Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Ціха адчыніліся дзверы з вялікай залы. Пад меладычны напеў сюды гужам уплыў хор на чале з Грыгаляйтам, які паліў чорную бразільскую цыгару. Спевакі выстраіліся за дзяўчатамі.

З дому я пайшоў… Свет багаты цвіў, А вярнуўся зноў… Ён пустэльны быў…

Ціха адгучаў хор.

— Выдатна, — сказала Ліза.

Роза запаліла бенгальскія агні. Яны шыпелі і стралялі іскрамі.

— Добра, а цяпер што-небудзь вясёленькае! — усклікнула яна. — Трэба падбадзёрыць Кікі.

— І мяне таксама, —

сказаў Стэфан Грыгаляйт.

У адзінаццаць гадзін прыйшлі Кёстэр і Ленц. Мы з бледным Георгі селі за стол каля стойкі. Георгі далі некалькі сухарыкаў, каб паставіць яго на ногі. Неўзабаве пасля гэтага Ленц растварыўся ў шумнай кампаніі жывёлапрамыслоўцаў. Праз пятнаццаць хвілін мы ўбачылі яго з Грыгаляйтам каля стойкі. Яны скрыжавалі рукі і пілі на брудэршафт.

— Стэфан! — прадставіўся Грыгаляйт.

— Готфрыд! — адказаў Ленц, і яны выпілі па чарцы каньяку.

— Я прышлю табе заўтра крывяной і лівернай каўбасы. Добра, Готфрыд?

— Цудоўна! — Ленц ляпнуў яго па плячы. — Добра, стары Стэфан!

Стэфан ззяў.

— Ты так добра смяешся, — гаварыў ён у захапленні. — Я люблю, хто так прыгожа смяецца. Я занадта хутка паддаюся суму, гэта мая слабасць.

— І мая! — адказаў Ленц. — Вось таму я і смяюся. Хадзем, Робі, выпі з намі чарку за бясконцы сусветны смех!

Я падышоў да іх.

— Што з тым хлопцам? — спытаў Стэфан і паказаў на Георгі. — У яго вельмі сумны выгляд.

— Яго лёгка зрабіць шчаслівым, — сказаў я. — Яму патрэбна толькі крыху працы.

— Задачка, — адказаў Стэфан. — На сённяшні дзень.

— Ён гатовы на любую працу.

— Сёння ўсе на ўсё гатовыя, — Стэфан працверазеў.

— Хлопцу трэба 75 марак у месяц.

— Глупства. Столькі яму не хопіць.

— Яму хопіць, — сказаў Ленц.

— Готфрыд, — адказаў Грыгаляйт, — я стары п'яніца. Добра. Але праца — справа сур'ёзная. Яе нельга сёння даць, а заўтра забраць. Гэта яшчэ горш, чым ажаніць чалавека, а заўтра зноў адабраць жонку. Але калі хлопец сумленны і задаволіцца сям'юдзесяццю пяццю маркамі, яму пашанцавала. Няхай прыйдзе да мяне ў аўторак у восем гадзін. Мне патрэбен памочнік на ўсякую бегатню па справах саюза і ўсякае такое. Акрамя платы атрымае тады-сяды пакунак мяса. Здаецца, яму не пашкодзіла б крыху падсілкавацца.

— Гэта цвёрдае слова? — спытаў Ленц.

— Слова Стэфана Грыгаляйта.

— Георгі, — усклікнуў я, — падыдзі сюды.

Даведаўшыся, у чым справа, ён закалаціўся. Я вярнуўся да Кёстэра.

— Паслухай, Ота, — сказаў я, — ты хацеў бы пачаць жыццё яшчэ раз спачатку, калі б было можна?

— Яшчэ раз гэтаксама?

— Ну.

— Не, — сказаў Кёстэр.

— І я — не, — сказаў я.

XXIV

Гэта здарылася праз тры тыдні, халодным студзеньскім вечарам. Я сядзеў у «Інтэрнацыяналі» і гуляў з гаспадаром у «дваццаць адно». Шынок быў пусты, нават прастытуткі не прыйшлі. У горадзе было неспакойна. Па вуліцы ўвесь час праходзілі калоны — адны маршыравалі пад аглушальныя вайсковыя маршы, другія, спяваючы «Інтэрнацыянал». Потым зноў цягнуліся доўгія маўклівыя калоны з лозунгамі, якія патрабавалі працы і хлеба. Шматлікія ногі адбівалі крок па асфальце, быццам гэта ішоў вялізны няўмольны гадзіннік. Пад вечар паміж забастоўшчыкамі і паліцыяй адбылася сутычка, у час якой дванаццаць чалавек былі паранены. Цяпер уся паліцыя была ў баявой гатоўнасці. На вуліцах завывалі сірэны паліцэйскіх машын.

— Няма спакою, — сказаў гаспадар і адкрыў карты. У яго

было шаснаццаць. — Вайна скончылася, а спакою няма і няма. А мы ж толькі і марылі пра спакой. Вар'яцкі свет!

У мяне было семнаццаць, і я забраў банк.

— Свет не звар'яцеў, — сказаў я. — Людзі звар'яцелі.

Алоіс, які стаяў за крэслам гаспадара і «хварэў» за яго, запратэставаў:

— Яны не звар'яцелі, проста сквапныя. Зайздросцяць адзін аднаму. Ад таго, што ўсяго шмат, у большасці няма нічога. Уся справа ў размеркаванні.

— Вядома, — сказаў я і, узяўшы дзве карты, спасаваў. — Але такое становішча існуе ўжо некалькі тысяч гадоў.

Гаспадар адкрыўся. У яго было пятнаццаць. Ён з адчаем зірнуў на мяне. Потым прыкупіў туза. Перабор. Я адкрыў свае карты. У мяне было толькі дванаццаць ачкоў, і з пятнаццаццю ён выйграў бы.

— Д'ябальшчына! Я кідаю гуляць, — лаяўся ён. — Які подлы блеф. Я падумаў, што ў вас не менш васемнаццаці.

Алоіс штосьці прагундосіў.

Я забраў грошы. Гаспадар пазяхнуў і паглядзеў на гадзіннік.

— Скора адзінаццаць. Здаецца, трэба зачыняць. Больш ужо ніхто не прыйдзе.

— Хтосьці ідзе, — сказаў Алоіс.

Дзверы адчыніліся. Гэта быў Кёстэр.

— Ёсць навіны, Ота?

Ён кіўнуў галавой.

— Бойка ў залах «Барусіі». Двое цяжка параненых, некалькі дзесяткаў лёгка параненых і каля сотні арыштаў. Дзве перастрэлкі ў паўночнай частцы горада. Адзін паліцэйскі забіты. Не ведаю, колькі параненых. Ну, галоўнае, відаць, пачнецца толькі зараз, калі закончацца вялікія сходы. Ты ўжо закончыў?

— Так, — сказаў я. — Мы ўжо хацелі канчаць.

— Тады пайшлі.

Я зірнуў на гаспадара. Ён кіўнуў.

— Тады прывітанне, — сказаў я.

— Бывайце, — адказаў гаспадар. — Паасцеражыцеся.

Мы выйшлі. На вуліцы пахла снегам. Усюды ляжалі лістоўкі, падобныя да вялікіх мёртвых белых матылёў.

— Готфрыда няма, — сказаў Кёстэр. — Дзесьці тырчыць на адным з гэтых сходаў. Я чуў, што іх будуць разганяць, і думаю, што яшчэ ўсяго будзе. Было б добра захапіць яго да канца. Ён жа не стрымаецца.

— Ты ведаеш, дзе ён? — спытаў я.

— Не дакладна. Але, напэўна, на адным з трох галоўных сходаў. Трэба зазірнуць на іх. Готфрыда лёгка пазнаць па яго вогненнай шавялюры.

— Добра. — Мы селі ў машыну і панесліся ў «Карле» да рэстарана, дзе праходзіў адзін сход.

На вуліцы стаяў грузавік з паліцэйскімі. Раменьчыкі фуражак былі апушчаны. Рулі карабінаў матава паблісквалі ў святле ліхтароў. З вокнаў звісалі стракатыя сцягі. Каля ўвахода тоўпіліся людзі ў форме. Амаль усе маладыя.

Мы купілі два білеты, адмовіўшыся ад брашур, не кінуўшы ніводнага пфеніга ў скарбонкі і не аб'яўляючы сваёй партыйнай прыналежнасці. Мы зайшлі ў залу. Яна была запоўнена і добра асветлена, каб адразу выявіць, хто падае голас з месца. Мы спыніліся каля ўвахода, і Кёстэр, у якога быў вельмі востры зрок, пачаў разглядаць рады.

На подыуме стаяў дужы каржакаваты мужчына і гаварыў. У яго быў гучны грудны голас, які быў добра чуваць у зале. Гэта быў голас, які пераконваў, калі нават не асабліва ўдумвацца ў сэнс прапановы. А сэнс быў лёгка зразумелы. Чалавек нязмушана хадзіў па сцэне, рабіў скупыя жэсты, час ад часу выпіваў глыток вады і жартаваў. Потым ён раптам моўчкі спыняўся, паварочваўся тварам да публікі і змененым рэзкім голасам высякаў сказ за сказам, ён выдаваў ісціны, усім вядомыя, — пра беднасць, пра голад, пра беспрацоўе, усё больш распаляючыся, вабячы за сабой слухачоў. Урэшце ён палка шпурнуў у залу: «Далей так быць не можа! Патрэбны перамены!»

Поделиться с друзьями: