, ці то папракнуў Дубадзел. Голас быў звонкі, гаспадарскі. — Свято якое?

— Свято, — адказаў Бугай з насцярожанасцю і з выклікам. Башлыкоў прыкмеціў: Бугай павёў позіркам да таго, у пінжачку, з чубам. Павёў позіркам не проста так, а нібы пытаючыся.

Глушак помніў сваю ролю, выказваючы тонам голасу належную значнасць моманту, назваў Башлыкова, яго пасаду. Потым, павярнуўшыся пачціва да Башлыкова, сказаў пра гаспадара: Ларывон Глушак. Тут Міканор затрымаўся, вагаючыся, мусіць, знаёміць ці не знаёміць з Ларывонавым госцем. А можа, разважаючы — як яго назваць.

Той, у пінжачку, унізаў востры позірк у Міканора Глушака, пачакаў з выразнай насмешкай. Устаў, з гуллівым выразам на твары пакланіўся:

— Яўхім Глушак. Сын Халімона Глушака.

У тоне, якім ён назваўся, пад гуллівасцю таілася значнае, сур'ёзнае.

«А-а, вось ён!» — Башлыкоў не ўхаваў цікавасці, прыгледзеўся: асоба гэта завочна даўно была вядома сакратару райкома. І неабыякаваю была. Таму першым адчуваннем была цікавасць: а, вось які ён знешне. Гэта прабівалася праз даўнюю і трывалую непрыхільнасць да яго, кулацкага сынка, па вестках, якія даходзілі да Башлыкова — небяспечнага тыпа. Тое, што цяпер бачыў Башлыкоў, не мяняючы нічога, дапаўняла ўсё, што ён ужо ведаў, рабіла больш наглядным, жывым. Такою была цікавасць, з якою Башлыкоў глядзеў на Глушака.

Услед за гэтым Башлыкоў адзначыў уважліва, як пранікліва гэты кулацкі выкармак выкрыў сэнс Міканоравага вагання і як спрытна знайшоў, што сказаць. Умомант зразумеў, што ад яго трэба. Здагадлівы проста надзіва. І разумны, відаць. Па-свойму, вядома, разумны.

«Халімона Глушака сынок. Яс-сна».

Яўхім Глушак нібы ведаць не хацеў, што там пра яго могуць разважаць. З той жа насцярожлівай гуллівасцю глянуў да печы, з дзіўнай, задзірлівай весялосцю сказаў:

— Цётко, што ж вы ето! Не прыглашаеце гасцей за стол! — Ён павярнуўся да Ларывона, крутнуў галавой і з дакорам: — І ты, Ларывон!

— Аге! — адразу азвалася старая. Мітусліва ўзялася перавязваць фартух, як бы паказваючы, што зараз гатова старацца для гасцей.

Ларывон не зварухнуўся, утаропіўся ў Яўхіма Глушака п'яна, няцямна: як бы хацеў зразумець нешта і не мог.

— Такія госці прыбулі! З самаго раёну! — Яўхім Глушак гаварыў без ліслівасці і без насмешкі, нібы тлумачыў абоім: — Можно сказаць, першы чалавек у раёне. І — сваё начальство! — Тут Глушак кіўнуў на Дубадзела.

Пры апошніх словах, улавіў Башлыкоў, зноў пачулася гуллівасць. Гуллівасць была такая, быццам кулачок падсмейваўся з Дубадзела. Быццам лічыў сябе роўным з ім.

Поделиться с друзьями: