Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Тры таварышы

Ремарк Эрих Мария

Шрифт:

Кёстэр перакінуўся з ёй некалькімі словамі. Яна хутка зноў заўсміхалася і спытала яго, што прыгатаваць на полудзень.

— Бачыш, — сказаў Ота, — вось дар узросту. Слёзы і ўсмешка — усё мяняецца імгненна. Не чапаючы адно аднаго. Так, пэўна, будзе і з намі, — прамовіў ён задумліва.

Мы хадзілі вакол дома.

— Кожная хвіліна сну ёй на карысць, — сказаў я.

Мы зноў пайшлі ў сад. Фройляйн Мюлер прыгатавала сняданак. Мы пілі гарачую чорную каву. Сонца ўзышло. Адразу зрабілася цёпла. Лісце на дрэвах іскрылася ад святла і вільгаці. З мора даносіліся крыкі чаек. Фройляйн Мюлер паставіла на стол букет руж.

— Мы ўручым іх ёй потым, — сказала яна.

Ружы пахлі мураванай сцяной

і дзяцінствам.

— Ты ведаеш, Ота, — сказаў я, — у мяне такоё адчуванне, быццам я сам хворы. Цяпер ужо не будзеш такі. Як быў. Мне трэба было б быць спакайнейшым. Больш разважлівым. Чым спакайней сябе паводзіш, тым больш можаш дапамагчы.

— Не заўсёды атрымліваецца, Робі. І ў мяне бывалі часіны. Чым больш жывеш, тым больш раздражняльным робішся. Як той банкір, які ўсё больш траціць.

Адчыніліся дзверы. Выйшаў Жафэ ў піжаме.

— Добра, добра, — махнуў ён рукой, убачыўшы, што я амаль перавярнуў стол з кавай, — наколькі гэта магчыма.

— Можна мне ўвайсці?

— Пакуль што — нельга. Пакуль што там дзяўчына. Памыць і ўсё астатняе.

Я наліў яму кавы. ён заміргаў на сонцы і звярнуўся да Кёстэра:

— Шчыра кажучы, я вам павінны падзякаваць. Хоць на адзін дзень выбраўся на волю.

— Вы маглі б рабіць так і часцей, — сказаў Кёстэр. — Вечарам выехаць, а наступным вечарам вярнуцца.

— Мог бы, мог бы… — адказаў Жафэ. — Ці заўважылі вы, што мы жывём у час самакатавання? Што многае, што можна было б зрабіць, не робіцца няведама чаму? Праца сёння стала такой жудаснай справай, што яна забівае ўсё астатняе — і таму ў многіх яе няма. Як цудоўна тут! Я не бачыў такога ўжо некалькі гадоў. У мяне дзве машыны, дзесяціпакаёвая кватэра і дастаткова грошай — што мне з таго! Што гэта ўсё ў параўнанні з гэтым летнім ранкам на прыродзе! Праца — змрочная апантанасць з вечнай ілюзіяй, што потым будзе інакш. Ніколі не будзе інакш. Смешна, у што ператвараюць сваё жыццё.

— Я думаю, што лекар — адзін з нямногіх, хто ведае мэту жыцця, — сказаў я. — Што тады гаварыць бухгалтару?

— Даражэнькі, — адказаў Жафэ, — было б памылкай меркаваць, што ва ўсіх аднолькавая здольнасць успрымаць.

— Правільна, — сказаў Кёстэр. — Але ж людзі выбіралі прафесію незалежна ад здольнасці ўспрымаць.

— Вядома, — адказаў Жафэ. — Складаная справа. — Ён кіўнуў мне. — Цяпер можна… але спакойна, не датыкацца, не ўцягваць у размову…

Яна ляжала ў падушках, знясіленая, як пабітая. Яе твар быў бясколерны, вялікія сіняватыя цені леглі пад вачыма, вусны пабялелі. Толькі вочы былі вялікія і бліскучыя. Занадта вялікія, занадта бліскучыя.

Я ўзяў яе далоню. Яна была халодная і вялая.

— Пат, мой добры сябра, — сказаў я сарамліва і хацеў прысесці, але раптам заўважыў каля акна рыхлы твар пакаёўкі, якая з цікаўнасцю ўтаропілася на мяне.

— Выйдзіце адсюль, — сказаў я злосна.

— Трэба зацягнуць фіранкі, — запярэчыла яна.

— Добра, зрабіце што трэба, а потым выйдзіце.

Яна зацягнула на акне жоўтыя фіранкі. Але ўсё роўна не выходзіла. Яна пачала паволі замацоўваць занавескі шпількамі.

— Паслухайце, — сказаў я. — Тут не спектакль. Знікніце хутчэй.

Яна флегматычна павярнулася.

— Спачатку кажуць мне прышпіліць, а потым — не трэба…

— Ты ёй сказала? — спытаў я ў Пат.

Яна кіўнула.

— Табе перашкаджае святло знадворку? — спытаў я.

Яна пахітала галавой.

— Лепш, каб ты мяне сёння выразна не бачыў…

— Пат! — сказаў я, спужаўшыся. — Табе ж нельга размаўляць! Але калі толькі гэта прычына…

Я адчыніў дзверы, і пакаёўка нарэшце знікла. Я вярнуўся. Я ўжо не быў разгублены. Я нават быў рады, што сутыкнуўся з пакаёўкай. Яна дапамагла мне справіцца ў першы момант. Усё-такі як жудасна

было бачыць Пат у такім становішчы.

Я прысеў каля ложка.

— Пат, — сказаў я, — ты скора паправішся…

Яна сказала аднымі вуснамі:

— Заўтра…

— Заўтра яшчэ не, але праз некалькі дзён… Тады ты ўстанеш, і мы паедзем дадому. Нам нельга было ехаць сюды, паветра занадта вільготнае для цябе…

— Не, — прашаптала яна, — я ж не хворая, Робі. Гэта толькі няшчасны выпадак.

Я глянуў на яе. Няўжо яна сапраўды не ведае, што хворая? Ці яна не хоча ведаць? Яе позірк блукаў.

— Не бойся, — прашаптала яна. Я не адразу зразумеў, што яна мела на ўвазе і чаму было так важна, каб менавіта я не баяўся. Я толькі бачыў, што яна хвалявалася, у яе вачах быў незвычайна пакутлівы, пранізлівы выраз. І раптам у мяне з'явілася думка. Я зразумеў, пра што яна думала. Ёй здалося, што я баюся яе, бо яна хворая.

— Божа мой, Пат, — сказаў я. — Магчыма, па гэтай прычыне ты мне ніколі не гаварыла нічога дакладнага?

Яна не адказала, але я ўбачыў, што так і было.

— Чорт вазьмі! — сказаў я. — Кім жа ты мяне лічыш?

Я нахіліўся над ёй.

— Паляжы хвілінку моўчкі, не варушыся.

Я пацалаваў яе. Вусны былі сухія і гарачыя. Калі я выпрастаўся, я ўбачыў, што яна плача. Яна плакала бязгучна, з шырока адкрытымі вачыма. Яе твар быў нерухомы. Толькі слёзы каціліся з вачэй.

— Пабойся бога, Пат…

— Я такая шчаслівая, — сказала яна.

Я стаяў побач і глядзеў на яе. Было сказана адзінае слова, але гэта было слова, якое для мяне так ніколі не гучала. Я ведаў жанчын, але звычайна гэта былі беглыя сустрэчы, прыгоды, часам — вясёлая гадзіна ці самотны вечар, уцёкі ад самога сябе, ад адчаю, ад пустэчы. Я і не жадаў нічога іншага, бо я быў навучаны, што ні на што іншае нельга разлічваць, як толькі на самога сябе і сама болей — на таварыша. Цяпер я раптам убачыў, што і я магу нешта значыць для чалавека, проста сваім існаваннем, і што ён шчаслівы ад таго, што я побач з ім. Калі так проста вымавіць, то гучыць зусім звычайна, але калі задумацца — робіцца бясконца жудасна. Гэта нешта такое, што можа канчаткова разбіць чалавека і змяніць яго. Гэта — каханне, і ўсё ж — нешта іншае. Нешта, дзеля чаго можна жыць. Дзеля кахання мужчына не можа жыць. Дзеля чалавека — можа.

Я хацеў нешта сказаць, але не змог. Цяжка знайсці словы, калі сапраўды ёсць патрэба штосьці сказаць. І нават знайшоўшы адпаведныя словы, саромеешся вымавіць іх. Усе гэтыя словы — з мінулых стагоддзяў. Наш час яшчэ не мае слоў для сваіх пачуццяў. Ён можа быць толькі нахабным, усё астатняе — несапраўднае.

— Пат, — сказаў я, — мой добры адважны сябра…

У гэты момант увайшоў Жафэ. Ён адразу ж зразумеў сітуацыю.

— Казачны вынік, — прабурчэў ён. — Я так і думаў…

Я хацеў яму нешта запярэчыць, але ён проста выштурхнуў мяне.

XVII

Гэта было праз два тыдні. Пат паправілася настолькі, што мы маглі паехаць адтуль. Мы ўпакавалі рэчы і чакалі Готфрыда Ленца. Ён павінен быў забраць машыну. Мы з Пат вырашылі ехаць на цягніку.

Быў цёплы хмурны дзень. Воблакі, нібы вата, стаялі нерухома ў небе, гарачае паветра дрыготка пералівалася над дзюнамі, алавянае мора разлеглася ў светла-іскрыстай смузе.

Готфрыд з'явіўся пасля полудня. Я ўжо здалёку заўважыў яго бялявую галаву, якая замільгала над агароджамі. Толькі калі ён звярнуў на дарогу да вілы фраў Мюлер, я ўгледзеў, што ён быў не адзін… побач з ім крочыла нешта падобнае на аўтагоншчыка ў мініяцюры: вялізная кепка ў клетку, казырком назад, вялізныя засцерагальныя акуляры, белы камбінезон і два вялізныя вухі, чырвоныя, як бурак.

Поделиться с друзьями: