Завеі, снежань
Шрифт:
— Не палучка! — выдыхнуў хтосьці побач з Ганнай.
— Правільно!
У калідоры і ў пакоях завірыў усхваляваны, гарачы гоман. Гайліс нерухома, быццам безуважна, пастаяў, перачакаў яго.
— Мало кармоў нарыхтовано, — павёў ён тым жа роўным, важкім голасам. — Скаціну вясной не будзет карміць чым. Саломай карміць трэба будзет. Скаціна будзет галадаць — это ўжэ відно… — Кожнае слова латыша адгукалася сярод слухачоў неспакойным гулам. У калідоры так гаманілі, што Ганне цяжка было слухаць. Хтосьці з мужчын не вытрываў, крыкнуў:
— Ціхо бо вы!
Слухаючы, як слова за словам строгі латыш маляваў невясёлае становішча ў калгасе, як рос нядобры гул, Башлыкоў, адзначыла Ганна, нецярпліва павярнуўся да Гайліса. Відаць, быў нездаволены кірункам яго выступлення. Але Гайліс не заўважыў — ці не хацеў заўважаць — башлыкоўскага позірку: вёў і вёў гаворку пра бядоты няўдалага калгаса. Толькі дамаляваўшы становішча, спыніўся.
— Канечно, тут дым без агня не бывает, — нібы падумаў ён услых. — Есць усякія прычыны. Віна есць… Вінавато кіраўніцтва
Ён глядзеў у залу, як суддзя, чакаў адказу. Адказаў Барыс Казачэнка:
— Жыта — чатыры з палавінаю цэнтнеры з гектара, картоплі — дзвесце трыццаць пудоў…
— Вот! Это не ўраджай!.. — заявіў строга Гайліс. — Чаму так палучылось? — Ён абвёў вачыма прыціхлы пакой, патрабаваў адказаць. Усе маўчалі. Адказаў сам: — Так палучылось таму, што — пагано аралі. Пагано сеялі. Пагано ўбіралі… Работалі не так, як на сябе. А як на паноў! — У цемры калідора завязалася нейкая спрэчка, у класе зноў рос гоман, але Гайліс не зважаў, вёў сваё. Многа дабра пакралі зладзеі. А нікога не паймалі. Гайліс судзіў непахісна: у калгасе не было парадку, дысцыпліны. А без парадку, дысцыпліны — няма работы. Або ёсць паганая работа… Ён заявіў горача: у калгасе павінна быць добрая дысцыпліна. І трэба працаваць — як на сябе, а не як на паноў! Скончыў, нібы распарадзіўся: трэба вярнуцца ў калгас! Умацоўваць яго!
Калі ён сеў, у абодвух пакоях хвалямі хадзіў гоман. Гаманілі і ў калідоры, каля Ганны, зацята зыркалі цыгаркамі. Гоман быў, чула Ганна, больш нездаволены, але Гайліс хоць бы варухнуўся за сталом.
Устаў Барыс.
— Здаецца, багато ахвотнікаў выступіць паявілася? — У голасе яго была кпіначка. — Дак хто хоча сказаць слово?
Гоман пачаў хутка сціхаць. Вочы амаль усіх скіраваліся да Барыса, але ніхто не прасіў слова.
— Няўжэ няма нікога?! — з кпінкай здзівіўся Барыс. — Столькі ж унь гуло!..
— Няхай начальство гаворыць! — крыкнуў задзірлівы худы, з кепачкай на макаўцы.
— Начальство ўжэ гаварыло! Добра було б паслухаць трохі і народ!
— Паслухаеце вы! — унізаўся злосна галасок.
— Аге!
3
Зноў пайшоў нядобры гоман. Барыс аб'явіў, што выступіць Міканор, сакратар алешніцкай партячэйкі. Міканор устаў, няёмка сутуліўся сярод гоману, тады як Барыс прасіў сціхнуць, паслухаць.
— Ужэ і куранёўцы вучыць будуць! — мацюкнуўся хтосьці ў прыцемку.
— Не кажы! Усе лезуць!
Ганна ад неспадзяванай прыкрасці стаілася, пачырванела. Тоячы крыўду, з асаблівай раўнівасцю сачыла за Міканорам: нібы яму трэба было абараніць гонар не толькі свой, а і яе, і ўсіх куранёўцаў. Адчула яго раптам самым блізкім сабе: адзін ён быў тут з яе роднага кутка, з яе маладосці.
Міканор пачаў таксама з дакору: усе глядзелі на Глінішчы — як на перадавую вёску, як на прыклад для іншых, на які трэба ўсім раўняцца. А выйшла так, што Глінішчы паказваюць цяпер прыклад таго, як не трэба рабіць.
— От ты і пакажы! — перабілі яго насмешлівым воклічам.
Барыс адразу моцна застукаў па стале, загадаў не перабіваць. Міканор перамаўчаў вокліч, маўкліва сцярпеў яго. Нібы не захацеў увязвацца ў спрэчку. Калгас распусціўся — стрымана вярнуўся да таго, на чым перапынілі, — і гэта ў такі час, калі Алешніцкі сельсавет у цэлым павярнуў на новую дарогу. Калі ў нас, не сакрэт, ёсць немалыя поспехі — асабліва ў калгасе «Камунар» і іншых. Апярэджваючы гоман, што стаў расці, Міканор тут жа адзначыў разважліва: канешне, у нас ёсць і калдобіны, і ў другіх, бывае, нягладка ўсё ідзе. Ён доўга гаварыў пра тое, як цяжка было спачатку наладжваць калгас у Куранях і як не ладзілася раней у «Камунары». За гэтым стаў расказваць пра тое, што трэба сельсавету зрабіць у гэты год. Гаварыў пра ўсё, што прыходзіла ў галаву, раскідана і дзіўна для яго няўпэўнена. Слухаючы яго, Ганна адчувала, што гісторыя гэта з глінішчанскім калгасам вельмі прыгнечвае яго, што ён не верыць, нібы сход можа паправіць штосьці. І гаворыць толькі таму, што трэба гаварыць па абавязку. Ганне спадабалася, што ён адчуваў настрой людзей і не задзіраўся, як звычайна ў Куранях, — гаварыў стрымана, сціпла.
За ім Барыс звонкім, давольным голасам аб'явіў:
— А зараз выступіць наша настаўніца — Параскева Андрэеўна Дарошка!
Параска пайшла да стала сваёй лёгкай, пругкай хадою, ледзь паводзячы звыкла плячыма, з вясёла ўзнятай галавой. Упэўнена паклала руку на край стала, з узнятай галавой павяла позіркам па пакоі. Ганна бачыла: проста вачавідкі адбылося незвычайнае — хмурныя, недаверлівыя твары па ўсім пакоі яснелі. Вочы глінішчанцаў глядзелі з прыхільнасцю і цікаўнасцю…
— О тут Барыс сказаў, — весела кіўнула яна на Барыса, — сказаў — зараз выступіць настаўніца!.. Я — настаўніца. Я — чалавек, якому па закону трэба вучыць. Мяне для гэтага рыхтавалі. Мне для гэтага далі многа розных парад. — Параска ўсё трымалася таго ж даверлівага, вясёлага ладу. — Вядома, могуць знайсціся такія разумныя людзі, якія скажуць, што я не наогул настаўніца, а школьная настаўніца! Што мая задача адна — вучыць школьнікаў! Ды яшчэ школьнікаў пачатковай школы, самых малых! Але так могуць казаць толькі людзі, якія носа не высоўвалі з горада. Не ведаюць, хто такі — настаўнік у
вёсцы!.. Настаўнік у вёсцы, — у голасе пачулася гарэзнасць, — і кум, і сват, і — чорту брат!.. Павінен умець навучыць усяму і малога, і старога! Ён не можа сядзець толькі ў школе і не бачыць таго, што робіцца на вуліцы!.. І от я таксама, на стале кожны вечар — гара сшыткаў, стараюся не сядзець толькі ў школе. Адкладваю сшыткі на ноч, выходжу ў сяло! Паглядзець, што хто робіць! І што наогул у нас робіцца!.. І от я і цяпер гляджу — і стараюся разабрацца: што ж гэта ў нас робіцца?.. — Ганну не дзівілі ні бойкасць, ні знарокавая Парасчына шчырасць: ведала добра Параску. Бачыла, што Параска недарэмна старалася падступіцца. Па калідоры, па пакоі ішоў згодны, прыхільны гул. Жанкі ўздыхалі, ківалі галовамі: праўду кажа, хадзіла, глядзела, памагчы старалася! — Бачыла я, як гаравалі, бедавалі ўсе. І дзядзька Змітро, і цётка Мар'я, і цётка Гечыха, і ўсе іншыя… Бачыла я, як гаравалі, і думала сабе: няхай цяпер цяжка — потым лягчэй будзе! Наладзіцца!.. Быць не можа, каб не наладзілася! У іншых жа ідзе на лад, чаму ж у нашых не наладзіцца?.. Хіба ж нашы горшыя, як другія? Хіба ў нашых рукі горшыя ці рабіць яны не прывучаны? Ці не такія разумныя?.. — Параска горка пашкадавала: — А вось жа не выйшла ў нас!.. Чаму?!. — Ганна пільна чакала: што яна далей скажа, як павядзе далей? Параска не адказала адразу. Толькі шчыра, разумна адзначыла: — Я ведаю, кожнаму з вас баліць. І мне таксама баліць, вельмі баліць… А калі баліць, то хочацца крычаць, а не думаць!.. Але не трэба і гарачыцца вельмі! — асцярожна параіла яна. — Трэба падумаць добра. Падумаць, што зрабіць, каб паправіць усё, што не так!..— Думай не думай, адна трасца! — перабіў яе нечы безнадзейны басок: відаць, Гечыхі.
— Паламалася ўсё! Сам чорт не разбярэ!..
— Няма чаго папраўляць!..
— Не збівай хоць ты, Параска!
— Я хіба кажу, што гэта лёгка… Баліць, кажу, і мне… Трудна гэта… Я кажу, што не трэба гарачыцца… Падумаць цвяроза трэба…
Яна гаварыла і цяпер са шчырасцю і спагадай, з вопытнай дасведчанасцю, але яе ўжо, як і Міканора, не раз перабівалі, слухалі нязгодна. Спрачаліся, праўда, мякка — стрымлівалі, відаць, даўняя пашана да Параскі і яе спачувальная далікатнасць. Усё ж яна, хоць і хавала гэта, было відаць Ганне, трымалася няўпэўнена, бянтэжылася. Збівалася ў гаворцы, нялёгка знаходзіла доказы. Яна, заўсёды такая знаходлівая, хуткая…
4
Апейку сустрэлі насцярожанай увагай. Ён жа падняўся ленавата, з нейкай нядбайнасцю хіліў галаву. Ва ўсёй постаці была дзіўная расслабленасць.
— Была ў нас калісьці гісторыя… — мірна, паблажліва загаварыў ён. Загаварыў так, быццам вагаўся: гаварыць ці не гаварыць. — Я быў тады смаркачом. Чужыя агароды правяраў… Пажаніліся ў нас хлопец з дзеўкай. Ён быў наш, праз дзве хаты жыў, Іван, канешне, зваўся. А дзеўка з-за ракі, з Барбарова. Алена… — Ён пальцам будзённа пачасаў макаўку. Успомнілася — от і гаворыць. Вочы глядзелі на яго збольшага спакайней. Дзе-нідзе — з цікаўнасцю. — Дзеўка — як дзеўка. І хлопец — як хлопец… Але от пабраліся, аддзялілі іх. Хатку сваяцтва скляпала. Сталі жыць сабе. Самі па сабе… Не ўломкі, старацельны хлопец ён. І яна — як тая мурашка. З рання да вечара — у полі, у хляве. Шчыруюць абое… Не ўломкі… А от што выйшла… Пасеялі. Нізінка ў іх была. Дак вясной усё вымакла. Сена накасілі. Дождж. Пагніло… Зімой у нас каля ракі — ночы вялікія. І лучыны мало. Дак — дзело маладое — летам яна ўжо раджаць гатова. А часу няма. Усё — на бягу. На бягу, у разоры, і радзіла!.. Мёртвае!.. Як наканаваў хто — то адно, то другое. Як напасць якая! Не там — дык тут!.. Праўда, калі разабрацца, дык і самі там-тут вінаватыя. Маладыя, нявопытныя… Яно, можа б, і нічога ўсё — мала ў каго не бывае! Толькі ж яны да ўсяго папаліся і гарачыя. Як от некаторыя ў нас, у Глінішчах! — падчапіў раптам Апейка. Барыс засмяяўся. Засмяялася яшчэ некалькі з тых, што глядзелі насустрач. — Яна — што не так — на яго, ён — на яе. Такая-сякая! А часам і з кулакамі!.. Яна вартая была яго. Ён ёй слова, яна — два! Век на іх двары гвалт! Як на юравіцкім базары ў нядзелю! — Зноў пайшоў смяшок. Апейка ж будзённа павёў далей: — Чубіліся, чубіліся. Не вытрывала яна. Уцякла! Чалавек яе спачатку: ну, няхай! Можа, і на лепшае! А потым — жаль узяў. Ды і гонар мужчынскі, мабыць, загаварыў!.. Адно — калі ты кідаеш, а калі цябе — ето саўсім другое!
— Аге! — чула адгукнулася некалькі галасоў. Найбольш — жанкі.
— Зашчымела ў Іванавым сэрцы! — паспачуваў Апейка. — А тут — матка і бацько з угаворамі. «Дзе ето відано такое! Пазаві!..» Угаварылі. Селі на паром — і цераз раку. Што там было — не чуў. Не скажу. А толькі — прывозяць яе… Ва-ажная прыехала!.. А ўсё-такі ўжэ не крычыць! А пра яго і казаць не трэба: цішэй вады. Абыходлівы — не пазнаць! Людзям ужэ нудна стало — спектакля няма!.. Зімой ён — на заработкі ў лес. Вясной добра ўгнаіў, пасеяў у пару. Лета ўдалае. Добра выспела ўсё. Да збожжа — сена добрае… Парадак стаў. Даўно ето было, — задумаўся, пастражэў голас Апейкі. — Як я яшчэ цялят не ганяў. Даўно ўжэ абое пастарэлі. А жывуць усё разам. Жывуць — не горай, як людзі… Усяляк, праўда, і цяпер часам бывае: загаворыць раптам гарачая кроў. А не чубяцца, як было. І не кідаюцца ў розныя бакі. Ведаюць: жыццё пражыць — усяго пабачыць. Не трэба адразу — у адчай!.. — Не разабраць было спачатку: ці то разважаў проста, ці раіў. — Усякая гаспадарка цяжка зладжваецца. Не адразу — бывае — усё складна выходзіць. Трэба часам прыцерціся, як кажуць. Ето — што да сям'і, да двух чалавек. А што казаць ужэ пра вялікую гаспадарку. Пра калектыў.