Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Мы прыйшлі ў музей. Я думаў, што мы тут будзем адны, але, на маё здзіўленне, людзей было вельмі шмат. Я спытаў у вахцёра, што здарылася.

— Нічога, — адказаў той, — у дні, калі ўваход свабодны, заўсёды так.

— Вось бачыш, — сказала Пат. — Ёсць яшчэ шмат людзей, якія цікавяцца такімі рэчамі.

Вахцёр ссунуў шапку на патыліцу.

— Гэта не зусім так, паважаная фраў. Тут амаль адны беспрацоўныя. Яны прыходзяць не дзеля мастацтва. Ім няма чым заняцца. А тут хоць можна штосьці паглядзець.

— Такое тлумачэнне мне больш зразумела, — сказаў я.

— Цяпер яшчэ не так, — сказаў вахцёр. — Прыходзьце зімой. Набіта пад завязкі. Тут цёпла.

Мы пайшлі ў

залу з развешанымі дыванамі. Гэта было ціхае бакавое памяшканне. Праз высокія вокны можна было зазірнуць у сад, дзе стаяў агромністы платан. Ён быў увесь пажоўклы, і ад яго святло ў памяшканні набыло жаўтлявае адценне.

Дываны былі шыкоўныя. Тут былі два дываны з шаснаццатага стагоддзя з выявамі звяроў, некалькі ісфаганскіх дываноў, польскія шаўковыя колеру ласіны з смарагдава-зялёным беражком. Гады і сонца дадалі іх фарбам зеленаватага адцення, і яны выглядалі як вялікія казачныя пастэлі. Ад гэтага памяшканне патанала ў пазачасавым настроі і гармоніі, чаго нельга было дасягнуць выстаўкай карцін. Сюды вельмі добра ўпісвалася акно з восеньскай лістотай платана і шэрым небам, быццам усё гэта было старым дываном.

Мы нейкі час пабылі тут, потым перайшлі ў іншыя залы. Тым часам людзей пабольшала, і цяпер яскрава было бачна, што яны не адпавядаюць асяроддзю. З бледнымі тварамі, у паношаных касцюмах, заклаўшы рукі за спіну, яны неяк баязліва хадзілі па залах, і іх вочы бачылі не карціны часоў Адраджэння і спакойна-велічныя скульптуры антычнасці, а нешта зусім іншае. Шмат хто з іх сядзеў на чырвоных, абабітых аксамітам канапах, змораныя, у такіх паставах, быццам былі гатовыя адразу ўстаць, калі б хто прыйшоў прагнаць іх. Па іх было відаць, што яны не зусім разумеюць, як можна адпачываць на такіх канапах і не плаціць за гэта. Яны прывыклі, што дарма нічога не даецца.

Ва ўсіх пакоях было вельмі ціха, хоць людзей, і было шмат, але ніхто не вымаўляў ні слова. І ўсё ж такі мне здалося, што я назіраю за жудаснай барацьбой, маўклівай барацьбой людзей, якія хоць і былі пераможаны, але не хацелі здавацца. Іх выкінулі з працы, імкненняў, прафесій, і цяпер яны прыйшлі ў ціхія залы мастацтва, каб не паддацца здранцвенню і адчаю. Яны думалі пра хлеб, толькі пра хлеб і працу. Сюды яны прыйшлі, каб на некалькі гадзін пазбавіцца ад гэтых думак. Ледзь цягнучы ногі, з абвіслымі плячамі, яны бязмэтна сноўдаліся між выразных галоў рымлянаў і непераўзыдзенай прыгажосцю белых грэчаскіх жаночых скульптураў… які страшэнны кантраст, якая несумяшчальная выява таго, чаго дасягнула чалавецтва за тысячагоддзі і чаго яно не дасягнула; створаны вяршыні бессмяротнага мастацтва, але не хапае хлеба для ўсіх смяротных…

Пад вечар мы пайшлі ў кіно. Калі мы выйшлі з кінатэатра, неба ўжо праяснілася. Яно было яблычна-зялёнае і вельмі яснае. Вуліцы і крамы былі ўжо асветлены. Мы паволі ішлі дадому, разглядваючы вітрыны.

Перад ярка асветленай вітрынай вялікай футравай крамы я спыніўся. Вечарамі ўжо было халаднавата, і ў вітрынах былі выстаўлены пукі серабрыстых чарнабурак і зімнія паліто. Я зірнуў на Пат. Яна ўсё яшчэ хадзіла ў кароткай куртачцы і была апранута занадта лёгка.

— Калі б я быў цяпер героем з фільма, я ўвайшоў бы ў краму і выбраў бы табе футру, — сказаў я.

Яна ўсміхнулася.

— Якую?

— Вунь тую. — Я паказаў, як мне здавалася, на самую цёплую.

Яна засмяялася.

— У цябе добры густ, Робі. Гэта цудоўная канадская норка.

— Ты хацела б сабе такую?

Яна зірнула на мяне.

— Ты ведаеш, колькі каштуе такая футра, мілы?

— Не, — сказаў я. — І ведаць не хачу. Лепш я памару аб

тым, што магу падараваць табе ўсё, што захачу. Чаму толькі іншыя могуць?

Яна ўважліва паглядзела на мяне.

— Але я не хачу такой футры, Робі.

— Хочаш, — не пагадзіўся я. — І ты яе атрымаеш. І ні слова больш пра гэта. Заўтра нам яе прышлюць.

Яна ўсміхнулася.

— Дзякую, мілы, — сказала яна і пацалавала мяне пасярод вуліцы. — Цяпер твая чарга. — Яна спынілася перад крамай мужчынскага адзення.

— Вось гэта фрак! Ён табе неабходны — да норкі. А яшчэ вунь той цыліндр. Як бы ты выглядаў у цыліндры?

— Як камінар! — Я агледзеў фрак. Ён ляжаў у вітрыне, аздобленай шэрым аксамітам. Я яшчэ ўважлівей зірнуў туды. Гэта была тая крама, дзе я вясной купіў сабе гальштук… Гэта здарылася пасля таго, як я ўпершыню быў з Пат і напіўся. Раптам нешта засела мне ў горле, невядома чаму. Вясной… я ні пра што нават не здагадваўся.

Я ўзяў вузкую далоню Пат і на секунду прыклаў яе да сваёй шчакі.

— Да норкі табе трэба яшчэ нешта, — сказаў я. — Такая норка адна як машына без матора. Дзве-тры вячэрнія сукенкі…

— Вячэрнія сукенкі, — сказала яна і спынілася перад вялізнай вітрынай. — Вячэрнія сукенкі, сапраўды… ад іх цяжэй адмовіцца.

Мы выбралі тры шыкоўныя сукенкі. Я заўважыў, як гэтая гульня ажывіла Пат. Яна аднеслася да яе вельмі сур'ёзна: вячэрнія сукенкі былі яе слабасцю. Мы выбралі яшчэ некалькі рэчаў, якія патрабаваліся да сукенак. Яна ўсё больш ажыўлялася. Яе вочы блішчалі. Я стаяў побач і слухаў і ўвесь час смяяўся і думаў, што гэта за д'ябальшчына — любіць жанчыну і быць бедным.

— Хадзем сюды, — сказаў я нарэшце з нейкай адчайнай весялосцю. — Калі ўжо штосьці робіш, то трэба даводзіць да канца.

Я падвёў яе да ювелірнага крамы.

— Вось гэты смарагдавы бранзалет! А да яго два пярсцёнкі і завушніцы. Не будзем больш пра гэта гаварыць. Смарагды падыдуць табе найлепш.

— Тады ты атрымаеш плацінавы гадзіннік і жамчужыны да сарочкі.

— А ты — усю краму! На меншае я не пайду…

Яна засмяялася і, цяжка дыхаючы, прыхілілася да мяне.

— Хопіць, мілы, хопіць. Зараз мы толькі купім два чамаданы і адправімся ў бюро вандраванняў, потым упакуемся і паедзем — прэч з гэтага горада, і з гэтай восені, і з гэтага дажджу.

«Праўда, — падумаў я, — божа мой, праўда, і ты паправішся!»

— Куды паедзем? — спытаў я. — У Эгіпет? Ці далей? У Індыю ці Кітай?

— На сонца, каханы, куды-небудзь на сонца, на поўдзень, у цяплынь. Туды, дзе пальмы і скалы, і белыя домікі над морам, і агавы. Але магчыма, там таксама ідзе дождж. Магчыма, дождж ідзе ўсюды.

— Тады мы паедзем яшчэ далей, — сказаў я. — Будзем ехаць, пакуль не знойдзем месца без дажджу. Забяромся ў самыя тропікі, у паўднёвыя моры.

Мы апынуліся перад яркімі вітрынамі бюро вандраванняў «Гамбург — Амерыка». За шыбамі быў устаноўлены макет парахода. Ён плыў па сініх кардонных хвалях, а за ім магутна ўздымалася павялічаная фатаграфія небаскробаў Манхэтэна. У вітрынах віселі вялізныя стракатыя геаграфічныя карты з чырвонымі лініямі маршрутаў.

— Заедзем у Амерыку таксама, — сказала Пат. — У Кентукі і Тэхас, і ў Нью-Ёрк, і ў Сан-Францыска, і на Гаваі. А потым праз Паўднёвую Амерыку — і далей. Праз Мехіка і Панамскі канал у Буэнас-Айрэс. А потым назад — праз Рыа-дэ-Жанейра.

— Так…

Яна зірнула на мяне. Вочы яе палалі.

— Я там яшчэ не быў, — сказаў я. — Я наманіў табе тады…

— Я ведаю, — адказала яна.

— Ты ведаеш?

— Дзівак, Робі. Канечне, ведаю. Я адразу здагадалася.

— Тады я быў добры вар'ят. Няўпэўнены дурны вар'ят. Вось чаму я нахлусіў.

Поделиться с друзьями: