Тры таварышы
Шрифт:
Гаспадар «Інтэрнацыяналя» атрымаў дазвол не зачыняць кавярню і на куццю. Халасцякі ўсялякіх таварыстваў адзначалі вялікае свята. Старшыня саюза гандляроў жывёлай, свінагандляр Стэфан Грыгаляйт ахвяраваў на свята двух малочных парасят і некалькі кумпякоў. Грыгаляйт — добрая душа — ужо два гады быў удавец. Яму захацелася правесці калядны вечар у кампаніі.
Гаспадар прыдбаў ёлку вышынёй у чатыры метры, якую паставілі побач са стойкай. Роза — аўтарытэт па стварэнні ўтульнай даверлівай атмасферы — узялася ўпрыгожваць ёлку. Ёй дапамагалі Марыон і Кікі, які ў адпаведнасці са сваімі схільнасцямі таксама меў адчуванне прыгожага. Гэтыя трое
Паполудні я прылёг на гадзінку-другую паспаць. Калі я прачнуўся, было цёмна. Я не адразу ачомаўся, каб зразумець: вечар цяпер ці раніца? Штосьці мне прыснілася, але я не мог прыпомніць што. Быццам я быў недзе далёка і, здавалася, пачуў, як за мной з шумам зачыніліся чорныя дзверы. Потым пачуў, што нехта стукае.
— Хто там? — адазваўся я.
— Я, пан Локамп.
Я пазнаў голас фраў Залеўскі.
— Заходзьце, — крыкнуў я. — Дзверы адчынены.
Клямка забразгала, і ў дзвярах я ўбачыў фраў Залеўскі, асветленую жоўтым святлом з калідора.
— Фраў Хасэ з'явілася, — прашаптала яна. — Хадзем хутка. Я не магу ёй сказаць.
Я не паварухнуўся. Мне трэба было зарыентавацца.
— Пашліце яе ў паліцыю, — сказаў я потым.
— Пан Локамп! — Фраў Залеўскі ўзмахнула рукамі. — Больш нікога няма. Вы мусіце дапамагчы мне. Вы ж хрысціянін!
У чатырохкутніку дзвярэй яна была як чорны цень, які танцуе.
— Перастаньце, — незадаволена сказаў я. — Зараз іду.
Я выйшаў. Фраў Залеўскі чакала мяне ў калідоры.
— Яна ўжо што-небудзь ведае? — спытаў я.
Яна пахітала галавой і прыціснула хусцінку да вуснаў.
— А дзе яна?
— У былым сваім пакоі.
Каля дзвярэй кухні стаяла Фрыда, узмакрэлая ад хвалявання.
— На ёй капялюш са страўсінымі пёрамі і брошка з брыльянтамі.
— Сачыце, каб гэтая ідыётка не падслухоўвала, — сказаў я фраў Залеўскі і ўвайшоў у пакой.
Фраў Хасэ стаяла каля акна. Калі я ўвайшоў, яна імкліва павярнулася. Відавочна, яна чакала кагосьці іншага. Я паводзіў сябе як дурань: мой першы позірк мімаволі быў скіраваны на капялюш і брошку. Фрыда мела рацыю: капялюш быў шыкоўны. Брошка — больш сціплая. Кабета прыбралася, быццам жадаючы паказаць камусьці, як добра ёй жывецца. Увогуле яна глядзелася нядрэнна. Ва ўсякім разе лепш, чым раней.
— Хасэ, мусіць, працуе і на куццю? — з'едліва спытала яна.
— Не, — сказаў я.
— Дзе ж ён? У водпуску?
Яна падышла да мяне, круцячы сцёгнамі. У нос мне ўдарыў пах парфумы.
— А што вам трэба ад яго? — спытаў я.
— Упарадкаваць свае справы. Разлічыцца. Урэшце, мне належыць мая доля.
— Не турбуйцеся, — сказаў я. — Цяпер вам належыць усё.
Яна ўтаропілася на мяне.
— Ён памёр, — сказаў я.
Лепш было б сказаць неяк інакш. Не так паспешліва, падрыхтаваўшы. Але я не ведаў, як пачаць. Акрамя таго, мая галава была яшчэ пустая пасля сну. Пасля такога сну, прачнуўшыся, можна пакончыць жыццё самагубствам.
Фраў Хасэ стаяла пасярэдзіне пакоя, і, як ні дзіўна, у той момант, калі я ёй гаварыў, я вельмі яскрава бачыў, што яна, калі будзе падаць, ні аб што не ўдарыцца. Гэта было неверагодна, але я сапраўды больш нічога не бачыў і ні пра што не думаў.
Але яна не ўпала. Яна трымалася на нагах і пазірала
на мяне.— Так, — сказала яна, — так… — Толькі пёры на яе страўсіным капелюшы ўздрыгвалі. І раптам — я не заўважыў, як гэта адбылося, — на маіх вачах гэта расфранчаная, напарфумленая кабета пачала старэць. Здавалася, што час, нібы навальнічны лівень, зваліўся на яе і кожная секунда была роўная году. Напружанасць знікла, урачыстасць згасла, твар азыз. Зморшчыны напаўзлі на яго, як чарвякі, і калі яна потым, няўпэўнена мацаючы рукамі, ухапілася за спінку крэсла і села, нібы баючыся нешта разбіць, перада мной была іншая жанчына — змораная, надломаная, старая…
— Што ў яго было? — спытала яна нерухомымі вуснамі.
— Ён памёр раптоўна, — сказаў я.
Яна не слухала. Яна ўзіралася на свае рукі.
— Што я цяпер буду рабіць? — мармытала яна. — Што мне цяпер рабіць?
Я крыху пачакаў. Я адчуваў сябе агідна.
— Нехта ж ёсць у вас, да каго вы можаце пайсці, — нарэшце сказаў я. — Вам лепш тут не заставацца. Ды вы і не хацелі заставацца тут.
— Цяпер усё змянілася, — адказала яна, не гледзячы на мяне. — Што ж мне цяпер рабіць…
— У вас жа, напэўна, нехта ёсць, хто чакае вас. Пайдзіце да яго і абмяркуйце ўсё з ім. А потым, пасля каляд, схадзіце ў паліцыю. Там усе дакументы і банкаўскія чэкі таксама. Вам трэба з'явіцца туды. Тады вы зможаце атрымаць грошы.
— Грошы, грошы, — прамармытала яна. — Якія грошы?
— Даволі шмат. Тысячу дзвесце марак прыблізна.
Яна ўзняла галаву. Раптам у яе вачах бліснула вар'яцтва.
— Не, — зашыпела яна, — гэта няпраўда!
Я не адказаў.
— Скажыце, што гэта няпраўда, — прашаптала яна.
— Магчыма, гэта няпраўда. Але магчыма, што ён патаемна адкладваў на чорны дзень.
Яна ўстала. Яна раптам зусім змянілася. Яе рухі сталі аўтаматычнымі. Яна наблізіла свой твар да майго.
— Так, гэта праўда, — прашаптала яна. — Я адчуваю, што гэта праўда! Нягоднік! О, які нягоднік! Прымушае мяне пайсці на такое — і на табе! Але я вазьму іх і выкіну ўсё ў адзін вечар, проста на вуліцу, каб нічога ад іх не засталося. Нічога! Нічога!
Я маўчаў. З мяне хапіла. Пачатак яна перажыла, яна ведала, што Хасэ нежывы, а з астатнім няхай спраўляецца сама. Магчыма, яна яшчэ раз скаланецца, калі даведаецца, што ён павесіўся, але гэта — яе справа. Вярнуць ёй Хасэ — немагчыма.
Цяпер яна заплакала. Яна залівалася слязьмі. Яна галасіла тоненькім жалобным голасам, як дзіця. Гэта цягнулася даволі доўга. Я шмат заплаціў бы за магчымасць запаліць. Я не мог трываць чужыя слёзы.
Нарэшце яна перастала, выцерла твар, механічна дастала пудраніцу і пачала пудрыцца без люстэрка. Потым зноў схавала срэбную пудраніцу, але забылася закрыць сумачку.
— Я нічога больш не ведаю, — сказала яна надламаным голасам. — Я больш нічога не ведаю. Ён, мусіць, быў добры чалавек.
— Так, ён быў добры.
Я сказаў ёй яшчэ адрас паліцэйскага ўчастка і што сёння ён ужо зачынены. Мне здавалася, што ёй лепш не ісці туды адразу. На сёння — дастаткова.
Калі яна выйшла, са свайго салона паказалася фраў Залеўскі.
— Няўжо тут, акрамя мяне, ніводнай жывой душы? — спытаў я, злуючыся на самога сябе.
— Толькі пан Георгі. Дык што яна сказала?
— Нічога.
— Тым лепей.
— Як паглядзець. Бывае, што не лепей.
— У мяне няма спачування ёй, — заявіла фраў Залеўскі энергічна. — Ні кропелькі.