Quo Vadis
Шрифт:
Вініць ува ўсім трымаўся слоў Пятронія, які раіў яму не йсці па Лігію, толькі паслаць з цэзаравым дазволам Атацына, а самому спаткаць яе дома і прыняць з чулай міласпагаднасцяй, а нат з жэстам асаблівае чэсці.
— Учора быў ты п’яны, — вяшчаў яму. — Я бачыў цябе: абходзіўся з ёю, як камяняр з Альбанскіх гор. Не будзь лішне нахабны ды памятай: добрае віно трэба піць паволі. Ведай таксама й тое, што салодка пажадаць, але шчэ саладзей быць пажаданым.
Хрызатэміс мела на гэта свой, крыху інакшы пагляд, але Пятроні, называючы яе сваёю вясталкаю й галубкаю, пачаў ёй уталкоўваць, якая можа быць розніца між выпрактыкаваным цыркавым яздуном
Пры гэтым, цыкнуўшы на Хрызатэміс, дасказаў: — Я пяты вось ужо год штодзень паступаў у такі больш-менш спосаб з гэнай палахлівай птушынай і не магу наракаць на ейную строгасць.
Хрызатэміс шлёпнула за гэта яго па плячы павіным вахляром і сказала: — Або ж не працівілася, ты, сатыр!
— З увагі на майго папярэдніка… — Або ж не прыпадаў да маіх ног?
— Каб на іх пальцы накладаць пярсцёнкі.
Хрызатэміс мімахоць зірканула на свае стопы, на пальцах бо сапраўды іскрылася каштоўнае бліскоцце, і абое з Пятроніем пачалі рагатаць. Але Вініць не слухаў іхняе спрэчкі. Сэрца яго неспакойна хвалявалася пад узорыстай шатай сірыйскага святара, у якую выстраіўся на спатканне Лігіі.
— Ужо ж хіба павінны былі выйсці з палацу, — адазваўся як бы сам да сябе.
— Павінны былі, — пацвердзіў Пятроні. — Можа, табе тым часам расказаць аб варажбе Апалонія з Тыяны або тую гісторыю Руфіна, якое не скончыў я, не помню чаму?
Але Вініція мала цікавіў Апалон з Тыяны, як і гісторыя Руфіна. Думка ягоная не адступала ад Лігіі, і хоць чуў, што прыгажэй было спаткаць яе дома, чым ісці ў ролі хапуна да палацу, а ўсё ж каяўся, што не пайшоў, хоць бы й для таго толькі, каб хутчэй пабачыцца з ёю ды сядзець пры ёй у цяні лектыкі.
Нявольнікі тым часам унеслі трыножнік, упрыгожаны галоўем трыкаў, а на ім — бронзавыя місы з вугалём, на якое пачалі пасыпаць малыя сцібуркі мырры й нарду.
— Ужо падыходзяць да Карынаў, — гарачыцца зноў Вініць.
— Ён не вытрымае, выскачыць насустрач і гатоў яшчэ з імі размінуцца, — адазвалася Хрызатэміс.
Вініць ухмыльнуўся й бязмысна адказвае: — Вытрымаю.
Але пачаў варушыць ноздрамі ды сапці. Гледзячы на гэта, Пятроні дзівіцца: — Няма ў ім філёзафа ні на адну сыстэрцыю, ніколі мусі не зраблю з гэтага сына Марса чалавека.
Вініць не вядзе нат і вухам: — Ужо на Карынах!..
А яны сапраўды завярталіся ўжо да Карынаў. Нявольнікі, так званыя лямпадарыі, ішлі наперадзе, іншыя — педысеквы — абапал лектыкі. Атацын — за лектыкай, не спушчаючы з вока паход.
Але йшлі паволі, бо лятарні ў руках нявольнікаў не надта паказвалі дарогу ў неасветленым горадзе. Дый вуліцы поблізу палацу былі бязлюдныя, рэдка сямтам з лятарняю прасоўваўся хто, але далей былі поўныя руху. З кожнага, бадай, завулка выходзіла па трох-чатырох, усе без святла, усе ў цёмным акрыцці. Некаторыя ступалі поспал з паходам, мяшаючыся з нявольнікамі, іншыя большымі грамадамі заходзілі насупраць. Некаторыя сланяліся, моў п’яныя. Часамі паход натыкаўся на такое замінішча, што лямпадарыі мусілі пакрыкваць: — Праход для крывічэснага трыбуна Марка Вініція!
Лігія бачыла праз адхіленыя фіранкі гэныя цёмныя грамады і аж калацілася. Агортвала яе то надзея, то трывога. «Гэта ён! Гэта Урсус і хрысціяне?
Станецца
тое ўжо хутка, — шаптала дрыжачымі вуснамі. — О Хрысце, дапамажы! Хрысце, ратуй!»Але Атацын, які спачатку не надта зважаў на абыдны вулічны рух, цяпер насцярожыўся. Тут было нешта нейкае. Лямпадарыі мусілі штораз часцей пакрыкваць: «Дарогу для лектыкі крывічэснага трыбуна!» З бакоў невядомыя прахадзімцы так напіралі на лектыку, што Атацын загадаў адганяць іх кіем.
Нараз падняўся наперадзе крык, светачы воміг патухлі. Каля лектыкі зрабілася сумятня і бойка. Атацын скеміў: гэта быў напад.
І, уцяміўшы гэта, атрупеў. Усе ведалі, што цэзар часта для гульні буяніць з аўгустыянамі і на Субуры, і ў іншых кварталах гораду. Ведама было, што часамі нат прыносіў з тых начных гульняў сінякі й гузы, але хто бараніўся, ішоў на смерць, хоць бы й сенатар. Дом вартаўнікоў, абавязкам якіх быў нагляд над горадам, быў не надта далёка, але старожа ў гэткіх выпадках старалася нічога не чуць і не бачыць. Ля лектыкі тым часам кіпела. Людзі пачалі змагацца, біцца, валяць ды таптаць адзін другога. Атацыну бліснула ў галаве думка: ратаваць перад усім Лігію й сябе, а рэшту пакінуць к ліхой долі. Дык, выцягнуўшы яе з лектыкі, схапіў на рукі й давай уцякаць упоцемкі.
Але Лігія пачала клікаць: — Урсус! Урсус!
Была ў белае апранута, дык лёгка было яе дагледзець. Атацын пачаў другою вольнаю рукою накідаць на яе свой плашч, як тут страшэнныя абцугі схапілі ягоны карак, а зверху нешта цяжкае грымнула па галаве.
І ён упаў, бы вол, удараны абухам перад алтаром Ёвіша.
Нявольнікі большай часткай ляжалі на зямлі або бараніліся, гопаючыся ў поцемках аб заломы муроў. На мейсцы асталася толькі пахрабустаная ў шчэпкі лектыка. Урсус імчаў Лігію ў бок Субуры, спадручнікі ягоныя беглі за ім, паволі рассыпаючыся па дарозе.
Нявольнікі пачалі збірацца ля дому Вініція й раіцца. Не смелі ўвайсці.
Пасля кароткай нарады вярнуліся на мейсца нападу, знайшлі там некалькі забітых, а між імі Атацына. Ён яшчэ сцепваўся ў смяротных канвульсіях, раптам у апошняй сільнейшай канвульсіі спруцянеў і так застыў.
Тады забралі яго і, вярнуўшыся, затрымаліся зноў перад брамаю. Трэ было, аднак, паведаміць гаспадара, што сталася.
— Гул хай паведаміць, — шапталі некалькі галасоў. — Кроў у яго плыве па твары, як і нам, дый гаспадар яго любіць. Гулу зручней, чым каму.
А германін Гул, стары нявольнік, які выняньчыў Вініція, а трапіў да яго ў спадчыне ад маткі, Пятроніевай сястры, кажа: — Я далажу, але пойдзем усе. Хай гнеў ягоны не спадзе на мяне аднаго.
Вініць зусім знецярплівіўся. Пятроні й Хрызатэміс пасміхаліся з яго, а ён бегаў сюды-туды па атрыюме, паўтараючы: — Ужо ж павінны былі быць!.. Ужо ж павінны быць! — і рваўся йсці, але гэныя абое ўстрымоўвалі яго. Нараз у сенях пачуліся крокі, і да атрыюма гуртам убеглі нявольнікі. Пасталі борзда пад сцяною, паднялі рукі ўгару ды пачалі трывожліва енчыць: — Аааа!..Аа!
Вініць прыскочыў да іх: — Дзе Лігія? — завыў страшным змененым голасам.
— Аааа!..
Тады Гул выйшаў з пакрываўленай галавою, адзываючыся хутка й жаласліва: — Во кроў, спадару! Баранілі! Во кроў, спадару, бачыце, кроў!..
Але не паспеў дакончыць, Вініць схапіў бронзавы ліхтар і адным ударам раскалоў чэрап нявольніка ды, дзеручы валасы на галаве, хроп са злосці: — Me miserum! Me miserum!
Аж счарнеў, вырачыў вочы, аж пена выступіла на вуснах.
— Розаг!!! — крыкнуў нялюдскім голасам.