Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусізацыя пад №...

Крывічанін Лявон

Шрифт:

Красата, а ня вынікі. І ўсё нашы спэцы. Ніводзін ня хоча беларусізавацца. Усе працуюць на «общепонятном». Стойкія рабяты, люблю за гэта. А што наконт канчатковай беларусізацыі летам, дык зноў-жа абсурд. У Менскіх акруговых установах добра ведаюць беларускую мову толькі 4 проц. усіх работнікаў.

Гэта — за пяць гадоў беларусізацыі. Калі ў такой прагрэсіі будзе ісьці далей, дык усе 100 проц. будуць ведаць беларускую мову праз 125 гадоў. Во! А кажуць — летам канчаткова. Запужваюць, а нам ня страшна, патаму мы лічбамі апэрыруем…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

…Сёньня

гаварыў я з адным беларускім шавіністым. Стаіць бядак на рагу Ленінскай і Савецкай і плюецца.

— З выпадку чаго плюяцеся? — пытаюся па-беларуску.

— Чытайце, — кажа, — лёзунг.

Чытаю: «Больш актыўнасьці ў абгаварэньні працы свай час савету».

— Хэ, хэ, — кажу, — па-беларуску-ж…

— Па-беларуску… (Тут шавіністы моцна вылаяўся). За гэткае «па-беларуску» вешаць трэба.

Шавіністы патрос кулаком некуды ў паветра й пайшоў сьпяваючы: «сьмяюцца над намі»…

А я стаяў і сьмяяўся… Весела й сьмешна, калі беларускі шавіністы злуецца…

Таварыш Мытніца

Такога «таварыша» шукала слуцкая пошта. Атрымала яна аднойчы пакет. Пакет як пакет. Самы звычайны. А на ім адрас: «Слуцак, Мытніца».

Доўга сапелі над пакетам паштавікі.

— Што за трасца такая, Мытніца? Хто ведае Мытніцу?

Ведаючых на пошце не знайшлося.

— Куды-ж паслаць, урэшце, пакет?

Рашылі перадаць пакет паштальёну:

— Ён «соприкасается с массами», далжон ведаць.

«Соприкасающийся с массами» таксама доўгі час круціў пакет у руках, узіраўся на яго, як на новыя вароты, і нарэшце сьцяміў:

— Мытніца? — няйначай нехта прыежджы, бо дасюль такога ня чуваць было ў Слуцку.

І пайшоў па гораду шукаць прыежджага тав. Мытніцу. Абегаў горад, апытаў усіх слуцкіх старажылаў пра таварыша Мытніцу, — няма такога, дый годзе. Як у ваду кануў чалавек.

— А мусіць быць, трасца на яго, — навошта-ж тады-б пісалі: «Слуцак, Мытніца»?

У першы дзень не знайшоў. На другі дзень ужо сёмы пот мяняў паштальён, шукаючы тав. Мытніцу, калі, на шчасьце, адзін добры чалавек параіў:

— Наежджы, кажаш? Дык пры, брат, па ўстановах. Наежджыя — яны больш па ўстановах.

Пайшоў і па ўстановах. У адну сунуўся — няма Мытніцы, у другую — і ня было ніколі такога. І толькі ў трэцяй дабіўся толку.

— Мытніца? Гэта-ж тое самае, што таможня, — растлумачылі. — Нясі ў таможню…

Разінуў рот паштавік ад зьдзіўленьня: шукаў чалавека, а знайшоў установу. Сплюнуў і вылаяўся:

— Нясі, каб цябе зямля не насіла. Другі дзень ужо нясу й ніяк не данясу.

Хто вінаваты ў гэтым? Ня мытніца, разумеецца. Вінавата тут тое, што слуцкія паштавікі лічылі сябе загранічнымі.

Калі адчынілі на пошце курсы беларусазнаўства, то некаторыя ўзьнялі бузу:

— Нашто нам беларуская мова, якая карысьць, — галаву забіваць толькі.

Больш салідныя экзэмпляры, зубры, так сказаць, канцылярскія,

прабавалі й канкрэтна паставіць пытаньне адносна карысьці:

— Раней нам давалі прыбавачку за вывучэньне якой-небудзь чужаземнай мовы. А цяпер дадуць ці не?

Напісалі яны аб гэтай прыбавачцы й заяву ў адпаведнае месца. І калі давалі на подпіс служачым, дык толькі стораж адмовіўся:

— Я, кажа, і так граматны. А прыбаўкі вам усё роўна не дадуць.

— Чаму не дадуць?

— Ды не дадуць, — кажа. — Лепш і не таргуйцеся, бо ні капейкі не дадуць.

— А раней давалі.

— Ну, раней можа й давалі, а цяпер у Беларусі, кажуць, беларуская мова ўжо не чужаземная, і курс у гэтым пытаньні цьвёрды: «за чыім сталом сядзіш, таму й песьні пей».

А калі вам гэта не па носе, дык у вас ёсьць два выхады: ці вы асіліце беларускую мову, ці яна вас асіліць.

Не паслухаліся паштавікі стоража й заяву падалі.

Кажуць, што ім чамусь адмовілі ў прыбавачцы за вывучэньне беларускай мовы. Рэзалюцыя на заяве ясна гаварыла: «Отказать».

А шкада. Няхай-бы трохі людзі падвучыліся. І лісты можа-б хутчэй прыходзілі, і мытніцу ведалі-б, ды наогул, можа-б трохі паразумнелі.

Трагедыя чыноўніцкай душы

За Грыгорыем Якавічам яго саслужыўцы пачалі прыкмячаць штось нясуразнае. Быў чалавек як чалавек і раптам — задумаўся. Прыйдзе ў аддзел, нават ня скажа звычайнага «здравствуйте» і сядзе моўчкі за стол. Адложа на шчотах костачку — і задумаецца, адложа другую — і падапрэ галаву рукой…

— Нешта са Шпакам дзеецца, — шапталіся па куткох служачыя.

— Няйначай, як растраціў, - казалі адны.

— Не, факт, што закахаўся, — рашалі машыністкі.

— Госпо… граждане, — тлумачыў стары чыноўнік, — гэта ўсё ад беларусізацыі!..

Нават старажыха й тая заўважыла штось ненармальнае:

— Зьвіхнуліся наш Грыгоры Якавіч, — казала яна куржеру. — То-та бацька, айцец благачынны, сьлёзак пральле.

Рашылі служачыя па-прыяцельску выпытаць у Грыгорыя Якавіча, што за навала такая навісла на яго сьветлай душы:

— Ды вы адкрыйцеся, Грыгоры Якавіч, што вас мучае.

Але Грыгоры Якавіч не хацеў «адкрыцца»:

— Так, — кажа, — жывот нешта сапсуўся… Мусіць, ад ватрушак, што ўчора нанач зьеў.

— А вы-б рыцыны выпілі з паўшклянкі — памагае, — раіў бухгалтар.

— Самае лепшае, вы клізмачку пастаўце, абавязкова клізмачку, — угаворваў стары чыноўнік…

Так цягнулася тыдні два. Нарэшце Грыгоры Якавіч «адкрыўся» свайму найлепшаму прыяцелю і аднадумцу Акакію Павуку, таксама духоўнага званьня. Здарылася гэта зусім выпадкова. Грыгоры Шпак і Акакі Павук ішлі каля Спаса-Ефрасініеўскага сабору й толькі хацелі перажагнацца на сьвяты храм, аж тут з-за вугла — тыц нейкі беларус.

— Цьфу, душу тваю ў ад, — вылаяўся Шпак, — і тут «яны». Перажагнацца спакойна не дадуць… Не, так далей ня можна. Іх штодня плодзіцца ўсё больш і больш, а мы маўчым…

Поделиться с друзьями: