Тры таварышы
Шрифт:
Нейкі час я сядзеў у машыне, нерухома гледзячы ў адну кропку. Потым я ўзяў сябе ў рукі і паехаў да майстэрні. Кёстэр чакаў мяне каля варот. Я завёў машыну ў двор і вылез.
— Ты ўжо ведаў? — спытаў я.
— Ведаў, — адказаў ён. — Але Жафэ хацеў сказаць табе сам.
Я кіўнуў. Кёстэр глянуў на мяне.
— Ота, — сказаў я, — я не дзіця і разумею, што яшчэ нічога не страчана. Але мне, пэўна, сёння будзе цяжка не выдаць сябе, застаўшыся з Пат сам-насам. Заўтра — іншая справа. Тады я спраўлюся. Сходзім сёння вечарам куды-небудзь усе разам?
— Канечне, Робі. Я ўжо
— Тады дай мне яшчэ раз «Карла». Я паеду дадому і спачатку забяру Пат, а потым, праз гадзіну — вас.
— Добра.
Я паехаў. На Мікалайштрасэ я прыпомніў пра сабаку. Я павярнуў і паехаў назад, каб забраць яго.
Крама была не асветленая, але дзверы — адчынены. Антон сядзеў у глыбіні крамы на раскладушцы. У руках у яго была бутэлька.
— Падкузьміў мяне Густаў, — сказаў ён.
Ад яго смярдзела, як ад спіртзавода.
Тэр'ер выскачыў насустрач мне, абнюхаў мяне і лізнуў у руку. Яго вочы, асветленыя касым променем з вуліцы, гарэлі зялёным. Антон устаў. Ён захістаўся і раптам заплакаў.
— Мой сабачка… цяпер і ты пакінеш мяне… усе мяне пакідаюць… Цільда памерла… Міны няма… Скажыце вы мне, навошта мне жыць такому?
Гэтага мне яшчэ не хапала! Гэтай маленькай бязрадаснай лямпачкі, якую ён уключыў, ціхага шоргату чарапах і птушак і гэтага нізкарослага азызлага чалавека з яго крамай!
— Таўстуны… тыя-та ведаюць… але скажыце мне, навошта ўвогуле жыве наш брат? Навошта жыць нам, бедалагам? Скажыце, пан…
Малпа ўскрыкнула, нібы паскардзілася, і шалёна забегала на сваёй жэрдзі. Яе вялізны цень заскакаў па сцяне.
— Кока, — усхліпнуў гаспадар, які ўжо напіўся, седзячы без святла, — адзіны ты мой, ідзі да мяне! — Ён падставіў малпе бутэльку.
Малпа ўхапілася за яе.
— Загубіце жывёлу, поячы гарэлкай, — сказаў я.
— Ну і няхай, — завішчаў ён. — На ланцугу на год болей, на год меней… якая розніца… якая розніца… пан…
Я ўзяў сабаку, які цёплым камяком цёрся каля мяне, і пайшоў. Жвавы сабачка, перабіраючы мяккімі шпаркімі лапкамі, бег каля мяне да машыны.
Я прыехаў дадому. Трымаючы сабаку на павадку, я падняўся па лесвіцы. У калідоры я спыніўся і зірнуў у люстэрка. Твар быў як заўсёды. Я пастукаўся ў дзверы да Пат, прыадчыніў іх і ўпусціў сабаку. Застаўшыся стаяць за дзвярыма, я чакаў з павадком у руцэ. Але замест годасу Пат я нечакана пачуў бас фраў Залеўскі:
— О божа нябесны!
З палёгкай уздыхнуўшы, я зазірнуў у пакой. Я баяўся першай хвіліны сустрэчы з Пат. Цяпер усё стала лёгка. Фраў Залеўскі была надзейны амартызатар. Яна сядзела за сталом велічна, нібы на троне. У яе пад рукой стаяў кубачак з кавай, а побач у містычным парадку была раскладзена калода карт. Пат з бляскам у вачах сядзела каля яе і слухала варажбу, што будзе.
— Добры вечар, — сказаў я, адразу вельмі ўзрадаваўшыся.
— Вось і ён, — з годнасцю сказала фраў Залеўскі. — Па кароткай дарожцы ў вячэрні час, побач чорны кароль на самым даху…
Сабака вырваўся і з брэхам пабег паміж маіх ног у пакой.
— О божа! — крыкнула Пат. — Гэта ж ірландскі тэр'ер!
— Малайцом! — сказаў я. — Некалькі гадзін назад я гэтага
яшчэ не ведаў.Яна нахілілася, і сабака радасна падскочыў да яе.
— Як жа яго завуць, Робі?
— А хто яго ведае… Магчыма, Каньяк, ці Віскі, ці нешта такое падобнае, калі меркаваць па яго апошнім гаспадары.
— Ён цяпер наш?
— Наколькі адна жывая істота можа належаць іншай…
Яна аж задыхалася ад радасці.
— Мы назавём яго Білі, добра, Робі? Калі мама была дзяўчынкай, у яе быў сабака. Яна мне часта расказвала пра яго. Яго звалі таксама Білі.
— Тады я ўсё зрабіў як трэба, — сказаў я.
— Ён не брудзіць у пакоі? — спытала фраў Залеўскі.
— У яго радаслоўная як у караля, — заявіў я. — А каралі не брудзяць у пакоях.
— Але пакуль яны малыя… Колькі яму год?
— Восем месяцаў. Гэта адпавядае шаснаццаці чалавечым гадам.
— Ён не падобны да таго, хто не брудзіць, — заявіла фраў Залеўскі.
— Яго проста трэба памыць — і ўсё.
Пат устала і абняла фраў Залеўскі за плечы. Я знямеў ад здзіўлення.
— Я ўсё жыццё марыла пра сабаку, — сказала яна. — Нам можна пакінуць яго тут, праўда ж? Вы не супроць?
Матухна Залеўскі ўпершыню, колькі я яе ведаў, засаромелася.
— Ну, што ж… няхай сабе, — дазволіла яна. — І карты паказвалі. Нечаканая навіна праз караля ў доме.
— Карты не паказалі, што мы сёння вечарам ідзём на шпацыр? — спытаў я.
Пат засмяялася.
— Да гэтага мы яшчэ не дайшлі, Робі. Карты паказвалі цябе аднаго.
Фраў Залеўскі ўстала і забрала карты.
— Можна верыць, можна не верыць, і можна верыць наадварот, як мой Залеўскі. У таго піковая дзевятка заўсёды паказвала на няшчасце ад вадкасці. Таму яму і здавалася, што трэба асцерагацца вады. А карты паказвалі не ваду — а гарэлку і піва…
— Пат, — сказаў я, моцна яе абдымаючы, калі тая выйшла. — Як цудоўна: прыходзіш дамоў, і ты тут. Для мяне гэта заўсёды як сюрпрыз. Калі я прабягаю апошнія сходкі і адчыняю дзверы, сэрца ў мяне заўсёды калоціцца: няўжо гэта праўда?
Яна з усмешкай зірнула на мяне. Яна амаль ніколі не адказвала на такія мае прызнанні. Я і не мог уявіць сабе ды і не вытрываў бы, калі б яна адказала мне чымсьці падобным. Я лічыў, што жанчына не павінна гаварыць мужчыне пра сваё каханне. У яе ад шчасця загараліся вочы, і яны гаварылі больш, чым словы.
Я доўга трымаў яе ў абдымках, я адчуваў цеплыню яе скуры і лёгкі пах яе валасоў… Я абдымаў яе, і, акрамя яе, нікога не было… Змрок адступіў, яна была са мной, яна жыла, яна дыхала… нічога не было страчана.
— Мы сапраўды некуды пойдзем, Робі? — спытала яна на самае вуха.
— Нават усе разам, — адказаў я. — І Кёстэр, і Ленц… «Карл» ужо чакае каля парога.
— А Білі?
— Вядома, і Білі з намі. Без яго куды мы падзелі б рэшткі вячэры? Ці ты ўжо павячэрала?
— Не яшчэ. Я чакала цябе.
— Але не трэба мяне чакаць. Ніколі. Гэта жудасна — чакаць чаго-небудзь.
Яна пахітала галавой.
— Ты не разумееш, Робі. Жудасна бывае толькі тады, калі няма чаго чакаць.
Яна ўключыла святло каля люстэрка.