Завеі, снежань
Шрифт:
Пазней да гэтага далучылася вычытанае з разумных кніг. У кнігах было не толькі гэтае, у лепшых з іх таксама было няпроста, але Башлыкоў вылучыў і запомніў больш гэтае: што ён, сялянін, у аснове сваёй — двудушны, што ў кожным ім ёсць уласнік. Эксплуататар. Саюзнік не толькі рабочага, а і кулака. Башлыкоў заўсёды помніў, што кулацтва — гэта частка сялянства.
З гэтым было ў Башлыкове набытае ў жыцці і ў кнігах разуменне сваёй гарадской, рабочай перавагі перад цёмнай вясковай масай. Разуменне вышэйшасці перад ёй.
Цяперашнія сустрэчы раз-пораз блыталі гэты цвёрды лад башлыкоўскіх поглядаў. У цёмнай масе
3
Не раз, не два ён вяртаўся думкамі да Ганны.
Хто б мог падумаць, што маладога, але такога сур'ёзнага, засяроджанага сакратара хвалююць такія тайныя думкі.
Мусіць, ад таго, што ў душы так востра чулася нядаўняя сустрэча са светам, у якім яна жыла, з хатаю, з бацькамі яе, у душу лезлі, мроіліся з дзіўнай рэальнасцю, надзвычай хвалюючы, як бы жывыя, відовішчы, у кожным з якіх была, жыла яна. Гучалі словы, і ад слоў гэтых аж кружылася галава. І млела, дзіўна, недарэчна, сэрца. Млела, сціналася ад гарачыні, як у хлапчука.
У такія хвіліны мімаволі перасцярожліва паглядваў да Дубадзела, як бы пэўны ў тым, што той сочыць за ўсім, што яму мроіцца. Паглядваў, быццам хацеў пабачыць, што той думае пра яго. Тады цверазеў, адводзіў вочы. Сам-насам хаваў у душы тайнае сваё.
Ад моцнага, непадатнага ўзрушэння раптам недарэчна закарцела: загаварыць пра Ганну, запытацца пра тое-сёе, Дубадзел, няйнакш, ведае. Павінен ведаць, старшынстваваў жа тут, не раз быў, канешне. Не мог не заўважыць такую красуню. Пэўна, ведае, чаму яна ў школе. Ведае, ці была замужам. І наогул, што яна сабою.
Карцела загаварыць. Цяжка было таіцца, утаймоўваць неспакойнае, ліхаманкавае бачанне і думанне. Але не загаварыў, нават не памкнуўся як мае быць. Помніў: не мог, не меў права паказаць такое. Зацікаўленасць такімі рэчамі. Дубадзел адразу зразумеў бы ўсё. Рашыў разважліва: як-небудзь навядзе даведкі ў справах. Ці самую запытае.
У рэшце рэшт — галоўнае ведае. Карэнні яе пабачыў. Бацькоў бачыў, хату яе.
Ад таго, што яна раптам так пабліжэла, мацней брала імкненне — заехаць да яе. Мацней брала і здавалася больш простым: варта толькі збочыць з дарогі. Едучы ў Юравічы, збочыць у Глінішчах да школы. Пакіраваць не на шлях, а на загуменную дарогу.
Калі думаў пра гэта, проста вачавідкі бачыў: кончыліся рады гумнаў і вось — узыходзіць на ганак. Уваходзіць у цёмны калідор, у яе пакой. І вось ужо — удваіх, насупраць, вочы ў вочы.
Кожны раз, калі бачыў ахвочаю ўяваю гэта, сэрца, усяго залівала гарачынь. Горача біла ў скроні. Лес, дарога ківаліся, як у ліхаманцы.
Частка трэцяя
Раздзел першы
1
Гэта было вельмі дарэчы, што Казачэнка аказаўся ў сельсавеце і цяпер ківаўся разам з Башлыковым у вазку.
Праўда тое, што з Алешнікаў Башлыкоў выправіўся ў Глінішчы, і надта цікаўных не павінна было б, пэўна, дзівіць.
Глінішчы як-ніяк проста на дарозе ў Юравічы, ды да таго ж і адна з найбольшых у сельсавеце вёсак. Натуральна, здаецца, павінна выглядаць тое, што сакратар райкома захацеў наведацца сюды.Усё ж тое, што Казачэнка ківаўся побач, было не лішнім: яно як бы паказвала кожнаму, каго магла зацікавіць сакратарова паездка, дзелавы характар яго наведання ў Глінішчы. Пра гэта гаварыла і тое, што, заехаўшы ў Глінішчы, Башлыкоў адразу падаўся па калгасных дварах, клопатна высвятляў, як ідзе калгас. Можна было бачыць, што ён давольны: той помны сход быў усё ж не марны, частка людзей вярнулася ў калгас, і гаспадарка жыла. Калгас патрохі як быццам выкіроўваў на лад.
Адсюль Башлыкоў заехаў яшчэ ў хату Казачэнкі. Ад Казачэнкі неўзабаве ён вярнуўся назад на коварат і збочыў да шляху на Юравічы. На звыклую дарогу…
Яшчэ і тут, пакуль не даехаў да краю сяла, Башлыкоў вагаўся — ехаць, не ехаць у школу. Вагаўся, можа, нават больш, чым раней, бо трэба было рашаць.
А рашаць было цяжка. Чамусьці думалася цяжка, і ў думках не было пэўнасці. У думкі ўпарта лезла тое, што пабачыў і перажыў за паездку, хвалявала, вярэдзіла яго. Але пэўнасці не было не толькі з гэтай прычыны, а і таму, што тое, што так карцела, не бачылася, як і раней, яму неабходным і годным яго становішча. Разуменне свайго становішча і той адказнасці, якая вынікала з гэтага, рашуча пярэчыла яго незвычайнаму, дзіўнаму імкненню. Але імкненне гэта, як і раней, не хацела саступаць. І не толькі не хацела саступаць, а час ад часу нават брала нібы мацней.
Таму ў яго развагі ішла зноў думка, што заехаць у школу, можа быць, варта хоць бы дзеля таго, каб не тлуміць сабе лішне галаву, вызваліцца такім чынам ад непатрэбшчыны. Каб потым жыць толькі дзеля справы.
Ён цяпер проста-такі быў перакананы, што імкненне яго да куранёўскай прыгажуні — усяго толькі непатрэбная прымха, якую не цяжка будзе адагнаць. Вядома, лепш за ўсё — паглядзеўшы спакойнымі вачыма, пераканаўшыся, што тое ўсё, што ён прыдумаў, дурное.
Паглядзіць, пераканаецца — і канец.
Было зноў і такое меркаванне. Канешне, спецыяльна дзеля такога ён не паехаў бы, не стаў бы неашчадна траціць дарагі час. А тут жа школа, можна сказаць, проста пры дарозе. Варта толькі збочыць, запыніцца на нейкія хвіліны.
Не было ў ім яснасці і тады, калі ўжо збочыў на загуменную дарогу, пакіраваў да школы. Як бы павастрэлымі вачыма бачыў, як ішлі абапал, глядзелі на яго, сачылі за ім з-пад белых, нізка навіслых шапак стрэх панурыя, непрыязныя гумны. Дзе-нідзе каля гумнаў трапляліся людзі, здавалася, усе яны пранізвалі яго пільнымі, здагадлівымі позіркамі. Пранізвалі, падсмейваліся.
Гэтыя позіркі, аднак, не толькі не кволілі яго, а нібы дадавалі дужасці. Бачачы, як ідуць побач і як цікуюць за ім гумны і людзі, ён насуперак усяму злому, што магло быць, мацнеў душою. І ехаў усё больш упэўнена.
Адно тачылася ў ім, не знікала — няёмкасць. Няёмкасць ад таго, што ў такі адказны час, такі адказны чалавек, сакратар райкома, ён дазваляе сабе губіць час на асабістае, на дробнае. Што дапушчае ўчынак, які не адпавядае яго годнасці.
Што ж да самой сустрэчы ў школе — не трывожыўся надта. Паглядзіць, пераканаецца — і канец. У кожным разе так пераконваў сябе.