Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Кавы, — сказаў я. — Кавы з вішнёвай настойкай.

Мы пайшлі ў вагон-рэстаран. Раптам настрой мой падняўся. Усё ідзе не так дрэнна, як здавалася ўчора.

Хэльга Гутман ужо сядзела за столікам. Гэта была статная вясёлая дзяўчына паўднёвага тыпу.

— Дзіўна, — сказаў я, — што так супала — вы едзеце ў адзін санаторый.

— Нічога асаблівага, — адказала яна.

Я глянуў на яе. Яна засмяялася.

— У гэты час пералётныя птушкі зноў збіраюцца ў гурт… Там… — яна паказала на куток рэстарана, — там увесь столік едзе туды.

— Адкуль вы ведаеце? —

спытаў я.

— Я іх ведаю з мінулага года. Там усе знаюць адзін аднаго.

Афіцыянт прынёс каву.

— Прынясіце мне яшчэ да кавы двайную порцыю вішнёвай настойкі, — сказаў я.

Мне трэба было крыху выпіць. Раптам усё стала так проста. Вунь сядзяць людзі і едуць у санаторый нават другі раз, і здавалася, што гэтая паездка для іх — проста прагулка. Глупства — так баяцца. Пат вернецца, як вярталіся дадому ўсе гэтыя людзі. Я не падумаў, што ўсе гэтыя людзі ехалі туды зноў. Дастаткова было ведаць, што адтуль можна вярнуцца і жыць яшчэ цэлы год. Наша мінулае навучыла нас не забягаць у думках далёка наперад.

Мы прыехалі пад вечар. Неба раз'яснілася, сонца пасылала залацістыя промні на заснежаныя палі, а неба было такое блакітнае, якога не было ўжо некалькі тыдняў. На вакзале было шмат сустракаючых. Яны віталі тых, хто прыехаў, махалі ім хусцінкамі, а з цягніка ім адказвалі пасажыры. Хэльгу сустрэла вясёлая жанчына-бландзінка і два мужчыны ў светлых штанах-гольф. Яна ўсхвалявана замітусілася, быццам пасля працяглай разлукі вярнулася дамоў.

— Да пабачэння, — потым, наверсе! — крыкнула яна нам і села са сваімі сябрамі ў вазок.

Людзі хутка разышліся, і праз некалькі хвілін мы засталіся на пероне адны. Да нас падышоў насільшчык.

— У які гатэль? — спытаў ён.

— У санаторый «Лясны спакой», — адказаў я.

Ён кіўнуў і даў знак фурману. Яны пагрузілі чамаданы ў блакітны вазок, запрэжаны двума канямі. На іх галовах былі султаны са стракатых пёраў, і пара з іх храпаў ахутвала пысы перламутравым воблакам. Мы селі.

— Хочаце падняцца наверх па канатнай дарозе ці ў санях? — спытаў фурман.

— Ці далёка на санях?

— Паўгадзіны.

— Тады на санях.

Фурман шчоўкнуў языком, і мы паехалі. Дарога вывела з вёскі і спіраляй закруцілася ўверх. Санаторый быў на гары па-над вёскай. Доўгі белы будынак са шматлікімі вокнамі на балконы. Слабы вецер гайдаў сцяг над будынінай. Я думаў, што ўбачу нешта накшталт бальніцы. Але санаторый быў больш падобны, ва ўсякім разе на першым паверсе, да гатэля. У холе гарэў камін. На некалькіх століках стаяў чайны посуд.

Мы адзначыліся ў рэгістратуры. Работнік занёс нашы чамаданы, і дама ў гадах растлумачыла нам, што Пат будзе жыць у пакоі 79. Я спытаў, ці нельга мне атрымаць пакой на некалькі дзён. Яна пахітала галавой.

— У санаторыі нельга. Магчыма, у флігелі.

— А дзе ён?

— Тут побач.

— Добра, — сказаў я. — Тады дайце мне пакой і скажыце, каб занеслі мой чамадан.

У бясшумным ліфце мы падняліся на трэці паверх. Наверсе, праўда, усё нагадвала бальніцу. Хоць і вельмі камфартабельную, ды ўсё ж бальніцу. Белыя калідоры, белыя дзверы,

усюды бляск шкла, нікелю і чысціні. Нас сустрэла старшая сястра.

— Фройляйн Хольман?

— Так, — сказала Пат, — пакой 79?

Старшая сястра кіўнула, пайшла наперад і адчыніла дзверы.

— Вось ваш пакой.

Гэта было светлае, сярэдняй велічыні памяшканне, у якое праз шырокае акно свяціла вечаровае сонца. На стале стаяў букет жоўтых і чырвоных астраў, а за акном прасціраліся светлыя заснежаныя палі, у якія вёска хуталася, як у вялізную мяккую коўдру.

— Табе падабаецца? — спытаў я Пат.

Яе позірк на імгненне спыніўся на мне.

— Падабаецца, — сказала яна потым.

Работнік прынёс чамаданы.

— Калі мне прыйсці на абследаванне? — спытала яна сястру.

— Заўтра раніцай. Сёння вам лепш раней легчы спаць, каб як след адпачыць.

Пат скінула з сябе плашч і паклала яго на белы ложак, на якім вісеў чысты тэмпературны ліст.

— У пакоі няма талефона? — спытаў я.

— Ёсць разетка, — сказала сястра. — Тэлефон можна ўстанавіць.

— Што я павінна яшчэ зрабіць? — спытала Пат.

Сястра пахітала галавой.

— Сёння нічога. Толькі заўтра пасля абследавання будзе прызначана лячэнне. Абследаванне — у дзесяць. Я прыйду па вас.

— Дзякую, сястра.

Сястра выйшла. Работнік яшчэ стаяў каля дзвярэй. Я даў яму «гасцінца». Ён пайшоў таксама. У пакоі стала раптам вельмі ціха. Пат глядзела ў акно. Яе галава ў бляску святла здавалася чорнай.

— Ты замарылася? — спытаў я.

Яна павярнулася.

— Не.

— У цябе змораны выгляд, — сказаў я.

— У мяне іншая змора, Робі. Але на адпачынак у мяне яшчэ хопіць часу.

— Ты хочаш пераапрануцца? — спытаў я. — Ці спусцімся спачатку на гадзінку ўніз? Мне здаецца, будзе лепш, калі мы яшчэ спусцімся.

— Добра, — сказала яна. — Так будзе лепш.

На бясшумным ліфце мы з'ехалі ўніз і селі за маленькі столік у холе. Праз хвілінку да нас падышла Хэльга Гутман з сябрамі. Яны селі за наш столік. Хэльга была ўзбуджаная і крыху ненатуральна вясёлая, але я быў рады, што яна была з намі і што ў Пат ужо з'явілася некалькі знаёмых. Заўсёды цяжка перажыць першы дзень.

XXІІ

Праз тыдзень я вярнуўся. Ад вакзала пайшоў адразу ў майстэрню. Калі я прыйшоў, ужо сцямнела, яшчэ ішоў дождж, і мне здавалася, што мінуў год, як я адвёз Пат. Кёстэр і Ленц сядзелі ў канторы.

— Ты прыйшоў у самы час, — сказаў Готфрыд.

— А што здарылася? — спытаў я.

— Дай яму аддыхнуць з дарогі, — сказаў Кёстэр.

Я сеў.

— Як справы ў Пат? — спытаў Ота.

— Добра. Наколькі можа быць добра. Але скажыце мне, што тут здарылася.

Гаворка пайшла пра машыну, якую мы забралі пасля аварыі. Мы яе адрамантавалі і вярнулі тыдні два назад. І вось Кёстэр учора пайшоў па плату. Але гаспадар машыны за гэты час збанкрутаваў. Машына прадаецца з аўкцыёну, разам з усёй маёмасцю.

Поделиться с друзьями: