Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
І панёсься за барадою. А праз часін дзесяць вяртаецца й паперкаю з накіраваньнем махае:
— Ну, — крычыць, — трымайся, мышы! Круглоў ідзе.
— А як ты, — пытаемся, — лавіцьмеш гэтых мышоў? Ты-ж ня спэц.
— Даражэнькія, нешта злаўлю. Калі ня мыша, то хоць збажыны якой. Гэта-ж «Заготзярно».
І пайшоў мышэй лавіць. А я ведаю, што ён ніколі нічога, апрача мух, не лавіў. Вось гэта спрыт! Такі чалавек нідзе не загіне.
29 жніўня. Маржі Іванаўне зноў занёс пшанічнае мукі й цукру. Нічога ня зробіш — трэба падкормліваць. Казала, што хутка вернецца лейтэнант. «Ад пэўнага
30 жніўня. Рыгор спраўляў улазіны. Ну, трэба сказаць, што такога баляваньня я шчэ ня бачыў. Было літаральна ўсё. А гарэлкі — Божачка мой! Хоць анучы палашчы. Усе мы стараліся каля яе досыць дружна. Пасьля пачаліся прамовы. Рыгора віталі, хвалілі ягоны спрыт і розум, ягоную вытрываласьць. Ды й як не хваліць, калі чалавека навет агонь не бярэ. Згарэў ушчэнт, а праз пару месяцаў зноў у сваёй хаце, дый абсталяванай лепш за ранейшую. Не, такі чалавек варты пашаны. Навет і Сымон у сваёй, хоць і кароткай, але гарачай прамове адзначыў гэта:
— Што-ж, — казаў Сымон, — што Рыгор выгляду ня мае? Што, пытаюся ў вас, з таго, калі наш паважаны сусед з выгляду як-бы й дурань які? Выгляд гэта, кажа, дрэнь, глупства. Другі бывае й выглядам паважны й гэтым за разумнага сябе ўдае, а загадай паміж трох сьвіней зацірку падзяліць — не патрапіць! А Рыгор падзеліць! Ды так падзеліць, што яшчэ й сабе застанецца. Вось у чым сэнс! Вось у чым, кажу, уся навука. Хай жыве Рыгор!
Мы дружна выпілі за Рыгора, таксама й за ягоную жонку, але ў канцы ўсяе справы нашае лагоднае частаваньне ледзь не сапсуў Апанас Дзюрка. Сярод іншых пачастункаў ён неяк згледзеў на стале сьвежаніну і ўспомніў, што ў яго калісь укралі кабана, і што варажбітка паказала на свайго. Гэта ў яго сфармавалася ў пэўную думку, якая й выклікала рэальныя чыны. Ён падняўся, грымнуў кулаком па стале і, хоць ня зусім выразна, але досыць станоўка, загадаў:
— Пакіньце жэрці! Мая сьвежаніна! Украў!
– і яшчэ раз грымнуў.
Але мы яго хутка супакоілі: нацадзілі ў ягонае чэрава літровую конаўку «ярша», пасьля чаго ён зусім астаўпеў і забыўся ўжо пра ўсё на сьвеце.
Так мы лагодна й скончылі баляваньне.
— Дай Божа так кажнаму пагарэць, як Рыгор, — казаў Загржэмбіцкі, калі мы ўжо разыходзіліся.
31 жніўня. Сяньня жонка сьцягала ў царкву. «Ідзі, кажа, грахі адмольваць, распусьнік». Мабыць, ей нешта сплялі. Няйначай. Таму я надта й ня ўпіраўся. Узяла гэта яна трохі натураю (грошы, кажа, Богу не патрэбныя). Ну й пайшлі. Хто моліцца, а хто й так. Пастаяў гэта я трохі і, як толькі жонка адхінулася спарадкаваць прынесеную натуру, я й сігануў за дзьверы.
Ля царквы народу шчэ больш. Тут я назіраў адну цікавую зьяву, якая мяне пераканала ў тым, што ні ў якай справе нельга быць надта заўзятым. Нейкі былы актыўны бязбожнік у сувязі са зьменаю агульнага кірунку зьмяніў і свае перакананьні й паціснуў з бязбожнай ячэйкі ды ў панамары. А якаясь цётка расшыфравала ягоны манэр і, згледзеўшы былога бязбожніка каля царквы, счапілася зь ім:
— Прэч, — крычыць, — бязбожнік, прэч адсюль! Не пагань сьвятога месца.
Тут народ зграмадзіўся, цікава ўсім.
— Завошта яго, цётка, гоніш? Што ўкраў?
— Гад, — крычыць, — нядаўна ячэйкай кіраваў, нас цягнуў у бязбожнікі, а цяпер у сьвятое месца лезе. Прэч!
— Няхай лезе, — кажуць людзі, -
што табе, цётка, сьвятога месца ня хопіць? Шкада? Можа чалавек пакаяўся?Рыжы бязбожнік, якога цётка так упорыста гнала ад царквы, трохі зьбянтэжыўся, але шчэ трымаўся з гонарам:
— А можа я, — кажа, — маскаваўся, калі быў бязбожнікам? І я заўсягды ў Бога ўвяраў!
Справа скончылася тым, што ўпорыстая цётка прагнала-ткі рыжага бязбожніка. І варта: ня трэ быць такім упартым.
1 верасьня. Любоўная праблема ўсё больш хвалюе нашую ваколіцу. На суседняй вуліцы, Берасьцейскай, сяньня муж разыходзіўся із жонкаю, зь якой жыў два гады. Прыйшоў гэта ён забіраць свае рэчы, а жончына сямейка, дасканальна ўзброеная, атакавала яго пры самых дзьвярох. Жонка ізь вілкамі, цешча зь мяшалкаю абышлі з флянгаў, а цесьць зь нейкім адмысловым уруччам зайшоў з тылуь узялі, як кажуць, у мяшок ды так пачалі пыл выбіваць, што небарака-наважон ледзь выратаваўся. Прыходзіць ён да новае жонкі ўвесь у сіньцох. Ажна й тут пры самых дзьвярох ваенная застава — ня прыймае й новая.
— Дзе рэчы? — пытае. — Няма! Ну, то й мяне няма! Мне галандранцаў ня трэба!
Не прыняла. Цяпер мужык ходзіць па суседзях, скардзіцца, асабліва на тое, што новая жонка так празаічна паставіла любоўнае пытаньне:
— Ды я-ж, — кажа, — даводзіў, што шчасьце ня ў рэчах, а ў каханьні, а яна й слухаць ня хоча. Ты мне, — кажа, — вады ня муці! Прыйдзі з усёй маёмасьцяй, тады й каханьне будзе на ўсе сто дваццаць адсоткаў, а бяз гэтага — вэк! цурык! І дзьвярыма бразгае. Гэта мяне горш за ўсё крыўдзіць, што яна цвыркае. І скуль яна гэтага навучылася?
І апынуўся цяпер чалавек пры дзьвюх жонках і бяз хаты. Вось палажэньне!
2 верасьня. Рэзалі — дваццаць адно. Рыгор прайграў дзьве тысячы, Дзюрка з паўтысячы. Выйграў я й Разак.
3 верасьня. Быў у гасьцёх у інжынера Паліханава. Шкадаваў, што пайшоў. Праўда, пачастунак быў адмысловы, але гаспадар мне ледзь душу ня выматаў. Прысукваўся, як з нажом да горла:
— Ну, што будзеш рабіць, як вернуцца? Куды дзенешся?
І так гэта націскае, што быццам ужо й вярнуліся.
— Ды шчэ-ж, кажу, не вярнуліся, чаго мне загадзя думаць… А тады нешта скамбіную.
— Не, ты цяпер скажы!
Я хоць і пжяны быў, але патрапіў сплесьці нешта такое двойчы дубальтовае, што й сам не зразумеў.
— Хітры ты, — кажа, — чалавек, — але ўжо больш не прысукваўся. Ад мяне, браток, і ад соннага нічога ня выцягнеш. Дарэмна!
4 верасьня. Ізноў быў на біржы. Дзівакі! Прапануюць ехаць на торф. А навошта мне іхны торф, калі я дроў назапасіў? А тарфянога заработку мне яшчэ ня трэба.
5 верасьня. Прафэсар Наязноў дастаў працу. Хоць і не па спэцыяльнасьці, але тымчасам гнуць можна. Хай гне на здароўе. Нашы сілы ўмацоўваюцца!
6 верасьня. Сустрэў Ахрэма Авечку:
— Ну, як, — пытаюся, — жыцьцё?
— А нічога, — кажа, — добра. Ворага сьцігуем памысна.
— А як межы?
— Ну, межы цяпер нашыя напэўна. З захаду нашых падваліла. І хлопцы ўсе — адзін у адзін. Сіла!
Трэ будзе бліжэй падысьці да гэтай сілы ды прыгледзецца да яе. Можа на што й прыдасца.