Завеі, снежань
Шрифт:
Хутка даеў рагу, не чуючы смаку, выпіў шклянку фруктовага чаю. Забыўшы разлічыцца, рашуча апрануўся і выйшаў на двор.
Трэба было пераадзецца з дарогі. Ён не быў франтам, у адзенні імкнуўся да сціпласці, якую таксама лічыў абавязковай партыйнай, сакратарскай адзнакай. У яго было два не новыя, дзе-нідзе ўжо акуратна падлапленыя касцюмы, якія ён насіў з той беражлівасцю, што засталася ў спадчыну ад матчыных павучэнняў і беднасці, зазнанай у залінейным бараку. З той жа прычыны, а можа, ад звычкі, якая прыжылася потым, у Башлыкова было разам проста хваравітае правіла: адзявацца заўсёды ў чыстае. Ён зусім не выносіў бруднасці. Чыстымі павінны былі быць не
Гаспадыня — Цыля Савулаўна, або, як яе найбольш звалі, Савельеўна, — убачыла яго праз шыбу, яшчэ калі ён узыходзіў на ганак. Але, калі ён паявіўся ў пакоі, не прызналася: нібы непрыстойна было паказаць, што бачыла раней, — уразілася так, быццам заявіўся сын з Ленінграда, матчыны скруха і гонар.
— Ох, хто прыйшоў!.. Тато, Лёва! — пазвала гаспадыня парадавацца.
Сын — Лёва, што тут жа за сталом снедаў, мабыць, збіраючыся ў школу, хутчэй дажаваў нешта, праглынуў, устаў і, пачырванелы, задаволены, прывітаўся. Тады ж з прыадчыненых дзвярэй, прыгорблены, у нязменнай чорнай камізэльцы, выпацканай крэйдай, высунуўся стары Савул. Уткнуўшы вострую бародку ў грудзі, паглядзеў на Башлыкова з-пад акуляраў, моўчкі кіўнуў. Быццам падумаў нешта, але не сказаў — моўчкі павярнуўся назад. Спакоем сваім паказаў гэтай мітуслівай, ненармальнай жанчыне, што неабавязкова падымаць крык на ўсё мястэчка ад таго, што вярнуўся чалавек.
Радасць жанчыны, як заўсёды, адразу змянілася цвярозай дапытлівасцю:
— Зноў на сходзе начавалі? — У тоне, як звычайна, чуліся разам дакор і насмешачка старэйшай. І дабрадушная нецырымоннасць.
— На сходзе, — усмешліва пацвердзіў Башлыкоў.
— І вячэралі — на сходзе?
— Пасля.
— А можа, і не вячэралі?
— Вячэраў. Нават паснедаў ужо…
Башлыкоў заўважыў, як чырванеў за матчыну недалікатнасць, але стрымліваўся Лёва, што звешваў галаву над талеркай. Цыля ж не зважала на яго, прыгледзелася — зусім як стары Савул, трохі скасабочыўшы галаву, — і раптам заявіла:
— У вас нешта здарылася непрыемнае!
Як ні ведаў яе, Башлыкоў крыху збянтэжыўся. От жа зіркастая.
— Не… Нічога асаблівага…
Падаўся нарэшце ў свой пакой.
Пакой быў невялічкі, вузкі, але Башлыкоў быў давольны ім. Нашто яму, адзінокаму, партыйцу, да таго ж вельмі занятаму, харомы. Ды і які ён прыклад паказаў бы ўсім, сакратар райкома партыі, калі б паддаўся харомным прынадам, мяшчанскай раскошы. Якія толькі адрывалі б ад справы, зацягвалі ў балота. Усё тут, у пакоі, ёсць, і больш не трэба. Акенца на вуліцу, з форткай для чыстага паветра. Жалезны ложак, стол пры сцяне з кніжкамі, з двума гнутымі крэсламі. Чысты, адпрасаваны касцюм на плечыках на сцяне, прыкрыты прасцінаю. Пад ложкам — плеценая карзіна з бялізнаю, з рознымі патрэбнымі дробязямі. Падлога памытая, чысціня ўсюды. Што яшчэ трэба дзелавому чалавеку?
Пераадзяваючыся, Башлыкоў чуў праз дзверы, як Цыля разважала:
— Непрыемнасць зноў!.. Адны непрыемнасці!.. Якая радасць так жыць!.. Днём — сход, вечарам — сход! Паесці няма калі!..
— Мама, ты нічога не разумееш, — перабіў яе Лёва. Ён так гаварыў, што адчувалася — яму вельмі няёмка за яе перад сакратаром райкома партыі, які ўсё чуе. Лёва — камсамолец, член бюро камсамольскай ячэйкі школы.
— Ты — разумееш! Ты рана стаў разумны, Лёва! Такі разумны, што ўжэ матку вучыш! — Цыля не так абураецца, як высмейвае сына. Разважліва наступае: — Чалавек павінен спаць? Павінен есці? Няхай ён і бальшавік… Бальшавікі павінны есці ці
не?— Мама!..
— Што — мама! Я ўжэ скора семнаццаць гадоў табе мама!.. Я — не разумею! Вы чулі, тато, я ўжэ не разумею нічога?!. — Яна, вядома, не чакае адказу, ведае, што стары Савул прамаўчыць. Пытанне — проста так, як звычка. Яна зноў надае гаворцы практычны кірунак: — Ты таксама, калі матка не напомніць, дак не паясі. І спаць не ляжаш у час! Да раніцы будзеш сохнуць над кнігай! Я ўжэ не кажу пра твае бясконцыя сходы!..
— Мама! — Голас у Лёвы ўжо рашучы, пагрозны.
— Ну добра, не буду чапаць сходы! Вы жыць без іх не можаце! Як без хлеба! Ну добра, добра! Не буду! Хадзі на сходы, калі ўжэ так трэба! Будзь актывістам!.. — Яна змоўкла, але толькі на момант. Потым зноў павяла — для Лёвы і Башлыкова: — Калі вы не будзеце спаць і есці, вас хопіць ненадоўга… У чалавека галоўнае што? Здароўе! Што навука і пасада добрая, калі няма здароўя? Ноль…
Тут Башлыкоў, ужо адзеты, зашпілены, выйшаў з баковачкі, і яна павярнулася да яго:
— Можа б, чаю выпілі?
Башлыкоў не прыпыніў хады.
— Няма калі.
2
Праз некалькі хвілін ён быў каля райкома. Дзелавітым, цвёрдым крокам прайшоў па калідоры, адзначыў: у пакоях яшчэ амаль ціха. Ранішняя млявасць. Быццам знарок, пярэчачы яму, застукала пішучая машынка. Бася пачала працу.
Сакратарка была на месцы, штосьці хапатліва хавала ў стале. Люстэрка, не інакш. Ён прывітаўся, загадаў паклікаць памочніка. Але клікаць не прыйшлося — не быў бы то Міша. Гатовы, ужо стаяў побач, з заўсёднай папкай у руцэ. Следам за Башлыковым увайшоў у кабінет.
Кашчавы, у франтаватым фрэнчы і галіфэ з крагамі, па-вайсковаму выцягнуўся, уручыў папку. Пісьмо, тэлефанаграму. Паведаміў, што павінны званіць з акружкома, таварыш Галубовіч. Башлыкоў прачытаў пісьмо, тэлефанаграму — нічога асаблівага. Узняў галаву:
— Больш — нічога новага?
У хітрых, зладзейкаватых Мішавых вачах успыхнулі гарэзныя агеньчыкі:
— Яшчэ — Абрам з Хаімам пабіліся. Хаім сказаў, што Абрам — нэпман, спекулянт…
Ён адразу ж асекся: па адным мімавольным руху броў Башлыкова перахапіў — сакратару райкома сёння не да жартаў. Адразу нагнаў сур'ёзнасць і паважнасць на твар, ціха і з годнасцю пакіраваў да дзвярэй.
Башлыкоў пасядзеў хвіліну нерухома. Прыгорблены, стомлены, заклапочаны з выгляду і — бяздумны. Быццам адпачываў, набіраўся сілы перад дарогай, што павінна была пачацца.
Пачуў зноў звон у вушах, трываў цягучую знямогу ў спіне, у плячах. Не выспаўся. Стаміўся. Трэба было б прылегчы на які дзесятак хвілін. На дзесятак хвілін, і ўсё пройдзе. Але ён з намаганнем адужаў сябе: няма чаго кволіцца, песціць сябе. Рашуча зварухнуўся, працягнуў руку да газет, пакладзеных на стол.
Выбраў «Правду» і менскі «Рабочий»: даведацца пра агульныя і рэспубліканскія навіны. Газеты былі ўжо нязменнай неабходнасцю: чытаць іх было таксама неабходна, як глядзець — каб бачыць.
Радкі за радкамі ўцягвалі яго ў неспакойны і неабсяжны свет, адгукаліся рознымі пачуццямі — радасцю, гневам, нецярплівасцю. Ён уважліва ўчытваўся ў тое, чым жыве свет, лавіў зацікаўлена навіны з Гомеля, весткі пра акругу. З хваляваннем сцярог, ці няма чаго пра раён, мімаволі, нядобра чакаў — можа быць крытыка. Ні хвалы, ні крытыкі не было. Раён не згадвалі. Але гэта не супакоіла. За ўсім, што ён чытаў пра другія раёны, ён чуў свой раён. Усё, што там, блізка і далёка, адбывалася, адгукалася ў ім так, быццам датычыла яго асабіста.