Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

Прыкмеціўшы Вініція, звярнулася да яго і сказала: — Марк, хай Бог табе даруе крыўду, якую ты зрабіў нам і Лігіі.

А ён стаяў, звесіўшы голаў, з пачуццём няшчасця й віны, не разумеючы, які Бог меўся ды мог яму дараваць, і чаму Пампонія гаварыла аб дараванні тады, калі павінна была б казаць аб помсце.

І ўрэшце выйшаў з галавою бязраднай, поўнай цяжкіх думак, турботы й недаўмення.

На дзядзінцы і пад галярэяй стаялі неспакойныя грамады людзей. Між палацавымі нявольнікамі відны былі рыцары й сенатары, што прыйшлі даведацца пра здароўе малое аўгусты, а адначасна паказацца ў палацы ды даць доказ свае спагаднасці хоць бы й перад нявольнікамі цэзара. Вестка аб хваробе «багіні», відаць, разыйшлася борзда,

бо ў браме з’яўляліся штораз новыя асобы, а праз атворыну луку бачны быў цэлы натаўп. Некаторыя з прыйшоўшых, бачачы Вініція, выходзячага з палацу, пыталі яго пра навіны, але ён, нічога не адказваючы, ішоў уперад, пакуль Пятроні, прыспеўшы таксама ўжо па навіны, амаль не здырыўся з ім грудзьмі ды не затрымаў.

Вініць быў бы няйначай загарэўся, убачыўшы яго, ды дапусціўся б якога бяспраўя ў палацы цэзара, каб не тое, што ад Актэ выйшаў, як зламаны, так зняможаны ды прыгнечаны, што на пару аціхла ў ім гарачая жорсць. Адапхнуў, аднак, Пятронія й хацеў прайсці, але той затрымаў яго амаль сілком.

— Як маецца боская? — спытаў.

Гэтае наставанне зноў раздражніла Вініція ды ўзбурыла яго ў адной хвіліне.

— Хай процьма глыне яе разам з усім гэтым домам! — выцадзіў праз зубы.

— Маўчы, самагубца! — перасцерагае Пятроні і, агледзеўшыся навокал, хуценька дасказвае: — Хочаш даведацца што аб Лігіі, дык хадзі са мною. Не! Тут не скажу нічога! Хадзі са мною, падзялюся сваімі здагадкамі аб лектыцы.

І, абняўшы юнака, вывеў яго як мага хутчэй з палацу.

Пра гэта яму галоўна расходзілася, бо навін ніякіх не меў. Будучы дасцейлівым чалавекам і маючы, паміма ўчарашняга абурэння, шмат спагады да Вініція дый пачуваючыся да адказнасці за ўсё, што сталася, быў ужо нешта надумаў і, як селі ў лектыку, кажа: — Паставіў я маіх нявольнікаў цікаваць пры кожнай браме, даўшы ім дакладную характарыстыку выгляду дзяўчыны й таго вялігура, што вынес яе ад цэзара з банкету, няма бо сумніваў, што гэта ён яе адабраў. Слухай мяне! Быць можа, Аўлюсы маняцца схаваць яе ў каторай сваёй вёсцы, а тады будзем ведаць, у які бок з ёю пададуцца. Калі пры брамах яе не ўбачаць, дык, знача, засталася ў горадзе, і сяння яшчэ й тут распачнем пошукі.

— Аўлюсы не ведаюць, дзе яна, — адказаў Вініць.

— Ты пэўны, што так ёсць?

— Бачыўся я з Пампоніяй. Яны шукаюць яе таксама.

— Учора не магла выйсці з места, бо ноччу замкнёныя брамы… Двух маіх вартаўнікоў сочаць ля кажнае брамы. Адзін маецца йсці ўслед за Лігіяй і асілкам, другі зараз мне падасць вестку. Калі яна ў горадзе, знойдзем яе, бо таго ліга лёгка пазнаць па росце й плечуках. Шчасце тваё, што не схапіў яе цэзар, а магу цябе ўпэўніць, што не, бо на Палатыне няма для мяне тайніц.

Вініція шчэ больш ахапіў жаль, чым гнеў, і дрыготным голасам пачаў расказваць Пятронію, што гаварыла яму Актэ і якія новыя небяспекі навіслі над Лігіяй, так страшныя, што трэ будзе, знайшоўшы яе, укрываць ад Папеі. Пасля пачаў горка наракаць на рады Пятроніевы. Каб не ён, усё было б інакш. Лігія жыла б у Аўлюса, а ён, Вініць, мог бы з ёю спатыкацца штодзень і быў бы шчаслівейшы за цэзара. І чым больш гаварыў, тым больш абураўся, аж пачалі крапаць з вачэй слёзы жальбы ды злосці.

А Пятроні, які проста не спадзяваўся, каб малады юнак мог пажадаць і кахаць да такой ступені, бачачы гэныя слёзы роспачы, казаў сабе, у душы дзівячыся: — О, магутная валадарыня Цыпру, ты адна пануеш над багамі й людзьмі!

XII

Калі выселі перад домам Пятронія, загадчык атрыюма далажыў, што ніводзін нявольнік з высланых яшчэ не вярнуўся. Атрыенсіс загадаў аднесці ім харчу ды новы загад, каб пад пагрозай розаг пільнавалі ўсіх выходзячых з гораду.

— Бачыш, — кажа Пятроні, — без сумнення, яны дасюль яшчэ ў горадзе, дык знойдзем іх. Загадай, аднак, і сваім людзям вартаваць пры брамах,

лепш тым, якіх пасылаў па Лігію, бо яны лёгка яе распазнаюць.

— Я паразганяў іх на вёскі ў эргастулы, — адказвае Вініць, — але зараз адклічу, хай ідуць да брамаў.

І, напісаўшы некалькі слоў на васкаванай таблічцы, аддаў яе Пятронію, які даручыў яе воміг аднесці да дому Вініція.

Ды перайшлі да нутранога портыку і, пасеўшы на мармуровай лаве, пачалі гутарку.

Залатавалосая Эўніка й Ірас падсунулі ім пад ногі бронзавыя столячкі ды, прыставіўшы да лаўкі столік, пачалі ім наліваць у чашы віно з прыгожых вузкашыястых збанкоў, вырабленых у Валатэры й Цэрэ.

— Ці ведае хто з тваіх людзей таго вялізарнага ліга? — пытае Пятроні.

— Ведалі яго Атацын і Гул. Але Атацын забіты ўчора пры лектыцы, а Гула забіў я.

— Шкада мне яго, — бедаваў Пятроні. — Ён насіў на руках не толькі цябе, але й мяне.

— Я маніўся яго нат вызваліць, — тлумачыцца Вініць, — але досыць таго.

Гаворам аб Лігіі. Рым — гэта мора… — Перлы ловяць менавіта ў моры… Пэўна, не знойдзем яе сяння або заўтра, але знойдзем немінуча. Ты цяпер вінаваціш мяне, што падсунуў табе гэты спосаб. Дык спосаб сам па сабе быў не дрэнны, ён стаўся пахібным толькі тады, калі быў кепска выкіраваны. Ты ж чуў ад самога Аўла, што маніцца з усёй сям’ёй пераносіцца на Сіцылію. Такім чынам, дзяўчына і так была б ад цябе далёка.

— Паехаў бы за імі, — адказвае Вініць, — а прынамсі была б бяспечная, а цяпер, як тое дзіцянё памрэ, Папея й сама ўверыць ды ўталкуе цэзару, што гэта сталася з віны Лігіі.

— Так. Гэта турбуе таксама й мяне. Але гэна байстручанё, можа, яшчэ ачуняе. А калі б і памерла, знойдзем і тады нейкі выхад.

Тут Пятроні задумаўся на хвіліну дый кажа: — Папея нібыта жыдоўскае рэлігіі і верыць у злыя духі. Цэзар забабонны… Дык, калі распусцім вестку, што Лігію схапілі нячыстыя, павераць, тым больш, што калі не адабраў яе ані цэзар, ані Плаўт, знікла сапраўды таемным чынам. Ліг сам адзін не адолеў бы гэнага зрабіць, мусіў бы мець падмогу, а скуль бы нявольнік у адзін дзень мог бы сабраць столькі людзей?

— Нявольнікі дапамагаюць сабе ўзаемна ў цэлым Рыме.

— Які кроўю калісь за гэта заплаціць. Так, успамагаюцца, але не адзін супраць другога, а тут ведама было, што на тваіх спадзе адказнасць і кара.

Калі падсунеш сваім гадку аб злых духах, пацвердзяць адразу, што на ўласныя вочы бачылі, бо гэта іх адразу перад табою апраўдае… Паспрабуй спытай каторага, ці не бачыў, як неслі ў паветры Лігію, дык на эгіду Зэўса бажыцімецца зараз, што так і было.

Вініць, які таксама быў забабонны, зірнуў на Пятронія з наглай трывожлівасцю.

— Калі Урсус не мог мець памагатараў ды сам адзін не мог яе схапіць, дык хто яе схапіў?

Пятроні пачаў смяяцца.

— Бачыш, — кажа, — увераць, калі і ты ўжо верыш. Такі ўжо наш свет, які кпіць з багоў. Павераць і не будуць яе шукаць недзе далёка ад гораду ў якойнебудзь сваёй або тваёй вілле.

— Аднак жа, хто мог ёй дапамагчы?

— Ейныя сувернікі, — адказаў Пятроні.

— Якія? Якому ж боству яна аддае шанаванне? Я ж бы аб гэтым ведаў лепш за цябе.

— Кожная амаль жанчына ў Рыме паважае іншае боства. Няма сумніву, што Пампонія ўзгадавала яе ў веры таму боству, у якое верыць сама, а што там за боства, не ведаю. Адно ёсць пэўным, што ніхто яе не бачыў, каб у якой-небудзь з нашых святыняў яна давала ахвяры нашым багом. Абвінавачвалі яе нат, што яна хрысціянка, але гэта рэч непраўдападобная. Дамовы суд ачысціў яе ад гэтага закіду. Пра хрысціян гавораць, што не толькі аддаюць шанаванне аслячай галаве, але яны непрыяцелі роду чалавечага і дапушчаюцца найагіднейшых злачынстваў. Дык Пампонія не можа быць хрысціянкай, бо цнота яе добра ведамая, а непрыяцелька людскога роду не абходзілася б так з нявольнікамі, як яна абходзіцца.

Поделиться с друзьями: