Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
У гэты час з-за рогу Танкавай вуліцы на плошчу ракой наплылі грамады людзей, якія павольна спыніліся ля помніка Невядомага Героя. Наперадзе падраўнялася аркестра барабаншчыкаў, а за ёй мора сьцягоў і натоўп. Вось на помнік ускочыў нейкі жвавы чалавечак і пачаў крычаць: «Вызваленыя свабодныя людзі! Вайна скончаная! На ўсім сьвеце запанавала ціша й сугучнасьць. Няма аніякіх спрэчак паміж народамі! Спалучаны ўрад вялікіх нацыяў абвесьціў для кажнае нацыі поўную не…».
Што абвесьціў спалучаны Ўрад, дачуць не ўдалося, бо раптам як разане барабанная аркестра, як загрукочуць гарматы, як загудуць самалёты, ажна, здаецца, зямля здрыганулася.
Тут
Суседзі з поваду майго сну кажуць, што хоць ён скончыўся й ня зусім удала, але гэты сон — вяшчун, і ён прадракае канец вайны. Адзін Сымон не падзяляе агульнае думкі. Ён кажа, што сны трэба разумець якраз наадварот.
— Калі ты сьніў, - кажа, — што гэтая вайна скончылася ў такі нечаканы спосаб, то тут, браток, рыхтуйся да новае вайны. Так гэты сон трэба разумець.
Верыць Сымону ніхто ня хоча.
26 сакавіка. Учора ў беларусаў было сьвята. Спраўлялі гадавіну сваёй колішняй незалежнасьці. З гэтае прычыны наладзілі ў тэатры вялікі сход і пачалі гаварыць. Гаварылі шмат пра тое, як колісь змагаліся, як былі незалежныя, як усё ў іх было й што цяпер таксама…
Мне ўвесь час сьвярбела выступіць і спытацца, чаму цяпер нічога няма й хто канкрэтна вінавайца гэтага? Але выступіць пабаяўся й добра зрабіў, бо калі пасьля сходу загаварыў пра гэта зь Янкам Шчырым, дык той мяне ледзь не залічыў у ворагі.
— Вы, — кажа, — не разумееце гэтага, бо вы шчэ ня нашь Вам яшчэ, — кажа, — адзіная недзялімая адрыгаецца, а як Вашае нутро зусім ачысьціцца ад гэтае дрэні, тады ў Вас і ў галаве прасьвятлее.
Што я меў на гэта адказаць? Зразумела — нічога. А тут яшчэ й Ахрэм Авечка падцягнуў:
— Мы, — кажа, — змагаліся, змагаемся й заўсёды будзем змагацца, аж пакуль нам не дадуць. А калі ўжо дадуць, што трэба, тады й змагацца кінем. Мы — упартыя.
Дзіўны чалавек гэты Ахрэм. Усё яшчэ спадзяецца, што дадуць. А тымчасам вось і сяньня не далі. Хацелі яны ў вадзнаку свайго сьвята наладзіць дэманстрацыю, г. зн. паказаць свае сілы, а немцы ім і не дазволілі. Вось табе й незалежнасьць!
Увечары пасьля сходу ладзілі «гарбатку», куды я, нажаль, ня трапіў. А шкада, бо сяньня Арыентацкі хваліўся, што «гарбатка» прайшла надзвычай удала: нікога ня вынесьлі, а навет ня вывелі, а тымчасам усім хапіла. Гутарылі таксама шмат, але куды весялей, чымся на «акадэміі». Напачатку ўсе адзін аднаго хвалілі, а пасьля, калі выпілі па трэцяй чарцы, пачалі сварыцца: і таго не зрабілі, і гэтага не дарабілі, і той вінаваты, і гэты не дагледзеў, і наагул ніхто нічога ня робіць. А як падлілі яшчэ, стала зусім весела, бо загаманілі ўсе разам.
Мікіта Гузак, які слухаў нашую размову, сказаў, што гэта зьява зусім натуральная.
— Кажная вільгаць, — казаў ён, — язык размывае, і ён тады ходзе вальней. Мне доктар, калі я заікаўся, таксама кроплі раіў, і я тады гэтых кропляў выпіваў па шэсьць шклянак на дзень. І памагло, бо цяпер ужо
заікацца пачынаю толькі пасьля восьмае шклянкі.27 сакавіка. На нашай вуліцы асяліўся новы чалавек, у якім Сымон апазнаў таго вучонага, што калісь майстраваў нейкае цудоўнае кола-самакрутку, а пасьля раптоўна зьнік. Завуць яго Камель, а прыехаў ён із занятых усходніх земляў.
28 сакавіка. Сымон зьбіраецца на вёску — зямлю дзяліць. Мне, казаў, таксама, як і іншым, чужой зямлі ня трэба ані пядзі, а калі ўжо сваю, нашую дзеляць, дык тут, даруйце, і я маю поўныя правы хоць на чацьвярціну.
Мабыць, самалётаў напалохаўся, бо сяньня ўначы бальшавікі на літоўскія казармы наляцелі й шмат каго напалохалі. Праўда, шкоду зрабілі невялікую: разьбілі прыбіральню ў суседняга гаспадара. Але за другім разам, калі пашанцуе, могуць і галаву пашчапаць. А Сымон хоць і кажа, што галоўнае ў чалавека жывот, але галаву таксама беражэ.
29 сакавіка. Зьнік Мімікрыйскі. Адны кажуць, што пайшоў на працу й не вярнуўся, а другія сьцьвярджаюць, што наагул нікуды не хадзіў, а з хаты зьнік. Як там было — невядома, а толькі ўсё ягонае майно немцы вывезьлі, а ў кватэру пасадзілі сваіх.
Шмат каму такая рэч не спадабалася.
30 сакавіка. Зноў быў у мастакоў ды пісьменьнікаў. Гэтым разам дэманстрацыя собскіх мастацкіх вырабаў была слабая, але затое дыскусія разгарнулася лютая. У вадным кутку прыціснулі да сьцяны нейкага паджылага плячыстага аўтара й вымагалі ад яго адказу, чаму ўсе ягоныя героі ў канцы вешаюцца. Той бараніўся як мог.
— Гэта, — казаў, - ня я вінаваты. Так псыхалягічны канец вымагае.
— Дык хіба ў цябе канец заўжды на вяроўцы падвешаны? — насядалі на яго. — Чым ты працуеш?
Плячысты толькі адно й цьвердзіў:
– Інакш не магу — псыхалёгія такая.
А хтось ззаду падліваў атруты ў гэты дыспут. Ён то бараніў псыхалёгію, то крычаў, што аўтара самога трэба павесіць за ягоны псыхалягічны канец. У другім кутку два маладзякі спрачаліся аб тым, хто зь іх больш сьпісвае.
— У цябе няма гістарычнага падыходу, — крычэў вышэйшы, — і ты ня можаш напісаць на гістарычную тэму.
— Не магу, — згаджаўся ніжэйшы, — бо ў мяне усе падручнікі зь гісторыі пагарэлі.
— Ці ня ў мой гэта гарод каменьчык?
— Не, гэта каменьчык ня ў ваш гарод, але ў мяне кніжкі пагарэлі, а ня ў вас.
Я ўжо хацеў быў паспачуваць ніжэйшаму, якога стыхійнае няшчасьце ссадзіла з гістарычнага сядла, высушыўшы ўсе ягоныя крыніцы, так што цяпер няма адкуль зачэрпнуць літаратурнае вадзіцы, але тымчасам падскочыў Арыентацкі, торкнуў мне пальцам у жывот і паказаў:
— А вунь і ваш сваяк.
Гляджу я: моцны дзяцюк, з вусікамі, незнаёмы. Штось не пазнаю. Ён таксама і апавяданьні піша, і падноскамі гандлюе.
— Але-ж, выбачайце, я гэтым не займаюся. Я…
Але Арыентацкі ня даў мне часу выказаць сваё абурэньне й паімчаўся да іншай групы. На сярэдзіне пакою грымеў паэта Цымбальскі і ўсё намагаўся прачытаць свае новыя вершы, але яго ніхто ня слухаў. Толькі нейкі пасалавелы музыка дзюбаў носам у ягонае плячо, відаць, нешта хацеў сказаць, ды ня мог. Да мяне падышоў нейкі маладзяк у вышыванай кашулі й з даўгім валосьсем.