Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

— Цяпер я пачынаю апранацца, а то не паспею. Ты таксама пераапранешся?

— Потым, — сказаў я. — Я хутка спраўлюся. Дазволь мне пабыць тут…

Я падазваў сабаку і сеў у крэсла каля акна. Я любіў сядзець вось так моўчкі і глядзець на Пат, калі яна апраналася. Ніколі я не адчуваў так востра таямнічасці неспазнанага адвеку ў жанчыне, як у гэтых рухах каля люстэрка, гэтым раздумлівым назіранні за сабой, гэтым паглыбленні ў самую сябе, гэтым непрыкметным вяртанні ў падсвядомае самаадчуванне жаноцкасці. Я не мог сабе ўявіць, каб жанчына апраналася, бесклапотна размаўляючы і смеючыся. А калі такое і здаралася, то ёй не хапала таямнічасці

і няўлоўнай чароўнасці, якая, здаецца, увесь час знікае. Я любіў у Пат яе мяккія і ўсё-такі гнуткія рухі перад люстэркам. Як цудоўна было назіраць за ёй, калі яна падбірала валасы ці далікатна і асцярожна падносіла аловак, як стралу, да броваў. Тады яна ў нечым была падобная да казулі, і да танклявай пантэры, і да амазонкі перад боем. Яна забывала пра ўсё на свеце, яе твар быў сур'ёзны і засяроджаны, яна ўважліва і спакойна трымалася перад сваім адлюстраваннем, і калі зусім блізка нахілялася да яго, здавалася, што гэта ўжо не адлюстраванне, а быццам са змроку рэчаіснасці і тысячагоддзяў дзве жанчыны смела і пранізліва глядзяць адна адной у вочы адвечным мудрым позіркам.

Свежы подых вечара з могілак наплыў праз адчыненае акно ў пакой. Я сядзеў ціха, я нічога не забыў з таго, што было пасля полудня, я ўсё добра памятаў. Але калі я паглядзеў на Пат, я адчуў тупую жалобу, якая была ўва мне, нібы апушчаны камень, як яна ўвесь час мяняецца на дзікую надзею і дзіўна змешваецца з ёю, як адно пераходзіць у другое — жалоба, надзея, вецер, вечар і прыгожая дзяўчына паміж асветленымі люстэркамі і лямпамі; у нейкі момант у мяне з'явілася дзіўнае пачуццё, быццам гэта і ёсць жыццё ў самым глыбокім сэнсе слова, а магчыма, і шчасце: каханне з такім болем, страхам і маўклівым веданнем.

XIX

Я з машынай чакаў на стаянцы. Пад'ехаў Густаў і заняў чаргу за мной.

— Як пажывае сабака? — спытаў ён.

— Выдатна, — сказаў я.

— А ты?

Я незадаволена махнуў рукой.

— Я таксама жыў бы выдатна, калі б больш зарабляў. Уяві сабе: сёння дзве ездкі — па пяцьдзесят пфенігаў.

Ён кіўнуў.

— Справы ідуць усё горш. Куды ні кінь. А што яшчэ будзе!

— А мне так трэба зарабіць! — сказаў я. — Менавіта цяпер! Шмат грошай!

Густаў паскроб сківіцу.

— Шмат грошай! — Ён зірнуў на мяне. — Шмат нідзе не заграбеш, Роберт. Толькі спекуляцыяй. А можа, паспрабаваць на таталізатары? Сёння — конныя скачкі. Я нядаўна паставіў на Аіду і выйграў у дваццаць восем разоў больш, чым паставіў.

— Дзе б ні зарабіць. Галоўнае, што ёсць шанец.

— Ты гуляў калі-небудзь?

— Не.

— Тады ў цябе шчаслівая рука. Трэба паспрабаваць. — Ён глянуў на гадзіннік. — Паехалі? Яшчэ паспеем.

— Добра. — Пасля таго як я набыў сабаку, я пачаў давяраць Густаву.

Бюро для закладаў знаходзілася ў даволі прасторным памяшканні. Справа стаяў рабочы кіёск, злева — таталізатар. Уся вітрына была ўвешана зялёнымі і ружовымі спартовымі газетамі і аб'явамі пра скачкі, надрукаванымі на машынцы. Уздоўж адной сцяны цягнулася стойка з двума пісьмовымі прыборамі. За стойкай гаспадарылі тры мужчыны. Адзін увесь час нешта крычаў у слухаўку, другі бегаў туды-сюды з паперкамі ў руках, а трэці, без пінжака, у сарочцы з закасанымі рукавамі і капелюшы на самай патыліцы, запісваў стаўкі, трымаючы ў зубах тоўстую чорную цыгару.

Яго кашуля біла ў вочы фіялетавым агнём.

На маё здзіўленне, жыццё тут бурліла ваўсю. Тут былі толькі «дробныя наведнікі» — рамеснікі, рабочыя, чыноўнікі, некалькі

прастытутак і сутэнёраў. Як толькі за намі зачыніліся дзверы, да нас падскочыў чалавек у брудных шэрых гамашах, шэрым капелюшы і парваным шэрым сурдуце.

— Фон Білінг. Даю парады! Без промаху!

— На тым свеце параіш! — адказаў Густаў, твар якога тут раптам перамяніўся.

— Толькі пяцьдзесят пфенігаў, — не здаваўся Білінг. — Асабіста знаёмы з трэнерамі. З даўніх часоў, — дадаў ён, злавіўшы мой позірк.

Густаў ужо чытаў спісы коней.

— Калі выходзіць Атэйль? — крыкнуў ён у бок стойкі.

— У пяць гадзін, — праквакаў памочнік.

— Філамена, няўклюда, — прабурчаў Густаў. — Казённая кляча… — Ён ад хвалявання пакрыўся потам. — Хто наступны?

— Хопэргартэн, — сказаў нехта каля яго.

Густаў працягваў вывучаць спіс.

— Для пачатку мы з табой паставім па дзве маркі на Трыстана. Ён пераможа, — заявіў ён мне.

— А ты хоць штосьці петрыш у гэтым? — спытаў я.

— Петру? — перапытаў Густаў. — Тут я ведаю кожны капыт.

— І вы ставіце на Трыстана? — спытаў нехта побач. — Старанная Лізхен, сябра, вось адзіны шанец. Я ведаю Джоні Бэрнса асабіста.

— А я, — агрызнуўся Густаў, — сам гаспадар стайні, адкуль Старанная Лізхен. Я лепей ведаю.

Ён крыкнуў чалавеку за стойкай нашы стаўкі. Мы атрымалі квіток і селі ў кавярні, дзе стаяла некалькі сталоў і крэслаў. Міма нас у паветры лёталі розныя імёны. Некалькі рабочых абмяркоўвалі коней у Ніцы, два паштовыя чыноўнікі вывучалі прагноз надвор'я ў Парыжы, а нейкі фурман пахваляўся, што і ён калісьці быў наезднікам. Толькі таўстун з прычоскай-«вожыкам» сядзеў моўчкі за сваім столікам і паглынаў булачкі. А яшчэ два стаялі, прыхіліўшыся да сцяны, і прагна глядзелі на яго. У руках у іх былі білеты, але твары былі такія запалыя, быццам некалькі дзён яны нічога не елі.

Зазвінеў тэлефон. Усе прыслухаліся. Памочнік выкрыкнуў мянушкі коней. Пра Трыстана нічога не было чуваць.

— Ліха яго забяры! — сказаў Густаў, зачырванеўшыся. — Саламон прыйшоў першы! І хто б мог падумаць? Можа, вы? — злосна спытаў ён прыхільніка Стараннай Лізхен.

— Вы таксама аказаліся сярод тых, што «затым прыйшлі»…

Каля нас з'явіўся фон Білінг.

— Панове, каб паслухаліся мяне… я вам сказаў бы: Саламон! Толькі Саламон! Можа, на наступны забег…

Густаў нават слухаць не захацеў. Ён ужо супакоіўся і распачаў са «Стараннай Лізхен» дзелавую размову.

— Вы разбіраецеся ў конях? — спытаў мяне Білінг.

— Ані ў зуб, — сказаў я.

— Тады стаўце. Стаўце! Але — толькі сёння! — дадаў ён шэптам. — І больш ніколі. Паслухайце мяне. Пастаўце… усё роўна на каго… на Караля Ліра ці на Срэбную Моль, магчыма, на Сінюю Гадзіну. Мне нічога не трэба. Дасцё мне толькі, калі выйграеце. — Ён аж трос барадой ад азарту. Я ведаў заканамернасць з покера: навічкі часта выйграюць.

— Добра, — сказаў я. — На каго?

— Як хочаце… як хочаце…

— Сіняя Гадзіна… гучыць нядрэнна, — сказаў я. — Што ж… дзесяць марак на Сінюю Гадзіну.

— Ці не звар'яцеў ты? — спытаў Густаў.

— Не.

— Дзесяць марак на гэтую здыхляціну. Яе ўжо даўно варта пусціць на каўбасу.

«Старанная Лізхен», які толькі што абазваў Густава жывадзёрам, цяпер падтрымаў яго:

— Во дае! Ставіць на Сінюю Гадзіну! Чалавек! Гэта ж карова, а не конь! Майскі Сон абгоніць яе на дзвюх нагах, толькі так! Ставіце на першае месца?

Білінг заклінальным позіркам глянуў на мяне. Ён рабіў мне знакі.

— На першае, — сказаў я.

— Заказвай труну, — з пагардай параіў «Старанная Лізхен».

Поделиться с друзьями: