Тры таварышы
Шрифт:
Готфрыд паказаў на некалькі вялізных кустоў белых і чырвоных ружаў.
— Вось што я хацеў паказаць табе. Пазнаеш?
Я спыніўся ў здзіўленні.
— Вядома, пазнаю, — сказаў я. — Дык вось адкуль ты іх сцібрыў, стары царкоўны рабаўнік!
Пат тыдзень назад пераехала да фраў Залеўскі, і Ленц прыслаў ёй вечарам праз Юпа вялізны букет ружаў. Кветак было так шмат, што Юп два разы спускаўся ўніз і вяртаўся з ахапкам ружаў. Я ламаў сабе галаву, дзе Готфрыд іх узяў: я ведаў яго прынцып — ніколі не купляць кветак. На гарадскіх клумбах я такіх не бачыў.
— Выдатная ідэя, — пахваліў я. — Разумная галава дадумалася!
— Гэты
Я кіўнуў.
— Акрамя таго, — працягваў Готфрыд, — ты цяпер уваходзіш у пару, калі выразна праяўляецца розніца паміж буржуа і кавалерам. Буржуа, чым больш знаёмы з дамай, тым больш няўважлівы да яе. А кавалер — усё больш уважлівы. — Ён зрабіў шырокі жэст. — А з такімі ружамі ты можаш стаць непараўнальным кавалерам.
Я засмяяўся.
— Усё вельмі добра, Готфрыд, — сказаў я. — А што рабіць, калі зловяць? Адсюль цяжка ўцячы, а набожныя людзі назавуць такі ўчынак апаганеннем святых месцаў.
— Даражэнькі, — адказаў Ленц, — ці бачыш ты тут каго? Пасля вайны людзі ходзяць на палітычныя сходы, а не ў царкву.
Так і было.
— А як быць з пастарамі? — спытаў я.
— Пастарам мала спраў да кветак, інакш сад быў бы лепш дагледжаны. І божанька парадуецца, калі ты некаму зробіш дабро. Ён такі.
— Ты маеш рацыю! — Я ўважліва паглядзеў на вялізныя старыя кусты. — На некалькі тыдняў я забяспечаны, Готфрыд.
— Хопіць надоўга. Табе пашанцавала. Гэта ўстойлівы гатунак, які цвіце позна. Хопіць да верасня. А тады з'явяцца астры і хрызантэмы. Пайшлі, я іх зараз пакажу табе.
Мы пайшлі праз сад. Ружы пахлі хмельна. У кветках гудзеў рой пчол.
— Ты толькі паглядзі, — сказаў я і спыніўся. — Адкуль яны? У цэнтры горада… Паблізу ж няма нідзе пчэльніка. Альбо ты думаеш, што пастары парастаўлялі вуллі на дахах?
— Не, брат, — адказаў Ленц. — Яны, я ўпэўнены, прылятаюць з сялянскай сядзібы. Проста яны ведаюць дарогу. — Ён падміргнуў. — А мы?
Я паціснуў плячыма.
— Мусіць, ведаем. Хоць крышку. Столькі, колькі можна. А ты не ведаеш?
— Не. І ведаць не хачу. Мэта робіць цябе нявольнікам жыцця.
Я зірнуў уверх на вежу сабора. Яна вылучалася шаўкавіста-зялёным сілуэтам на фоне блакітнага неба, бясконца старая і спакойная, вакол якой кружыліся ластаўкі.
— Як тут ціха! — сказаў я.
Ленц кіўнуў.
— Так, дарагі мой, тут адчуваеш, што табе толькі часу не хапала, каб стаць добрым чалавекам. Праўда?
— Часу і спакою, — адказаў я. — І спакою.
Ён засмяяўся.
— Запозна! Мы дажылі да таго, што спакою не вытрымалі б! Дык пайшлі! Назад — у вір!
Я высадзіў Готфрыда і вярнуўся на стаянку. Я праязджаў міма могілак. Я ведаў, што Пат зараз ляжыць у шэзлонгу на балконе. Я пасігналіў. Але ніхто не падаў знаку, і я паехаў далей. Затое, крыху праехаўшы, я ўбачыў фраў Хасэ. Яна, апранутая ў нейкую накідку з шаўковай тафты, ішла па вуліцы, а потым знікла за рогам. Я паехаў за ёй, каб спытаць, ці не падвезці яе. Але калі я пад'ехаў да скрыжавання, то ўбачыў, што яна садзіцца ў машыну, якая спынілася за рогам вуліцы. Гэта быў заезджаны «мерседэс» вытворчасці 1923 года. Ён хутка ад'ехаў. За рулём сядзеў чалавек
з носам, падобным да качынай дзюбы. На ім быў стракаты касцюм у клетку. Я даволі доўга глядзеў услед машыне. Вось што атрымліваецца, калі жанчына ўвесь час сядзіць адна дома. У роздуме я накіраваўся да стаянкі і заняў сваю чаргу.Сонца прапякло верх. Чарга рухалася марудна. Я драмаў, спрабуючы заснуць. Але з галавы не выходзіў вобраз фраў Хасэ. Хоць у нас усё было не так, але Пат таксама на цэлы дзень заставалася адна!
Я вылез з машыны і пайшоў наперад да таксі Густава.
— На, выпі, — прапанаваў ён мне і падаў тэрмас. — Халодненькая! Сам прыдумаў! Кава з лёдам. Пры такой спякоце не награваецца гадзінамі. Так, так… Густаў — чалавек практычны!
Я наліў у кубак і выпіў.
— Калі ты такі практычны, — сказаў я, — дык раскажы мне, як забавіць жанчыну, якая падоўгу застаецца адна.
— Вельмі проста! — Густаў з перавагай глянуў на мяне. — Дарагі Роберт! Трэба дзіця альбо сабака. Спытайся ў мяне пра нешта цяжэйшае.
— Сабака! — сказаў я здзіўлена. — Вядома ж, ліха тваёй мацеры, патрэбны сабака! Ты — малайчына. Калі ёсць сабака, чалавек — не адзін!
Я прапанаваў яму запаліць.
— Слухай, можа, у цябе ёсць штосьці такое на прыкмеце? Сёння сабака, мусіць, не дорага каштуе.
Густаў дакорліва пахітаў галавой.
— Роберт, ты, відаць, сапраўды не ўяўляеш сабе, што я значу для цябе. Мой будучы цесць — другі сакратар таварыства ўладальнікаў доберман-пінчэраў. Вядома, ты можаш набыць сабе шчанюка, нават задарма, з першакласнай радаслоўнай. Адна сучка ашчанілася, шасцярых прывяла… Іх бабуля — медалістка Герта з Тогенбурга…
Густаў быў удачлівы чалавек. Бацька яго дзяўчыны не толькі гадаваў доберманаў — ён быў яшчэ гаспадаром шынка «Новая келля». Сама нявеста трымала плісіровачную майстэрню. Густаў жыў прыпяваючы. У цесця ён бясплатна еў і піў, а нявеста мыла і прасавала яго кашулі. Ён не спяшаўся жаніцца. Тады ўсе клопаты леглі б на яго плечы.
Я заявіў Густаву, што доберман — не тое, што трэба. Ён завялікі, а характар у яго — ненадзейны.
Густаў на хвілінку задумаўся.
— Пайшлі, — сказаў ён. — Пойдзем паглядзім. Ёсць ідэя. Толькі ты памаўчы.
— Добра.
Ён падвёў мяне да невялічкай крамы. У вітрыне былі выстаўлены акварыумы, парослыя водарасцямі. У скрынцы сядзела некалькі сумных марскіх свінак. Па баках віселі клеткі, у якіх нястомна лёталі чыжыкі, гілі і канарэйкі.
Насустрач нам выйшаў крываногі чалавек невысокага росту ў карычневай вязанай кофце. Вадзяністыя вочы, азызлы твар, замест носа — бліскучы паяльнік… відаць, што аматар піва і гарэлкі.
— Скажы, Антон, як пажывае Аста? — спытаў Густаў.
— Другі прыз і ганаровы прыз у Кёльне! — сказаў Антон.
— Якая подласць! — заявіў Густаў. — Чаму не першы?
— Першы яны аддалі Уда Бланкенфэльсу, — буркнуў Антон.
— Ну што ты скажаш! Прайдзісветы!
У глыбіні крамы цяўкалі і вішчалі шчаняты. Густаў пайшоў туды. Ён прынёс, ухапіўшы за каршэнь, двух маленькіх тэр'ераў: у левай руцэ чорна-белага шчанюка, у правай — светла-карычневага. Непрыкметна пагайдалася рука з карычневым. Я глянуў на яго: добра.
Шчанюк быў прыгожы, як цацка. Ногі былі роўныя, тулава — квадратнае, галава — чатырохкутная, разумная і нахабная. Густаў адпусціў іх, і яны пабеглі.