Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Чыноўнікі нічога не адказалі. Яны ўважліва агледзелі пакой, зачыніўшы за сабой дзверы на ключ. Яны дасталі некалькі пісьмаў з шуфляды і параўналі почырк з пісьмамі на стале. Той, што быў маладзейшы, кіўнуў галавой.

— Каму-небудзь вядома прычына?

Я расказаў, што ведаў. Ён зноў паківаў галавой і запісаў мой адрас.

— Можна яго забраць адсюль? — спытаў лекар.

— Я заказаў санітарную машыну з бальніцы Шарытэ, — адказаў малады чыноўнік. — Скора павінны прыйсці.

Чакаючы, усе маўчалі. Лекар укленчыў на падлозе каля Хасэ. Ён расшпіліў усё, што было на ім, і пачаў расціраць яму грудзі ручніком,

спрабуючы яго ажывіць. Чутны былі толькі свісцячыя гукі паветра пры ўваходзе і выхадзе з мёртвых лёгкіх.

— Дванаццаты за гэты тыдзень, — сказаў малады чыноўнік.

— Па той самай прычыне? — спытаў я.

— Не. Амаль усе ад беспрацоўя. Дзве сям'і, адна разам з трыма дзецьмі. Вядома, атруціліся газам. Сем'і заўсёды выкарыстоўваюць газ.

Прыйшлі санітары з насілкамі. Сярод іх у пакой пранікла Фрыда. З нейкай адмысловай прагнай цікаўнасцю яна ўзіралася ў вартае жалю цела Хасэ. Яе твар пакрыўся чырвонымі плямамі і потам.

— Што вам тут трэба? — груба спытаў старэйшы чыноўнік.

Яна адхіснулася.

— Я павінна даць паказанні, — прамармытала яна.

— Вон! — сказаў чыноўнік.

Санітары закрылі Хасэ прасцінай і панеслі. За імі пакрочылі і два чыноўнікі, забраўшы з сабой паперы.

— Ён пакінуў грошы на пахаванне, — сказаў малады. — Мы перададзім іх у адпаведнае месца. Калі прыйдзе жонка, скажыце ёй, калі ласка, каб яна звярнулася ў крымінальную паліцыю. Ён завяшчаў ёй грошы. Можа, пакуль што пакінуць тут яго астатнія рэчы?

Фраў Залеўскі кіўнула.

— Цяпер ужо пакой усё роўна не здасі.

— Выдатна.

Чыноўнік развітаўся і пайшоў. Мы таксама выйшлі. Арлоў замкнуў дзверы і аддаў ключ фраў Залеўскі.

— Лепш паменей гаварыць пра ўсё гэта, — сказаў я.

— І я так думаю, — сказала фраў Залеўскі.

— Я найперш маю на ўвазе вас, Фрыда, — дадаў я.

Фрыда быццам ачнулася. Вочы ў яе блішчалі. Яна не адказала ні слова.

— Калі вы хоць слова скажаце фройляйн Хольман, — сказаў я, — тады барані вас бог!

— Сама ведаю, — адказала яна задзірліва. — Бедная дама і без таго хворая!

Яе вочы гарэлі. Я мусіў узяць сябе ў рукі, каб не заехаць ёй у вуха.

— Бедны Хасэ! — сказала фраў Залеўскі.

У калідоры было зусім цёмна.

— Вы гаварылі з графам Арловым даволі груба, — сказаў я скарбніку. — Вы не хочаце папрасіць у яго прабачэння?

Стары ўтаропіўся на мяне. Потым ён вымавіў праз зубы:

— Немец не просіць прабачэння! Тым больш — у азіята! — Ён гучна грукнуў за сабой дзвярыма.

— Што ж гэта робіцца з гэтым нявылегчаным філатэлістам? — здзіўлена спытаў я. — Ён жа заўсёды быў свойскі, як авечка.

— Ужо некалькі месяцаў, як ён бегае на перадвыбарчыя сходы, — адказаў з цемры Георгі.

— Вось як!

Арлоў і Эрна Бёніг ужо пайшлі. Фраў Залеўскі раптам заплакала.

— Не бярыце так блізка да сэрца, — сказаў я. — Ужо нічога не зменіш.

— Жахліва, — хліпала яна. — Мне трэба выязджаць адсюль, я гэтага не перажыву.

— Перажывяце, — сказаў я. — Я аднойчы бачыў некалькі соцень нябожчыкаў — ангельцаў, атручаных газам. І перажыў.

Я падаў руку Георгі і пайшоў у свой пакой. Там было цёмна. Перш чым уключыць святло, я міжволі глянуў на акно. Потым я прыслухаўся, што робіцца ў пакоі Пат. Яна спала. Я падышоў да буфета, дастаў бутэльку каньяку і наліў сабе чарку. Гэта быў добры каньяк,

і добра было, што ён у мяне быў. Я паставіў бутэльку на стол. Апошні раз з гэтай бутэлькі піў Хасэ. Я думаў пра тое, што лепш было б яго не пакідаць аднаго. Я быў прыгнечаны, але мне не было ў чым папракнуць сябе. Я столькі перажыў усяго ўсякага, што ведаў: трэба ці папракаць сябе за ўсё зробленае, ці ні за што. Няшчасце Хасэ заключалася ў тым, што ўсё гэта здарылася ў нядзелю. У будні дзень ён пайшоў бы на працу і, магчыма, неяк вытрываў бы.

Я выпіў яшчэ чарку. Не было сэнсу пра гэта думаць. Хто ведае, што чакае цябе самога. Ніхто не ведае, ці не палічыць ён за шчасліўчыка таго, каго цяпер так шкадуе.

Я пачуў, як Пат заварушылася, і пайшоў да яе. Яна сустрэла мяне вачыма.

— Не ведаю, што са мной робіцца, Робі, — сказала яна. — Я зноў заснула мёртвым сном.

— Гэта ж добра, — адказаў я.

— Не. — Яна абаперлася на локці. — Я не хачу так шмат спаць.

— А чаму? Бывае, што мне хочацца заснуць і праспаць пяцьдзесят гадоў.

— Але ж ты не хочаш пастарэць на пяцьдзесят гадоў!

— Не ведаю. Гэта можна было б сказаць толькі потым.

— Ты засумаваў? — спытала яна.

— Не, — сказаў я. — Наадварот. Я толькі што вырашыў, што мы апранемся, пойдзем і выдатна павячэраем. Будзе ўсё, што ты любіш. І крышку вып'ем.

— Вельмі добра, — адказала яна. — Ці не звязана гэта з нашым вялікім банкруцтвам?

— Вядома, — сказаў я. — Гэта адно з адным звязана.

XXІ

У сярэдзіне кастрычніка Жафэ запрасіў мяне да сябе. Было дзесяць гадзін раніцы, але надвор'е было такое хмурнае, што ў клініцы яшчэ гарэла святло. Змешваючыся з туманным змрокам з вуліцы, яно ўтварала невыразнае, хваравітае свячэнне.

Жафэ сядзеў адзін у вялікім кабінеце для прыёму пацыентаў. Калі я ўвайшоў, ён падняў лысую бліскучую галаву. Ён нявесела паказаў на вялікае акно, у якое барабаніў дождж.

— Як вам падабаецца гэтае сабачае надвор'е?

Я паціснуў плячыма.

— Будзем спадзявацца, што скора пераменіцца.

— Не пераменіцца.

Ён зірнуў на мяне і замоўк. Потым ён узяў са стала аловак, паўзіраўся на яго, пастукаў ім па стале і зноў адклаў убок.

— Я здагадваюся, чаго вы мяне паклікалі, — сказаў я.

Жафэ штосьці прабурчаў.

Я хвілінку пачакаў. Потым сказаў:

— Мусіць, Пат трэба скора ехаць…

— Трэба…

Жафэ са злосцю глядзеў у адну кропку.

— Я планаваў на канец кастрычніка. Але пры такім надвор'і… — Ён узяў серабрысты аловак.

Вецер з шумам кінуў у шыбіну прыгаршчы дажджу. Гук быў як ад дальняй кулямётнай чаргі.

— Калі, на вашу думку, ёй трэба ехаць? — спытаў я.

Ён раптам адкрыта глянуў на мяне.

— Заўтра, — сказаў ён.

На секунду я страціў грунт пад нагамі. Паветра зрабілася ватным і засела ў лёгкіх. Потым спазмы прайшлі, і я спытаў па магчымасці спакойна, але голас мой прагучаў, быццам ён належаў іншаму:

— Няўжо адразу так пагоршала?

Жафэ моцна затрос галавой і ўстаў.

— Калі б так хутка пагоршала, яна не паехала б зусім, — растлумачыў ён незадаволена. — Але так будзе лепш. Пры гэткім надвор'і кожны дзень небяспечны. Прастуда ці яшчэ што…

Поделиться с друзьями: