Тры таварышы
Шрифт:
Ён узяў са стала некалькі пісьмаў.
— Я ўжо ўсё падрыхтаваў. Вам застаецца толькі завезці яе. З галоўным лекарам санаторыя я знаёмы яшчэ са студэнцкіх часоў. Ён вельмі сумленны. Я яго інфармаваў пра ўсё.
Ён даў мне пісьмы. Я ўзяў іх, але не хаваў. Ён паглядзеў на мяне, потым падышоў і паклаў мне руку на плячо. Рука была лёгкая, як птушынае крыло, яе дотыку я нават не адчуў.
— Цяжка, — сказаў ён ціха, іншым тонам, — я ведаю. Таму я і чакаў, пакуль было можна.
— Не цяжка, — адказаў я.
Ён махнуў рукой.
— Не трэба…
— Не, —
Жафэ хвілінку памаўчаў.
Яго цёмныя вузкія вочы паблісквалі ў змрочным жаўтлявым святле.
— Чаму вы хочаце ведаць гэта зараз? — спытаў ён праз хвіліну.
— Таму што тады ёй не варта і ехаць, — сказаў я.
Ён хутка зірнуў на мяне.
— Што вы гаворыце?
— Тады ёй лепш заставацца тут.
Ён утаропіўся на мяне.
— Вам вядома, што гэта несумненна азначала б? — спытаў ён ціха і рэзка.
— Вядома, — сказаў я. — Гэта азначала б, што яна памрэ не ў адзіноце. А што гэта такое, мне вядома таксама.
Жафэ падняў плечы, быццам яму зрабілася холадна. Потым ён няспешна падышоў да акна і паглядзеў на дождж. Калі ён вярнуўся, яго твар ператварыўся ў маску. Ён падышоў блізка да мяне і спыніўся.
— Колькі вам год? — спытаў ён.
— Трыццаць, — адказаў я.
Я не зразумеў, чаго ён хоча.
— Трыццаць, — паўтарыў ён дзіўным голасам, быццам гаворачы з самім сабой. Мяне ён як і не пачуў. — Божа мой, трыццаць!
Ён падышоў да пісьмовага стала і спыніўся. Ён здаваўся маленькім, ён пазіраў дзіўным позіркам, быццам ён згубіўся сярод буйной паліраванай мэблі.
— Мне ўжо скора будзе шэсцьдзесят, — сказаў ён, не гледзячы на мяне. — Але я так не змог бы. Я ўвесь час шукаў бы паратунку, увесь час, любой цаной, нават каб ведаў, што ўсё дарма.
Я маўчаў. Жафэ стаяў з такім тварам, быццам ён забыў пра ўсё на свеце. Потым ён зварухнуўся, і яго твар перамяніўся. Ён заўсміхаўся.
— Я ўпэўнены, што яна выдатна перазімуе там.
— Толькі перазімуе? — спытаў я.
— Спадзяюся, што вясной зможа вярнуцца.
— Спадзявацца… — сказаў я. — Што гэта значыць — спадзявацца?
— Усё, — адказаў Жафэ. — Толькі спадзявацца. Цяпер я вам больш нічога сказаць не магу. Усё астатняе — магчыма. Трэба паглядзець, як пойдуць справы ў санаторыі. Але ў мяне цвёрдая надзея, што вясной яна вернецца.
— Напэўна?
— Напэўна.
Ён абышоў вакол стала і так моцна штурхнуў нагой высунутую шуфляду, што аж посуд зазвінеў.
— Д'ябал забяры! Зразумейце ж вы, дзівак, што і мне вельмі важна, каб яна вярнулася.
Увайшла сястра. Жафэ жэстам адаслаў яе. І ўсё-такі яна спынілася — прысадзістая, няўклюдная, з тварам бульдога і сівымі валасамі.
— Потым! — буркнуў Жафэ. — Прыйдзіце потым!
Сястра злосна павярнулася. Выходзячы, яна выключыла святло. У памяшканні ўжо быў шэра-малочны дзень. Твар Жафэ раптам аказаўся вельмі бледны.
— Старая вядзьмарка! — сказаў ён. — Ужо дваццаць гадоў я збіраюся прагнаць яе. Занадта старанная. — Потым ён павярнуўся да мяне: — Ну як?
— Мы выязджаем сёння, — сказаў
я.— Сёння?
— Сёння. Калі ўжо так трэба, то лепш сёння, чым заўтра. Я завязу яе. На некалькі дзён змагу адлучыцца.
Ён кіўнуў галавой і падаў мне руку.
Я пайшоў. Шлях да дзвярэй здаўся мне вельмі доўгім.
На вуліцы я спыніўся. Я заўважыў, што пісьмы ўсё яшчэ трымаю ў руцэ. Дождж забарабаніў па паперы. Я выцер пісьмы і паклаў у нагрудную кішэнь. Потым азірнуўся. Перад домам якраз спыніўся аўтобус. Ён быў поўны, з яго вывалілася куча людзей. Некалькі дзяўчат у чорных бліскучых плашчах з вясёлым смехам размаўлялі з кандуктарам. Ён быў малады, белыя зубы асвятлялі яго смуглявы твар. «Гэта ж ненармальна, — думаў я. — Гэтага не можа быць! Столькі жыцця, а Пат павінна памерці!»
Кандуктар даў званок, і аўтобус паехаў. З-пад яго колаў пырснула вада на тратуар. Я пайшоў, каб расказаць пра ўсё Кёстэру і купіць білеты.
Аполудні я прыйшоў дадому. Усе справы былі вырашаны. Я нават даў тэлеграму ў санаторый.
— Пат, — сказаў я адразу ад парога, — ты можаш да вечара ўпакаваць усё?
— Трэба ехаць?
— Трэба, — сказаў я. — Трэба, Пат.
— Адной?
— Не. Мы паедзем разам. Я завязу цябе.
Твар яе пасвятлеў.
— Колькі ў мяне часу на зборы? — спытала яна..
— Цягнік адпраўляецца ў дзесяць вечара.
— А ты яшчэ пойдзеш з дому?
— Не. Я тут буду да ад'езду.
Яна глыбока ўздыхнула.
— Тады ўсё вельмі проста, Робі, — сказала яна. — Пачнём?
— Час яшчэ ёсць.
— Я хачу пачаць зараз жа. Каб раней закончыць.
— Добра.
Я хутка ўпакаваў у чамаданы некалькі рэчаў, якія трэба было ўзяць з сабой, і праз паўгадзіны справіўся. Потым я пайшоў да фраў Залеўскі і сказаў ёй, што мы ўвечары едзем. Я з ёй дамаўляўся, што з першага лістапада ці нават раней яна зможа здаваць пакой. Яна хацела ўцягнуць мяне ў працяглую размову, але я хутка пайшоў.
Пат стаяла, укленчыўшы над чамаданам, усюды звісалі яе сукенкі, на ложку ляжала бялізна. Цяпер яна пакавала абутак. Мне ўспомнілася, што калі яна пераехала сюды і распакоўвалася, то гэтаксама стаяла на каленях, і мне здалося, што гэта было бясконца даўно і быццам учора. Яна ўскінула на мяне позірк.
— Ты бярэш серабрыстую сукенку? — спытаў я.
Яна кіўнула галавой.
— А што мы зробім з астатнімі рэчамі, Робі? З мэбляй?
— Я ўжо перагаварыў з фраў Залеўскі. Усё, што можна, я перанясу ў свой пакой. Што застанецца, мы перададзім на захаванне. Забяром, калі ты вернешся.
— Калі я вярнуся, — сказала яна.
— Так, — пацвердзіў я. — Калі ты вернешся вясной, уся загарэлая.
Я дапамог ёй пакаваць рэчы, і пад вечар, калі ўжо пачало цямнець, мы былі гатовы. Дзіўна: усе прадметы стаялі на тых самых месцах, толькі шафы апусцелі, і ўсё роўна пакой здаўся мне пустым і сумным. Пат села на свой ложак. Выгляд у яе быў змораны.
— Уключыць святло? — спытаў я.
Яна адмоўна пахітала галавой.
— Пакуль што не трэба.
Я прысеў каля яе.
— Хочаш цыгарэту?