Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Завеі, снежань
Шрифт:

Ён, не азіраючыся, пачуў, калі пад'ехаў Апейка. Вазок падышоў амаль упрытык: Апейкавы коні саплі ў патыліцу.

Вазок піскнуў і зноў памчаў. Хутка ён, аднак, запыніўся так рэзка, што коні ззаду ледзь не наскочылі на яго. Пад палазамі цяжка зашаргацела: пацягнулася голая, вымеценая ветрам дарога. Адолеўшы гэты адрэзак, коні былі зноў узялі лёгкі бег, але неўзабаве пільны возчык сам прытрымаў іх. Зноў шаргала ўнізе і марудна ішло амаль голае поле. Ехалі так марудна, што Башлыкову хацелася саскочыць на зямлю і пабегчы самому.

Увесь час налятаў вецер, сыпаў снегам у твар, усё намагаўся насыпаць за каўнер. Пасмы снегу раз-пораз перабягалі цераз дарогу, праносіліся ў паветры перад вачыма — ад гэтага ўсё выглядала варухлівым, неспакойным

і нібы няпэўным. Уражанне неспакойнасці і няпэўнасці яшчэ ўзмацняла цьмяная шэрань, што атульвала ўсё поле, давала больш-менш добра бачыць толькі блізкае. Неспакойнае было ў бегу коней, у няспынным дзікім варушэнні быльнягу абапал дарогі, на межах, у самім няроўным, кідкім ветры…

Злева, трохі наводдаль, штосьці зачарнела, Башлыкоў не так разгледзеў, як успомніў — невялікі гаёк у полі. Калі цёмная пляма трохі наблізілася і стала няпэўна акрэслівацца, Башлыкоў раптам праз варушэнне снегу заўважыў там, пад покрывам цемры, дзіўныя постаці. Ён прыгледзеўся, і разважлівае сумненне пацішэла: тое, што ён хацеў бы лічыць прывідамі, жыло, варушылася, рыхтавалася. Адчуваючы, як халадзее спіна, ён нервовым рухам палез у кішэню, сціснуў цёплую, цвёрдую рукаятку нагана. Рашуча пералажыў наган за пазуху паліто. Павярнуўся назад крыкнуць Апейку, папярэдзіць, але вазок, нібы знарок, плёўся далёка.

«Не паслухаўся!.. Не застаўся!.. Дурная нецярплівасць!.. Даказаць хацеў нешта!.. — хутка, хваравіта, горача білася ў галаве. Апякло крыўднае: — Як гэта мог не бачыць, што і сляпы пабачыў бы! Прагныя, злосныя позіркі. У якіх вачавідкі гарэла: разлічыцца! Кончыць!.. — І горкае, кволае: — Так па-дурному ўліпнуць! Так кончыць! Не ўправіўшыся нічога!..»

Пальцам адвёў курок, другі паклаў на спускавы кручок і ўсё ўглядаўся ў цемру ўзлеску, да рэзі ў вачах. Ад напружання вочы завалакло, ён нецярпліва выцер вочы, нязводна сачыў. «З абрэза ці з вінтоўкі пекануць, — прайшло ў свядомасці. — Хутчэй — з вінтоўкі. З вінтоўкі — больш дакладна…» Як гэта цягуча было: ехаць, адчуваючы сябе пад прыцэлам вінтоўкі, наведзенай вопытнай рукой. Ехаць і чакаць, калі грымне стрэл, які кончыць усё. «Так рана! Калі толькі пачаў!.. І так па-дурному!..»

Стрэлу не было. Ужо ад'ехалі нямала, а сэрца гулка грымела. Супакаенне прыходзіла паволі і няпоўнае: трывога па-ранейшаму гняла грудзі. Быў там хто ці не было? Няўжо толькі здалося?.. Не можа быць, што здалося!.. Ён жа добра бачыў: постаці, рухі нават!.. Чаму ж не стрэлілі? Пабаяліся ў апошні момант?..

З радасцю, што жыве, з супакаеннем — не стрэлілі, абышлося пакуль, увёў сабе клопатнае, значнае: сказаць Харчаву, загадаць, каб прыгледзеўся, высветліў. Няпрошанае ўзяло сумненне: а можа, не варта казаць — стары, грубы рубака, можа, не паверыць. Палічыць, што — усё прывіды багатай фантазіі. Страху. Гэта — можа быць. І Апейку не гаварыць, відаць. Гэты наогул мог праспаць і заявіць, што нічога не было. І не дакажаш нічога. Відавочца… Адужаў прыкрую няёмкасць, пакпіў з сябе: а брыдкая была хвілінка! Аж у пот, ліха яе, увагнала!..

За белым поплавам дарога вывела да шляху. Па баках у сухім шорсткім пошуме адна за адной пайшлі старыя бярозы. Вушы зноў востра лавілі гукі, сярод якіх супакойвалі толькі тупат і пырханне ззаду Апейкавых коней; вочы падсцярожліва сачылі за ценямі, за ўсякім рухам. Бярозы за бярозамі, з аднаго боку і з другога, і за кожнай можа чакаць небяспека. А тут злева насунуўся, узняўся чорнай сцяной усутыч лес. Лес да засценка, і далей, да Прыпяці. На многія кіламетры — балота і лес. Райскі прытулак для бандытаў.

Пакуль сунуўся лес, Башлыкоў насцярожана цікаваў яго цемру. За роўняддзю шлях пачаў сыходзіць уніз, уціснуўся ў крутыя берагі. З аднаго боку бераг і з другога — усё закрылі. Знізу не відаць, што на іх, за грэбнем. А стуль усё — як на далоні. Берагі блізка — нейкія тры крокі ў бакі. Сціснулі так, што і развярнуцца з вазком няпроста. От дзе пекануць зручна!.. Добра адно, што коні, як бы разумеючы небяспеку, з горкі падбавілі бегу. Непрыемнае,

цягучае чаканне. Увага адначасна ў адзін і другі бок. Рука аж нямее, сціскае наган.

Нарэшце берагі пачалі рассоўвацца, рассунуліся. Ні лесу, ні бяроз абапал, шэрая, мутная шыр. Шыр балота. Шлях пабег грэбляй, што выткнулася над заснежанай нізінай. Позірк Башлыкова ўнізваўся ў змрок наперадзе, намагаўся разгледзець цёмны, шырокі бераг. Камунарскі бераг. От ужо масток над Тур'ёй — капыты коней, як у бубен, застуганелі па дошках. За мастком — зусім побач — горка, на ёй цёмныя камунарскія будынкі.

Коні на горку прыцішылі бег, пайшлі спакайней. Нібы адчулі, што небяспека ўжо ззаду. Злева плыў плот, плылі копы яблынь за плотам. Справа — некалькі хат, без адзінага агеньчыка. Уткнуліся ў неба і зніклі ў змроку таполі, і зноў разлеглася, папаўзло па баках мутнае поле. Башлыкоў перастаў ціснуць ручку нагана, сунуў яго ў кішэню. Уткнуў шыю, бараду ў каўнер, прыплюшчыў вочы. Сядзеў расслаблена, слухаў прасторны пошум ветру, чуў халодны пах снегу. Як бы здаля, але суцешліва даходзіла, як паскрыпвалі палазы, што час ад часу чаплялі голую зямлю. Як горача пасапвалі ззаду Апейкавы коні.

Нядаўняе ўтрапенне паволі прыціхала. Трывога жыла ўсярэдзіне ўжо не толькі як рэальнасць, але і як успамін пра перажытае. Успамін гэты вярэдзіў непрыемна: цяпер, калі ўсё цверазеў, няёмка было адчуваць, што так гарачыўся, нерваваўся. Нават нібы спалохаўся. Не, не спалохаўся — няма чаго кляпаць на сябе. Проста быў напагатове, як трэба. Глядзеў адкрыта ў вочы праўдзе. Гатовы быў адказаць у любы момант. І адказаў бы як належыць!.. Усё ж — непрыемна вярэдзіла яго — не круці: спакою, вытрымкі належнай не было. Хваравіта трымаўся: сэрца хапалася, як у навабранца. Хлапчук! Ледзь не прызваў на дапамогу Апейку!..

Зноў узяло ранейшае: было там, у кустах, што ці не было? Праўдзівы перад сабой, ён адчуваў цяпер, што вельмі магло стацца — не было нічога. Здалося. Прычаўплося. Ад неспакою. Багатай фантазіі… Ён вылаяўся ўголас: «Ч-чорт!.. Дайшоў!..» Папракнуў: «Праклятыя нервы!..»

Непрыемнае ўзрушэнне, што не хацела адыходзіць, увяло іншае. У памяці ажыло: духата, густы, едкі дым папярос. Цяжкі дух поту, аўчын і свіст. Цёмныя, з неспакойнымі ценямі абліччы. Потныя, непадатныя. Злосна ашчэраныя раты. «Няма такога права!» «Ето не па закону!..» За гэтым прыйшло дзённае: як хадзіў па пустым калгасным двары — сіратлівая пустэча канюшні і свірна, сумная адзінокасць паржавелай жняяркі. Як хадзіў з Чарнаштанам, з Гайлісам па дварах уцекачоў, спрабаваў кожнага ўгаварыць адумацца, вярнуцца. Згадаў, як ледзь не кожны, заўважыўшы яго на двары, насцярожваўся, спрабаваў схавацца. Жонкі, злыя іх вочы. І злыя, варожыя крыкі.

Чым больш хадзіў, тым больш адчуваў — марна гэта. І цяпер запякло адчуванне глухаты іх, варожасці, нават — нянавісці. І разам — сваёй слабасці, сваёй прыніжанасці. Брыдкае адчуванне. Ніколі, здаецца, не было такога…

Ён успомніў, што тая ж глухата і варожасць сталі перад ім, калі загаварыў на сходзе. Успамін пра гэта асабліва ўсхваляваў, бо тут ён выйшаў, вытраціўшыся за дзень, звярэдзіўшы ўсяго сябе. Бо тут высільваўся над меру. Аддаваў рэшткі сябе. Дзіўна, хоць, перабіраючы тое, што казаў, не бачыў памылкі, яго ўсё ж гняло нездавальненне сабой. Нібы ўсё-ткі казаў не тое, што трэба, і не так, як трэба. Можа, гэта было ад таго, што не пераканаў жа, не змяніў нічога. З прыкрасцю думаў, што не вытрываў пад канец, загарачыўся. І яшчэ больш сапсаваў усё… За гэтым пачаў перабіраць паводзіны, выступленні іншых прамоўцаў. Ад Дубадзела нельга было чакаць большага, стараўся, колькі хапіла. А вось Глушаку можна было б лепш выступіць. Гаварыў, нібы хацеў адбыць. І Дарошка — далікацтва нейкае развяла. Але найбольш «цікавае» ўсё ж — слова старшыні выканкома. Байка пра нейкага Івана — проста анекдатычны ўзорчык сярмяжнай філасофіі. Падробкі пад мужычка. А фактычна — узор апалітычнасці, апартунізму. Якіх далей проста-такі нельга ўжо дараваць. Якія ўжо чорт ведае куды вядуць.

Поделиться с друзьями: