Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Беларусізацыя пад №...

Крывічанін Лявон

Шрифт:

Герой самага вялікага твора Савёнка, Іван Іванавіч Чужанінаў, піша дзёньнік на працягу году, а вось сам аўтар, нажаль, ніякіх запісаў ня вёў — так, зрэдзьчасу пакідаў радок-другі ў сшытку, да якога потым ніколі не вяртаўся. І ўсё-ж:

«28.06. Ноч у БЦР. На Паўночным вакзале. Ноч на таварнай.

29.06. Бамбардавалі. Правадыры ў кусты. «Герой», які напачатку хадзіў з аўтаматам, паваліўся зь перапугу ў яму з глінай. Выйшаў пад раніцу, як зэбра.

— Навесілі!

— На нас?

— На нас.

30.06. Стоўбцы. Трывога. Паэта (або пісьменьнік)ліе горкія сьлёзы (ладна выпіўшы) — толькі паэта можа зразумець гэта. Можа глядзімо на гэта апошні раз».

Разьвітаньне сапраўды было назаўсёды. Пачалася эміграцыя, а зь ёй — чарговы, «новы этап беларусізацыі», які, што праўда,

у нашай гісторыі яшчэ не атрымаў свайго «парадкавага нумару».

У Нямеччыне Савёнак апынуўся спачатку ў беларускім лягеры ДП Міхельсдорфе, а потым у ДП Остэргофэн, заснаваным зімой 1947 г. Прытулак у ім знайшлі больш за 400 беларусаў. Дзякуючы Станіславу Станкевічу, Антону Адамовічу, Міколу Равенскаму ды Апалёніі й Лявону Савёнкам гэты лягер стаўся адным з цэнтраў беларускай эміграцыі ў Нямеччыне. Тут пачала выдавацца газэта «Бацькаўшчына» (першы нумар выйшаў 31 кастрычніка 1947 г.), якая адыграла выключную ролю на эміграцыіь тут працавала драматычная студыя пад кіраўніцтвам Аўгена Кавалеўскагаь тут выдаваўся часапіс «Рух», была сядзіба Беларускага Нацыянальнага Цэнтру (БНЦ).

У Статуце БНЦ мэты й заданьні былі акрэсьлены наступным чынам: «Беларускі Нацыянальны Цэнтар стаіць на грунце дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі і вядзе сваю працу ў мэтах зрэалізаваньня дзяржаўна-незалежніцкіх ідэалаў, выражаных у акце 25 сакавіка 1918 г. У сваёй палітычнай дзейнасьці БНЦ будзе кіравацца прынцыпамі заходняй цывілізацыі й дэмакратызму, выступаючы супраць усялякіх відаў таталітарызму. БНЦ будзе імкнуцца да цеснага супрацоўніцтва зь іншымі народамі, першым чынам із суседнімі беларускаму, якія знаходзяцца сяньня ў падобным да яго палажэньні й змагацца за тыя самыя мэты. Гэтае супрацоўніцтва павінна апірацца на прызнаньне й пашану поўных сувэрэнных правоў кажнага народу й ні ў чым не павінна парушаць інтарэсаў беларускага народу й ягонай нацыянальнай годнасьці. БНЦ зьяўляецца арганізацыяй міжпартыйнай і згуртоўвае ў сабе на дэмакратычных асновах усе палітычна-грамадзкія кірункі беларускае эміграцыі й каардынуе іх дзейнасьць. БНЦ вядзе працу як палітычную, так і сацыяльна-харытатыўную, культурна-асьветную ды ўсялякую іншую, якая можа быць патрэбнай у абставінах эміграцыі». Сябрамі БНЦ былі, акрамя Л. Савёнка, такія ведамыя дзеячы, як Ант. Адамовіч, А. Вініцкі, А. Каханоўскі, Б. Рагуля, Ф. Кушаль, В. Тумаш, Ст. Станкевіч, Я. Сурвілла ды іншыя.

У 1947 годзе ў лягеры быў выдадзены першы нумар часапісу «Сакавік», не ў апошнюю чаргу дзякуючы Л. Савёнку. Менавіта ў яго захоўваўся поўны варыянт (у адрозьненьне ад выдрукаванага Язэпам Лёсікам у 1920 г. у газэце «Беларусь») гістарычнай драмы Каруся Каганца «Сын Даніла». Зараз складана сказаць, якім чынам трапіў да яго гэты твор. Магчыма, ад Янкі Ліманоўскага, у якога на эміграцыі перахоўваліся некаторыя матаржялы беларускіх пісьменьнікаў (нажаль, сёньня лёс гэтых дакумантаў невядомы). Антон Адамовіч, даведаўшыся, што ў Савёнка ёсьць драма Каруся Каганца, загарэўся жаданьнем яе выдрукаваць. Так паўстала ідэя новага часапісу. У ім, акрамя навэлы В. Бірыча (Ант. Адамовіча) «Афрадыта-Ост», вершаў Рыгора Крушыны, Натальлі Арсеньневай, Масея Сяднёва, быў зьмешчаны й пачатак «Дзёньніку Чужанінава», які атрымаў новы назоў — «Запіскі эмігранта». Выглядае на тое, што аўтар зьбіраўся ня толькі перадрукаваць «Дзёньнік» зь «Беларускай Газэты», але й працягнуць жыцьцяпіс героя ў лягерох ДП. На вялікі жаль, публікацыя ня была скончаная, і працяг «Дзёньніка Чужанінава» не ажыцьцявіўся.

У лягеры Остэргофэн Лявон Савёнак працаваў дырэктарам Беларускае Гімназыі, якая адчынілася 24 лютага 1947 г. Разам зь ім, выкладчыкам матэматыкі, настаўнічалі Антон Адамовіч (гісторыя), Мікола Кунцэвіч (лацінская й замежная мовы), Пётра Манькоўскі (ангельская мова), Мікола Равенскі (сьпевы), Апалёнія Савёнак (родная мова й літаратура), Зінаіда Станкевіч (прыродаведа й фізыка) ды іншыя. Лявон Савёнак выкладаў таксама на адукацыйных курсах для дарослых.

Зь лягеру Остэргофэн Савёнкі пераехалі ў Розэнгайм, куды перавезьлі беларускі лягер, дзе і ён і ягоная жонка Апалёнія прадаўжалі выкладаць у гімназіі. Савёнак часта езьдзіў у Мюнхен, дзе інтэнсыфікавалася палітычнае жыцьцё антыкамуністычнае эміграцыі з СССР. Навязаў Савёнак цеснае супрацоўніцтва з украінскай газэтай «Украіньскі Вісті» й рэдактарам Іванам Баграным.

4-5 чэрвеня 1948 г. у горадзе Канстанцы (Француская зона) адбыўся зьезд праваслаўных беларусаў, да правядзеньня якога прыклаў немалыя намаганьні й Л. Савёнак, і сам быў сярод ягоных удзельнікаў. Гэты зьезд стаўся вырашальным у адраджэньні Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Тады была прынятая наступная пастанова: «Асноўваючыся на ідэі Грыгора Цамблака, незалежнасьці Беларускай (Вялікага Княства Літоўскага) Царквы ды змаганьні за яе зьдзяйсьненьне пазьнейшых беларускіх праваслаўных іярархаў, духоўнікаў і вернікаў, закончаным мітрапалітам Менскім Мельхісэдэкам у 1922 годзе, устанавіўшага Беларускую Аўтакефальную Царкву, Зьезд сьцвярджае, што тры епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы (Віленская, Горадзенская й Пінская) атрымалі дазвол на аддзяленьне ў Беларускую Аўтакефальную Царкву, багаслаўленьне й прызнанье ад Мітрапаліта Варшаўскага

і ўсяе Польшчы, Блажэньнейшага Дыянісія — галавы Польскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, дадзеныя ім на рукі Мітрапаліта Аляксандра Пінскага. Дзеля таго, што перад Менскім Усебеларускім Праваслаўным Саборам існавалі толькі тры епархіі, стварыўшыя наступныя епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Зьезд сьцьвярджае кананічнасьць Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы».

У ЗША Л. Савёнак пераехаў у 1950 г. Гэта быў час, калі ў Радзе БНР, сябрам якое ён быў ад 1947 году, адбыўся раскол (1952-54 гг.). Прычынай расколу было стаўленьне да палітыкі «Амэрыканскага Камітэту Вызваленьня ад бальшавізму» (першапачатковая назва — «Камітэт Вызваленьня Народаў Расеі»). Справа ў тым, што з пачаткам «халоднае вайны» ў Вашынгтоне паўсталі як-бы дзьве плыні — два пагляды на дачыненьні з СССР. Пэнтагон уважаў, што ў тагачасных умовах адзінай гарантыяй міру можа быць нарошчваньне ўзбраеньня. Палітыкі з Кангрэсу лічылі, што прапаганда, вывучэньне СССР маюць ня меншае значэньне. У выніку іхнай актыўнай дзейнасьці паўстаў Інстытут вывучэньня СССР, Радыё «Вызваленьне» (пазьнейшая «Свабода»). Афіцыйна амэрыканскі ўрад заявіў: ён змагаецца з камунізмам у СССР і ў гэтай барацьбе падтрымоўвае ўсе народы — беларусаў, летувісаў, украінцаў. Але ён не вырашае далейшы лёс земляў, што знаходзяцца зараз пад расейскай акупацыяй. На бок гэтай афіцыйнай палітыкі, палітыкі так званага «непрадрашэнства», стала частка сяброў Рады БНР разам з прэзыдэнтам М. Абрамчыкам. Яны прытрымліваліся думкі, што сёньня неабходна максымальна атрымаць дапамогу ад афіцыйнага Вашынгтону, а ўжо потым уздымаць пытаньне пра незалежнасьць Беларусі. Другая, даволі значная частка сяброў Рады БНР, не пагадзілася з гэтым і стварыла фракцыю «Асьцярожнага Супрацоўніцтва з Амэрыканскім Камітэтам», у якую ўваходзіў і Л. Савёнак. Гэтая фракцыя заявіла, што незалежнасьць Беларусі была абвешчана яшчэ ў 1918 годзе й на пазыцыях непрадрашэнства Рада БНР з «Амэрыканскім Камітэтам Вызваленьня ад бальшавізму» супрацоўнічаць ня можа. Быў створаны мэханізм для перавыбараў Прэзыдыюму й прэзыдэнта. Старшынём камісіі па падрыхтоўцы рэфэрэндуму быў абраны Л. Савёнак.

У выніку перамагла група М. Абрамчыка. Тыя сябры Рады, што не пагадзіліся з палітыкай «непрадрашэнства», паступова адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці ў Прэзыдыюме, а А. Каханоўскі нават выйшаў з Рады.

Разам з тым, неабходна зазначыць, што палітыка «непрадрашэнства» засталася такой пераважна на афіцыйных паперах, бо і ў друку, і на радыё нацыянальная прапаганда вялася з адназначна дзяржаўніцкага пункту гледжаньня.

Палітычная й грамадзка-культурніцкая дзейнасьць Лявона Савёнка на эміграцыі — тэма асобнай, грунтоўнай размовы: адзін з ініцыятараў стварэньня Камітэту Незалежнай Беларусі (разам з Л. Галяком, Ю. Сабалеўскім, А. Плескачэўскім), сябра Цэнтральнага Камітэту Абжяднаньня Беларускіх Нацыянал-Дэмакратаў (старшыня А. Каханоўскі), рэдагаваў газэту «Беларус», уваходзіў у дарадную камісію па перакладу Бібліі, які ажыцьцяўлялі Янка Станкевіч ды пастар Масей Гітлін. Як журналіст, што добра ведаў савецкую прэсу, апрацоўваў манаграфію аб прэсе БССР (нажаль, яна не захавалася), а таксама даваў шмат інфармацыі ў заходнія даведнікі аб падсавецкім друку на Беларусі (La Presse Derri`ere le Ridean de Fer. Paris, 1948; The Free Press of the Supressed Nations. Augusburg, 1950).

Адным зь ягоных блізкіх сябраў быў Мікола Равенскі, зь якім лучыла спачатку частая рыбалка на Дунаі, а потым, калі Равенскі пераехаў у Бэльгію, — ліставаньне. У ЗША былі блізкія дачыненьні зь Міколам Паньковым, Аўгенам Каханоўскім, Антонам Шукелойцам, Антонам Адамовічам, Віталем Кажанам, Ізыдарам Плашчынскім, Гіпалітам Паланевічам, сямжёю Васіля Стомы (Сініцы), земляка з Глыбоччыны. Даўгагадовым і блізкім сябрам быў доктар Станіслаў Грынкевіч, семжі Аляксея Грушы, Міколы Гарошкі, Івана ды Вольгі Канарчукоў.

Памёр Лявон Савёнак 21 лютага 1974 г. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьуіку.

Творчая спадчына Лявона Савёнка невялікая, але шматгранная: гэта й даваенныя фэльетоныь фэльетоны, надрукаваныя ў часы Другой сусьветнай вайны, на эміграцыі, шматлікія артыкулы, пераважна на палітычныя і эканамічныя тэмы. І, натуральна, «Дзёньнік Чужанінава».

Сатырычныя творы Савёнка, прысьвечаныя барацьбе за беларускую дзяржаўную мову, і сёньня, амаль празь 70 гадоў, на вялікі жаль, ня страцілі сваёй актуальнасьці й вастрыні. Назва цыклю сатырычных апавяданьняў «Беларусізацыя пад №…» сталася назвай гэтай кнігі. У ёй, першай пасьля 1929 году кніжцы пісьменьніка, зьмешчана толькі частка ягонай творчай спадчыны.

Новы зборнік твораў Лявона Савёнка знаёміць чытача з найбольш цікавымі ўзорамі розных этапаў творчасьці і дазваляе прыйсьці да наступнай высновы: сатыра Савёнка ад пачатку была ня столькі антысавецкай, антырасейскай, антыкамуністычнай (хоць гэта ўсё, бязумоўна, ёсьць), колькі пра-беларускай. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе твораў эміграцыйнага пэрыяду, калі абжектам сатыры становяцца «зарубежнікі» й «крывічы» («Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю») або захопленасьць месьцічаў лягероў ДП утварэньнем «урадаў» («Што рабіць?») — адным словам, усё, што замінала, перашкаджала нармальнаму беларускаму жыцьцю.

Поделиться с друзьями: