Тры таварышы
Шрифт:
— Але ж тады можаш выставіць сябе жахліва смешным.
Ленц заўсміхаўся.
— Запомні сабе адно, хлопчык: ніколі, ніколі, ніколі не выставіш сябе смешным перад жанчынай, калі робіш нешта дзеля яе. Нават у самай банальнай камедыі. Рабі што хочаш: стой на галаве, пляці несусветную лухту, хваліся, як гусак, спявай пад яе акном, толькі аднаго не рабі: не будзь дзялком. Не будзь разважлівы!
Я ажывіўся.
— А што скажаш на гэта ты, Ота?
Кёстэр засмяяўся.
— Відаць, так яно і ёсць.
Ён устаў і адкрыў капот «Карла». Я прынёс сваю бутэльку з ромам і яшчэ адну чарку
— Ты прыходзіў калі-небудзь да жанчыны п'яны?
— Часта, — адказаў ён, не варухнуўшыся.
— І што?
Ён скоса зірнуў на мяне.
— Ты маеш на ўвазе, калі нешта ўчворыў? Ніколі не прасі прабачэння, дзіця. Ніколі нічога не гавары. Паслаць кветкі. Без запіскі. Адны кветкі. Яны загладжваюць усё. Нават магілы.
Я зірнуў на яго. Ён не варушыўся. Яго вочы іскрыліся ў водбліску белага святла з вуліцы. Матор усё яшчэ ціха вуркатаў.
— Відаць, магу спакойна крыху выпіць, — сказаў я і адкаркаваў бутэльку.
Кёстэр заглушыў матор. Потым ён звярнуўся да Ленца.
— Месяц свеціць даволі ясна, каб не згубіць шклянку, Готфрыд. Выключы ілюмінацыю. У першую чаргу «форда». Жывёліна напамінае мне косы пражэктар, напамінае вайну. Тады было не да смеху, калі яны намацвалі твой самалёт.
Ленц кіўнуў.
— А мне гэта напамінае… а-а… усё роўна. — Ён устаў і выключыў пражэктары.
Месяц свяціў над фабрычным дахам. Ён свяціў усё ярчэй і цяпер, як жоўты папяровы ліхтар, вісеў паміж галін слівы. Галінкі ціха гойдаліся пад слабым ветрам.
— Дзіўна, — праз хвіліну сказаў Ленц. — Навошта ўсякім людзям ставіць помнікі? Чаму б не паставіць месяцу або квітнеючаму дрэву?
Я рана пайшоў дамоў. Калі я адчыніў дзверы ў калідор, пачуў музыку. Іграў грамафон Эрны Бёніг, сакратаркі. Спяваў чысты жаночы голас. Потым рассыпаліся прыглушаныя гукі скрыпак і пічыката на банджа. І зноў голас — настойлівы, мяккі, нібы да краёў напоўнены шчасцем. Я прыслухаўся, стараючыся разабраць словы. Ціхая песня жанчыны кранала, асабліва тут, у цёмным калідоры, паміж швейнай машынкай фраў Бэндэр і валізкамі сям'і Хасэ. Я глянуў на дзікаву галаву над дзвярыма кухні.
Я чуў, як служанка звінела посудам.
— …Як бы я жыла без цябе… — спяваў голас за дзвярыма на адлегласці некалькіх крокаў.
Я паціснуў плячыма і пайшоў у свой пакой. Побач я пачуў раздражнёную лаянку. Праз некалькі хвілін у дзверы да мяне пастукалі. Увайшоў Хасэ.
— Не перашкоджу? — спытаў ён стомлена.
— Ані, — сказаў я. — Вып'еце?
— Не хочацца. Толькі пасяджу.
Ён тупа ўзіраўся перад сабой.
— Вам добра, — сказаў ён. — Вы адзін…
— Што за глупства, — адказаў я. — Невялікае шчасце — увесь час сядзець у адзіноце. Можаце мне паверыць…
Ён расслаблена сядзеў у крэсле. Яго вочы шалёным бляскам свяціліся ў паўзмроку. Пакой быў асветлены толькі святлом ліхтароў знадворку. Вузкія, апалыя плечы…
— Жыццё мне ўяўлялася зусім інакш, — сказаў ён праз нейкі час.
— Не толькі вам, — адказаў я.
Праз паўгадзіны ён зноў пайшоў у свой пакой на перагаворы з жонкай. Я даў яму некалькі газет
і паўбутэлькі апельсінавага лікёру «кюрасаа», што стаяў у мяне невядома з якога часу на тумбачцы — непрыемнае, салодкае пітво, але для яго якраз. Ён усё роўна не разбіраўся.Ён выйшаў ціха, амаль бязгучна, цень ценем, быццам ужо пагас. Я замкнуў за ім дзверы. З калідора, нібы стракатая шоўкавая хусцінка, заляцеў урывак музыкі — скрыпкі, прыглушаныя банджа.
«…як бы я жыла без цябе…»
Я сеў да акна. Могілкі ляжалі ў сінім святле месяца. Стракатыя квадраты светлавой рэкламы чапляліся за кроны дрэваў, са змроку мігцелі надмагільныя камяні. Яны былі маўклівыя і не навявалі жаху. Міма іх праносіліся, сігналячы, аўтамашыны, святло фараў слізгала па выцвілых надпісах.
Я сядзеў даволі доўга і шмат перадумаў. Я прыпомніў, як мы вярнуліся з вайны, маладыя, знявераныя, нібы гарнякі з засыпанай шахты. Мы хацелі строем выступіць супроць хлусні, эгаізму, сквапнасці, вяласці душы — супроць усяго, што пакалечыла наша жыццё. Мы ачарсцвелі, нікому не верылі, акрамя сваіх самых блізкіх таварышаў. Мы верылі толькі таму, што нас ніколі не падманвала: небу, табацы, дрэву, хлебу і зямлі… Але што з гэтага атрымалася? Усюды — запусценне, падман, забыццё. А хто не мог забыць, таму заставаліся бяссілле, абыякавасць і гарэлка. Час вялікіх людскіх і мужчынскіх мараў мінуўся. Верх узялі дзялкі. Карупцыя. Галеча.
«Вам добра, вы — адзін», — сказаў Хасэ. Усё цудоўна. Хто адзін, той не можа быць пакінутым. Але часам, вечарамі, штучны будынак разбіваўся, жыццё ператваралася ў плаксівую, імклівую мелодыю, у вір дзікага суму, жадання, песімізму і надзеі вырвацца з гэтага атупення, якое не мае ніякага сэнсу, рынуцца абы-куды з гэтага балота вечнай мітусні… Ах, гэтае вартае жалю жаданне цеплыні… ці не дастаткова было б дзвюх далоней і схіленага да цябе твару? Ці гэта — таксама падман, адмаўленне і ўцёкі? Ці ёсць што, акрамя адзіноты?
Я зачыніў акно. Не, больш нічога няма. Пад усё астатняе занадта мала грунту пад нагамі.
Але раніцай я пайшоў раней з дому, перш чым ісці ў майстэрню, пастукаў да гаспадара маленькай крамы, дзе прадаваліся кветкі. Я выбраў у яго букет ружаў і папрасіў адаслаць іх зараз жа. Для мяне было крыху нязвыкла пісаць на паштоўцы: Патрыцыя Хольман.
V
У фінансавае ўпраўленне Кёстэр паехаў у сваім старым касцюме. Ён хацеў паспрабаваць знізіць нашыя падаткі. Мы з Ленцам засталіся ў майстэрні ўдвух.
— За справу, Готфрыд, — сказаў я. — Бярэмся за тоўсты «кадзілак»!
Напярэдадні вечарам з'явілася наша аб'ява. Сёння мы ўжо маглі чакаць кліентаў — калі ўвогуле хтосьці прыйдзе. Трэба было падрыхтаваць машыну.
Спачатку мы пакрылі лак палітурай. Дзякуючы гэтаму машына адмыслова заблішчала і, здавалася, падаражэла на сотню марак. Потым заправілі машыну самым лепшым маслам, якое мелі. Поршні былі не лепшай якасці і крыху стукалі. Мы знялі гэты шум, густа змазалі іх маслам, і машына запрацавала зусім ціха. Мы густа змазалі яшчэ механізм перадачы і ў дыферэнцыял, каб цалкам зняць шум.