Тры таварышы
Шрифт:
— Ёсць і паэзія, і бляск, праўда? — з гонарам спытаў ён. — У век дзелавітасці трэба быць рамантычным, у гэтым фокус. Процілегласці прыцягваюцца.
— Толькі не ў грашовых справах, — запярэчыў я.
— Аўтамабілі купляюць не на тое, каб укласці грошы, хлопчык, — заявіў Готфрыд, не пагаджаючыся. — Іх купляюць, каб пазбавіцца грошай. І вось тут пачынаецца рамантыка, ва ўсякім разе для камерсанта. У большасці з іх яна нават на тым і канчаецца. Як думаеш, Ота?
— Ты ведаеш… — асцярожна пачаў Кёстэр.
— Што тут доўга гаварыць, — перабіў я яго. — Гэта — рэклама курорта альбо эліксіру прыгажосці,
Ленц хацеў нешта сказаць.
— Хвілінку. Ты лічыш, што мы прыдзіраемся, Готфрыд. У мяне ёсць прапанова: давайце спытаем у Юпа. Вось дзе голас народа!
Юп быў наш адзіны падсобнік. Гэта быў падлетак пятнаццаці год — накшталт вучня. Ён абслугоўваў заправачную калонку, прыносіў нам сняданак, а ўвечары займаўся ўборкай. Ён быў малы, рабацінневы. Большых вушэй, чым у яго, я яшчэ не бачыў. Кёстэр кажа: калі б Юп упаў з самалёта, з ім нічога не здарылася б. Ён лёгка спусціўся б на зямлю на вушах, як на парашуце. Мы паклікалі яго. Ленц прачытаў яму рэкламу.
— Ты зацікавіўся б такой машынай, Юп? — спытаў Кёстэр.
— Машынай? — перапытаў Юп.
Я засмяяўся.
— Вядома, машынай, — буркнуў Готфрыд. — А ты думаў, што конікам-дзёгцікам?
— А ў ёй ёсць хуткасць, кулачковы вал верхняга кіравання і гідраўлічны тормаз? — спытаўся Юп спакойна.
— Авечая галава, гэта ж наш «кадзілак», — гыркнуў Ленц.
— Не можа быць, — усумніўся Юп і вышчарыўся на ўвесь рот.
— Бачыш, Готфрыд, — сказаў Кёстэр. — Вось яна — сённяшняя рамантыка.
— Каціся зноў да сваёй калонкі, Юп, пракляты сын дваццатага стагоддзя.
Ленц у сапсаваным настроі знік у майстэрні, каб, не адмаўляючыся ад паэтычнай узнёсласці, надаць аб'яве крыху тэхнічнай канкрэтыкі.
Праз некалькі хвілін у дзвярах раптам з'явіўся старшы інспектар Барзіг. Мы сустрэлі яго вельмі пачціва. Ён быў інжынер і эксперт страховачнага таварыства «Фенікс», вельмі ўплывовы чалавек пры атрыманні заказаў на рамонт. У нас з ім былі выдатныя адносіны. Праўда, як інжынер ён быў сапраўдны д'ябал, які нічога не прапусціць, але як збіральнік матылькоў — хоць да раны прыкладай. У яго была вялікая калекцыя, і мы падаравалі яму аднойчы тоўстага матыля, які ноччу заляцеў у нашу майстэрню. Калі мы ўручылі яму гэтую жывёліну, Барзіг збялеў і набыў урачыстасць. Гэта быў матыль «мёртвая галава» — незвычайная рэдкасць, якой якраз не хапала яго калекцыі. Ён нам гэтага ніколі не забываў і забяспечваў нас з той пары рамонтнымі работамі пры першай жа магчымасці. А мы яму лавілі ўсялякіх матылёў.
— Чарачку вермуту, пан Барзіг? — спытаў Ленц, які зноў аказаўся каля нас.
— Днём не п'ю. Жалезны прынцып.
— Прынцыпы трэба парушаць, інакш ад іх ніякай радасці, — заявіў Готфрыд і наліў. — За шчаслівую будучыню «паўлінавага вока» і «жамчужніцы»!
Барзіг нейкі час вагаўся.
— Калі вы так просіце, не магу адмовіцца, — сказаў ён і падняў чарку. — Але тады вып'ем і за маленькія «бычыныя вочкі».
Ён сарамліва заўсміхаўся, быццам выказаў штосьці непрыстойнае пра жанчыну.
— Я, каб ведалі, адкрыў новы від. Са шчаціністымі вусікамі.
— Хто б мог падумаць! — сказаў Ленц. — Малайцом! Тады вы вынаходца і ваша імя ўвойдзе ў гісторыю прыродазнаўства.
Мы выпілі па чарцы за шчаціністыя вусікі. Барзіг выцер вусы.
— Я да вас з добрай навіной. Можаце
забраць «форд». Дырэкцыя зацвердзіла — вы робіце рамонт.— Цудоўна, — сказаў Кёстэр. — Нам гэта вельмі дарэчы. А як справы з нашым каштарысам?
— Таксама зацверджаны.
— Без скарачэнняў?
Барзіг прыплюшчыў вока.
— Паны спачатку не вельмі хацелі. Але ўрэшце…
— За страховачнае таварыства «Фенікс» — да дна! — сказаў Ленц і наліў.
Барзіг устаў і пачаў развітвацца.
— Ведаеце, — сказаў ён, адыходзячы, — жанчына, што была ў «фордзе», усё-такі памерла некалькі дзён назад. А ў яе ж былі толькі парэзы. Відаць, страціла шмат крыві.
— Колькі ёй было гадоў? — спытаў Кёстэр.
— Трыццаць чатыры, — адказаў Барзіг. — Цяжарная на чацвёртым месяцы. Застрахаваная на дваццаць тысяч марак.
Мы адразу выехалі забраць машыну. Яна стаяла ў аднаго булачніка. Гэты чалавек на падпітку ўрэзаўся ў сцяну. Траўмы атрымала толькі жонка. Ён сам не атрымаў ніводнай драпіны.
Мы сустрэліся з ім у гаражы, калі ўжо бралі машыну на буксір. Ён нейкі час глядзеў, набычыўшыся, — мешкаватая постаць з круглай спінай і кароткай шыяй. У яго быў твар нездаровага шэрага адцення, як і ва ўсіх булачнікаў. У паўзмроку ён быў падобны да вялікага сумнага мучнога чарвяка. Ён паволі наблізіўся да нас.
— Калі будзе гатова машына? — спытаў ён.
— Тыдні праз тры, — адказаў Кёстэр.
Той паказаў на кузаў.
— І гэта таксама?
— З якой ласкі? — спытаў Ота. — Ён жа зусім не пашкоджаны.
Булачнік нецярпліва схамянуўся.
— Вядома. Але ж можна неяк выкраіць новы. У вас жа даволі вялікі заказ. Мы паладзім, праўда?
— Не, — сказаў Кёстэр.
Ён выдатна зразумеў кліента. Той хацеў бясплатна выцыганіць новы кузаў, за які страховачнае таварыства не плаціла. Нейкі час мы спрачаліся. Булачнік пагражаў, што адмовіцца ад усяго і атрымае кампенсацыю ад больш згаворлівай майстэрні. Нарэшце Кёстэр здаўся. Ён не саступіў бы, каб у нас не было такой пільнай патрэбы ў працы.
— Ну вось, адразу б так, — заўважыў булачнік з крывой усмешкай. — Я забягу неўзабаве, знойдзем матэрыял. Хацелася б пяшчотны колер беж.
Мы паехалі. Ленц паказаў на сядзенне «форда». На ім былі вялікія чорныя плямы.
— Кроў нябожчыцы жонкі. А ён вырваў новы кузаў. Пяшчотны колер беж. Маладзец. Я ўпэўнены, што ён выб'е страхоўку за двух нябожчыкаў. Жонка ж была цяжарная.
Кёстэр паціснуў плячыма.
— Магчыма, ён запэўніў сябе, што адно з адным не звязана.
— Магчыма, — сказаў Ленц. — Кажуць, што ёсць людзі, якіх такія справы суцяшаюць у горы. А нам гэта — мінус пяцьдзесят марак з заробку.
Аполудні я адпрасіўся дадому. Я дамовіўся з Патрыцыяй Хольман на пяць гадзін, але ў майстэрні я пра гэта не сказаў. Не таму, што хацеў утоіць, але мне самому яшчэ не верылася.
Яна прызначыла сустрэчу ў кавярні, якой я не ведаў. Я ведаў толькі, што гэта маленькі ўтульны шынок. Я спакойна пайшоў туды. Але калі пераступіў парог, жахнуўся. Памяшканне было запоўнена жанчынамі. Я трапіў у тыповую дамскую кавярню.
Мне з цяжкасцю ўдалося захапіць незаняты столік. Я збянтэжана азірнуўся па баках. Акрамя мяне тут былі толькі два мужчыны, і тыя мне не спадабаліся.