Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусізацыя пад №...

Крывічанін Лявон

Шрифт:

2 жніўня. Пільнасьць і асьцярожнасьць! Вось два нашыя галоўныя прыяцелі. Падвоіць пільнасьць, патроіць асьцярожнасьць! Бо сяньня пачуў вельмі прыкрую рэч. Раскулачылі Антку Загржэмбіцкага. Ды як раскулачылі! Да ніткі! Ня толькі ваенны здабытак, а й сваё крэўнае падгарнулі. А хто ўтапіў? Уласная жонка. Вярнулася гэта яна з уцёкаў, а ў сужэнца ўжо красуня сядзіць, і дабра поўная хата. Ну, баба, натуральна, на дыбкі, а з дурной галавы ўзяла ды бухнула куды ня сьлед: так вось і гэтак, у такога вось ды гэтакага дабра поўная хата, нарабаванага. Прыехалі, ведама, пацікавіцца дый

вывезьлі аж дзьве машыны. Ды якога дабра! Сэрца млела, як людзі глядзелі. А цяпер абое Загржэмбіцкія сядзяць ды плачуць. А красуня, ведама, уцякла.

Рыгор кажа, што гэтаму Загржэмбіцкаму так і трэба: надта-ж многа нагроб лішняга. А я так мяркую, што чалавеку ніколі залішне ня бывае. А што нагроб — дык навошта-ж тады й рукі чалавеку? Хіба толькі для таго, каб вітацца? Не, я на справу гляджу інакш: гарні пад сябе кажны, бо толькі курыца ад сябе горне, дык на тое-ж яна курыца, а не арол.

Але тымчасам натую: пільнасьць і асьцярожнасьць, бо і ў мяне жонка ёсьць і красуня прадугледжана.

3 жніўня. Сустрэў Байцова. Гляджу й не пазнаю: ні то ён, ні то новы эўрапэец. І гарнітур, і паліто, і чаравікі — усё ад Люкса.

— Што гэта, — пытаюся, — з табою здарылася? Ці ня ў Гамбург ты часам зазірнуў?

— Навошта мне, — кажа, — туды ехаць, калі тут свой Гамбург: што хачу, тое й маю.

— Чараўнік ты, — пытаюся, — ці што?

— Не, я не чараўнік, а праца ў мяне, браток, такая, быццам чароўная: і абутак, і адзетак, і напітак, і наедак — усё, як на далоні.

Во як людзі ўмайстроўваюцца. А яшчэ нядаўна шукаў якой-колечы спажывы. А тут раптам усё. Трэба гэта на ўсякі выпадак занатаваць, бо такі чалавек заўжды прыдасца. Абяцаў дастаць новую швейную машыну. Праўда, у жонкі яшчэ машына спраўная, але ўжо трохі размалолася.

4 жніўня. Палітыка мяне ня надта цікавіць, але ўсё-ж такі нейкую лінію трэба мець. Сяньня адзін тып мяне проста да сьцяны прыпёр. Давай яму сваё крэдо. Трэмся гэта мы на біржы, рэгіструемся (я за разумовага рэгістраваўся), гляджу — ажна тут і Паліханаў у хвасьце матаецца (ён калісь за інжынера працаваў). Ну, прывіталіся, сёе-тое, а пасьля ён мне й шэпча:

— Чуў? Нашыя бжюць, а іхныя бягуць.

Дайце рады! Хто гэта нашыя, а хто іхныя? Таму я ў вадказ мармытнуў нешта нявыразнае. Але Паліханаў прыстаў, як ліст.

— Ды ты, — пытаецца, — куды арыентуешся, на ўсход ці на захад?

А куды мне арыентавацца? Ведама, мяне больш цягнула-б на ўсход, але, ізноў-жа, цяпер і там не мяды, а ў выпадку чаго, дык зусім проста, што й спытаюцца: а ну, Іван Іванавіч, раскажэце нам, будзьце ласкавы, як гэта вы чужой зямлі ня бралі, ды й пядзю свае зямлі не аддавалі? А што на гэта скажаш пры маёй сытуацыі, калі я ад фронту такога драпака даваў, што ня пядзі, а цэлыя кілёмэтры з-пад абцасаў сыпаліся.

— Ды я пакуль больш на кілішак арыентуюся, — адказваю я Паліханаву, — а пра іншае яшчэ ня думаў.

— Ну, то заходзь да мяне, у мяне рознай ёсьць: і шнапс, і маскоўская. Заходзь, выпжем, паталкуем.

Гм… зайсьці, вядома, можна. Чаму-ж не паталкаваць? Але што, калі ён зноў насядзе на арыентацыю? А Паліханаў, трэба сказаць, чалавек не надзейны: ён здольны на ўсе бакі арыентавацца.

Увечары пытаўся пра гэта ў Сымона: «Ты, — кажу, — у палітыцы куды арыентуешся: на ўсход ці на захад?»

— Я, — кажа, — ні туды, ні сюды, я — тутэйшы.

Дый навошта мне кіравацца? Хай на мяне кіруюцца, каму трэба, а я ў сваёй хаце й на сваёй зямлі. Дзякаваць Богу, ніколі нікуды ня езьдзіў, і мне нікога ня трэба.

— Але ўсё-ж, — кажу, — нейкую палітычную лінію ты мусіш мець, бо цяпер кажны якую-небудзь лінію гне.

— А я, — кажа Сымон, — ніякай лініі ня гбаю. Ведаю я гэтыя лініі. Пачні гбаць, то будзе якраз тое, што зь серабранскім Хвэськам было. Той гэтую лінію ад сямнаццатага году пачаў гбаць. Ну, гбаў яе, гбаў, аж да трыццатага году, а тут яго ГПУ як хапанула, ды й самога ў дугу сагбала. Кажуць, дзесь на Сыбіру зусім загнуўся. Вось табе й лінія. А мне, браток, абы ціха. Жонка е, хата е, дзеці будуць. Вось і ўвесь мой кірунак.

Бясспрэчна, Сымон чалавек зусім апалітычны. Мне, як культурнаму, так разважаць ня выпадае… Але зноў-жа й з палітыкаю адны турботы. Вось тут і круціся, пакуль трапіш на сваю лінію. Паспрабую тымчасам арыентавацца на абодва бакі, але так, каб было ледзь значна.

5 жніўня. Ізноў чытаю газэту. Сымону асабліва спадабалася паведамленьне пад назовам «Бамбавозы Герынга над горадам Сталіна».

— Аддаў-бы, — кажа, — і каня й панарад, абы толькі паглядзець, як нашыя былыя правадыры ды з Крамля драпануць. То было-б пацехі. Ня дзіва, калі й нагавіцы памяняюць. Ведаю я гэтыя бамбавозы з практыкі.

Яська Разак выказаў думку, што нядрэнна было-б цяпер апынуцца ў Маскве:

— Во дзе дабра падгарнуў-бы, — кажа, — тым балей, што ўжо й практыка.

Думка Разакова, відаць, шмат каму прыйшлася да густу, бо ўсе неяк разам прыціхлі ў чароўных мроях, некаторыя ўздыхнулі, а Рыгор, дык той нават аблізнуўся.

Абжявы ў газэце выклікалі сьмеху. Пішуць, каб паадносілі прадпрыемствам рэчы, якія парасьцягнулі падчас вайны. Ну, хіба-ж вернуць? Ды ніколі! Сымон, дык той адразу сказаў:

— Дарэмныя турботы. Не аднясуць. Дзе вы бачылі, каб чалавек чужое зьвярнуў? Будзе якраз тое, што ў нас у камбінаце было. Зрабілі гэта ў нас нейкую касу, казалі, што ўзаемадапамогі. Ну, як звычайна было. Спачатку гэта пакрычэлі на сходзе, паагітавалі, а нарэшце й кажуць: «А цяпер, грамадзяне, давайце дабраахвотныя ўзносы ў абавязковым парадку».

Што будзеш рабіць? Мы, ведама, склалі гэтую складчыну, па рублі, па другім, адзін месяц, другі. А калі ўжо ў скарбонцы грошы троха наскрэблася, мы й шуганулі па дапамогу: хто на дзіцё просіць, хто на хворую жонку, што здаровая, як сьвежы сыр, а хто на цешчу вымагае, якую хаваць трэба, а яна тымчасам паміраць ня хоча. Зразумела, кажны браў матыву самую далікатную й важкую. Толькі гэта мы да касы, ажна — тпру, грошай няма. Дзе, пытаемся, нашыя рублі? А той член, што скарбонку гэтую трымаў (ні то прафсаюзны, ні то парцейны, цяпер ня памятаю), такі быў хвацкі — зь пяску мог вяроўку зьвіць ды ёю-ж цябе й задушыць. Дык вось ён і кажа:

— Грошы няма й ня будзе. Я іх усіх рашыў дашчэнту.

І што-ж вы думаеце? Колькі яго ні прасілі, колькі ні саромелі, навет пагражалі, нічога.

— Што ў мяне, — крычыць, — варштат, каб грошы рабіць? Няма, дый годзе. Адкасьніцеся!

Так і адкаснуліся. І скончылася нашая ўзаемадапамога — сабедапамогай. Так вось будзе й тут. Бо хто, прыкладам, аднясе малочнаму заводу, скажам, бідон, калі чалавек ужо ў бідон алею нацадзіў ці шпэку націскаў? Ніхто не панясе. Я народ ведаю.

Із Сымонам нельга не згадзіцца.

Поделиться с друзьями: