Тры таварышы
Шрифт:
Цэлы дзень я сноўдаўся. Я не ведаў, што мне рабіць. Нідзе доўга не затрымліваўся. Пад вечар я пайшоў у майстэрню. Там быў Кёстэр. Ён рамантаваў «кадзілак». Гэтую старую машыну мы нядаўна купілі за бясцэнак. Цяпер мы яго як след перабралі. Кёстэр наводзіў апошні «марафет». Мы спадзяваліся добра зарабіць на ёй. Я сумняваўся, што нам пашанцуе. У такія цяжкія часы, як цяпер, людзі купляюць малыя машыны, а не такі аўтобус.
— Мы на ім пагарым, Ота, — сказаў я. Але Кёстэр быў упэўнены.
— Гараць на сярэдніх машынах, Робі, — растлумачыў ён. —
— Дзе Готфрыд? — спытаў я.
— На нейкім палітычным сходзе.
— Вар'яцтва! Што яму там трэба?
Кёстэр засмяяўся.
— Сам не ведае. Магчыма, вясна затлуміла яму галаву. Вось і хочацца нечага свежанькага.
— Магчыма, — сказаў я. — Давай дапамагу.
Мы пракорпаліся, пакуль не сцямнела.
— Хопіць, — сказаў Кёстэр.
Мы ўмыліся.
— Ведаеш, што ў мяне ёсць? — спытаў ён і паляпаў па партманеце.
— Што?
— Білеты на бокс вечарам. Два. Пойдзем?
Я вагаўся. Ён здзіўлена паглядзеў на мяне.
— Удзельнічае Сцілінг, — сказаў ён. — Супроць Валькера. Будзе добры бой.
— Вазьмі Готфрыда, — прапанаваў я і сам з сябе пакпіў: чаму не іду? Але не хацелася, не ведаю чаму.
— У цябе планы? — спытаў ён.
— Не.
Ён зірнуў на мяне.
— Пайду дадому, — сказаў я. — Напішу пісьмы, і яшчэ тое-сёе… Таксама трэба.
— Ты захварэў? — спытаў ён занепакоена.
— Ты што, ані блізка. Магчыма, таксама вясна затлуміла галаву.
— Ну добра. Як хочаш.
Я паплёўся дадому. Але і седзячы ў пакоі, я не ведаў, чым заняцца. Без мэты я хадзіў узад-уперад. Я ўжо не мог уцяміць, што ж мяне пацягнула сюды. Нарэшце я пайшоў праз калідор да Георгі. Пры гэтым я сутыкнуўся з фраў Залеўскі.
— Вось табе і на, — сказала яна. — Вы тут?
— Цяжка не пагадзіцца, — адказаў я з ледзь прыхаваным раздражненнем.
Яна пахітала сівой галавой.
— Нікуды не пайшлі? Дзіва, ды і ўсё тут!
Я не доўга затрымаўся ў Георгі. Праз пятнаццаць хвілін я вярнуўся. Падумалася, ці не выпіць чаго. Але не хацелася. Я прысеў каля акна і пачаў пазіраць на вуліцу. Змрок на крылах кажана лунаў над могілкамі. Неба за Домам прафсаюзаў было зялёнае, як няспелы яблык. Загараліся ліхтары, але яшчэ было не зусім цёмна — здавалася, што яны мерзнуць. Я пашукаў пад кнігамі паперку з нумарам тэлефона. У рэшце рэшт… патэлефанаваць жа можна. Я ж нават амаль што даў слова. А можа, дзяўчыны і дома няма.
Я падышоў да тэлефона, зняў слухаўку і назваў нумар. Чакаючы адказу, я адчуваў, як з чорнай слухаўкі наплывае лёгкая хваля, хваля чакання. Дзяўчына была дома. Як толькі ў прыхожай фраў Залеўскі, паміж галовамі дзікоў, пахам тлушчу і кухонным бразгатаннем, раптам ціха і павольна, нібы ў задуменні, разважаючы над кожным словам, загучаў нізкі хрыплаваты голас, мая незадаволенасць сабой адразу знікла. Я павесіў слухаўку, пасля таго як, не пытаючыся пра здароўе, прызначыў спатканне на паслязаўтра. Раптам жыццё здалося не такім змрочным. «Вар'яцтва», — падумаў я і патрос галавой. Потым я яшчэ раз зняў слухаўку і патэлефанаваў Кёстэру.
— Білеты яшчэ ў цябе, Ота?
— У мяне.
— Добра. Я
іду на бокс.Пасля матча мы яшчэ крыху пахадзілі па начным горадзе. Вуліцы былі свежыя і пустыя. Зіхацелі шыльды. У вітрынах гарэла святло. У адной з іх стаялі голыя васковыя манекены з размаляванымі тварамі. У іх быў выгляд распусных прывідаў. Побач мігцелі ўпрыгожанні.
Потым мы падышлі да ўнівермага, які быў асветлены ярка, як сабор. Вітрыны пеніліся стракатым бліскучым шоўкам. Каля кінатэатра на прыступках сядзелі бледныя, схуднелыя постаці. Побач агнямі пераліваліся вітрыны прадуктовай крамы. Металічнымі вежамі ўзвышаліся выстаўленыя кансервы, на ватнай посцілцы ляжалі прывялыя яблыкі, гронка тлустых гусей была падвешана на вяроўцы, рудаватыя круглыя боханы хлеба ляжалі паміж палак сухой каўбасы. Вабілі жоўтыя і ружовыя букеты вяндліны і паштэтаў.
Мы селі на лаўку ля сквера. Было свежа. Месяц, нібы электрычная лямпачка, вісеў над дамамі. Ужо даўно пераваліла за поўнач. Непадалёк на вуліцы рабочыя паставілі палатку. Яны працавалі на трамвайнай лініі. Шыпелі зварачныя апараты, россыпы іскраў пырскалі над сагнутымі цёмнымі постацямі. Побач з імі, як палявыя кухні, дыміліся катлы з гарачым асфальтам. Мы думалі кожны пра сваё.
— Дзіўная нядзеля, ці не праўда, Ота?
Кёстэр згодна кіўнуў.
— Шчыра кажучы, радуешся, калі яна канчаецца, — сказаў я задумліва.
Кёстэр паціснуў плячыма.
— Мусіць, так звыкаешся з працай, што крышку свабоды ўжо перашкаджае.
Я наставіў каўнер.
— Ёсць штосьці няправільнае ў нашым жыцці, Ота?
Ён глянуў на мяне і ўсміхнуўся.
— Было нешта іншае, Робі.
— Праўда, — пагадзіўся я. — Але…
Яркая ўспышка аўтагена пырснула зялёным святлом на асфальт.
Палатка рабочых, асветленая ўсярэдзіне, здавалася цёплым маленькім домам.
— Як ты думаеш — закончым «кадзілак» да аўторка? — спытаў я.
— Павінны, — сказаў Кёстэр. — А чаму?
— Ды не, проста так…
Мы ўсталі і пайшлі дадому.
— Сёння са мной нешта не так, Ота, — сказаў я.
— З кожным бывае… Дабранач, Робі.
— Дабранач, Ота.
У пакоі я яшчэ крыху пасядзеў. Гэта будка раптам перастала мне падабацца. Люстра была агідная, свяціла занадта ярка, крэслы — пацёртыя, лінолеум жахліва бляклы, умывальнік, ложак, над ім карціна пра бітву пад Ватэрлоа — сюды ж нельга запрасіць прыстойнага чалавека, падумалася. Жанчыну тым больш не запросіш. У лепшым разе — прастытутку з «Інтэрнацыяналя».
ІІІ
У аўторак раніцай мы сядзелі ў двары нашай майстэрні і снедалі. «Кадзілак» быў гатовы. Ленц з лістком паперы ў руцэ пераможна пазіраў на нас. Ён у нас быў адказны за рэкламу і толькі што зачытаў нам з Кёстэрам аб'яву аб продажы машыны, якую толькі што напісаў. Яна пачынался са слоў: «Водпуск у паўднёвых краях на шыкоўнай машыне!» Гэта было нешта сярэдняе паміж вершам і гімнам.
Мы з Кёстэрам хвілінку памаўчалі. Нам трэба было спачатку крыху ачомацца ад гэтай бурлівай плыні шматфарбнай фантазіі. Ленц вырашыў, што пакарыў нас.