Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Завеі, снежань
Шрифт:

Ён павёў гаворку з Ларывонам. Стараўся гаварыць разважна, стрымана, але ўзрушанасць не адступала. З ёю ён і пакрочыў з хаты.

На вуліцы ён увесь час адчуваў на сабе ненавідны, бязлітасны позірк Яўхіма Глушака. Недарэчна падумалася, што, калі з такім трапіцца сустрэцца на дарозе адзін на адзін!

Тады прыйшла іншая, цвярозая думка, важнасць якой ён адчуў адразу: вось такія тут і верхаводзяць! Разумеючы нядобрае значэнне гэтага факта, Башлыкоў падумаў турботна: «Чаму ён расхаджвае на волі?»

3

Яшчэ

адна сустрэча выдалася асабліваю.

Ігнат Глушак — вядома ж, Глушак, — хударлявы, нервовы, лысы, з нейкай дзіўнай іроніяй ківаў, калі Міканор, Дубадзел, а потым і Башлыкоў тлумачылі прычыну прыходу, папракалі за адсталасць.

Да пары да часу маўчаў, ківаў лысаю галавою, а вочы, пільныя, хваравіта-неспакойныя, сцераглі, высочвалі і ўсё свяціліся іроніяй. Нібы паказвалі: вось слухаю, чакаю, калі разумнае што пачую, а няма ўсё, няма…

Не вытрываў хутка, рынуўся, запалены:

— От зганяеце ў гурт!..

— Не зганяем, а арганізуем, — адразу паправіў Башлыкоў. — У калектыў.

— Ну добра — арганізуеце. Зводзіце, нібыто. А хто — над гуртам… над калектывам будзе?

— Каго выбера агульны сход калгаса. — Башлыкоў без усмешкі дадаў: — Могуць і вас выбраць.

Ігнат зіркнуў строга, заявіў:

— Хрэн вы мяне, нібыто, паставіце!

— Паставім, калі выберуць! — Башлыкоў гаварыў такім тонам, што і сумнявацца не даваў.

Ігнат на момант задумаўся.

— Не выберуць мяне, — сказаў упэўнена, без шкадавання. Проста канстатаваў факт. Потым з выклікам, не вагаючыся, нібы радуючыся, заявіў: — А калі б і выбралі — я б не пайшоў! От!

Вочы яго свяціліся рашучасцю.

— Гэта — іншая рэч… — сказаў Башлыкоў.

— А чаму б я не пайшоў? — Ігнат глядзеў на Башлыкова так, нібы патрабаваў: ну, дапетры, вучоны чалавек! Адказаў сам, з гонарам: — Бо з такім кагалам, нібыто, зладзіць — не з маім харакцерам! Я пераб'ю палавіну!

Так казаў, што было відаць: не жартуе. Пераб'е. Жонка ля стала ўхапілася за галаву: што гаворыць!

— Ігнатко, што ето ты пляцеш? — амаль прастагнала яна. — Людзі і праўда падумаюць.

Ігнат зіркнуў на яе.

— За ето — знаеш што? — падчапіў яго Андрэй, дзядзька ў кажушку, што зноў аказаўся пры іх. Ён яўна пакепліваў дзеля начальства. — Засудзяць па закону!

— Ты, Андрэй, не лезь! Куды не просяць! Не сунь, нібыто, носа!

— Да дайце выказацца да канца! — распарадзіўся Дубадзел. У голасе яго чулася незразумелая Башлыкову злараднасць.

Міканор Глушак маўчаў, было відаць, неспакойны: пабойваўся, мусіць, што гэты несамавіты таксама выкіне што-небудзь на бяду яму.

Ігнат, здавалася, не мог бы ўжо спыніцца. Прагнуў дагаварыць, давесці.

— А чаму я перабіў бы? — зноў патрабаваў ён ад Башлыкова: дапетры. — А таму! Бо за кажным вачэй не зводзь! Тут жа стаў чалавека да за ім, нібыто, наглядчыка! Штоб глядзелі, як робіць кажны! Штоб сцераглі дабро! Вачэй не зводзілі! А не, дак такое наробяць! Расцягаюць усё па норах сваіх! І не ўгледзіш!.. Кажны, ён што? Да сябе добранькі! Да сябе грабе! От!

Башлыкоў

спыніў Міканора, які абурана хацеў запярэчыць штосьці, сказаў дасведчана:

— Калгас хутка пераробіць гэту псіхалогію. У калгасе будзе іншая псіхалогія.

— Іншае? — засмяяўся горача Ігнат. — Адкуль яно возьмецца! — Не даў нікому слова сказаць, заявіў: — А я такога цярпець не магу! Я праўду люблю! А тых, хто за праўду, — не любяць!

— Гэта ў вас — адсталы настрой, — сказаў Башлыкоў.

— Дак от, я не пайду! — вёў сваё Ігнат. — Кеб і выбралі, не пайду! — Ён прыпыніўся на момант, востра зірнуў на Башлыкова: — Да і вы не паставіце! — выказаў непахісна. — Я — непаслухмяны, нібыто. Нязручны! А начальство ўсякае нязручных не любіць! Дак вы не возьмеце! А калі і возьмеце, дак патом — пад зад! А я етаго — не люблю! І не пайду адтаго!

Ён перачакаў пярэчанні Міканора, Башлыкова з усмешачкай, якая казала: гаварыце, гаварыце, не саб'еце! Было падобна, што і не слухаў нікога. Ледзь настала паўза, выказаў сваё:

— Дак вы і паставіце — каго?

Ігнат глядзеў з насмешкай, у якой былі і з'едлівасць і непахіснае перакананне ў сваёй мудрасці. Ён імкліва павярнуўся да Міканора Глушака:

— Яго паставіце! Паставілі ўжэ!.. А ён — які гаспадар, запытайце? Ну, Андрэй, скажы, — загадаў ён раптам дзядзьку ў кажушку.

Дзядзька падумаў, аўтарытэтна адказаў:

— Міканор — чалавек сазнацельны, ідзейны.

— «Сазнацельны, ідзейны», — перакрывіў яго Ігнат. — Гаспадар ён які, пытаю!.. Гаспадар ён, — сказаў Ігнат дзіўна зларадна, — нібыто з г… пуля! От які ён гаспадар!

— Вы дарэмна абражаеце, — нелагодна сказаў Башлыкоў. Дубадзел падтрымаў яго.

Ігната гэта яшчэ больш запаліла.

— Я праўду кажу. Ён і ў сваёй гаспадарцы не быў ніколі гаспадаром. Поля сам, можна сказаць, адзін не абрабіў. Бацько ўсё. Ці пад бацькавым наглядам. Няпраўду хіба, Міканор? — бязлітасна сказаў ён да цяперашняга старшыні. Той, гнеўны, не адазваўся.

— Ну от, — Ігнат як пераможца павярнуўся да Башлыкова. — А цяпер яму — усе гаспадаркі!

Зноў з насмешачкай чалавека, якога ніхто не можа збіць з адзіна правільных пазіцый, слухаў, што пярэчылі яму. Перачакаўшы, зацята павёў далей сваё:

— От і вы! Адкуль? — рынуўся ўжо на Башлыкова. — З горада — відно! Знаеце хоць, як, нібыто, адрозніць грэчку ад жыта?

— Ты, Глушак, кінь ето! — адразу важка, з пагрозным намёкам сказаў Дубадзел. — Кінь ету кулацкую анцімонію!

— Ігнатко! Памаўчы! — забедавала жонка. Ухапілася за рукаў, хацела адвясці ўбок, як ад бойкі. Ён нецярпліва адштурхнуў яе.

— Не лезь! — У нястрымным запале сказаў Дубадзелу: — Не, няхай ён паслухае! Бо вы ж не скажаце! — Узрадавана сказаў Башлыкову пра грэчку-жыта: — Не знаеце!

Башлыкоў не спрачаўся, не пярэчыў: смешна, нікчэмна было спрачацца, абараняць сябе ў такой дыскусіі. Годнасць не дазваляла прыніжаць сябе такім чынам.

Ігнат махнуў неспакойнаю, кручкаватаю рукою, як чалавек, што гатовы на ўсё.

Поделиться с друзьями: