Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
Пачаставаліся дэлегаты зьезду на банкеце, селі на цягнік і папхнуліся ў Маскву. І вось толькі аджехалі за Антонава, Язэпу прыціснула пільніца. А трэба сказаць, што Язэп на цягніку блізу ня езьдзіў, а тым больш у мяккіх вагонах, і ня ведаў усіх парадкаў. Кінуўся ён туды-сюды — няма рады. Выскачыў у калідорчык, зірнуў навокал — нагвалт пад кусты трэба, а як ты зьбегаеш, калі тыя кусты толькі перад вачыма мільгаюць. Ня ведаў ужо, што й рабіць. А тут два нейкія гіцлі падсунуліся.
— Што ты, дзядзька, топчашся тут, быццам ушкодзіўшы.
— Шчэ не, але неўзабаве так яно й будзе.
— Дык у чым справа? Гэта зусім проста.
Падвялі яны Грака да нейкае штуковіны ды й кажуць:
— Таргані
Грак таргануў, бо думаць ужо ня было калі. І праўда — цягнік стаў. Саскочыў Язэп ды, выбачайце, у кусты. Цягнік пастаяў трохі, сьвіснуў ды зноў пайшоў. Выбег Язэп з-за кустоў, «пачакай» крычыць. Але дзе там! Паехалі.
Мусіў Язэп вярнуцца дахаты пехатой. А назаўтра зноў пайшоў вуліцу падмятаць. Так і скончылася ягоная кальера. А шанц быў найлепшы, бо бараду меў хрэсьцянскую.
Вось тут і кажы, што не выпадак. За малою драбніцаю чалавек ня трапіў у вышэйшыя члены.
7 лютага. Сяньня зьявіўся на нашую вуліцу нейкі паўнамоцны чын, каб зьбіраць складку на дапамогу.
— Ёсьць, — казаў, - такое таварыства сабедапамогі, якое ня мае сродкаў, а тымчасам у горадзе шмат нэндзы, дык трэба-ж і ёй трохі дапамагчы.
Добра. Галечы ў горадзе хапае, бо шмат хто ў пераходны час бадзяўся немаведама дзе й не парупіўся сам сабе дапамагчы. Трэба-ж людзям паспагадаць. Таму мы ня надта й спрачаліся: скінулі — хто рублёўку, хто — дзьве, а хто й жменю круп. Толькі як дайшла чарга да Сымона, той упёрся як вол:
— Ня дам ні фэніка й годзе. Калі я ў сваёй хаце дам жабраку бульбіну, дык ведаю, што ён яе сам зьесьць. А тут я не гварантаваны.
— Як гэта?
— А так! Можа, вы мой фэнік прапжяцё?
Паўнамоцны член надта абурыўся на гэтыя словы і ўжо пачаў гразіць, але Сымона нялёгка зьбіць з капылоў:
— Вы, — кажа, — даражэнькі, у бутэльку ня лезьце, бо я тыя складкі добра ведаю — у мяне такі-ж выпадак быў. А вось паслухайце. У трыццатым годзе, калі із скваркаю было вельмі туга, мы аднаго разу склаліся ўпяцёх аж на дзьве тысячы й ськіравалі Юрчанку Аўхіма ў Смалявічы. Купі, кажам, сала або кабана (там было таньней), пасьля падзелім складанае. Добра. Паехаў Юрчанка, а мы чакаем і аблізваемся. Чакаем дзень, два чакаем, тыдзень — няма пасланца. Рушылі да яго ў хату. І што-ж мы бачым? Ляжыць ён, гад, што брук, ды песьні сьпявае. Дзе, пытаемся, складанае, а ён рагоча: «За граніцу, — кажа, — адправіў вашае сала, на золата абмяняў».
І зноў рагоча, і сьпявае: «ах, эти чёрныя глаза». Ну, пастаялі мы, паглядзелі, плюнулі ды й пайшлі. Што ўжо тут возьмеш? Дык вось вам, даражэнькі, і складанае. Мы грошы давалі, а ён прапіў, зжэр і песьні сьпявае. Дык што вы на гэта скажаце?
Паўнамоцны член нічога не адказаў, толькі рукой махнуў. Так Сымон і ня даў складкі.
— Мне, — казаў, - гэтай капейкі не шкада, але дзе йдзець аб супольным або таварасьцьве, там мяне быццам сярпом па… шыі. Не магу трываць.
8 лютага. Сусьветнае палітычнае расклінаваньне дапяла нарэшце й да нас. Дзюрка й Мікіта (швагры) на глебе гэтага расклінаваньня такую разьвялі дыскусію, што давялося іх разьнімаць. Зьмяніўшы кепку на капялюш, Апанас зьмяніў і свае палітычныя пераконаньні. І цяпер кажа ўсё наадварот таму, што казаў раней. Ходзіць па хатах ды выхваляецца:
— Гэта было ня так, а тое было ня гэтак. А вы дваццаць год мадзелі ў цемры. Мы гэта пераробім, а тое зьнішчым. Мы вас навучым, бо новая палітыка — гэта вам ня жарты. І трэба змагацца.
Мікіта нарэшце ня вытрымаў:
— Ты мне пра палітыку ня боўтай, бо я гэтага ня ведаю.
Дый табе яна патрэбна, як покрыўка ад гультайства. Ты мне адно скажы: чаго ты мяне, пень яловы, навучыць можаш? Ці не навучыш ты мяне, як хутчэй дамавіны габляваць? А мо ты маю жонку навучыш, як голыя крупы зварыць, каб яны былі зь мясным адварам? Эх ты, малпа абскубаная! Пень пад капялюхом!Не здаваўся й Апанас:
— А ты, — кажа, — бутэлька піўная! Ты цёмны й някультурны тыпус!
— Што? — узарваўся Мікіта, — я тыпус? Ды я табе, сукін ты сын, за такія словы…
І бац па капялюшы.
Капялюх пакаціўся, а яны ў загрудкі. Ледзь расьцягнулі. Цяпер, калі сустрэнуцца, дык інакш ня вітаюцца, як толькі «Здароў, малпа!» ды «Вітаньне бутэльцы». А былі дружнымі шваграмі.
Сымон, гэты злосьнік усялякае палітыкі, цяпер ходзіць із задавальненьнем:
— Ну, што? Не казаў я пра гэтае ашуканства? Бачыце, што яна робіць: кліны забіваюць з бакоў, а яны шчэпяць зьнізу. Так яна, гэтая палітыка, скрозь.
10 лютага. Калі падумаць, колькі людзей пакалечыла сябе за так званыя палітычныя перакананьні, дык ажна страх бярэ. Іншы мяняў іх за гэтыя дваццаць пяць гадоў па дзесяць разоў і не заўсёды без аварыі. Быў у мяне да сямнаццатага году добры знаёмы, Кручкоў Сяргей. Ён меў пасад прысяжнага даверанага, перакананьні — сацыялістага дэмакрата й зарабляў добрыя грошы. У сямнаццатым годзе ён хадзіў па вуліцах пад сьцягам, сьпяваў песьні, а пасьля неяк раптам так высока сігануў, што я страціў яго з вачэй. А сяньня — вось навіна: гляджу на Сураскім рынку, а ён сядзіць пад яткаю, сьпераду расставіў розныя статуйкі, шмацьцё расклаў і наагул розныя дарэвалюцыйныя дрындушкі. Прадае. Схуднеў, аброс — зусім сапсеў.
— А даражэнькі, - кажу, — колькі год ня бачыліся! Ну, як жыцьцё?
Зірнуў ён на мяне з-пад ілба і пытае:
— А хіба гэтае, што мы сяньня робім, можна назваць жыцьцём?
— Ну, ведама, — кажу, — цяжка. Але-ж вайна. Чаго добрага хацець?
— А я цяпер, — кажа, — нічога не хачу: ні вайны, ні рэвалюцыі. Хачу, каб ізноў быў Мікалай!
— Але-ж даруйце. Вы-ж самі ў сямнаццатым годзе крычалі «Далоў крывавага Мікалая! Далоў вампіра!». І шчэ, памятаю, песьню сьпявалі «Адракнёмся ад старага міру».
— Ну, што-ж? Сьпяваў, бо дурны быў. І ўсе былі дурні. Бо каб ня сьпявалі, дык гэтага ня было-б. Спусьцілі сабаку з ланцуга, а сабака, ведама, сабака: кідаецца на ўсіх, а таго ня ведае, што калі гаспадар не пакорміць, дык здохне.
Вось табе й на! То крычэў «Далоў Мікалая!», а цяпер кажа «Давай Мікалая». Знацца, і запраўды быў дурань, калі сьпяваў «Адракнёмся», бо тым часам яшчэ й сёньня прадае рэчы, якія набыў пры гэным «крывасмоку»…
Ідучы з рынку, я думаў, колькі-ж мусіў гэты чалавек за свайго паўвека перапэцкаць і зьмяніць гэтых палітычных кашулек, каб дайсьці ад сацыялістага дэмакрата да чарнасотніка? І колькі ён перасьпяваў песьняў? І на колькі матываў? І што яму гэта каштавала здароўя?
Тут я зноў згадзіўся з Сымонам, што лепш ня вызнаваць ніякае палітыкі, чымся мець ад яе адну згрызоту.
12 лютага. Прафэсар хэмік Адбітоўскі перакінуўся на мылавара. Ён неяк ужо даўна жаліўся Вадзянецкаму, што ягоны цяперашні інжынерскі пасад не задавальняе ўсіх патрэбаў.
— Мушу, — казаў, - мець дадатковы прыбытак. Навуковыя веды ў мяне ёсьць, а таксама й каўстычнай соды дастаў.
Праўда, не зважаючы на свае навуковыя веды, ён дзьве першыя зваркі сапсуў: нечага не дадаў, а нечага перадаў. Каб на іншага, дык-бы ўжо кінуў гэтую брудную справу, але Адбітоўскі — чалавек упорысты.