Завеі, снежань
Шрифт:
— Апраўдвацца няма чаго. Улічыць трэба. — Башлыкоў прапусціў міма ўвагі нязгоду, нават іронію, якія былі на Апейкавым твары, сказаў цвёрда, але спакайней: — Павінен наогул, як таварыш, зазначыць табе, каб ты сур'ёзна ўлічыў: ты не першы раз абыходзіш даваць палітычныя ацэнкі. Быццам пазбягаеш іх.
— Гэта — няпраўда.
— Ты ўлічы гэта, — настойліва параіў Башлыкоў. — Ты — не адзін раз ужо — замест чоткай палітычнай ацэнкі даеш перавагу старасвецкім мудрасцям. Сялянскай «філасофіі». Я разумею, кожнаму хочацца падабацца. Але гэта, глядзі, можа далёка завесці.
Апейка стрымаў сябе.
— Дзякую за папярэджанне. Толькі, думаю, яно мне не спатрэбіцца.
— Глядзі. Усякае забыццё палітыкі —
— Заўважу! — перабіў яго Апейка. Не мог ужо слухаць больш гэтых парад. — Тым больш што ніякага «забыцця палітыкі» ніколі ў мяне не было. Проста палітыка такая штука, што трэба яшчэ варыць і сваёй галавой. А мы варым — кожны па-свойму. — Але яму не хацелася ў гэты момант весці агульную, наўрад ці карысную спрэчку. Карцела іншае, жывое. — А ты ведаеш, — сказаў ён, ваяўніча падаючыся тварам да Башлыкова, — я таксама не ў захапленні ад тваёй прамовы!
Башлыкоў зірнуў недаверліва.
— Чым жа яна была дрэнная?
— Яна была проста выдатная. Але ў яе быў адзін недахоп. Гэта быў — пусты стрэл. Стрэл — у неба. Абы-куды.
Башлыкоў не разумеў.
— Па-мойму, калі я што-небудзь кемлю, кожнае слова мае значэнне толькі тады, калі яно… як бы сказаць — адказвае людзям… памагае ім разабрацца ў тым, што іх непакоіць… І даходзіць да іх. Да іх душы… Тваё — не адказала ім і не дайшло.
Башлыкоў момант думаў. Хацеў, было падобна, спрачацца спачатку, але стрымаў сябе.
— Трэба людзей падымаць, — прамовіў як канчатковае. — А не плесціся ў хвасце.
Ён пайшоў за стол і, заклапочана-засяроджаны, паказваючы, што дыскусію кончыў, загаварыў пра тое, для чаго запрасіў:
— Абмеркаваць трэба, што рабіць. Давай падумаем.
Апейка моўчкі кіўнуў. Трэба абмеркаваць. Ён гатовы.
— Мы ў прарыве. Трэба зараз жа зрабіць сур'ёзныя вывады. І прыняць неадкладныя захады. Перш за ўсё — вывады пра сябе, пра нашу дзейнасць. Трэба адкрыта паглядзець, назваць рэчы сваімі імёнамі. Мы гулялі ў лібералізм, міндальнічалі. У абстаноўцы, дзе трэба было дзейнічаць рашуча. Праявілі недаравальнае галавацяпства. — Бышлыкоў, відаць, адчуў, што Апейка гэта можа зразумець, як папрок яму, дадаў строга: — У гэтым у першую чаргу вінаваты я, як сакратар райкома. — Ён сказаў, бачыў Апейка, не для прыліку. Ды Апейку гэта і не здзівіла: Башлыкоў заўсёды быў строгі да сябе. Але Башлыкоў не быў настроены доўга крытыкавацца. Трэба было дзейнічаць. Рэзка, рашуча стаў весці далей: — Вынікі нашага галавацяпства — на кожным кроку. Самы галоўны — актывізацыя кулацкіх элементаў. Карыстаючыся нашай паблажлівасцю, кулаччо ўзняло галаву! Ідзе адкрыта вайною! Сход учарашні — паказаў гэта вачавідкі!.. — Ён стрымаў прыкрасць ад успаміну. Стройны ў абцягненай пад поясам гімнасцёрцы, важка апусціў руку на стол. — Першая задача — ударыць па кулаччу!
Апейка кіўнуў галавою. Згодны.
— Я думаю зараз жа выклікаць Харчава і даць указанне. Выехаць у «Рассвет», расследаваць прычыны. Прыняць неадкладна строгія захады. Найбольш злосных прыцягнуць да судовай адказнасці. Я лічу, што, акрамя кулачча, трэба ўдарыць і па іх саюзніках усіх масцей. Па ўсіх, хто самкнуўся з імі, дзейнічае як іх пасобнік. Па ўсіх падгалосках. Незалежна ад сацкатэгорыі.
— Харчаў — чалавек гарачы, — дзелавіта перапыніў яго Апейка. Разважліва памеркаваў уголас: — Трэба — каб разабраўся цвяроза. Каб пад гарачую руку не перахапіў. Спіскі, меры трэба перагледзець разам. Абавязкова.
Башлыкову не спадабалася ні тое, што Апейка перабіў яго, ні тое, што ён казаў. Неахвотна згадзіўся:
— Прагледзім… Сур'ёзныя партыйныя вывады, — загаварыў ён ранейшым, рашучым тонам, — трэба зрабіць адносна дзейнасці Алешніцкай ячэйкі. Я лічу, што дзейнасць Гайліса, Чарнаштана трэба абмеркаваць на бюро і даць ім належную ацэнку. І даць па заслугах. Рашэнне бюро
шырока абмеркаваць у іншых ячэйках раёна.Яму надакучыла стаяць. Ён неспакойна варухнуўся, ступіў за сталом крок, другі — туды, назад. Па тым, якія напружанасць, імкненне адчуваліся ў прамой, зграбнай постаці, было відаць, што будзе яшчэ гаварыць. І вельмі важнае.
— Я наогул лічу: тое, што адкрылася ў Глінішчах, служыць нам сігналам, што трэба зрабіць сур'ёзныя вывады ў цэлым па раёну. Мы павінны прыняць неадкладныя меры ў адносінах да кулачча па ўсяму раёну. Усе найбольш злосныя элементы трэба ізаліраваць. Прыняць меры ў адносінах розных іх пасобнікаў, падбухторшчыкаў. Яўных і тайных кулацкіх агітатараў. Адным словам, прыняць рашучыя меры па ўсяму раёну.
Раздзел другі
1
Скончыўшы, Башлыкоў адчуваў сябе ўзрушана і дужа. Рашучасць, з якой гаварыў, нібы падняла самога, надала сілы. Ён гатоў быў дзейнічаць.
Башлыкоў помніў, што яны з Апейкам на многае глядзяць па-рознаму і што Апейка чалавек упарты, але цяпер тое, што выказаў, Башлыкоў лічыў настолькі правільным, неабходным, што ўсё ж чакаў — павінен згадзіцца. Калі ж Апейка пачне зноў гнуць сваё, Башлыкоў гатоў быў і да гэтага: гатоў быў даць бой, сур'ёзны і прынцыповы. Папярэдзіць як належыць.
Ён хацеў толькі аднаго, каб спрэчка не была доўгай: нельга было траціць час попусту. Засунуўшы рукі ў кішэні штаноў, ён пранікліва глядзеў на Апейку.
— Я згодны, — сказаў Апейка, — трэба дзейнічаць. І дзейнічаць зараз жа… І згодны, што трэба вывады па ўсяму раёну… Ты праўду кажаш: тое, што здарылася ў «Рассвеце», — сігнал. Сігнал — небяспечны… А от вывады, якія ты зрабіў, — у Апейкавым голасе пачулася цвёрдасць, — я лічу аднабаковымі.
— Якія ж твае вывады? — Башлыкоў прамовіў так, быццам паказваў, што ні трохі не здзіўлены. У Апейкі заўсёды свае вывады.
— Вывады мае такія, — павысіў голас Апейка, — што ва ўсім вінаваты перш за ўсё мы самі. Давай глядзець праўдзе ў вочы! І не ківаць на кагосьці! Калі ўжо сказаў, што вінаваты…
Папрок Апейкі, нібы ён, Башлыкоў, не глядзіць праўдзе ў вочы і ўзяў віну на сябе толькі для прыліку, Башлыкову не спадабаўся. Адчуваючы сябе несправядліва пакрыўджаным, ён усё ж больш заўважыў дзіўнае: «не ківаць на кагосьці!».
— Як гэта разумець: «не ківаць на кагосьці»?
— Так і разумець. — Апейка глянуў прама, рашуча. — Узяць віну найперш на сябе. Не шукаць чарцей там, дзе іх няма. А сур'ёзна разабрацца ў сапраўдных прычынах.
— Ты разумееш, што твой намёк — дрэнна пахне?
У тоне Башлыкова добра адчувалася, што ён папярэджвае — пах гэты вельмі небяспечны.
— Я разумею, — сказаў Апейка ўпарта, — што ніякага міндальнічання ў нас не было. Наогул! Тым больш да кулацкіх элементаў! А от ты разумець не хочаш, што сілаю не ўсяго можна дабіцца!
— Ліберальнічанне — у такі момант, як цяпер, — наогул…
— Ліберальнічанне! — непахісна перабіў яго Апейка. — Якое ліберальнічанне?.. Тыя людзі, якіх мы ўчора ўгаворвалі, прыйшлі самі ў калгас. Сярод першых… Значыць, яны не горшыя. Не праціўнікі нашы ва ўсякім разе. Не праціўнікі. — Апейка ўзняў вочы на Башлыкова, позіркі іх сустрэліся. Башлыкоў заўважыў: позірк Апейкі быў настойлівы, патрабавальны. — А от пабылі, паспрабавалі абяцанага і ледзь не ў адзін голас: «Не хочам!» І ўгавораў новых не паслухаліся. І ўгавораў, і пагроз!.. От што зрабілася! От што павінна трывожыць!.. Людзі паверылі нам, пайшлі, куды мы звалі. Пабылі і — расчараваліся і ў арцелі, і разам — у нас… А цяпер мы рашылі, — у Апейкавым голасе пачулася насмешлівасць, — «правільны вывад»: «прыняць меры!». Папомсціць ім! За што? За тое, што яны паверылі нам? За тое, у чым мы самі вінаваты?