Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусізацыя пад №...

Крывічанін Лявон

Шрифт:

24 ліпеня. Нешта на мяне Маржя Іванаўна лагодна пазірае. Сустрэліся сёньня, так ветліва размаўляе, руку цісьне: «Заходзьце, — кажа, — калі-небудзь, мне аднэй сумна». Гм… Чаму не зайсьціся? На свайго лейтэнанта, відаць, надзею пакрысе губляе. А кабетка нішто сабе… Правільная… І вага нядрэнная… Наведаю, абы жонка не пранюхала.

25 ліпеня. Цяперашняму сьвету нельга верыць ні на грош. Ну, хоць-бы, скажам, Віцька — свой чалавек, навет прыяцель, а як ашукаў! Прынёс сяньня самагону… пяць пляшак.

— Атрымай, —

кажа, — прадукцыю.

— Гэта што, — пытаюся, — усё? Ты-ж абяцаў дваццаць пляшак!

— Аварыя, — кажа, — здарылася, прадукцыя падгарэла.

— Дзівіцеся! Мой самагон падгарэў, а ён ледзь на нагах трымаецца!

— Дзе-ж, — крычу, — справядлівасьць? Гэта-ж ашуканства!

— Ніякае не ашуканства, — кажа, — а стыхійнае няшчасьце… мабыць, дроў перадаў.

Вось і вер людзям пасьля гэткага!

26 ліпеня. Рыгор шукае працы. «Нешта, — кажа, — марудна будаўніцтва йдзе». Раіўся са мной і з Сымонам, куды лепш падацца: па разьмеркаваньню пайсьці або ў жыльлёвы аддзел. Я раіў у жыльлёвы аддзел. «Усё-ж, — кажу, — справы жыльлёвыя бліжэй да будаўніцтва: там юшку выдзярэш, там цьвікоў намацаеш, а там і ручку ад дзьвярэй выкруціш». Але Сымон іншай думкі.

— Усё гэта, — кажа, — драбніца. Вось паслухайце, што я скажу. Як працаваў я ў трэсьце, быў там адзін замусола. Агентам лічыўся. Чалавек зусім нікудышны. Ледзь ногі цягаў. Нарэшце кідае ён усё ды йдзе ў будку ваду прадаваць. І што-б вы думалі? Не пацадзіў ён і паўгода гэтай вады з сыропам, як ужо трэці дом на Лагойскім тракце паставіў. Ды які! На дванаццаць тысячаў. Вось табе й сыроп! У гэтай працы — гандлёвай — магнэса такая ёсьць: ты грошы хоць адпіхай ад сябе, а яны ўсё-ж да цябе плывуць.

Апошні довад даканаў Рыгора. Мабыць, пойдзе па разьмеркаваньню.

27 ліпеня. Сяньня чыталі газэту. Цікава было. Сабраліся мы гэта усёй вуліцайь прыдыбаў і прафэсар, Наязноў Васіль Мікалаевіч. Ну, цешымся мы: паслухаем, што на сьвеце дзеецца. Я вазьмі ды падсунь газэціну прафэсару:

— Прачытайце, — прашу, — калі ласка, Вы, паважаны прафэсару. Вы ўсё-ж больш пісьменны за ўсіх нас.

Усадзіў гэта ён на нос акуляры, нацэліўся на газэціну й толькі прачытаў «Менская газэта», як аж пазелянеў:

— Вы што гэта мне, найшаноўныя, падсунулі?
– і аж закалаціўся. — Выбачайце, я па-такоўскаму ня чытаю й чытаць не жадаю. Абраза! — Тут-жа ўзьняўся й пашкандыбаў ад нас. Вось было сьмеху! Давялося газэціну сьлібізаваць Сымону. Той, хоць і не прафэсар, але па складох чытае.

Прагледзелі мы ваенныя зьвесткі. Ну, там усё, як сьлед: адны ўцякаюць, другія сьцігаюць. Прачыталі навет усе абжявы. Асабліва зацікавіла ўсіх абжява пра новыя грошы. Зразумела, кажнаму хочацца ведаць, якія грошы прытрымліваць, а якія хутчэй спушчаць. Што да абжявы аб крымінальных, каб іх выдаваць, то мы тут зьбянтэжыліся: каго-ж выдаваць? Бо як ты цяперашнім сьветам адрозьніш, хто крымінальны, а хто не? Сымон казаў, каб пачаў валіць усіх-усіх адразу, то памыліўся-б мала. Ну, ведама, із Сымонам ніхто ня згодны, бо хто-ж сам сабе вораг?

Прачытаўшы газэту, доўга яшчэ сьмяяліся з прафэсара, асабліва рагатаў Сымон:

— Вось узяло яго за самае нутро. Але гэта яшчэ глупства. У 18-м годзе са мной здарылася ня гэткая рэч. Тады была «Вольная Беларусь». Ну, я й прадаваў яе. А быў у нас на пошце чыноўнік, такі ўжо люты да газэты — штодня браў. Вось я з разгону й падсунуў яму гэту газэту. «Самая сьвежая, — крычу, — самая

праўдзівая!». Грошы ўзяў дый далей. Дык што-б вы думалі? Тры месяцы за мной ганяўся гэты чыноўнік. Як толькі згледзіць, дык за мной із палкаю. «Я табе пакажу, — крычыць, — як людзей ашукваць, хамства падсоўваць». Я яго за вярсту абягаў. Але што вы скажаце? У 35-м годзе гэтага чыноўніка ГПУ бярэ ў канвэрт і высылае на дзесяць гадоў як беларускага нацдэма. І як ён ні бараніўся, як ён, бядак, ні даводзіў, што ён ёсьць ісьцінны расеец, — не паверылі. Можа й памылкова яго выслалі, але ўсё-ж чалавек сваё знайшоў. Так вось будзе й тут. Свайго лёсу, браток, ня міне ніхто.

Сымон, вядома, перасольвае, але зрэшты, хто яго ведае, што будзе… Хто, прыкладам, спадзяваўся, што на шостым дні вайны немцы ў Менску будуць, аджа здарылася. Трэба, на ўсякі выпадак, навязаць сувязь з беларусамі.

29 ліпеня. Віцьку даў адстаўку. Знайшоў новага самагоннага фабрыканта. Добрага майстра відаць адразу.

— Ты, — кажа, — ля апарату ў мяне можаш не стаяць. Сваю порцыю ты атрымаеш апрача тае, што я выпжю. Трымай дзьве пляшкі авансу!

І даў. Вось гэта майстра, а ня пэцкаль які. А я тымчасам і пахмяліўся.

30 ліпеня. У Апанаса Дзюркі ўкралі сьвінчо. Дзюрка страшэнна абурыўся й спачатку кінуўся да службы парадку, але там адмовілі: «Каб ты, — кажуць, — прывёў злодзея да нас, то мы-б яго тут адразу пад пазногаць і адпаліравалі-б, як сьлед, а так, сам бачыш, горад вялікі, зладзеяў многа, каго хапаць?».

Апанасу ня так абыходзіць сьвінчо, як хоча ведаць, хто мог зрабіць такое сьвінства.

— Каб толькі даведацца, — кажа, — хто гэта зрабіў, то я сам-бы ўжо паказаў і службу й парадак. Век памятаў-бы.

Рыгор раіць зьвярнуцца да варажбіткі.

— Ёсьць такая, — кажа, — на пагарэлай вуліцы, хераматкай завецца. Як паглядзіць табе на руку — усё як на далані вылажа. Як быццам сама бачыла. Я, калі мяне з трэсту звольнілі, таксама падаваўся да яе. «Скажы, — пытаюся, — хто на маёй дарозе стаіць, хто мой злосьнік?». Паглядзела яна на руку ды й кажа:

— Вось бачыш, тут твая службовая лінія, завілістая такая. А вось тут упоперак яе стаіць руды мужчына, без барады. Гэта й ёсьць твой злосны вораг.

І што-ж вы думаеце? Як пальцам уцэліла ў ворага: быў такі ў трэсьце — руды й без барады ды зь якім я два разы лаяўся.

Апанас пайшоў да варажбіткі.

31 ліпеня. Адна бяда ня ходзіць. Сяньня правяраў муку, тую, што закапаў у яму. Тры мяхі струхнелі, а два зусім ушчэнт падмачыла. Сымон суцяшае, што нічагуткі — самагонны фабрыкант дасьць ёй рады. Але-ж страты! Тады на малясе Віцька нагрэў. Цяпер — мука! Калі так далей пойдзе, то неўзабаве і ў комін выляціш.

1 жніўня. Быў у Маржі Іванаўны. Зноў скардзілася на сваю самотнасьць. Успамінала лейтэнанта й частавала гарбатай, але бяз цукру.

— Вярнулася я, — кажа, — пазнавата, калі ўжо галоўнае разьмеркавалі. Ну вось і засталася так: бязь нічога й бязь нікога. І ўздыхнула.

Ну, ведама, брэша: сёе-тое й яна пад сябе падскрэбла, але, відаць, неспажыўное.

Пагутарылі крыху, папаласкалі рот гарбатай і разышліся ні з чым. Мне штосьці не падабаецца такая адцяжка. Няйначай, трэба падысьці з другога боку. Паабяцаў прынесьці цукру й масла, можа справа пойдзе сьлізчэй.

Поделиться с друзьями: