Беларусізацыя пад №...
Шрифт:
А ёсьць яшчэ інтэлігенты надта зацятыя. «Не магу з гэтым скансалідавацца! — крычэў адзін такі. — Ён мяне памыямі абліваў і капаў на мяне ў розныя ўстановы. Ніколі не дарую!».
І наагул, некаторыя інтэлігенты вельмі зласьлівыя й ніяк яго не ўгамоніш. «Варагі, - крычыць, — усе варагі!» Ну што з такім рабіць? А як пасварацца іхныя бабы, то тады й мужыкі зацяліся на цэлыя гады. Ня так, як у нас: сяньня пасварыліся, а заўтра ўжо й пагадзіліся.
Так што, спадары рэдакцыя, дайце інструкцыю, што рабіць з такой інтэлігенцыяй і ці браць яе ў кансалідацыю?
А яшчэ, спадары рэдакцыя, просім растлумачыць нам, што такое крывічы й што такое зарубежнікі? Ці гэта асобныя народы, ці можа якія загранічныя
Але прафэсару мы не даем веры. Бо ў нашым селішчы ёсьць два родныя браты зь вёскі Прудок, што на Заслаўшчыне, дык аднаго зь іх людзі дражняць зарубежнікам, а другога — крывічом. Пасьля ёсьць у нас яшчэ хлапец, якога на пачатку дражнілі зарубежнікам, пасьля крывічом, а цяпер зноў дражняць зарубежнікам. Дык гэта не выглядае, каб былі розныя народы. Просім разьясьніць.
З другога боку, што рабіць з функцыйнымі — ці браць іх у кансалідацыю, ці не? Бо ў нас быў такі функцыйны Грэчка Пятрусь і з намі быў скансалідаваўся, а як у яго функцыю забралі, то сказаў, што пойдзе ў апазыцыю, бо тут, кажа, усе варагі заселі.
Наагул, спадары рэдакцыя, просім акуратна пячатаць інструкцыі, як весьці кансалідацыю, бо ўжо й у нашым пятку можа пайсьці мутаніна. Янка Самасей, прыкладам, пачынае гаварыць, што трэба браць толькі шчырых і нязломных, а рэшту ўсіх гнаць і біць. Ксавэры Шопка дамагаецца, каб на лісту ўпісываць усіх, абы ён быў беларусам, а Піліп Канапельскі кажа, што галоўнае трэба налягаць на маральны бок і браць тых, якія ня пжюць і нават ня кураць, а ў нас такіх няма. Так што, спадары рэдакцыя, яшчэ раз просім дайце нам інструкцыі.
А яшчэ просім: насьвятліце на вашых балонах, як ідзе справа кансалідацыі па іншых селішчах і ці ўсё там гладка? Да нас дайшлі весткі, што і ў Міхайлаўцы няма салідарнасьці, бо як пачалі дзяліць фундуш, дык там паўсталі ажно чатыры франты й абзываюць адзін аднаго варагамі й чорнай сотняй. У Ветрагораўцы ізноў-жа ня зусім гладка. А ў Бродах, хоць там і дыктатура, але ўжо ўтварылася некалькі моцных апазыцыяў. Ды й у вашым Вялікім Двары, як мы дачуліся, ані няма ладу. Талаку сабралі вялікую, а малаціць нечага. Ды й то кажны ў цапы падаваць пнецца, хоць і ня ўмее. Дзе-ж тут будзе парадак і згода ў працы? Апішыце пра гэта ў газэце й дайце нам правільны кірунак. І хай сабе там адзін у вадзін бок цягне, а другі — у другі, а мы й надалей будзем працаваць у дружным сяброўскім спажыцьці, еднасьці, згодзе, салідарнасьці й лучнасьці. Няхай жыве!
А ліст гэты пісалі жыхары беларускага хутару ў мяшаным ДП селішчы Марнэнлёсэн наступныя: Янка Самасей, Тарас Бурбалка, Сьцяпан Кацапаў, Піліп Канапельскі й Шопка Ксавэры.
Заўвага. Зьмяшчаем гэты ліст, па-першае, з гледзішча на ягоную арыгінальнасьць, а па-другое, гэты ліст сьведчыць, што нашае шырокае грамадзянства ўсё яшчэ няправільна разумее пытаньне кансалідацыі й што гэтая справа патрабуе глыбейшага высьвятленьня й далейшага валкаваньня.
Крыжоваю дарогаю (да 20-х угодкаў справы БНЦ)
Сёлета ў ліпені споўніліся 20-ыя ўгодкі справы Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
Гэтая справа — адна із шмат якіх трагічных балонаў у гісторыі нашага нацыянальна-вызвольнага
руху, як у сэньсе фізычнага вынішчэньня нацыянальнага актыву, так і ў сэньсе духовага надлому й запавальненьня поступу руху.20-ыя гады былі найбольш плённымі ў нашым нацыянальным вызваленьні. Разбуджаны адраджэнствам нашаніўскае пары, узьняты на вышэйшую ступень Актам Незалежнасьці, вызвольны рух падняў з народных пластоў такую магутную нацыянальную сілу, якая здолела на працягу дзесяцёх год прарабіць работу стагодзьдзя. У гэтую пару на заходняй дзялянцы Краіны стотысячная народная Грамада сфармавалася ў паважную сілу, якая здольна была кіраваць усім нацыянальным жыцьцём. Ува ўсходняй дзялянцы ўсе пляцоўкі дзяржаўна-гаспадарскага й культурнага жыцьця былі ў нацыянальных руках.
Да 30-га году Беларускі Народ быў цалкам падрыхтаваны да самастойнага жыцьця. Аднак-жа, такі магутны ўздым нацыянальнага руху ня мог ня выклікаць рэакцыі з боку акупантаў. Пачаўся ўплянаваны разгром беларускае нацыі. Злучанымі сіламі маскоўскага ГПУ й польскае дэфэнзывы ў 1927-29 г.г. была разгромлена Грамада. На парадку стаяў больш выраблены нацыянальна-палітычна й мацнейшы вызвольны рух ва ўсходняй дзялянцы Беларусі. Другім этапам наступу быў разгром нацдэмаўшчыны ў 30–31 гадох. Гэты тэрарыстычны пагром быў найцяжэйшым для беларускае нацыянальнае інтэлігенцыі, і дзясяткі тысячаў нацыянальна-сьведамага беларускага работніцтва й сялянства брутальнаю сілаю былі выкінутыя з свае адвечнае зямлі й расьцярушаныя для вынішчэньня па дзікіх прасторах расейскае поўначы і ўсходу.
І трэцім этапам масавага вынішчэньня Беларускага Народу быў тэрарыстычны разгром, што ўвайшоў у гісторыю нашага нацыянальна-вызвольнага змаганьня як Справа БНЦ. Тэмаю гэтага артыкулу не зьяўляецца аналіз справы БНЦ або разгляд мэтадаў і сродкаў яе арганізацыі. Я хачу тут падаць абжектыўна, у сьціслых рысах, толькі ход справы.
10 жніўня 1933 г., паводля наказу з Масквы, былі арыштаваныя былыя дэпутаты Беларускага Народу ў польскі сойм ды іншыя грамадаўцы, якіх Масква ў 1932 г. выменяла з польскае турмы на агентаў польскага выведу. За ноч на 11 жніўня былі пасаджаныя ў лёхі ГПУ: С. Рак-Міхайлоўскі, Валынец, Баран, Мятла, Гаўрылік, Валошын, Дварчанін, Кахановіч ды іншыя — больш за 20 асобаў. Усе адзіночныя камары менскае «амэрыканкі» былі запоўненыя.
1-га верасьня пачаліся масавыя арышты. За ноч на 2-ое верасьня ў Менску было арыштавана 98 асобаў. Падобная акцыя была праведзена ва ўсіх акруговых і раённых гарадох і па вёсках Беларусі, а таксама й па-за яе межамі: у Маскве, Ленінградзе, на Каўказе, Урале. Арышты трывалі праз увесь верасень і кастрычнік. Да 1-га лістапада ў справе БНЦ было арыштавана 9700 чалавек. З гэтае колькасьці больш за 500 чалавек інтэлігенцыі. (Весткі далёка ня поўныя. Яны былі сабраныя ў часе шасьцігадовага перабываньня ў канцэнтрацыйных лягерох Заходняга Сібіру й Поўначы (Ухта-Пячора) ад тых удзельнікаў справы, якіх давялося спаткаць).
Да 1-га студзеня 1934 году справа БНЦ была скончанаэ.
Усе арыштаваныя, за выняткам колькіх асобаў, «прызналі сваю віну». 15-га студзеня Калегія ГПУ вынесла ўсім прысуд (бяз суду). 20 асобаў былі засуджаныя на сьмерць із заменаю 10 гадамі зьняволеньня, рэшта да зьняволеньня ў канцэнтрацыйных лягерах на тэрміны ад 3-х да 10-х гадоў. 1-га лютага пачаўся вываз. Уночы на 2-га лютага быў вывезены «Штаб БНЦ» у ліку 40 асобаў. А другой гадзіне ночы 40 чалавек былі выведзеныя за турэмную брамуь там людзей акружылі 42 узброеныя да зубоў агенты ахранкі з дзясяткам сабак. Пры такой узмоцненай варце «Штаб» прывялі на запасовыя каляіны чыгункі і ўвапхнулі ў адзін таварны вагон. Нараніцу «Штаб» даставілі ў Воршу, дзе разьмясьцілі яго ў двух сталыпінскіх вагонах: адзін пайшоў на Поўнач, другі — у Сібір.