Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
Мяне іхныя межы ня надта цікавяць. Але як утрымаешся, калі чалавек гэтак шырака хоча размахнуцца.
13 жніўня. Пілі. Быў выпадак.
14 жніўня. Зноў пілі. Бяз выпадку.
15 жніўня. Бачыў, як сяньня Рыгор валок з працы мяшок нейкага дабра, ажна ўгінаўся. Сымон, які таксама гэта згледзеў, казаў, што гэта добра.
— Калі чалавек сваёй парай арудуе, то гэта шчэ дармо: добры склад і за дзесяць год на сабе не перавалачэш. А Рыгор і за год не адзін раз на рагатку
А ўсё-ж Рыгорава праца зайздросная. Ці не падацца мне па такой лініі? Раіўся з Рыгорам.
— Табе, — кажа Рыгор, — як спэцыялісту просты ход на Ўправу.
— Але-ж там, — кажу, — мова, а я ня ведаю па-іхнаму.
— Якая мова? Дзівак! Калі ведаеш «выбачайце» й «будзьце ласкавы», то й ўсё ў парадку. Там такіх, як ты, хоць грэблю насьцілай.
Трэба гэтую справу памацаць, бо надта-ж ужо зайздросна на Рыгора глядзець.
16 жніўня. Быў у прафэсара Ванава. Нічога. Трымае сябе, як сьлед. Пра старое — ані гуку. Раіўся зь ім наконт працы.
— Што-ж, — кажа, — гэта можна. Сваіх людзей заўжды падтрымаюць.
А жыве ён, відаць, нядрэнна, і харчоў мае. Як частаваў, то й масла паставіў, і цукру, і каўбасы, навет і віна бутэльку адшкадаваў. Нічога! Нашыя не прападуць! Дармо, што той крычыць: хай дадуць! хай дазволяць! Пакуль ты будзеш «хай» ды «хай», а мы тымчасам і апануем… Жыць трэба ўмеючы.
17 жніўня. Проста дзіва, які чалавек жывучы. Сяньня зь Яськам Разаком сустрэў тую старую порхаўку, што нам назаляла, як склад парадкавалі, ды сароміла нас. Я ўжо думаў, што ён даўно душой загавеўся, ажна не — шкандыбае па вуліцы, праўда, абшарпаны, але жыве.
— Ну, як у вас, — пытаюся, — жывот із сумленьнем ня надта спрачаецца? Да бойкі яшчэ не дайшло?
— А ў чым рэч? — пытаецца.
— Ды як-жа, Вы-ж крычэлі, што рабаваць нясумленна. А цяпер што скажаце?
– І цяпер тое скажу: дрэнна рабілі, нясумленна.
Сказаў і зноў пашкандыбаў. Во дзе ўпартая порхаўка! Ну, хоць-бы пашкадаваў, што ня выкарыстаў моманту. А можа й шкадуе, ды сорам прызнацца. Напэўна так, бо ня можа быць, каб гэткіх дзівакоў зямля на сабе трымала.
Калі мы ўвечары расказалі пра гэта Сымону, дык ён ані не зьдзівіўся.
— Чорт яго, браткі, ведае, можа й не шкадуе. У жыцьці здараецца, што на чалавека хвароба такая находзіць — малахолія завецца. Быў у мяне адзін знаёмы, які жыць ня мог, каб не цягнуць. А калі які дзень ня сьцягне, то хварэе. А цягаў усё, што пападзе. Ды такі ўжо быў люты — роднага бацьку мог з кашаю зьесьці. І вось раптам яму заняло: не цягне ды ўсё. Хоць ты яму ў кішэню кладзі — не бярэ. Зарвала зусім. Знацца, найшла на яго гэтая малахолія. І тут ніякія лекі не памогуць, і чалавек прапаў.
Бадай так яно й будзе. Выходзіць, што ў кажнага чалавека ёсьць пункт, што із сваёй дарогі яго зьбівае. І ўсё-ж чалавек жыве. Дзіўна.
18 жніўня. Сымон прывёз аднекуль бочку газы. Кажа, што на нейчым пагарэлым двары качалася, там ён і сустрэўся зь ёю — лоб у лоб.
— Але як гэта здарылася, дзівіліся мы, скрозь усё
згарэла, а бочка з газай — не.— Нічога дзіўнага, — адказаў Сымон, — не згарэла, бо шпунтам заткнёная была.
— Але ўсё-ж, — кажам, — газа? Калі камень і той гарыць.
— А чэрці яго, зрэшты, ведаюць, я ня хэмік, каб усё ведаць.
Брэша! Хэмік зь яго адмысловы, бо мы так і не дазналіся, скуль прывалок газу. Цяпер мяняе газу на самагон і маляс. Разак даваў за літру газы паўлітры самагону — не бярэ.
— Ну то каб ты лепшага ніколі й ня піў, як тая газа, — раззлаваўся Разак, — дарма не вазьму ў такога зьдзірцы.
— А я такому злыдню й за тышчы літры не аддам. Жлукці сваю самагонную поліўку ўпацёмках — больш разьліеш.
19 жніўня. Прафэсар Фэцкі нарэшце дакладна вызначыў, колькі вайна каштуе: выходзяць штодня два мільярды сто восем рублёў пяцьдзясят сем і пяць дзясятых капейкі.
— Калі-б, — кажа, — адзін дзень не паваявалі, то ўсе людзі, што з усіх бакоў абляпілі гэтую гліняную галушку, якую завуць зямлёй, маглі-б увесь дзень ляжаць барадою да сонца й нічога не рабіць, а харчоў было-б кажнаму на залатога рубля, ды яшчэ эканоміі засталося-б на сто восем рублёў і пяцьдзесят сем з паловаю капеек. А як вайна ўжо йдзе пацьдзесят дзён, то вось і лічыце, даражэнькія, колькі чалавецтва на гэтым страціла.
Калі даведаўся пра гэта Апанас Дзюрка, дык аж абурыўся:
— Брэша! Можа чалавецтва й страціла, а я то не. Бо калі вайны ня было, то я рабіў, а харчоў і на залатоўку ня меў, а цяпер пальцам не варушу, а ўжо, дзякаваць Богу, трэйці месяц ем пшэнныя бліны з макам. Не! Штосьці ягоная навука нейкая кульгавая.
Тае-ж думкі трымаецца й наш вінакур, Яська Разак.
— Твой прафэсар, — кажа, — зусім дзівак. Шкада, ты мяне ня спусьціў з гэтым тваім вучоным, я паказаў-бы яму матэматыку. Вайна — страта для чалавека! Чулі? А ці ведае ён, кіслая брага, што вайна шмат каго на ногі паставіла? Другога раней і чалавекам саромеліся назваць, ды ён зусім і не чалавек быў, а так — мроя нейкая. А вайною так акрыяў, што яму й фігаю носа не дастанеш. А ён кажа — страты. «Барадою да сонца ляжаць»… Узяў-бы цябе за рыжую бараду ды патрос як сьлед за такія словы. Каб мая воля, то я ўсе такія навукі пакасаваў-бы ўшчэнт — хай ня брэшуць і не ачмучваюць людзей.
Але Сымон дык той ня згодзен зь імі:
— Хоць я заўжды кажу, што ўсе прафэсары дзівакі, але здараецца, што й яны маюць рацыю. Быў у нас пры Акадэміі адзін такі дзівак. Ён таксама ўсё лічыў. Ліча й ліча. Бывае, і на сьнеданьне забудзецца. І вось аднаго разу ён вылічыў, што каб усіх людзей з усяе зямлі прывалок у вадно месца ды паклаў адзін на аднаго, то выйшла-б куча ўсяго толькі кілёмэтр ушыркі, кілёмэтр удоўжкі, кілёмэтр увышкі. Вось я тады падумаў: каб з гэтай кучы адтрэсьці хоць дзясятую часьціну зладзеяў ды навесьці на іх гармату, то глядзь, што аднэй бомбай усіх і прышчаміў-бы на месцы. Бачыце, як проста па навуцы выходзіць. А служба парадку іх і за дзесяць год не пераловіць. Не! Супраць навукі не кажэце — часам і яна трапляе ў самы пункт.
20 жніўня. Быў на рынку. Адна назва, што рынак, а гандлю ніякага. Бачыў, як адзін дурань збываў калгасьніку мадэльныя туфлі за баханку хлеба. Яшчэ і ўгаворвае:
— Купі, дзядзька, жонцы: гной трэсьці — першы сорт.
А хіба ў такіх туфлях гной трэсьці? У іх факстроты выдрэнчваць і то шкада. Дзядзька паўзіраўся на іх, пастукаў пальцам пад падэшвай дый памяняў.
— Навошта гной, — кажа, — мая дачка ў іх лявоніху паскача. Цяпер, — кажа, — можам і мы сабе такое ласунства дазволіць.