Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусізацыя пад №...

Крывічанін Лявон

Шрифт:

— Я, — крычыць, — дваранін! Я Рурыкавіч! Мой дзед, — кажа, — за адну ноч дзесяць тысяч дзесяцін прапіў, а ты мне, гад, дзьвесьце грамаў паверыць ня можаш. Эх ты, — кажа, — беларус!

Але гаспадар закусачнай трапіўся чалавек досыць вытрывалы.

— Я, — кажа, — із тваім дзедам гарэлкі ня піў, хоць, можа, ён і Рурыкавіч быў. А мне — грошы на бочку, і ніякіх князёў!

Як мы даведаліся, гэты аскалопак княскага роду прасадзіў у закусачнай свой паўмесячны інжынерскі заробак, а да поўнай формы не дапяў — не хапіла грамаў дзьвесьце. Мы з Рыгорам паставілі яму па сто грамаў і пазнаёміліся. Абяцаў навет дакуманты паказаць, што ён Рурыкавіч. Можа й так? У кажным разе з такім чалавекам пазнацца нядрэнна. Калі й ня Рурыкавіч, то ўсё-ж чалавек свой.

23

студзеня. На нашай вуліцы асяліўся заходні чалавек і адразу пачаў заводзіць свае парадкі. Пахадзіў гэта ён па хатах, пазнаёміўся з суседзямі, а пасьля хваліўся:

— Я, — кажа, — не магу так проста жыць, як вы. Я не магу так, як вы, у хату сунуцца, я павінен увайсьці па-культурнаму.

З гэтае, відаць, прычыны ён заказаў візытоўкі. Але ягоныя культурныя намеры адразу-ж сустрэліся з непераможнымі цяжкасьцямі. Пайшоў гэта ён да Мікіты Гузака купіць самагонку, і толькі яму Мікіціха адчыніла дзьверы, ён адразу — шусь ёй візытоўку ў рукі. Тая ажна прысела з перапуду: думала, што агент які прыйшоў апарату заарыштаваць. Добра — у хаце быў Мікіта, які толькі што прыняў чарговую порцыю дыеты. Той не зьбянтэжыўся. Ён узяў у рукі візытоўку, прачытаў «Мікола Сямёнавіч Дурмідаў, такі й такі асьветны чын» і вярнуў візытоўку назад.

— А ты мне, — кажа, — усякіх паперак ня тыкай. Ты мне, шаноўны, грошы гані наяўнымі знакамі — або фэнікамі, або іншай валютай, мне гэта ўсё роўна.

Мусіў Дурмідаў пакласьці візытоўку сваю назад у кішэню.

Другая асечка здарылася ў Загржэмбіцкай. Пайшоў да яе Мікола Сямёнавіч прыдбаць якога тлушчу кавалак і таксама пачаў гандлёвыя дачыненьні з візытоўкі. А баба Загржэмбіцкага (тутэйшая) ня надта спакушаная ў культуры — яна таксама гэную візытоўку ўзяла за ордэр на спэкулянцкі арышт:

— Вы, — кажа, — пане, памыліліся. Мы людзі бедныя, і самі ня штодзень сала купляем.

Так і не паказала яму свайго сала. Здарыліся яшчэ дзьве такія няўдалыя спробы з візытоўкамі, і Дурмідаў мусіў выкінуць іх на сьметнік.

Значыцца, кажны зачын, апрача добрае волі, павінен мець яшчэ й пэўную глебу.

25 студзеня. Калі шчасьце, дык і зь мяшка вылезеш. Байцоў выплыў на паверхню. Мы ўсе ўважалі, што чалавек так і загінуў, ажна не — вылузаўся.

— Хоць, — казаў, - гэтым разам я ўжо застаўся зусім голы, горш як Адам, але дармо — на жывой костцы мяса нарасьце.

За агента працаваць ужо ня хоча, а мяркуе адчыніць, як ён кажа, рэстаўрацыю.

— З чым, — пытаюся, — гэтую справу разьвінеш? Тут капітал патрэбен, а ў цябе вунь сораму няма чым прыкрыць.

— А навошта капітал, — кажа. — У гэтай справе абы рукі зачапіць, а там ракою паліецца. Глядзі, як у Сьвідрыцкага. А з чаго той пачынаў? Таксама зь нічога. А цяпер грошы мяхамі носіць.

Нічога дзіўнага, калі і адчыніць. Бо, як гаворыць Сымон, калі чалавеку шанцуе, то і ў лапцёх танцуе. А Байцову шанцуе, калі сам зь мяха вылез.

28 студзеня. Калі не пашанцуе, дык і на печы катар схопіш. Усе нашы дроў на зіму запасілі, бо ведалі, што зіма то ня лета, хоць і вайною. А вось прафэсар Вадзянецкі й рахункавод Супрынайц, дарма, што высокаадукаваныя, гэтае простае рэчы не прадугледзелі — засталіся на зіму бяз палкі дроў. А цяпер сядзяць у халоднай хаце і ў кулакі дзьмуць. З гэтага, ведама, пацеха малая, бо як казаў ім Разак, ці ты хукай, ці ты дзьмухай — ўсё роўна будзе халодна. Хукам не нагрэешся. А нагрэцца трэба. І вось вымушаныя гэтыя небаракі праблему паліва разьвязаць на штодзень. На тым тыдні сьпілавалі ў парку дэкарацыйнае дрэва, пасьля звалілі радыёвы слуп, а ўчора пайшлі платы ламаць. Супрынайц, хоць таксама адукаваны, але трохі спрыту мае: ён спакваля пачаў дошкі адцінаць. А Вадзянецкі — той зусім голы тэарэтык — урэпіўся ў слупок і давай яго трэсьці. Пацеў, ажна пакуль ня грымнуўся разам із слупком. Нарабіў трэску й грукату. Вартавы, які стаяў паблізу, думаў, што гэта зладзеі лезуць, і стрэліў. Натуральна, хлопцы ірванулі зь месца. Можна ўявіць,

якую хутчыню яны разьвінулі.

— Пакуль дабеглі да ўкрыцьця, — прызнаўся Супрынайц, — то зрабілася надта горача.

Ня дзіва! А тымчасам Вадзянецкі згубіў акуляры й з правае нагі калёшу, а Супрынайц пакінуў на плоце рукавіцы з аўчыны. Вось табе й нагрэліся!

— Не, — казаў на гэта Гузак Мікіта, — навука супраць спрыту ніколі ня ўстоіць. Двое вучоных, а зрабілі горш, чымся адзін нявучоны. Бо скажам, я, хоць і не прафэсар, а такая справа, як плот расьцярушыць, мне раз плюнуць, а яны ня здолелі.

— Знацца, не з таго канца вучыліся, — не згадзіўся зь імі Сымон. — Бо калі-б гэта на запраўднага вучонага, той-бы так ня хібіў. Быў у мяне прыяцель, вучоны прафэсар, акадэмік, той ня тое што плот — хату мог над табой разабраць, а ты-б нічога і ня чуў-бы ў ложку лежачы. Вось гэта навука! Чыстае пароды. А Вадзянецкі й Супрынайц, відаць, мяшанцы.

А як мне здаецца, дык проста людзям не шанцуе.

30 студзеня. Няма сумлеву, што Маржя Іванаўна хоча разарваць са мною сувязь. Стрэў сяньня на вуліцы, прывітаўся, а яна нат ня спынілася: віль хвастом і пайшла ў другі бок. Ці сачыць яе, ці даць адстаўку? Пакінуць — шкада, бо такое вагі бабу ня хутка знойдзеш.

1 лютага. Яську Разака расшыфравалі. Выявілася, што сваё дабро ён сплаўляе ў Заходнюю. Зь якой мэтай — яшчэ не ўстанавілі. Зноў паджяжджалі да яго ў справе Фэцкага сакрэту аб канцы вайны. Дарэмна! Яська толькі ўсьміхаецца:

— Не для таго, — кажа, — я купіў гэты сакрэт, каб яго ўсе ведалі.

На нашай вуліцы зноў запанаваў непакой.

3 лютага. У Арыентацкага нічога толкам не даведаўся. Што такое заходнікі й што такое ўсходнікі — так яшчэ й вісьне ў паветры.

— Бачыце, — казаў Арыентацкі, - тут ёсьць дзьве такія плыні, і хоць іх мэты розныя й шляхі розныя, але яны ўсё роўна як-бы адно. Разумееце?

Я зразумеў мала.

Шчыры нешта жаліўся на іхную мляўкасьць і адсутнасьць нейкай жывой крыніцы.

— Бо хто, прыкладам, у Менску гаворыць па-расейску? Русафілы й русацяпы. А тымчасам Заходняя — Эўропа й новае жыцьцё. Яшчэ аб русафілах ды расейскай мове!

Тут я зразумеў яшчэ менш. Трохі сьвятла працадзіў на гэтае пытаньне Авечка Ахрэм.

— Можна, — казаў ён, — і на месяцы сядзець, а тымчасам на зямлі гарох сеяць.

Усёй глыбіні гэтага філёзофскага выснаву я ня здолеў асягнуць, але перакананы, што тут крыецца пэўны сэнс.

Усё-ж я ў кумпаніі Арыентацкага заўважыў, што пытаньне аб заходніках і ўсходніках іх мала турбуе, а больш займаюць праблемы службовых выперадкаў. Бо мала ня дзьве гадзіны яны горача абмяркоўвалі службовую аварыю свайго саратніка Мімікрыйскага. Як я зразумеў, дык гэты спрытны хлапец хацеў сігануць без чаргі па службовай драбіне ажна праз чатыры ступні. Але на самым версе сарваўся й бразнуўся вобзем. І так бразнуўся, што толькі мокрае месца засталося. Ён ужо заносіў нагу на верхнюю ступню службовае драбіны, калі нейкі ягоны злосьнік — чырк на яго ў пэўнае месца цыдулку: «няпэўны чалавек, а ў мінулым — яшчэ больш няпэўны». І чалавек паляцеў долу.

Калі мы вечарам у сваёй кумпаніі абмяркоўвалі гэную аварыю Мімікрыйскага, то бальшыня сьхілялася на тое, што чалавеку не пашэнціла. Толькі Сымон ня згадзіўся й давёў, што ў службовай кальеры галоўнае адыгрывае выпадак.

— Ці ведаеце вы Грака Язэпа? Ды пэўна ведаеце! Ён на Савецкай вуліцы ходнікі падмятаў, дворнікам служыў. Дык калі хто бачыў Грака, то бачыў і ягоную бараду, бо яна ў Язэпа, што мятла, якою ходнікі тыя падмятаў. І вось аднойчы, а было гэта ў 27-м годзе, угледзеў Язэпаву бараду нейкі савецкі чын. І надта яму спадабалася гэтая барада, акурат рабоча-хрэсьціянская барада: тады ўважалася, што была ўлада рабочых і хрэсьцян, а знацца, трэба было трохі і іхных прадстаўнікоў да ўлады. Ну, справа нядоўгая. Туды, сюды — выбралі Грака ў дэлегаты ад Менскіх хрэсьцян і пасунулі яго ў Маскву, каб там да вышэйшае ўлады абраць.

Поделиться с друзьями: