Завеі, снежань
Шрифт:
То выходзіла на кухню, паліла ў печы, то вярталася ў пакой, для прыліку прыбірала. Паказвала: ёй няма чаго сядзець склаўшы рукі.
Заходзячы ў пакой, яна бачыла, што ён тупае і тупае, як на прывязцы. Часцей ён не заўважаў яе, нібы яе і не было блізка. Але калі-нікалі яна лавіла яго позіркі. Ён паглядваў недавольна, непрыхільна, быццам яна замінала яму. Ці, можа, так здавалася: ад таго, што думаў непрыемнае. Перажываў.
Дзіўна, яна мімаволі чакала, што ён загаворыць, запытае нешта. Але ён маўчаў. Тупаў і тупаў. Далёкі, незразумелы.
3
Ішоў
Ужо добра сцямнела, калі ўбегла Параска. У цемры адразу пазнала госця: ці, можа, ужо хто-небудзь пераказаў, што ён тут, — ледзь прычыніла дзверы, аб'явіла здзіўлена, узрадавана:
— А я і не ведала! Уцякла з хаты і не спяшаюся назад!.. Даўно вы тут?
— Не, — Башлыкоў гаварыў яшчэ нібы здалёк.
Параска адразу захадзілася гаспадыняю.
— Што ж вы так! У цемры! Не распранаецеся! — Яна жвава скінула хустку, паліто, падказала госцю: — От тут цвічок! — Крыкнула Ганне весела, загадна: — Зараз жа лямпу! Святло!
Тады, як Ганна запальвала лямпу, звонка — ну, чыста артыстка! — папракнула:
— Хіба ж так, Ганначка, сустракаюць гасцей! Ды яшчэ — такіх!
Ганна знайшлася:
— Госць думаў вельмі нешто. Не хацелася перабіваць…
Башлыкоў не адказаў.
Ледзь стала светла, Параска схамянулася, кінулася да люстра. Хапатліва прыгладзіла валасы, паправіла кофтачку. Тады зноў гасціннай гаспадыняй зірнула на Башлыкова:
— Госць, пэўна, галодны!
Башлыкоў, ужо без шыняля, танклявы ў сіняй гімнасцёрцы, перацягнутай шырокім бліскучым поясам, уціснуўшы пад пояс пальцы, адвёў складкі назад, адказаў няцвёрда:
— Паабедалі…
— Кажыце! — не паверыла Параска. Бадзёра супакоіла: — Нічога! Мы зараз з Ганнай арганізуем! Уміг!
Вясёлая, дзейная, пацягнула Ганну на кухню.
— Ты што ж гэта? — зашаптала з папрокам, пасяброўску. — Так сустрэць! Самога Башлыкова!
— А што ж — лістам перад ім слацца?
Шчыра прызналася:
— Усё глядзела, гадала: што ў ім такое, асобае?..
Параска не стала слухаць, перабіла. Не да гаворак цяпер. Уткнулася галавой у печку, адсунула засланку:
— Што тут у цябе? — У скаварадзе — бабка, з чыгунка, ледзь узняла покрыўку, вырваўся духавіты, нецярплівы пах баршчу. Голасна, давольна, каб, пэўна, чуў і ён, прамовіла: — От добра! — Распарадзілася шчодра і неадхільна: — Усё, што ёсць, — на стол! — Дадала шэптам, па-змоўніцку, як бы тлумачачы: — Настрой у яго — бачыш які?
— Гарэлкі, можа, дастаць? — параіла пошапкі ж Ганна, завіхаючыся ўжо каля печы.
— Гарэлкі! — Параска пакруціла галавой: прыдумала! Шэптам, стрымліваючы смех, гулліва падахвоціла: — Пастаў! Пакажы яму! Пабачыш, што ён скажа!.. — Сур'ёзна ўжо растлумачыла: — У рот не бярэ! Добрай нават. Завадской!.. Тым больш — у такі дзень!
— Глядзела я ўсё, глядзела на яго, — зноў вярнулася Ганна. — Нічога ў ім такога, асобага… —
Яна нібы чакала, што Параска растлумачыць. Ёй чамусьці карцела гаварыць пра гэта. Параска, што памагала ёй, быццам не чула яе. — Чаму ён такі пануры, недавольны. Няўжэ з-за етаго, з-за калгаса?— Нічога ты не разумееш! — толькі і сказала Параска на яе шчырасць. І тонам адказу, і адказам спыніла Ганну: не да гаворкі цяпер. Загадала па-прыяцельску: — Давайма жыва ўсё на стол!
Убегла ў пакой. Кнігі, сшыткі са стала — на падаконнік. Стол — ад сцяны. На стол — чысты настольнік.
— Вось так! Пачатак ёсць!.. — Кінулася на кухню, унесла бохан хлеба, нож. Загадала ўжо Башлыкову: — Памагайце!
Ён паказаў на рукі, яна спахапілася.
— Ганна! Госцю трэба памыцца! — Папрасіла Башлыкова: — На кухню, калі ласка…
Башлыкоў выйшаў. Расшпіліў гузікі на рукавах, закасаў іх па локаць. Расшпіліў каўнер, адсунуў яго ад шыі, нахіліўся над тазікам. Ганна зачэрпнула карцом з вядра, асцярожна — каб не абпырскаць! — стала ліць на яго далоні. Яны стаялі нязвычна блізка, галовы іх амаль сыходзіліся, было ў гэтым штосьці неспадзявана дамашняе, свойскае — ад гэтага ўсярэдзіне ў Ганны нешта чула насцеражылася. Ёй кінулася ў вочы: рукі яго, з цёмнымі валаскамі, былі белыя, далікатныя. Шыя, акуратна паголеная, загарэлая вышэй за каўнер, ніжэй была таксама белая і кволая. Зусім юначая. Штосьці мяккае, жаллівае няпрошана ўвайшло ў яе чуласць.
Ён то паслухмяна выцягваў жменькай далоні, то старанна цёр мылам рукі, шыю. Не падымаў галавы, не глядзеў на яе, рабіў усё моўчкі, але і ў ім, здалося ёй, паявілася раптам тая ж чуласць блізкасці. Без слоў, без позіркаў на час штосьці як бы ўзнікла між іх.
Падаючы ручнік, яна старалася не глядзець на яго і паказвала сябе абыякавай. І ўсё ж, здалося, улавіла няпросты, пільны яго позірк.
— Дзякую, — сказаў ён, падаючы ручнік. І ў тым, як сказаў, пачулася таксама незвычайнае.
— Ну, памыліся? — уварвалася ў кухню Параска.
— Як абнавіўся, — ён гаварыў спакойна, стрымана, але Ганна адзначыла ўдзячную нотку ў яго голасе. — Вада — добрая, свежая. Мабыць, нядаўна з калодзежа.
— Нядаўна, — Ганна стаіла сябе.
Вярнуліся ў пакой Параскі. Башлыкоў, зашпілены ўжо на ўсе гузікі, стройны, прычасаўся, стаў як бы сваім у пакоі. Параска намерылася запрасіць за стол, калі схамянулася:
— Гуркі ў нас, капуста — аб'ядзенне! Можа, любіце?
— Люблю.
— Тады — даставім! Яны тут — у пограбе!
Параска з Башлыковым удваіх узнялі за колца века ў падлозе на кухні. Ганна спусцілася ў прапахлы зямлёй халаднаваты прыцемак, падала Парасцы адну талерку, другую: гуркі і капусту-шаткаванку. Калі ўзнялася па лесвічцы, Башлыкоў працягнуў руку, памог выйсці. Рука была моцная, гарачая.
Селі за стол, сабраліся вячэраць, і тут Параска з усяе сілы стукнула рукою па стале. Глянула на госця з адчаем:
— Прыйдзецца грэх на душу ўзяць! Карайце не карайце!