Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
20 сьнежня. А ўсё-ж у паветры нечым пахне. Бо Маржя Іванаўна й тая зьмяніла тон. Сяньня ў яе засьпеў нейкага невядомага з падазроным абліччам. Казала, што гэта ейны знаёмы шофер, навет далёкі родзіч. Прывіталася са мной надта скупа, як із чужым. І трымаецца неяк больш бадзёра й незалежна.
— Сядайце, — кажа, — таварыш Чужанінаў.
Цікава: учора быў Ванечка, а сяньня — таварыш Чужанінаў. Не, тут штосьці ня так. Ці тут гэты шофер прычынаю, ці то іншыя справы, больш сакрэтныя. У кажным разе трэба даведацца, які тут вецер пад бабін хвост дзьме.
21 сьнежня. Купляў цацкі
— Дайце мне, — кажа, — якіх-небудзь вясёленькіх цацак.
— Вясёленькіх? — кажа крамніца, — калі ласка.
І шусь на прылавак гармату, гранату, самалёт ды яшчэ якіхсь пушак.
— Не, — кажа тып, — дзякую за такую вясёласьць. Я ўжо гэтага наглытаўся досыць.
— Дык якога-ж, — пытае, — храна вам трэба?
— Дайце мне якуюсь цацачку, якая-б клікала да жыцьця, а не да сьмерці.
— Тады бярыце барабан або трубу.
— Не, ня тое! Мне-б вось такую мірную цацачку, каб, скажам, пявунка або птушачку, бо ў мяне ўжо гэтая чырвань вочы выела.
— Ну, дык наце вам коніка.
І паднесла да яго носу валавянага коніка.
Той аж напалохаўся.
— Вы, — кажа, — даражэнькая, што гэта мне сунеце?
— А што? — пытае.
— У гэтага каня хвост уніз вісіць, а мне трэба, каб угару стаяў.
Тут ужо й крамніца раззлавалася:
— Вы, — кажа, — грамадзянін, ня выдумляйце тут! Што вы хочаце, каб я за вашыя за тры маркі ды хвост угару падымала? Сорам вам!
Публіка, што ў краме была, падтрымала крамніцу:
— Запраўды, — кажуць, — грамадзянін, нічога ня выдумляйце. Якое вам яшчэ трасцы нестае? Бярэце, што даюць, дый годзе. Не зазірайце пад хвасты.
Так і пайшоў гэны грамадзянін, нічога ня купіўшы. А й запраўды дзівак. Хіба яму ня ўсё роўна, куды хвост вісьне — уніз ці ўгару? Я купіў барабан, дырыжабаль СССР, дзьве гарматы, пяць бліскучак, дзясятак пшыкавак. Жонка была задаволена.
24 сьнежня. Калі ўжо не пашанцуе, дык і дзеўцы ветрам надзьмуе. Гэта праўда. Небараку Загржэмбіцкага, якога колькі разоў ужо калечылі, зноў паклалі на лапаткі. Вярнуўся з падарожжа голы, як бізун. Сустрэла яго ў лесе пад Чэрвенем нейкая вясёлая кумпанія й кажуць: усё ваша — будзе наша, а вы, пане, — вэк! Яшчэ й усыпалі троху на дарогу, каб не замёрз часам. Ні каня, ні саней, ні солі. Кідаецца цяпер ува ўсе бакі, як варжят. А што з гэтага кіданьня будзе — невядома.
28 сьнежня. Куцьцю спраўляў дома, але дзе гэтыя тры дні калядаваў — нічога ня ведаю. Адно толькі памятаю, што пілі, але дзе й колькі — хоць зарэж, ня ўспомню.
Недарэчная рэч, гэтыя старамодныя сьвяты.
29 сьнежня. Чуў я колісь аднаго разумнага чалавека, які казаў: «Трымай чалавека голадам, дык ён будзе мець толькі адно жаданьне, а накармі яго, дык жаданьняў у яго зьявіцца безьліч». Гэта, мабыць, праўда. Сяньня спаткаў свайго даваеннага, яшчэ з-за царскіх часоў, прыяцеля. Быў ён трохі афіцэрам, да Ўрангеля падаўся, там нешта рабіў, а цяпер нейкім парадкам ізноў тут апынуўся.
— Якім, — пытаюся, — ветрам зноў сюды закінула?
— Ня ветрам, — кажа, — а самаходам. Радзіма пацягнула.
— Ого, — кажу, — дык васпан ізноў угару пайшоў. На самаходзе.
— Эт, якая тут гара, — кажа, — мышыная. Хіба ты ня ведаеш, кім я раней быў? Дзяншчыка меў! А цяпер сам за халуя ў гэтага дзяншчыка. Дык па-твойму гэта парадак?
— Ну, ведама, — кажу, — у вашым стане дык парадак незайздросны. Але-ж выгляд у вас, тымчасам, гладкі.
— Што выглёнд? Гэта глупства. Бо не аб адзіным хлебе жывы чалавек бывае.
— Праўда, — кажу, — да хлеба патрэбна й скварка.
— Ды я не аб
скварцы! Пакуль даволі й гэтага. Надоечы вось дваццаць кілё масла загарнуў. Пакуль шчэ сяк-так самадапамагаемся.— Ну й памагай Бог, — кажу, — абы ціха.
— Дзякаваць. З гэтага боку ўсё ў парадку, ніхто не падкалупне. Але не аб гэта ходзіць. Дзе духовая страва, я пытаюся? Улада дзе? Гонар? Вось аб што ходзіць! Вось чаго нестае!
— Але-ж, — кажу, — вайна! Цяпер абы жывот.
— Ну ты, даражэнькі, дробна плаваеш. Адным жыватом доўга ёрзаць ня будзеш. Захочацца й на ногі стаць. Вось гэтага я й хачу!
Разьвіталіся мы, і ён бадзёра закрочыў з узьнятай галавой, быццам трымаючы на версе брыля тую славу, да якой чалавек імкнецца.
Вось тут і зразумей чалавечую натуру. Пакуль із чужых талерак кавалкі зьбіраў, усё было добра, а як ўжо нажэрся чужога хлеба — на вышыню славы палез. Улады захацеў!
Праўда, што чалавеку ніколі нестае, і жаданьням ягоным няма канца.
2 студзеня. Новы год сустракалі ў Рыгора. Банкет наладзілі ў складку, натурай — каму што Бог паслаў. Больш налягалі ў кірунку пітва, бо гэты прадукт у нашай парафіі шануюць перад усім. Гасьцей было шмат: і сваіх, і чужых. Банкет пачаў Рыгор. У сваёй уступнай прамове ён адзначыў, што гэты новы год — першы такі ўдалы год, і хаця й не з нашае віны, але ён вольны.
— Я, — кажа, — у вайну пагарэў ушчэнт. Але што вы бачыце ў мяне сёньня? Дзе вынікі вагню? Няма іх! Вось-жа я й кажу: дай Бог кажнаму так пагарэць. Дык жадаю ўсім вам такога шчасьця, якое мне паслаў Малох вайны, — так скончыў Рыгор сваю прамову й перакуліў чарку.
Мы зрабілі тое самае, а пасьля пачалі падвойваць і патройваць. Рыгоравы госьці, ягонае начальства з управы, больш налягалі на закусь. Відаць, ня надта сытыя.
— Яно й зразумела, — казаў Апанас, — бо яны-ж на працы, а мы не працуем. А хто не працуе, той і ня есьць. Вось чаму нашыя менш ядуць, а больш налягаюць на пітво.
Як ужо трохі замарылі чарвяка, зноў паліліся прамовы. Але цікавага было мала. Усе гаварылі пра шчасьце, пра лепшую будучыню, пра йшчэ лепшае жыцьцё на новы год. Езуіты! Шмат каму зь іх ня сьнілася такое жыцьцё, як цяпер жывуць, а гавораць аб лепшым.
Калі ўжо добра падсілкаваліся, паэта Цымбальскі задэклямаваў свой навагодні верш. Я ня памятаю, што ён напачатку крычэў, але пасьля, як грымнуў кулаком па стале й залемантаваў:
Сваю душу пераніцую! Душу варожую скрышу! Відэльцам сэрца пракалю я! Усіх ушчэнт перадушу!!!І як пахопіць крэсла, як бразьне аб падлогу — ажна ёлка пахіснулася й цацкі сыпнуліся долу. Усе напалохаліся — жах! Асабліва жанчыны. Рынуліся хто куды. Рыгор пачаў супакойваць:
— Дарэмая трывога, — кажа, — ня бойцеся. Гэта яму натхненьне падпёрла. Апарожніцца, і ўсё будзе ў парадку.
І праўда, нацадзілі Цымбальскаму конаўку, ён высмактаў і змоўк.
Калі мы ўжо залілі гэты спалох, слова забраў Сымон:
— Вось тут я чуў, што гаварылі пра новае шчасьце. А на які мне хрэн гэтае вашае шчасьце? Мне што трэба на гэты год? Марцыпаны? Мне патрэбна спакойная праца, а ў выніку яе — скварка й чарка. І каб ніякі чорт не мяшаўся ў маё жыцьцё. Вось і ўся мая палітычная крэйда [1] . Дык ці многа я хачу на новы год? Хто скажа, што я хапіў лішняга? Ніхто! Дык чаго-ж вы тады лезеце да мяне з усіх бакоў? Вы хочаце, каб я на вас працаваў? Дык не! Скулу вам у бок! Гэтага ня будзе!
1
Мабыць, трэба разумець: credo. Л. К.